Абліччы мінулага: праўда і вымысел — Віктар Каваленка

Творчасць Уладзіміра Караткевіча, які нядаўна заўчасна пайшоў з жыцця, займае ў сучаснай беларускай літаратуры асаблівае і, бадай, нікім іншым сур’ёзна не аспрэчанае месца. Ён і сам прыйшоў, можна сказаць, на не занятую нікім, вольную «тэрыторыю» ў нацыянальнай прозе і павёў сябе вольна, нескавана, але ўпэўнена і добра ўсведамляючы, што ён збіраецца рабіць у літаратуры.

Своеасабівасць пісьменніцкага лёсу У. Караткевіча перш за ўсё ў тым, што ён увёў у беларускую прозу жанр гістарычнай аповеці і гістарычнага рамана, які раней поўнасцю адсутнічаў у ёй ці, больш дакладна — знаходзіўся на ўзроўні чыста ілюстрацыйных адносін да матэрыялу, узятага з мінулых вякоў народнога жыцця. Прычым, У. Караткевіч выбраў для сябе спецыфічную разнавіднасць гістарычнага жанра: у момант, калі беларуская проза ў асобе лепшых сваіх прадстаўнікоў дасягнула значнай рэалістычна-аналітычнай глыбіні і строга жыццёвых межаў вобразатворчасці, ён у сваіх творах быццам насуперак гэтай галоўнай традыцыі нацыянальнай літаратуры зрабіў круты паварот да адкрыта рамантызаваных уяўленняў пра мінулае беларускага краю, дапускаючы пры яго адлюстраванні тую ступень адвольнай умоўнасці, якая мяжуе з непрыкрытай белетрызацыяй.

Крытыка даволі дружна гаварыла пісьменніку пра літаратурнае перабольшванне ў выбары адлюстравальных сродкаў, пра некаторую зададзенасць у псіхалагічным раскрыцці характараў, пра залішне часты зварот да выпрабаваных даўно і таму кананічных прыёмаў у развіцці дзеяння. Але нязвычнасць і, магчыма, нават некаторая літаратурная пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што чытачы ацэньвалі і ацэньваюць творы У. Караткевіча па-свойму і, відаць, ігнаравалі меркаванні і папрокі крытыкі, лёгка даруючы яму схільнасць да рамантычнай стылізацыі: кнігі пісьменніка, а таксама нумары часопісаў, у якіх публікаваліся новыя яго творы, раскупляліся імгненна. Пасля смерці пісьменніка папулярнасць яго творчасці ўзрасла яшчэ больш.

У чым жа прычына гэтай, не так ужо і часта назіраемай у сучасным літаратурным жыцці з’явы, калі думка крытыкі і чытачоў адносна творчасці пісьменніка не супадае?

Некаторыя крытыкі хацелі б упэўніцца, што прычына павышанай цягі чытачоў да твораў У. Караткевіча крыецца ў аўтарскай схільнасці не грэбаваць дэтэктыўнымі магчымасцямі фабулы, а таксама ў стала выяўленай аўтарскай звычцы шырока і, магчыма, нават мэтанакіравана эксплуатаваць элемент таямнічасці, што асабліва павінна імпанаваць юнаму і маладому чытачу. Думаецца, аднак, што гэта не зусім так. Прынамсі, прыгодніцкім ухілам можна вытлумачыць не вельмі шмат што ў творчасці такога пісьменніка, як У. Караткевіч, здатнага ўспрымаць падзеі мінулага ў глыбокім духоўным асэнсаванні. Да таго ж — прыгодніцтва само па сабе наўрад ці можа мець шырокамаштабную, вырашальную сілу ўздзеяння. Тым больш гэта адносіцца да чытача адукаванага, які чуйна ўлоўлівае характар маральнага патэнцыялу часу. А чытач твораў У. Караткевіча менавіта такі — малады, пісьменны, дапытлівы.

Сапрадную сутнасць папулярнасці творчасці У. Караткевіча, як і кожнага іншага сур’ёзнага пісьменніка, можна вытлумачыць, бадай, толькі адным, самым істотным фактарам — тым, што яго творчасць адпавядае нейкім надзённым і важным запатрабаванням сённяшняга дня. Якім жа канкрэтна? На гэтае пытанне не вельмі лёгка адказаць, бо адказ патрабуе вызначэння месца і значэння творчасці пісьменніка ў сучаснай літаратурнай і агульнакультурнай традыцыі.

