У пошуку маральнага ідэалу — Валянціна Локун

Проза Ўладзіміра Караткевіча

Пра творчасць Уладзіміра Караткевіча пісалі, асабліва ў канцы 60-х i на працягу 70-х гг., не ўнікаючы ў яе глыбокі філасофскі змест. Вытлумачыць гэта можна па-рознаму, але найперш існуючай у той час палітыкай замоўчвання i забыцця сапраўднай нацыянальнай гісторыі Беларусі.

Гістарычны раман У. Караткевіча — гэта перш за ўсё раман філасофскі, дзе даецца не проста характарыстыка быцця, а характарыстыка нацыянальнага быцця, угрунтаванне філасофіяй станаўлення нацыянальнай свядомасці. Функцыі караткевічаўскага рамана складаныя: абагульненне, абстрактная думка аўтара не пераходзіць у «чыста» фiлacoфcкiя paзвaжaннi ці тлумачэнні, яна, гэтая думка, моцна прывязваецца да эмпірычнага матэрыялу. Разам з тым мастацкі вобраз У. Караткевіча — не ілюстрацыя да думкі i нават не спецыфічная форма яе, а перш за ўсё вобраз самога быцця, якое пісьменнік успрымае пад вуглом свайго мастакоўскага бачання. Пераўтвораны i ўзбагачаны філасофскай думкай, мастацкі вобраз уздымаецца да катэгорыі больш агульнай. Такім чынам, гістарычны раман У. Караткевіча гаворыць з намі не толькі мовай гістарычнага быцця, але i на мове ўмоўнай, на мове сімвалаў. I першае, i другое цесна звязана з нацыянальнай асновай. У гэтым галоўная рыса пісьменніцкага наватарства.

Уладзімір Караткевіч заўсёды ставіў перад сабой звышзадачу: адлюстраваць працэс станаўлення i развіцця нацыянальнай свядомасці, паказаць гістарычнае быццё беларускага народа ў яго рэвалюцыйным развіцці, ва ўсёй паўнаце яго сацыяльных i маральных супярэчнасцей.

Для першых гістарычных твораў пісьменніка — рамана «Сівая легенда» (першапачатковая назва «Раман Ракута») i аповесці «Цыганскі кароль» (абодва творы выйшлі з друку ў 1961 г.) — уласціва цесная сувязь з народным эпасам, выразная ўвага да этнаграфічнай дэталі. Этнаграфічнае пераважвае псіхалагічнае i перакрывае індывідуальна-асабовае. Я-апавядальнік у «Сівой легендзе» Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, даследуе беларуса наогул, беларуса як нацыянальную дадзенасць. Тут i этнаграфічныя звесткі (падрабязнае апісанне ўнутранага жытла замка), i абагульняльная характарыстыка беларусаў («вялікая мужнасць» i «вялікая легкадумнасць», «ціхманасць», «цярплівасць»), i нават вочы беларуса («светлыя, тpoxi прытушаныя вейкамі», «незвычайныя» вочы). Але гэта як бы погляд збоку, узбуйнены i paмантызаваны. Вобраз апавядальніка абумовіў і такую асаблівасць рамана, як аднапланавасць адлюстравання, яго хранікальнасць. Адначасова апавяданне ад першай асобы, дарэчы, асобы рамантызаванай, стварае атмасферу асаблівай праўдзівасці, надае рамантычную афарбоўку. Адбываецца зліццё дзвюх мастацкіх формаў — народнага гераічнага эпасу i рамантычнай плыні. З аднаго боку, на першы план вылучаецца беларускі прыгнечаны народ, з другога — гэта пакуль што абстрактная грамада, пазбаўленая самаактыўнасці i caмаруху. Ей патрэбны выказнік думак i заступнік. I такі заступнік — Раман Ракута. Выпісаны ў лепшых традыцыях народнага эпасу — гэта актыўны, дзейсны чалавек. Яму, праўда, не ўласціва схільнасць да складаных душэўных перажыванняў, i ў той жа час ён надзелены ўciмi мажлівымі станоўчымі якасцямі.

Раман Ракута здаўся панскаму войску з патрабаваннем, каб выпусцілі ўcix яго палонных. У выніку Раману адсеклі абедзве рукі, а яго каханую дзяўчыну Ірыну асляпілі. I ў такім стане, пакалечанымі, закаханых высылаюць з родных мясцін.

Адсутнасць індывідуалізацыі вобразаў — усе адмоўныя гepoi аднолькава дрэнныя, а ўсе станоўчыя аднолькава добрыя — прыводзіць да трохі спрошчаных маральных пошукаў, хоць ужо менавіта ў «Сівой легендзе» назіраецца імкненне аўтара скіраваць сваю ўвагу на два раўназначныя субстанцыяльныя пачаткі творчасці — народ i асоба. Катэгорыі народа i асобы будуць займаць увагу пісьменніка з большай ці меншай перавагай у кожным творы без выключэння. У аповесці «Цыганскі кароль» пісьменнік, засяродзіўшыся на станоўчым у адлюстраванні асобы чалавека i нацыянальных якасцях беларускага народа, выкрывае i другі бок — адмоўны.

