Энцыклапедыя гісторыі Беларусі

КАРАТКÉВІЧ Уладзімір Сямёнавіч (26.11.1930, г. Орша — 25.7.1984), бел. паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Працаваў настаўнікам у 1954 — 1956 у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл., у 1956 — 1958 у Оршы. Друкаваўся з 1955. Выяўляў асаблівую прыхільнасць да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнцкія ідэі. Ужо на пачатку творчага шляху звярнуўся да мінуўшчыны, да набыткаў фальклору, пра што сведчаць творы пад назвай «Казкі і легенды маёй Радзімы», дасланыя летам 1952 для ацэнкі Я. Коласу. Арыгінальна і непаўторна раскрыўся як паэт. Прыкметнымі з’явамі ў бел. л-ры сталі яго кнігі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Гісторыя цікавіла К. пераважна як прытча, легенда і ў тым плане, які ўплыў зрабіла яна на духоўнае жыццё народа, на яго грамадскую свядомасць. Пісьменніку характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя для сённяшняга дня. Стварыў творы і пра сучаснасць: раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»; 1960 — 1962, выд.1962), аповесці «У снягах драмае вясна» (1957, выд. 1989), «Чазенія» (1966, выд. 1967) і інш. Планаваў напісаць трылогію пра паўстанне 1863 — 64, у якой меўся адлюстраваць адпаведна пярэдадзень, само паўстанне і яго вынікі. Створаны толькі 1-ы раман трылогіі — «Каласы пад сярпом тваім» (1962 — 64, выд.1965), які паклаў па сутнасці пачатак бел. гіст. раманістыцы. Дзеянне ў рамане даведзена да 1861 і завяршаецца апісаннем адмены прыгону і расстрэлам дэманстрантаў у Варшаве. У ім дадзена шырокая панарама нар. жыцця. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, выд. 1981) — гнеўная выкрывальная сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказана само паўстанне, адзначана яго складанасць і супярэчлівасць, створаны яркі вобраз Каліноўскага — непрымірымага ворага самадзяржаўя, патрыёта роднага краю. Падзеям 1863 — 64 прысвечаны многія вершы, апавяданні і публіцыст. артыкулы.

Штуршком для напісання рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1965 — 1966, выд на бел. мове1972; аднайм. кінафільм 1967) паслужыў запіс з «Хронікі…» М. Стрыйкоўскага аб тым, што на пачатку княжання Жыгімонта І з’явіўся чалавек, які прысвоіў сабе імя Хрыста. Гэта раман-прытча, філас. роздум аб прызначэнні чалавека.

Блізкая да рамана і легенда «Ладдзя Роспачы» (1964, выд. на бел. мове 1978), дзе ў вобразе гал. героя ўвасоблены нац. характар беларуса. Звяртаўся К. і да кур’ёзных момантаў айч. гісторыі. У сатырычна-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1958, выд. 1961) ён выкарыстаў факт існавання ў канцы 18 ст. на Гродзеншчыне цыганскага «каралеўства», закрануў сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамантычнай аповесці «Сівая легенда» (1960, выд. 1961) намаляваў карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне ў пач. 17 ст. пад кіраўніцтвам Рамана Ракутовіча, асэнсаваў лёс Бацькаўшчыны. У аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха (1950, 1958, выд. 1964; аднайм. кінафільм 1979) апісваюцца падзеі 1880-х г. у адным з глухіх куткоў Беларусі. Па жанры гэта гіст. дэтэктыў, у якім асуджаецца рэнегацтва, зло, паказваецца тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі. У рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979; аднайм. кінафільм 1984) увасобіў думку пра непарыўную повязь часоў. Выкарыстаўшы прыёмы дэтэктыўнага жанру, аўтар у гэтым сац.-псіхал. і філас. творы звярнуўся да гісторыі, каб глыбей зразумець праўду жыцця і сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнута п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974), у якой аўтар перадае падзеі Віцебскага паўстання 1623, паказвае Іасафата Кунцэвіча не толькі як рэлігійнага фанатыка, але і як ахвяру той ідэі, якой ён служыў. Сац.-гіст. драма «Каласка чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. К. засяродзіў увагу на яго адносінах з бацькамі і былым удзельнікам паўстання 1863 — 64 З. Чаховічам. Рамантычна прыўзнятая і панарамная трагедыя «Маці ўрагану (паст. 1988; аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743 — 44. Па-мастацку дасканала, з любоўю расказаў пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, літаратуру, этнаграфію, фальклор, прыроду ў нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1971, выд на бел. мове1977). Пачуццём любові да Беларусі і гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава «Тысячу стагоддзяў табе!» (1974) і «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён» (1980); бел. Палессю прысвечаны «Званы ў прадоннях азёр» (1969), Мсціславу — «Дыяментавы горад» (1982), Ф. Скарыне — «Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі» (1977), «Подзвіг Францыска Скарыны» (1980), Я. Купалу — «Пакуль гэта сэрца б’ецца» (1962), «Зліццё з душой народнай (1982), М. Багдановіу — «Летапісец» (1966). Пранікнёныя і змястоўныя нарысы і эсэ прысвяціў Латвіі («Казкі Янтарнай краіны», 1963), Вільні («Вільнюс — часцінка майго сэрца», 1980), Кіеву («Мой се градок!», 1982) і інш. Пісаў творы для дзяцей. Пераклаў на бел. мову творы В. Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франка, М. Карыма і інш. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст. маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі. У Бел. тэатры оперы і балета створаны оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1989, кампазітар У. Солтан). Пісьменнік выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У 1970-я г. быў удзельнікам навук. экспедыцый «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, вёў на Бел. тэлебачанні праграму «Спадчына». У Оршы і Віцебску яму пастаўлены помнікі. Яго імя прысвоена адной з школ у Оршы, у якой адкрыты літ. музей К. У Мінску на доме, дзе жыў пісьменнік у апошнія гады, мемар. дошка. Творы К. перакладзены на многія мовы свету.

Тв.: Зб. тв. Т. 1 — 8. Мн., 1987 — 1991; У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1 — 3; Галасы маіх сяброў. Мн., 1993; Творы. Мн., 1996.

Літ.: А н д р а ю к С. На рамантычнай хвалі // Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976; Б р ы л ь Я. Наш Караткевіч // Брыль Я. На сцежцы — дзеці. Мн., 1988; Б ы к а ў В. Рыцар чалавечага духу // ЛіМ. 1984. 27 ліп.; Я г о ж. Яркае і самабытнае дараванне // Зб.тв. Мн., 1994. Т. 6; В е р а б е й А. Жывая повязь часоў. Мн., 1985; К а л е с н і к У. Братанне з Караткевічам; Неспакойны Пегас; Кантэкст несмяротнасці // Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993; К і с я л ё ў Г. Пісьменнік і яго героі // Кісёлёў Г. Героі і музы. Мн., 1982; Л і с А. Годна, з любасцю // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; Л о к у н В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950 — 1960-я гг. Мн., 1995; М а л ь д з і с А. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990; П р а ш к о в і ч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1997. Вып. 5; Р у с е ц к і А. Уладзімір Караткевіч: Праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991; С я м ё н а в а А. Стагоддзяў срэбны звон // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979; Т ы ч ы н а М. Паглыбленне гістарызму ў сучаснай гістарычнай прозе // Жураўлёў В., Тычына М. Магчымасці рэалізму. Мн., 1982; Ч а б а н Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982; Ш ы н к а р э н к а В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.

Анатоль Верабей

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 4. Кадэты — Ляшчэня / Беларус Энцыкл.; Рэдкал.; Г.П.Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э.Э.Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — С. 111 — 112.