Быў. Ёсць. Буду…

Пайшоў… Рана. Пакінуў — кнігі, усё, што напрацаваў за кароткі свой век. Але па кнігах Уладзіміра Караткевіча век гэты доўжыцца і паступова пераходзіць у новае тысячагоддзе, бо чытаць і разумець яго яшчэ многім пакаленням беларусаў.

Пра гэта гаварылі сябры пісьменніка і даследчыкі яго творчасці, якія сабраліся ў цэнтры імя Скарыны з нагоды прэзентацыі кнігі «Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным кантэксце». Навуковы зборнік, які быў выдадзены ў «Беларускім кнігазборы», складаецца з матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі, праведзенай у Оршы, на радзіме Уладзіміра Караткевіча, а таксама артыкулаў вучоных, успамінаў аднакурснікаў па Кіеўскаму універсітэту, пісьменнікаў Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, прывітальныя пісьмы ад Забэйды-Суміцкага і Зоські Верас. Зборнік гэты унікальны яшчэ і тым, што многія матэрыялы друкуюцца на мове арыгінала. Але ўсіх іх аб’ядноўвае адзіная думка: Караткевіч быў з’явай не толькі і не столькі беларускай, колькі еўрапейскай. Ён глядзеў на свет з еўрапейскай званіцы, хоць пры жыцці яго ў Еўропу і не пускалі. Інтэлігент не ў першым пакаленні, ён ганарыўся сваім беларускім паходжаннем. Ганарыўся гісторыяй свайго народа. І ўжо ў апошнія дзесяцігоддзі гэтай гісторыі атрымалі рэальнае ўвасабленне многія ідэі Караткевіча. Ужо без яго. Але нішто ніадкуль не ўзнікае.

Уладзімір Караткевіч спрабаваў уявіць, якім ён будзе ў 2000 годзе, з гумарам намаляваўшы свой аўтапартрэт будучага. Але ён ёсць. 26 лістапада яму семдзесят. Сябры, аўтары артыкулаў зборніка, гаварылі пра яго — жыццялюбівага, таленавітага, разумнага…

Прафесар Вячаслаў РАГОЙША:

— Францыск Скарына быў адраджэнец, такім жа адраджэнцам быў і застанецца Караткевіч. Няма каго з ім параўнаць па шматграннасці таленту. Як пісьменнік ён па сутнасці валодаў усімі відамі і жанрамі літаратуры. Ён быў артыстычны, сам здымаўся ў кіно — і мог бы выявіць сябе як выдатны артыст. А як прыгожа спяваў! Захаваліся нават запісы з яго спевамі, але іх мала. Ён валодаў фенаменальнай памяццю, цытаваў на памяць цэлыя старонкі рускіх класікаў, напрыклад, Льва Талстога. Яму былі ўласцівыя здольнасці мастака. На хаду мог намаляваць і партрэт, і сюжэтны малюнак. І малюнкі гэтыя можна было б выдаць асобна. У нашай сям’і захоўваецца асобны мастацкі твор — эпіталама Таццяне і Славу, які быў напісаны і прачытаны Караткевічам, захаваўся магнітафонны запіс, як ён чытаў яго 8 лістапада 67-га года.

Таццяна КАБРЖЫЦКАЯ, кандыдат філалагічных навук:

— Я сябе злавіла на такім дзіўным адчуванні: я ведаю Валодзю з 67-га года па сённяшні дзень. Адчуванне, што ён ёсць, з намі, у нашых душах, у нашых духоўных пошуках і жыццёвых.

Наша з Вячаславам Рагойшам вяселле сапраўды можна лічыць яднаннем двух народаў — украінскага і беларускага. Валодзя быў дарагім госцем на ім і потым вельмі любіў бываць у Ракаве, дзе з ім здараліся розныя прыгоды.

Мы ганарыліся, што ён быў хросным бацькам нашага Петруся. Хоць тады гэта і не прынята было, але сам Валодзя падкрэсліваў, наколькі гэта важна для яго.

Любіў вельмі збіраць грыбы, і гэта для яго было натхненне і справа рамантычная, і адначасова рэалістычная, бо грыбы ўсё-такі збіраліся. У Ракаве ён ведаў грыбныя мясціны лепей, чым нават Вячаслаў Пятровіч, аўтэнтычны жыхар. Ён ведаў, што на майскія святы можна збіраць смаржкі і страчкі. У нас у гэтыя дні якраз былі сямейныя святы, ён ішоў, збіраў гэтыя грыбы і прыносіў да нас. У нашых сямейных альбомах ёсць такія здымкі, дзе Валодзя збірае грыбы, дзе Валодзя пасе кароў, дзе Валодзя сядзіць за самаварам. Гэты самавар і цяпер у нас захоўваецца. Як захоўваюцца многія рэчы, звязаныя з Валодзем. У нас у Ракаве стварыўся своеасаблівы музей Караткевіча. Напрыклад, стаіць яго халасцяцкая канапа, якая, напэўна, захоўвае шмат яго таямніц. Ракаў у жыцці Караткевіча праз наша сяброўства калісьці займаў асаблівае месца.