Сувязь з фальклорам у гэтым творы ўжо відазмененая — уводзіцца досыць рэалістычны вобраз Медыкуса, які, у адрозненне ад апавядальніка з «Сівой легенды», у плане псіхалагічным i фармальна-стылёвым ускладняецца. Праўда, i ў гэтым рамане пісьменніку пакуль яшчэ не ўдалося адлюстраваць рэальныя суадносіны лёсу асобнага чалавека з лёсам народа. Чалавек, яго характар развіваецца толькі на фоне гістарычных падзей, без унутранай еднасці, унутранага зліцця з імі. Дакладней, прасунуўшыся ўперад у плане паказу развіцця характару асобнага чалавека, пісьменнік пакуль што цяжка авалодвае псіхалагічнай атмасферай эпохі. Народ адлюстроўваецца найперш як маса, праўда, неаднародная па сваім маральным складзе, але падзел гэты мае дастаткова кантрастны характар. На адным баку «пракляты богам край вар’ятаў i ёлупаў», дзе чалавек даўно згубіў чалавечае аблічча i пачуццё годнасці. «Пачуццяў няма, усё ад току крыві. Кінецца яна ў галаву — чалавек адчуе гнеў, кінецца яшчэ куды — іншы вынік… Чалавек менавіта такая самая худоба, як свіння, i адрозніваецца ад яе толькі здатнасцю размаўляць, складаць вершы ды яшчэ тым, што ён бывае горшым за самую горшую свінню», — так характарызуе шляхту Медыкус, чалавек збоку.

Духоўны свет шляхты, асабліва яе прадажнасць, безумоўна не маглі задаволіць i Міхала Яноўскага, хоць яго сацыяльныя карані менавіта з гэтага саслоўя. Чалавек прагрэсіўнага погляду на жыццё, Міхал не адразу прымае радыкалізм i крайнія крытычныя нападкі Медыкуса: «Калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю». Але падзеі i настаянныя каментарыі да ix Медыкуса паступова пераконваюць Міхала ў жорсткай праўдзе гэтага чалавека. Пагарджэнне простым чалавекам, адрачэнне ад мовы сваёй, ад маці роднай, — гэта наноснае, антынароднае, антыбеларускае. Яно прыйшло ўслед за здрадай — спачатку прадалі беларускія вольныя княствы Літве, а потым «прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай». Адчуванне вышэйшасці шляхтай, яе «насякомая зласлівасць» прыйшлі адтуль, з-за мяжы. «Яны i нас заразілі гэтым, — з пачуццём пагарды скажа Медыкус. — I, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава каціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п’юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. I загінуць хутка. Ужо смярдзіць нават».

Натуральна ўзнікае пытанне: дзе тыя пазітыўныя сілы, якія б маглі супрацьстаяць шляхце? Сілы такія ёсць: «…аснова ўсяму — мужык». Але i мужык, яго сіла i незалежнасць перайначыліся, сталі іншымі. «Быў вялікі наш народ. Ён быў тагам пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, пад час вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя». I ўсё гэта панікла пасля таго, як было знішчана татарскае iгa. Мужыка затапталі, годнасць яго прынізілі, мову яго затаўклі. «Па ўсёй зямлі маўчыць халоп. Жонку яго цяжарную сцёбаюць — ён пану ручкі цалуе, галаву яму прабілі — ён крычыць: «Бацька наш, каралеўская кроў, вядзі!» Народ страціў упэўненасць у сваёй сіле, яго трэба разбудзіць, расштурхаць, раздражніць нарэшце. Мужык беларускі мае патрэбу ў новым абаронцы, новым Рамане Ракуце ці Пугачове.

I ўсё ж неабходна адзначыць, што ў аповесці «Цыганскі кароль» У. Караткевіч увогуле застаецца ў палоне гераічнага эпасу, эпічных фальклорных жанраў, асабліва ў падрабязным апісанні этнаграфічных рэалій — звычаяў, нораваў, святкаванняў i г.д. Паступова пазбаўляючыся ад структурнай фальклорна-эпічнай блізкасці, пісьменнік будзе паглыбляцца ў матэрыял i ўсё часцей выкарыстоўваць героіка-эпічную традыцыю менавіта пры адлюстраванні характару героя. Аповесць «Цыганскі кароль» найперш сведчыць аб напружаным ідэйна-эстэтычным пошуку У. Караткевіча. Адмаўляючы «бунтуючую свядомасць» быліннага героя-волата, ён шукае іншыя формы ўвасаблення маральнага пошуку, больш рэалістычныя i супярэчлівыя. Пісьменнік імкнецца выявіць толькі вытокі самасвядомасці народа i даказаць, што філасофія паслухмянасці i пакоры, як i філасофія стыхійнага бунту, развіваючыся паралельна, з гістарычнай непазбежнасцю павінны былі зліцца ў адну філасофію свядомага народнага змагання. Беларускі мужык не халоп па сваёй першароднай якасці, а змагар, з высокім пачуццём чалавечай годнасці. Таму ў наступным рамане — «Нельга забыць» пісьменнік стварае новы тып героя — праўдашукальніка i гуманіста, героя, у характары якога ўвасобіліся лепшыя традыцыі мінулага Беларусі i разам з тым-трагічныя супярэчнасці свайго часу, калі ў адносінах асобы i дзяржавы, асобы i грамадства адбыліся значныя дэфармацыйныя змены.