У. Караткевіч стаў першым у пасляваеннай гісторыі беларускай літаратуры пісьменнікам, які вярнуў яе свядомасці мінулае народа ў канкрэтных абрысах мастацкага вобраза, у яго жывой цялеснасці. Неабходнасць гэтага востра ўсведамлялася і раней. Яна вылівалася ў палымяны заклік класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа памятаць пра старажытную гісторыю роднага краю, асэнсоўваць духоўнае значэнне мінулых падзей у народным лёсе. У іх творчасці асаблівае месца займае курган — традыцыйны сімвал вялікай духоўнай спадчыны, пакінутай мінулым для памяці наступных пакаленняў. У. Караткевіч нібы падхапіў гэты заклік вялікіх нацыянальных паэтаў і ўвасобіў купаўлаўскую ідэю «спадчыны» ў наглядных вобразных праявах жывой рэчаіснасці, узнавіць якую можа толькі мастацкае ўяўленне.

Калі з’явіліся першыя творы У. Караткевіча на тэму мінулага, у беларускай літаратуры павеяла духам В. Скота і І. Лажачнікава, што не ў малой ступені збянтэжыла крытыку. Здавалася, што зварот да прынцыпаў літаратурнай паэтызацыі гісторыі, уласцівых гэтым пісьменнікам далёкага мінулага, немагчымы ў сучаснай літаратуры, якая ўжо валодае сродкамі праўдзівага, глыбока аналітычнага адлюстравання жыцця і знаходзіцца на пазіцыях сацыялістычнага рэалізму. Але малады тады пісьменнік даказаў практычна, што ў беларускай літаратуры вяртанне да таго ўзроўню паэтызацыі гісторыі, які ў іншых літаратурах стаў даўно пройдзеным этапам, не толькі магчымы, але і бывае эстэтычна неабходным. Ён зрабіў спробу апаэтызаваць мінулае на выразнай аснове рэвалюцыйнай, сацыялістычнай ідэалогіі і маралі і дабіўся як пісьменнік у гэтым напрамку вялікіх поспехаў.

Заўважым дзеля большай яснасці пытання, што сучасны рускі савецкі гістарычны раман і гістарычная аповесць маюць даволі адчувальную непадобнасць ад разнавіднасці жанра, створанага беларускім пісьменнікам, хоць можна не сумнявацца, што прызванне У. Караткевіча як пісьменніка гістарычнай тэмы ў значнай ступені вызначылася пад уплывам ажыўлення гістарычнага жанра ў рускай і ўсёй савецкай літаратуры. У рускай савецкай прозе творы пра далёкае мінулае народа больш строга дакументальныя і навуковыя, больш рэалістычна стрыманыя па стылю і больш канкрэтныя як у гістарычнай, так і сацыяльнай ідэі. Але і тое рэчышча жанру, якое выбраў сабе У. Караткевіч, зусім прымальнае для мастацкага вырашэння задач, прызнаных пісьменнікам духоўна важнымі ў сучаснай беларускай літаратуры.

Кніга У. Караткевіча «Сівая легенда», у якую ўвайшлі аповесці «Сівая легенда,» «Цыганскі кароль» і «Дзікае паляванне караля Стаха», дае даволі яснае ўяўленне аб асноўных ідэйна-мастацкіх прынцыпах творчасці гэтага своеасаблівага пісьменніка. Глыбока вывучыўшы побытавае і сацыяльна-псіхалагічнае аблічча ўчарашніх эпох, добра адчуўшы грамадскую тыповасць падзей мінулага часу як буйна маштабных, так і больш дробнага, мясцовага значэння, У. Караткевіч упэўнена ўзнаўляе характар важных гістарычных пераломаў у лёсе народа, пра якія ён піша, не толькі апіраючыся на сапраўдныя факты, але і шырока карыстаючыся мастацкім вымыслам. Цяжка з больш-менш пэўнай дакладнасцю ўстанавіць, што ў творах У. Караткевіча на гістарычную тэму з’яўляецца праўдай, а што вымыслам. Ды гэта, бадай што, і не патрэбна як крытыцы, так і чытачу. Галоўнае — у канцэптуальным ідэйным і стылёвым адзінстве творчай задумы пісьменніка. У аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» аўтар, быццам пацвельваючыся над собой і чытачом у поглядзе на тое, дзе ў яго творах праўда, а дзе мастацкая фантазія, гаварыў ад імя галоўнага героя: «А вам цікава будзе паслухаць дзіўную гісторыю і пасля сказаць, што яна вельмі падобна да выдумкі.