У Ракаў прыязджалі тады знакамітыя цяпер кінамастакі Бадровы. Сяргей Бадроў, зараз папулярны акцёр і вядучы, сябраваў з нашымі дзецьмі. Наш Максім якраз чытаў «Чорны замак Альшанскі», Бадроў-малодшы таксама захапіўся гэтымі ідэямі. І вось аднойчы на хутар прыйшла тэлеграма ад Адама Мальдзіса, што не стала Валодзі. Дзеці даведаліся, і перад тым як ехаць у Мінск на развітанне з ім, пайшлі, сабралі снапок з каласоў. І паклалі гэты снапок побач з Караткевічам…

Яніна МАЖЭЙКА, супрацоўніца бібліятэкі Акадэміі навук:

— Яшчэ пры жыцці Уладзімір Караткевіч перадаў нам частку свайго архіва. Ён апрацаваны, нашы навукоўцы карыстаюцца гэтымі матэрыяламі. І вось 24 кастрычніка гэтага года Наталля Сямёнаўна, сястра Караткевіча, перадала бібліятэцы астатнюю частку матэрыялаў пісьменніка. Яна іх з любоўю захоўвала і, відаць, з цяжкасцю адарвала ад сэрца. Калі гэтая рукапісная спадчына была ў сям’і, то быццам бы і ён сам тут прысутнічаў, і таму, відаць, ёй цяжка было рашыцца на гэта. У бліжэйшы час мы і новую частку матэрыялаў апрацуем, і спадзяёмся, што бібліятэка падрыхтуе вялікую выставу, на якой будуць прадстаўлены выданні, матэрыялы рукапіснай спадчыны, асобна малюнкі, перапіска з сябрамі, вядомымі людзьмі.

Анатоль ВЕРАБЕЙ, кандыдат філалагічных навук:

— Перад намі, беларусамі, стаяць тры задачы: сабраць спадчыну Караткевіча, выдаць яе цалкам і асэнсаваць яе. Калі я кажу «выдаць», то маю на ўвазе не на голым энтузіязме, які, канешне, вельмі многа азначае, але справа гэтая павінна весціся на дзяржаўным узроўні. Патрэбны спецыялісты, якія за яе ўзяліся б. Важна сабраць усё, што мае дачыненне да Караткевіча. Вядома, што некаторыя яго рукапісы зараз знаходзяцца на руках, а рукапісы некаторых твораў увогуле невядома дзе. З Украіны прысылалі, з Амерыкі, з Балгарыі. Ёсць рукапісы ў Маскве, па Беларусі. Канешне, трэба ўлічваць нашы магчымасці і цяперашні стан дзяржавы. Але калі ўвесь час спасылацца, маўляў, немагчыма, час не той, то нічога і не будзе. Трэба рабіць — і штосьці будзе атрымлівацца.

Прафесар Адам МАЛЬДЗІС:

— Творчасць Уладзіміра Караткевіча можа быць той ідэйнай асновай, на якой можна згуртаваць усё наша грамадства, усю нашу дзяржаўнасць. Таму што калі ўважліва прачытаць усё тое, што напісаў Караткевіч, то ў яго ёсць адказ на пытанне, якім павінен быць беларус. І тут трэба вызначыць пяць асноўных момантаў.

Найперш самай вялікай каштоўнасцю для яго з’яўляецца зямля, адзіная, дадзеная Богам, і чалавек не мае права калечыць яе рознымі радыяцыямі, кар’ерамі, гербіцыдамі.

Другое, што бачыцца вельмі выразна, — гэта чалавек, гаспадар гэтай зямлі. Дзе ён гаспадарыць — у калгасе ці на прыватнай ферме — гэта ўжо палітыка. Але для Караткевіча было важна адно: калі ты каспадар, то не маеш права працаваць дрэнна.

Трэцяе, што вельмі важна павінна быць для насельнікаў гэтай зямлі, — вера хрысціянская. Хачу прывесці прыклад. Я пазнаёміў Караткевіча з архіепіскапам Антоніем, які аднойчы сярод хрысціянскіх святароў за мяжой вымушаны быў уключыцца ў абмеркаванне рамана Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і абараняў.

пазіцыі аўтара. Калі Караткевіч з архіепіскапам Антоніем сустрэліся, апошні спытаўся: «Ці правільна я патлумачыў, што хутчэй за ўсё ў гэтым рамане аўтара цікавілі пытанне ўлады і чалавека, барацьбы дабра і зла ў чалавеку?». Караткевіч сказаў: «Безумоўна, так. Я ніколі не быў атэістам і не буду.» Уладзімір Караткевіч быў праваслаўны, але ён глядзеў на рэчы шырока, пра шматканфесійнасць у Беларусі ён гаварыў, што ўсе гэтыя цэрквы — кветачкі на нашай зямлі.

Чацвёртая каштоўнасць, якая выяўляецца ў яго творчасці, — мова, таксама дадзеная Богам, таму святая. Ён добра ведаў некалькі моў. З Кіеўскага універсітэта яго хацелі выключыць за ўкраінскі нацыяналізм. Ён цудоўна валодаў украінскай мовай і нават выкладаў на ёй. Будучы ў Маскве, бараніў помнікі культуры рускага народа — цэркаўку Архангельскую, напрыклад. Валодаў рускай мовай бездакорна. Колькі разоў бываючы ў Вільні, імгненна схопліваў літоўскія словы. А як да сваёй мовы ставіўся — бачна па творах.

Пятае, на што ён звярнуў увагу, — гістарычная спадчына і ўвогуле спадчына. Ён даказваў, што беларусам трэба пераадолець комплекс непаўнацэннасці і зразумець, што гісторыя ў нас была багатая, і беларускі народ варты таго, каб жыць у нармальнай краіне.

Падрыхтавала
Ларыса ЦІМОШЫК