Паэт Андрэй Грынкевіч, нашчадак асуджанага на смерць кіраўніка атрада паўстанцаў Усяслава Грынкевіча, быў лірыкам па натуры i рамантыкам па светаўспрыманню. Ён пакутліва шукае адпаведнасці высокай маральнасці чалавека ў антымаральным сучасным грамадстве. У. Караткевіч стварае складаны псіхалагічны вобраз чалавека, які не ўпісваецца ў агульны псіхалагічны малюнак жыцця, уступае ў трагічнае проціборства з ім i застаецца — пераможаным. Пераможаным знешне, сацыяльна. Аднак высокую яго духоўнасць перамагчы нельга. Яна непераможная. I ўсё ж сучасная цывілізацыя гняце чалавека, імкнецца да разбурэння яго душы. Да такой высновы прыходзіць пісьменнік, калі распрацоўвае філасофскую тэму Леанідаў, зорных дажджоў. Невыпадкова першапачатковы варыянт рамана меў назву «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Апошні раз Леаніды абрынуліся на зямлю 16 лістапада 1866 г. Праз трыццаць тры гады ў лістападзе 1899 г. Леаніды здрадзілі зямлі. Няма больш герояў, здольных разбудзіць народ, здольных ахвяраваць сабою дзеля свабоды i справядлівасці. «Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурных асенніх лясах…

Гінулі Леаніды».

Чалавек свабодны па-сапраўднаму, калі ён здабывае свабоду іншым, тады яго жыццё — подзвіг. Калі ж увесь сэнс яго існавання абмяжоўваецца толькі барацьбой за ўласны дабрабыт, то такое жыццё — пакута. На думку піьменніка, «чалавек можа ўсё. Межаў яго сіле няма, калі наперадзе агонь надзеі».

А надзея i была адабрана ў сучаснага чалавека, яна была падарвана ўсеагульнай падазронасцю сталінскіх часоў. «Самым страшным была не жорсткасць i падазронасць аднаго, а душы, знявечаныя падазронасцю i нявер’ем у свайго суседа». Адрадзіць чалавека, вярнуць яму веру ў сябе, у жыццё, у свет наогул, на думку пісьменніка-гуманіста, можа свет мастацтва i высокае каханне. «Адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ i не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі…». Сапраўднае мастацтва патрабуе ад мастака не толькі абсалютнай праўды, але i вялікай мужнасці, бо найчасцей мастацтву даводзіцца ўступаць у проціборства са сваім жыццём. «Мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё… I нават нечым больш, чым яно», — пра гэта сказаў яшчэ Рэмбрант. У няскончаным шэдэўры «Вяртанне блуднага сына» вялікі мастак у вобразе блуднага сына ўвасобіў прыніжанае i занядбанае чалавецтва. Чалавецтва, якое страціла любоў да бліжняга свайго i якое мае патрэбу ў спачуванні i дапамозе. Абудзіць душу чалавека няпроста, але ж «як цяжка — часта проста немагчыма — абудзіць народ, калі ён засне». Мастак павінен ісці да людзей, да іх пачуццяў i адносін, ісці праз уласныя пакуты, «праз вялікую тугу, праз абавязковую страту чагосьці вельмі дарагога». Пры гэтым у мастака павінен быць «толькі адзін жорсткі суд — суд над сабою».

Сіла мастацтва як сіла пераўтваральная, сіла аднаўлення праходзіць лейтматывам праз увесь раман У. Караткевіча. Андрэй Грынкевіч пасля гібелі каханай дзяўчыны Алены Століч згубіў веру ў жыццё, дакладней, перастаў адчуваць яго жыватворную сілу. Ён проста існаваў, хадзіў на лекцыі, сустракаўся з сябрамі, але ва ўсім гэтым не было душы, не было пачуцця. Унутрана ён быў мёртвы. Адраджэнне яго пачалося са знаёмства з Горавай, з іх сумеснага далучэння да свету сапраўднага мастацтва, гэтага «дзіва чалавечага генія». I тады свет раптоўна зайграў перад ім усімі фарбамі вясёлкі.

Праз мастацтва адбываецца ў чалавека i далучанасць да магутнай энергіі продкаў, бо яно ўбірае ў сябе геній усяго чалавецтва i гэтым ачышчальна ўплывае на душы пакаленняў. «Усё паўторнае на зямлі, i толькі ты адна непаўторная, — думаў Андрэй, гледзячы на цуд рук чалавечых — царкву на Нерлі. — Тысячы разоў яшчэ будуць праліваць кроў i крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць чалавечай крывёю на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннаць i чысціню?» Чалавек смяротны на гэтай зямлі, а свет, дабрыня — вечныя. «Не, продкі не адышлі, — думаў Андрэй, — яны тут i заўжды будуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхняя радасць i боль. Яны расквітаюць усмешкай на нашых вуснах, i іхняя журба — гэта наша журба.

I калі мы плачам — мы плачам іхнімі слязамі.

Бо ніхто не ўцячэ ад іх, як не ўцячэ ад сябе.

I ніякая хмара не заб’е майго імкнення да неба ў слупах святла, таго святла, што залівае храм на Нерлі.

Продкі мае, любыя мае, мір вам…

Прыйдзе дзень, i мяне не будзе. Але свет не застанецца без слоў…

Прыйдзе дзень, i мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня».

На думку пісьменніка, чалавеку варта жыць ужо толькі дзеля ўспрымання гэтай прыгажосці. Зямной i спрадвечнай. Дзеля яе працягу. Бо мастацтва жыве яшчэ i знутры чалавека, жыве сваім духоўным i маральным зместам.

Далучанасць да прыроды, да роднага дома — неад’емная якасць характару Андрэя Грынкевіча. I тут пэўную ролю адыграла яго нянька Марцэля. Уплыў гэтай жанчыны зрабіў душу Андрэя чуйнай да роднага краю, роднага гнязда, якое «нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём».

Рамантычная замілаванасць роднай прыродай У. Караткевіча збліжаецца з салаухінскай, асабліва з яго «Кропляй расы». «I ад жыцця амаль нічога не трэба было, хіба што толькі вылезці з аўтобуса i ісці пехатою, трымацца за руку друга пры пераходах праз ручаіны ды піць прыгажосць весняй зямлі, разлітую вакол».