Дык вось, перад пачаткам я скажу, што тут праўда, шчырая праўда, толькі праўда, хоць вам давядзецца пакласціся ў гэтым толькі на адно маё слова».

Гэтае прызнанне з аўтарскай хітрынкай можа папярэднічаць як эстэтычны ўступ кожнаму іншаму твору У. Караткевіча на гістарычную тэму, і ўсюды яно будзе справядлівым і да месца, бо ў ім амаль адкрыта названы прыём апавядальнасці, уласцівы ўсёй гістарычнай прозе пісьменніка.

У. Караткевіч любіў ствараць характары буйныя, мэтанакіраваныя, свядома бунтарскія, гранічна сумленныя, але заўсёды душэўна адкрытыя і прамыя і таму рамантычна некалькі адназначныя. Відаць, такія характары ў нечым імпануюць сучаснаму чытачу, асабліва моладзі, і ў гэтым таксама, напэўна, крыецца адна з прычын папулярнасці твораў пісьменніка. Унутраная выразнасць адносін да свету, якую не так лёгка выхаваць у сабе і набыць, бескампрамісная адданасць высокамаральным ідэалам жыцця, якую не так і лёгка падтрымліваць у сабе насуперак націску абставін, прага найчысцейшай справядлівасці, якую не так і лёгка назаўсёды замацаваць у сэрцы, — усё гэта не можа не прывабліваць і не хваляваць душу сучасніка. У. Караткевіч з унутранай празарлівасцю ўгадаў павышаны попыт якраз у наш час на ўчынкі маральна бездакорныя і паслядоўныя. За гэтую бездакорнасць і паслядоўнасць яго героям даруецца некаторая просталінейнасць.

У аповесці «Сівая легенда» створаны абаяльныя вобразы нобіля (знатнага чалавека) Рамана Ракутовіча і яго каханай халопкі Ірыны. Каб абараніць справядлівасць, сваю годнасць і каханне ад замахаў і свавольства магнатаў, Раман, які не страціў сувязей з народным асяроддзем, здатны звярнуцца за падтрымкай да мужыкоў і стварыць з іх сапраўднае войска, якое наганяе страх на магнатаў і на ўсіх, хто крыўдзіў народ. Ён — сапраўдны рыцар нават у адносінах да сваіх ворагаў. Разграміўшы наёмны атрад Кізгайлы, Раман не забівае Кізгайлу па праву таго, у каго больш сілы, а валіць яго на зямлю ў асабістым паядынку. Ён не ідэалізуе свайго мужыцкага войска і ведае, што рана ці позна будзе пераможаны. Ведае ён таксама і тое, што магнаты не даруюць яму мужыцкага бунту, бо ён даў магчымасць простым людзям адчуць сілу яднання і слодыч барацьбы. І тым не менш ідзе выбраным шляхам да канца. Пакараны пасля паражэння свайго войска згодна жорсткім норавам XVI стагоддзя адсячэннем рук, каб ніколі не мог дзейнічаць мячом, Раман разам з аслепленай тым жа магнацкім судом каханай адпраўляецца ў выгнанне. Ён нешчаслівы, бо пераможаны, але і шчаслівы, таму што не прыніжаны, не варты жалю, бо побач каханая, а да таго ж усведамленне, што зробленае ім застанецца ў памяці народа як прыклад і заклік. Рамана вывозяць у выгнанне нескароным, і ён крычыць з воза свайму заклятаму ворагу Льву Сапегу (гістарычная асоба): «Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком — памрэш, як сабака».