Да спрадвечных ісцін чалавечага быцця адносіць У. Караткевіч i каханне. Логіка развіцця характару галоўнага героя з непазбежнасцю павінна была прывесці яго да спазнання гэтага вялікага пачуцця. Свет мастацтва i прыроды, аднавіўшы душу Андрэя i выклікаўшы страчаную ім прагу да жыцця, угатавалі глебу i для кахання, хоць Андрэй быў упэўнены, што пасля Алены ён ўжо і не здолее болей пакахаць. Ірына Сяргееўна Горава — жанчына незвычайная, выключная, у нечым загадкавая. Каханне да Горавай канчаткова вывела Андрэя са стану здранцвення. «Як быццам амыліся вочы. І свет такі шырокі. I вецер дыхае новым жыццём. Ну не, жыццё яшчэ не скончана. Жыццё яшчэ можна пачаць спачатку…» Андрэй цяпер верыць, што ўсё ў яго яшчэ будзе. I творчае натхненне прыйдзе. «Свет быццам увесь споўніўся музыкай. Звінелі нават кучаравыя аблокі, плывучы на ўсход, да яе. I нават засуш, якая ў тое лета катавала палі, здавалася не такой ужо жахлівай.

Вядома, дождж прыйдзе. Ён не можа не прыйсці, як не можа не прыйсці каханне ў змучанае смагай сэрца.

Андрэй ведаў: дождж прыйдзе».

Пісьменнік стварае сваю маральна ўдасканаленую канцэпцыю рэчаіснасці, у якой, тым не менш, пісьменнік-рэаліст, пісьменнік-філосаф пераважвае пісьменніка-рамантыка. Заклікаючы да маральнай чысціні, ідэалізуючы адносіны паміж людзьмі, У. Караткевіч разумее, што ў сучасным свеце гэтыя адносіны не могуць мець працягу, яны нежыццёвыя, бо для ix існавання неабходны зусім іншыя, больш дасканалыя ў маральных адносіных умовы. Тое, што зусім натуральна ўспрымалася паміж продкамі Грынкевіча i Горавай, у сучасным свеце нерэальнае. Тады быў зорны час, час Леанідаў, час вялікіх гістарычных здзяйсненняў i вялікіх, адпаведна часу, пачуццяў. Пісьменнік разумее, што сучасны свет, адносіны ў iм выступаюць супраць маленькага чалавека, свет гэты антыгуманны. Ён вымагае свайго маральнага i рэвалюцыйнага абнаўлення, але для гэтага яшчэ не наспеў час. Маральнае ачышчэнне сучаснасці яшчэ наперадзе, гэта адбудзецца тады, калі не толькі асобны чалавек, але грамадства ў цэлым, яго свядомасць абудзяцца ад спячкі, уздымуцца, як гэта было ў час сівой даўніны, ды i ў больш блізкі да нас час 1863 г. Пакуль жа пісьменнік бачыць выйсце з драматычнага стану жыцця праз маральнае ачышчэнне, маральнае ўдасканаленне. Але вымушаны з сумам заключыць, што i такі шлях пакуль што трагічны. Трагічны час, у якім няма месца вялікаму каханню. Гіне Алена ў аўтамабільнай катастрофе. Памірае Ірына пасля аперацыі на сэрцы. Трагічны чалавек, пазбаўлены свабоды.

Пісьменнік патрабуе свабоды не столькі эканамічнай (хоць гэта таксама прысутнічае ў яго праграме), ён патрабуе найперш свабоды ўнутранай, маральнай: «Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода». Такой свабоды сучасны свет чалавеку не даваў. У гэтым бачыцца асноўны драматычны вывад творчасці У. Караткевіча.

Прага маральнай дасканаласці, якой пісьменнік кіраваўся ў ацэнцы чалавечых адносін, пабуджала прызнаць непазбежнасць пераўтварэння чалавечых адносін, яна ляжыць у аснове аўтарскай канцэпцыі чалавека. Пісьменнік чуйна выявіў сацыяльную значнасць маральна-этычнай праблематыкі, абумовіў неабходнасць пераўтварэння характару чалавека маральнымі запатрабаваннямі свету.

Новая канцэпцыя гісторыі, канцэпцыя маральнай пераемнасці, маральнага «ачышчэння» значна ўзбагаціла беларускі раман 60-х гг. Прыгажосць беларускай прыроды, яе несмяротнасць паглыбляюць думку пісьменніка аб трываласці каранёў беларуса, яго нацыянальнай годнасці. Гледзячы на гонар беларусаў — Дняпро, пісьменнік годна i з нейкай журбою заяўляе: «Але плыве i плыве вялікая рака. Нас не было. А яна ўжо несла свае хвалі міма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калі нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора».

Працуючы над раманам «Нельга забыць», У. Караткевіч не мог не разумець, што яго гуманістычны ідэал, закладзены ў вобразе паэта Андрэя Грынкевіча, пэўным чынам абмежаваны. Андрэй — не герой, не барацьбіт, ён хутчэй ахвяра, асоба трагічная, бо свет не прымае багатую натуру гэтага чалавека, не разумее i ў выніку адмаўляе яго. Характар героя прасякнуты драматызавана невырашальнымі супярэчнасцямі свайго часу. Лірычны герой занадта сентыментальны i «пачуццёвы», яму не хапае рацыяналістычнасці, цвёрдасці. Адмовіўшыся ад героя-волата, героя з легенды, пісьменнік у нечым страчвае пры стварэнні новага эстэтычнага ідэалу. Таму зразумела, што ў наступным сваім творы — «Каласы пад сярпом тваім» (1965) аўтар імкнецца як бы сінтэзаваць ужо набытае i аб’яднаць фальклорныя i рэалістычныя пачаткі. Да таго ж, пазначыўшы раман «Нельга забыць» як «раман амаль што сентыментальны», аўтар такім чынам асноўны цяжар свайго мастакоўскага клопату перанёс у сферу маральна-этычную. А гэта таксама звужала сферу даследавання, бо сацыяльнасць адыходзіла ў падтэкст, прачытвалася праз маральнае.

У новым творы У. Караткевіч сацыяльныя праблемы зноў выносіць на першы план. Яго эстэтычны вопыт выяўляецца ва ўсё больш ахопным, аналітычным падыходзе да гістарычнага мінулага з мэтай адлюстравання народнай свядомасці як актыўнай грамадскай сілы. В. Быкаў, маючы на ўвазе раман «Каласы пад сярпом тваім», слушна адзначае, што «такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі i такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе».

Асэнсаванне лёсу народа з вышыні сацыяльнага i духоўнага вопыту сённяшняга дня для У. Караткевіча неабходна было для таго, каб найперш вылучыць у гісторыі тыя яе вядучыя тэндэнцыі, якія былі неабходны сучаснасці, — гэта маральнасць асобы i народа i ix пабуджальная эвалюцыйная актыўнасць. Пісьменнік імкнецца стварыць складаную філасофію гісторыі, выявіўшы яе актуальныя ідэйныя i маральныя кірункі. Асоба i народ, народ i гісторыя; народнасць, яе вытокі і карані; гістарычны рух, яго змест i неаднароднасць — усё гэта пад пільнай увагай пісьменніка. У такім шматаспектным падыходзе да гісторыі бачыцца вялікая заслуга пісьменніка, асабліва калі ўлічыць, што сур’ёзны гістарычны раман у беларускай літаратуры адсутнічаў. Пісьменнік піша твор, у якім гісторыя адлюстроўваецца ў індывідуальных лёсах людзей, праз псіхалогію асобнага чалавека.

Глыбокая праўда гісторыі заключана ў тым, што галоўны герой рамана Алесь Загорскі ствараецца як характар не толькі рамантычны, але i драматычна супярэчлівы. Рамантычнае ўспрыманне свету маленькім Алесем прыводзіць яго да цвёрдага рашэння аддаць сваё жыццё служэнню простым людзям: «Яны не вінаватыя. Ім цяжка. Араць зямлю — гэта зусім не тое, што ездзіць на кані. Я ніколі не буду такі, як гэты Кроер, пра якога яны часам кажуць. Я куплю ў Кроера ўcix людзей i зраблю, каб ім было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогі, я буду вітацца з iмi». Гэтая па-дзіцячы наіўная мара сведчыць аб тым, што з самага пачатку свайго жыцця хлопчык меў цвёрды намер дапамагаць простаму чалавеку, бараніць яго. Неардынарнасць натуры, яе выключнасць зыходзіць ужо з неардынарнасці, выключнасці метаду выхавання хлопчыка: яго, нашчадка княжацкага роду, аддалі на выхаванне ў сялянскую сям’ю (некалі гэта называлася «дзядзькаваннем»). Выключнасць героя мае i «генетычныя» карані, хлопчык належыць да асаблівага па свайму характару клана: «Ты належыш да самай дзіўнай суполлі на зямлі, — скажа Алесю бацька. — У гэтага клана было славутае i грознае мінулае, — але i тады ў яго не было імя… У цябе няма адзнак, i менавіта ў гэтым вялікія твае перавагі. Ты бязлікі i ты мнагатвары, ты нішто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей». I Алесь, пераймаючы традыцыі cвaix продкаў, будзе «ствараць» сабе імя, як «стваралі» яго яны: дзед Даніла, прадзед Акім. «Ствараць» незалежна i горда, з разуменнем сваёй годнасці i праз спасціжэнне годнасці працоўнага чалавека. Адметнасць свабодалюбівага шляху Алеся ад яго славутых продкаў бачыцца перш за ўсё ў рэвалюцыйнасці. Род Алеся быў родам бунтароў-адзіночак. Шлях жа Алеся — шлях да арганізаванай барацьбы супраць дзяржаўнага прыгнёту пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Уласная свабода i незалежнасць, якімі так даражылі продкі, для Алеся сталі невыноснымі, для поўнага асабістага шчасця яму неабходна было бачыць свабодным увесь народ. Але дзіцячая рамантычная мара аб шчасці i роўнасці ўсё часцей сутыкаецца з жорсткім рэалізмам жыцця. Алеся чакаюць вялікія выпрабаванні: радасць i боль кахання, страта веры ў людзей i жыццё i, нарэшце, барацьба — сумесна з Кастусём Каліноўскім.

Далучанасць асобы да народа, еднасць з iм пачынаецца з мовы. У адрозненне ад мясцовага панства з ix «роднай» французскай мовай, Алесь гаворыць амаль заўсёды на мясцовай «мужыцкай» мове. У дыялогу з Мсціславам Маеўскім ён ніяк не можа зразумець, чаму панства саромеецца гэтай мовы, чаму яе лічаць беднай i грубай. Маеўскі шчыра прызнаецца Алесю, што беларуская мова яму таксама вельмі падабаецца. «мне нават здаецца, што яна мяккая, толькі іхняе вуха не чуе… Тут, разумееш, нешта накшталт спеву рагоў на псовым паляванні. Італьянец ад яго вушы зацісне, гэта для яго, як Бетховен пасля Беліні, а мы ж тым няма для вуха сапраўднага паляўнічага музыкі, саладзейшай за гэту».