Пра парадаксальныя, часткова смешныя, часткова сумныя падзеі мясцовай беларускай гісторыі, на якія было багатае XVIII стагоддзе, апавядаецца ў аповесці «Цыганскі кароль». Нешта ёсць у паказаных падзеях ад сапраўднага жыцця (разбойніцкія шляхецкія наезды на суседзяў), нешта дамыслена аўтарам, але галоўнаму прынцыпу сваёй творчасці пісьменнік не здраджвае ніколі. А ён, гэты прынцып, заключаецца ў тым, каб заўсёды праслаўляць высакародства і рыцарства, адданасць праўдзе і высокай, непадкупнай маралі. І ў той далёкі час нялёгка жылося высакародным людзям. Як кажа цыганскі кароль пра шляхціча Яноўскага: «Хворы чалавек. Безнадзейна хворы». Ён мае на ўвазе «захворванне» на высакародства. Пра такіх людзей, як Яноўскі, і апавядае пісьменнік.

Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» — адно з самых значных твораў пісьменніка і ўсёй беларускай прозы. Па зместу гэта, па сутнасці, мастацкі прысуд мясцовай шляхце, якая з цягам часу вырадзілася з высакароднага, рыцарскага класа ў жорстка-няўмольную, разбойніцкую праслойку бессаромных эксплуататараў. Для яе ўжо няма нічога святога: у імя нажывы яна ў XIX стагоддзі гатова была на ашуканства і махлярства, на самую ганебную несумленную справу. Нават высакароднае і велічнае мінулае народа яна можа запляміць і паставіць на службу карыслівым мэтам. Даўнейшую легенду, што бытуе ў народе, пра паляванне справядлівага караля Стаха, які збіраўся шмат дабра зрабіць для народа і забітага багацеямі, шляхта выкарыстоўвае ў сваіх карыслівых інтарэсах, адымаючы ў караля добрае імя і ператвараючы яго ў сцяг разбойніцкіх налётаў, якія трымаюць у напружанні ўсю акругу. Такім чынам, людзі праклінаюць караля Стаха, замест таго каб берагчы светлую памяць пра яго, як ён гэтага заслугоўвае. А гэта значыць, што клас, гатовы пераўтварыць у хлусню гісторыю сваёй радзімы, не варты самай малой паблажлівасці і шкадавання на праведным судзе, дзе судзяць імем лёсу народа.

Праўда, асобныя прадстаўнікі шляхты, лепшыя з яе асяроддзя, захавалі ў душы вернасць старажытным традыцыям годнасці, сапраўднага гонару і высакародства. І вобразы такіх людзей паказаны ў аповесці. Гэта Надзея Яноўская, Свеціловіч. Але і яны асуджаны, не маюць жыццёвай перспектывы. Свеціловіч забіты. Гэта ж пагражае і Надзеі Яноўскай. Яе выратаванне ў тым, каб прымкнуць да людзей з іншых сацыяльных груп — жыццядзейных, здатных служыць народу аддана і бескарысліва. Яна так і робіць. Надзею павёз з яе запушчанага, на грані разбурэння маёнтка, назваўшы жонкай, галоўны герой аповесці Андрэй Беларэцкі.

Андрэй Беларэцкі — інтэлігент, вучоны. Гэта той тып чалавечага лёсу, які пісьменнік, пачынаючы з аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», будзе настойліва развіваць і паглыбляць у сваіх наступных творах, асабліва ў рамане «Чорны змак Альшанскі». Гэта чалавек перш за ўсё адукаваны, які цікавіцца мінулым свайго народа. Але вельмі важна, што яго зацікаўленасць гісторыяй роднага народа не толькі чыста навуковая. Мінулае народа так глыбока пранікае ў яго свядомасць, што пераўтварае ўвесь яго ўнутраны свет, становіцца часткай светапогляду і светаадчування. І такі тып — не кніжная выдумка пісьменніка. Ён сапраўды існуе ў жыцці. Заслуга У. Караткевіча ў тым, што ён адкрыў гэты характар, добра адчуў яго стваральныя магчымасці ў эпоху сацыялістычнага будаўніцтва і паказаў у канкрэтных праявах духоўнага жыцця. Менавіта рысы такога тыпу нацыянальнага характару шукалі ў жыцці і ўвасаблялі ў сваёй творчасці Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, пакінуўшы наступным пакаленням пісьменнікаў запавет працягваць гэту важную духоўна-стваральную працу.