Другі «выток» народнасці характару Алеся непасрэдна звязаны з прыродай. Юнак назірае, наколькі чалавек працы, просты чалавек яднаецца з прыродай i менавіта праз яе (заўважым, што ў рамане «Нельга забыць» аналагічную функцыю выконвала мастацтва) убірае ў сябе жыватворныя сілы продкаў. Алесь уражліва глядзіць на раку i людзей у чоўне i дакладна бачыць, што «гэта ж была тая самая рака, што i за тысячу год да ix дзён, тыя ж берагі i тыя ж дубы на ix. Ён блытае cвaix продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, a ix — з тымі, што жылі на гэтых берагах даўным-даўно». Усеагульная еднасць людзей, часцінкай якой аказаўся i Алесь, бо ён таксама не аддзяляў сябе ні ад прыроды, ні ад простых людзей, — усё гэта «неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўcix людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў на берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з iхнімi. Пройдуць вялікія тысячы год, i людзям будзе ўсё адно. Таму, відаць, i трэба трымацца за тых, каму не ўсё адно, i любіць ix».

Пісьменнік туі паглыбляе сваю думку аб еднасці людзей. Далучанасць да гісторыі, якая не мае свайго пачатку i канца, — гісторыі, якая заўсёды толькі працяг, гэта найвялікае шчасце, гэта «споведзь, яго, шчаслівага, з yciм жывым». Такім чынам, герой як бы раствараўся ў часе, у гісторыіі, у сусвеце. Такое адчуванне «давала змогу яму, Алесю, любіць ycix людзей, як самога сябе, бо ўсё было адно, i над гэтым адным не было ўлады часу». Адчуванне сябе як раўназначнай часцінкі, як часткі аднаго цэлага адначасова i ўраўноўвала героя з іншымі, i ўзвышала над імі: «Нават немагчымае належала Алесю. Ён быў гаспадаром часу, вякоў, абшараў, бо ўсе людзі вялікай ракі, i ўсе Людзі, увесь Род гэта ён, а ён — яны».

Якасныя змены гістарызму, якія праявіліся ў сувязі з паглыбленнем рэалістычнага пісьма, вызначылі i новы маштаб характару героя У. Караткевіча. Злiтнаcць, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам працоўнага народа — аснова ўзнікнення эпічнага характару. Meнaвiтa эпічным пачаткам адрозніваецца характар Алеся ад рамантычна-сузіральнага па форме характару свайго папярэдніка Андрэя Грынкевіча.

У выніку працяглых размоў з дзедам Данілам Алесь прыходзіць да крытычнага стаўлення да афіцыйных улад. «А што ў ix за душою? — горка запытаўся князь, звяртаючыся да Алеся. — Расея ў ix за душою? Польшча ў ix за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для ix — чарналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчыны на ix мала, Ямелькі Пугачова, Ромкі Ракутовіча на ix паскудныя шыі!» Паступова ў Алеся выпрацоўваецца пачуццё адказнасці i за свае ўчынкі, i за лёс народа. Узнікае думка аб неабходнасці перарабіць структуру дзяржаўнай улады, каб жыццё простата чалавека не залежала ад асобных якасцей ix гаспадара. «Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я магу ўдарыць… — адзначыць князь Даніла. — Значыць — розніца невялікая».

Стары Даніла не бачыць аб’ектыўнай сілы, якая б магла нешта змяніць у «адным вялізным злачынстве, імя якому… Расійская Імперыя». «Стары вальтэр’янец» даўно расчараваўся ў гэтым свеце, расчараваўся ў чалавеку. Ён не верыць у змены. «З кім змяніць, сынок? — звяртаецца ён да Алеся. — Каб было з кім — я першы благаславіў бы цябе на гэта, — сумна ўсміхнуўся стары. — Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль ycix». Вось у гэтым i праяўляецца гістарычная абмежаванасць князя. I Алесь гэта адчувае.

Далейшы рост духоўнай сталасці ў Алеся звязаны з вучобай, а затым з сяброўствам з Кастусём Каліноўскім. Алесь уступае ў створанае ў гімназіі «Братэрства чартапалоху i шыпшыны», мэтай якога было больш блізкае спазнаванне жыцця беднага чалавека. Набліжаўся 1853 г. Зноў дрэннае надвор’е, зноў неўраджай. Людзі галадалі i елі хлеб, які быў падобны на торф. Цар гэта ведаў, але нічога не рабіў, не хацеў рабіць. Такога дараваць цару Алесь не мог. «Гэта не бацька, а айчым», — так ахарактарызаваў самадзержца падлетак. I ў гэтай першай сваёй нянавісці хлопец прыходзіць да зусім дарослай высновы: «Лепей смерць, чым такое жыццё. Усе разумеюць… I гэта пякельнае абразлівае рабства!.. Так жыць нельга, у рабстве гніе дух. З царом трэба змагацца не мараллю, не словам, а зброяй». Так Алесь, едучы з Мсціславам на калядныя вакацыі дамоў, прыходзіць да думкі аб узброеным паўстанні. На такой рэвалюцыйна ўгатаванай «глебе» i адбываецца першая яго сустрэча з Кастусём Каліноўскім. Будучы кіраўніком паўстання вельмі рана ўсвядоміў сваё прадвызначэнне. Выключная мэтанакіраванасць Каліноўскага адразу ўзяла ў палон уражлівую натуру яго спадарожніка: «Я ведаю, скуль ідзем, — заяўляе Кастусь. — I продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе… Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў».