У. Караткевіч у сучасных умовах культурнага развіцця дзейсна і паспяхова ўзбагачаў завешчаную традыцыю. Яго герой — адданы камуністычным ідэалам чалавек, увесь захоплены будучыняй, які, аднак, адчувае непарыўнасць духоўна-гістарычных сувязей сучаснасці і мінулага — таго мінулага, якое таксама дае ўрок справядлівасці і высакародства, вернасці высокім ідэалам жыцця. Пісьменнік разам са сваімі героямі перакананы, што недаацэньваць гэтага ўрока нельга.

Сацыяльна-маральны пафас твораў У. Караткевіча вельмі высокі і гранічна напружаны. Ён у такой ступені высокі і завабны, што не заўсёды можна заўважыць залішне падкрэсленую ўмоўнасць пабудовы многіх эпізодаў. Падслухоўванне, калі дзверы аказваюцца выпадкова не зачыненымі, — дзейсны момант у развіцці сюжэта. Нават патаемныя, сакрэтныя сходы лёгка падслухоўваюцца. Фатальная ўзбуджанасць пачуццяў кіруе паводзінамі некаторых герояў (у «Сівой легендзе» панна Любка, жонка Кізгайлы, згарае ад ракавога любоўнага пачуцця да Рамана, які забіў яе мужа). Ратаўнікі паспяваюць якраз у час і ратуюць чалавека ў патрэбны момант. Героі перад пакараннем смерцю ўмеюць сказаць тыя словы, якія захоўваюць ім жыццё. Як у добрых старых раманах, падарожніку ў начной дарозе прыветна мігае «ружовы аганёк, такі жывы і цёплы…» («Дзікае паляванне караля Стаха»). Намеры і намаганні герояў часта завяршаюцца чакаемай удачай. Блукаюць у памяшканнях здані. З-за павышанай, запаленчай узрушанасці ў галовах герояў пераблытваюцца рэальнасць і фантазія. Шмат персанажаў-пярэваратняў, якія выдаюць сябе не за тых, кім з’яўляюцца на самай справе. Нават дуэллю, здараецца, забаўляюцца героі. Таямнічыя запіскі, якія цяжка расчытваюцца, і таямнічыя забойствы — усё гэта і шмат чаго іншага, што запазычана з вострасюжэтных рамантычных твораў мінулага стагоддзя, сустракаюцца ў творчасці У. Караткевіча. Але дзіўна — раздражнення і пратэсту, як правіла, не выклікаюць. Гэта тлумачыцца, відаць, тым, што, па-першае, агульны лад паэтыкі ў пісьменніка блізкі да літаратурнай умоўнасці, хоць творы і насычаны праўдзівымі сацыяльна-побытавымі рэаліямі, а па-другое, напружаная і ўсхваляваная публіцыстычнасць сцвярджэння высокіх ідэалаў, прычым на новым, малавядомым матэрыяле беларускай гісторыі, захоплівае і палоніць душу чытача ў такой ступені, што стылізаваныя спрашчэнні амаль не заўважаюцца.

Прынамсі, калі не ўсё можна прыняць у стылістыцы пісьменніка, то звыкнуцца з ёй можна. А гэтага бывае зусім дастаткова, каб поўнасцю паверыць, калі не падзеям, апісаным у творах, то самому пісьменніку, яго ўнутранай палымянасці ў сцвярджэнні дабра і справядлівасці.

Ісціна, што гісторыя служыць маральнаму і грамадзянскаму выхаванню сучаснікаў, агульнавядомая. Заслуга У. Караткевіча, аднак, у тым, што ён з натхненнем пацвердзіў гэтую ісціну канкрэтнай творчай справай, раскрыўшы прыгожыя і высакародныя імкненні людзей, захопленых падзеямі беларускай сацыяльна-побытавай гісторыі, — падзеямі часта трагічнымі, але не безвыходнымі, якія заўсёды праменяць святло надзеі ў будучыню. Менатвіта дзякуючы таму, што ён вяртаў унутранаму жыццю сучасніка ўсведамленне мінулага як вялікае ўнутранае багацце, У. Караткевіч займае асаблівае і ганаровае месца ў нацыянальнай літаратуры і яго творы карыстаюцца сапраўдным прызнаннем чытача.

1. Апублікавана ў кн.: Каваленка В. Покліч жыцця: Літ. крытыка. — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 66 — 73.