Неабходна ўсё ж адзначыць, што вобраз Каліноўскага носіць у значнай ступені «публіцыстычна-дэкларацыйны» характар. Гэта найперш палітык, баец, таму пагадзіцца з аўтарам наконт уплыву такога характару на псіхалагічна складаны, глыбокі i шматпланавы вобраз Алеся Загорскага мы можам толькі таму, што залішне давяраем аўтару, давяраем нават тады, калі ён свае мастацкія задачы вырашае чыста інфармацыйнымі сродкамі, без паглыблення ў псіхалогію характару.

Паступова, але няўхільна свядомасць Алеся ўсё больш становіцца рэвалюцыйнай. Выбар зроблены канчатковы. Павароту назад быць не можа. «Я мужык… Я князь, але i мужык. Магчыма, мяне тым дзядзькаваннем няшчасным зрабілі, але я таго няшчасця нікому не аддам. З ім маё шчасце. Яно мяне відушчым зрабіла. Вярнула да майго народа. Да гнанага, да абрэханага кожным сабакам. I я цяпер з ім, што б нi здарылася». Аўтар у дэталях даследуе станаўленне i развіццё індывідуальнай рэвалюцыйнай свядомасці. Адлюстроўваючы бунтоўную эпоху, пісьменнік у папярэдніх cвaix творах звяртаўся да стыхійна бунтуючага героя, блізкага ўдаламу атаману з нацыянальнага фальклору. Эпічнасць вобраза Алеся Загорскага мае ўжо прынцыпова іншую выснову, што грунтуецца на глыбокім узаемапранікненні сацыяльнага i маральнага, аб’ектыўна-гістарычнага i суб’ектыўна-індывідуальнага. Эпічная паўната вобраза Алеся Загорскага вырастае са шматбаковага i глыбокага даследавання гістарычных акалічнасцей народнага быцця. Эпічнае вырашэнне гістарычнага матэрыялу, асэнсаванне яго ў развіцці — новыя якасці пісьма У. Караткевіча. Праблему гістарычнай асобы пісьменнік ужо вырашае па-наватарску, не толькі ў адпаведнасці з паступальнасцю гісторыі, але i ў цеснай еднасці з гісторыяй. Засвойваючы новы жанр маштабнага эпічнага апавядання, аўтар прыходзіць да высновы пра неабходнасць зліцця лёсу асобнага чалавека з лёсам народа. У гэтай сувязі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» вызначылася i новая для аўтара эпічная прырода апавядання, калі побач з даследаваннем індывідуальнай свядомасці даследуецца свядомасць агульнанародная. Пісьменнік імкнецца распрацаваць новую канцэпцыю гісторыі ў беларускай літаратуры. Разуменне вырашальнай ролі народных мас у гістарычным развіцці становіцца асноўным у яго творчым метадзе. Узбагачаны канкрэтнай рэчаіснасцю, гістарызм i ў мастацкай сістэме рамана выступае таксама як катэгорыя эстэтычная, што вызначае прычынна-выніковую дэтэрмінаванасць развіцця характару i абставін у ix узаемасувязі. Aўтар намагаецца зблізіць гістарычную праўду, што ўвасабляецца ў рамане ў досыць розных формах — ад публіцыстычнага голасу аўтара да дакументальных старонак палітычнай барацьбы пачатку 50-х гг., — з думкай народнай. Гістарызм апавядання ў тым, што, даследуючы гістарычныя сілы 50-х гг. мінулага стагоддзя, пісьменнік адзначае ўсю ix неаднароднасць, разрозненасць i супярэчлівасць. I мясцовая шляхта, i памешчыкі, ды i самі масы народныя — усе яны вельмі розныя. Побач з самадурам Кроерам жыве пан Яраш Раўбіч, шляхецкі рэвалюцыянер, які таксама рыхтуе свой, мясцовы «закалат», нават падпольную вытворчасць зброі наладзіў. Разам з апошнім інсургентам 1831 г. Чорным Войнам, які амаль дваццаць год адзін працягвае інсургенцыю — узброеную барацьбу з царскімі прыспешнікамі, абмаляваны i віцэ-губернатар краю Ісленьеў, які некалі меў пэўнае дачыненне да руху дзекабрыстаў, а цяпер з сумам заўважае, што народ такі пакорлівы i ціхмяны, як быў некалі: «Кроер лютуе, а яны, яго людзі, „нічога“. „Нічога“. Усё „нічога“. Бог ты мой, як можна зацюкаць народ, а мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта — сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад — леці пад карцеччу. I з таго часу толькі i думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі i ходзім на задніх лапках».

Меркаванні Ісленьева, яго светапоглядная сістэма тут жа аспрэчваюцца старым Вежам, які сцвярджае, што «зямлёю i людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, — гаворыць стары князь, — ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. I таму яны — людзі, а не быдла».

Вышэйшым усведамленнем маральнасці «вярхоў» можа служыць вобраз пані Антаніны, якая пасля недарэчнай смерці свайго мужа пана Юрыя прыняла рашэнне, што ёй таксама неабходна пакінуць гэты жорсткі свет: пятнаццаць дзён галадала i памерла. Памерла з параненым сумленнем. Сваім учынкам пані Антаніна вінілася перад богам за ўcix грэшных, за мужа, які любіў паляванне i забіваў, за брата Кроера, які здзекаваўся са сваіх сялян. Пані Антаніна ўзяла на сябе адказнасць за агульную віну людзей. «Трэба было давесці, што мы не забойцы, што мы ад адчаю жывём жыццём другіх…»

У такім жа дыферэнцыяваным ключы адлюстроўваюцца ў рамане і простыя сяляне. I гэта зусім не супярэчыць новай канцэпцыі гісторыі народа як гісторыі вызваленчай барацьбы. Як не супярэчыць i эпічнай прыродзе самога рамана. Народная свядомасць не ёсць нешта аднароднае, гэта складаная філасофская катэгорыя, якая складаецца з індывідуальнай, нярэдка супярэчлівай свядомасці асобных людзей. Пісьменнік-рэаліст бачыць i тых, хто яшчэ не ўзняўся ў сваёй cвядoмacцi да пратэсту i ўспрымае пакуты жыцця цярпліва i моўчкі i каму пакуль усё яшчэ «нічога». Але гэта нетыповая ўжо частка. Апавяданне хутчэй зводзіцца да супрацьлеглага: «Бунт ідзе… Ідзе паўстанне… Ідзе рэвалюцыя, выбух шалёнага гневу i ярасці».

Прадстаўнікі такога бунту — Корчак, у характары якога супярэчліва пераплятаюцца як пазітыўныя, так i негатыўныя якасці сялянскага барацьбіта. Корчак не хацеў крыві, не хацеў змагання, ён проста хацеў жыць i працаваць на сваёй зямлі, бо па сваёй натуры ён найперш чалавек працы, чалавек ад хлеба i зямлі. Пра гэта сведчыць i яго «мірнае жыццё», i тое, як ён, паранены, успрымае рошчыну, якую яму да раны прыкладваў млынар. Корчак адразу паверыў, што не памрэ, «таму што гэта быў хлеб, а ён верыў хлебу. У хлеб можна было верыць. У хлеб трэба было верыць. Ад хлеба жыццё i ад хлеба адужанне. Ад хлеба не можа не быць адужання. Ён нясе чалавека i чалавек жыве дзеля яго, памагае яму стаць хлебам, i той за гэта дае чалавеку частку самога сябе. I гэтым хлеб вышэй за чалавека, бо чалавек аддае яму ўсяго сябе».

У маналогу голас героя паступова пераходзіць у аўтарскі голас, i аўтар вызначае найперш сялянскую, першародную натуру Корчака, якой уласціва «зброя працы», а не зброя змагання. Але ж разам з тым гэты чалавек надзелены i ўласнай годнасцю, цярпець здзек «да скону» ён не можа. Пасля першай сутычкі з Кроерам Корчак міжвольна апынуўся па-за законам, «для яго больш не было роднай хаты i роднай дзяжы. Таму што яго аднаго гналі, таму што адной ягонай крыві хацелі за падзеі ў Півошчах». Корчак не разумее: xi6a аднаго яго трэба судзіць?! Была ж цэлая грамада, а вінаватым аказаўся толькі адзін. Праўда, такія развагі нядоўга разрываюць душу Корчака. Не ён першы, ды i не ён апошні быў вымушаны хавацца ў лесе. I ён з годнасцю прымае выклік панскіх улад: «Суд дык суд… Ён заступіцца за свайго Хрыста. Усе яны адкажуць перад праўдай. Таму што яны не дапамагалі хлебу расці, не дапамагалі зямлі-маці раджаць. Яны толькі глумілі яе, i таму праўды ў ix не было, i яны былі ваўкі. А з ваўкамі — па-воўчы…»

Сочачы за станаўленнем рэвалюцыйнай свядомасці Корчака, пісьменнік робіць націск на аб’ектыўны пачатак. Корчака зрабіла змагаром само жыццё, а дакладней, канкрэтныя рэальныя абставіны, у якіх той міжвольна апынуўся. Але разам з такімі, як Корчак, былі i іншыя, напрыклад, сям’я Кагутоў. Эканамічна незалежныя i духоўна багатыя Кагуты таксама ўліваюцца ў шарэнгу змагароў, уліваюцца «суб’ектыўна», без знешніх штуршкоў, i прагнуць не эканамічнай, а найперш свабоды маральнай, духоўнай.

Адлюстроўваючы розныя тыпы сялянскіх змагароў, пісьменнік не можа не адзначыць i супярэчнасці сялянскага руху: ён быў стыхійны, слаба арганізаваны, «лакальны», з верай у добрага цара-бацюшку i абсалютным адмаўленнем мясцовых улад, мясцовых памешчыкаў, нават прагрэсіўных. Кандрат Кагут прапаноўвае Корчаку ісці на Кроера i Раўбіча, Корчак хоча ў дадатак спаліць таксама маёнткі Юрыя Загорскага i старога Вежы… У такой неарганізаванасці i палітычнай абмежаванасці У. Караткевіч бачыць гістарычную нежыццяздольнасць сялянскага бунту, якому процістаіць арганізаваная барацьба паўстанцаў на начале з Кастусём Каліноўскім.

Пэўны ўплыў на выспяванне падзей 50 — 60-х гг. аказалі i інтэлігентныя слаі грамадства. У палітычнай дыскусіі ў Вільні, а затым у Пецярбургу можна сустрэць першага прафесійнага беларускага пісьменніка Дуніна-Марцінкевіча, польска-беларускага паэта Сыракомлю, беларускага паэта Каратынскага, кампазітара Станіслава Манюшку. Тут жа Алесь Загорскі i Кастусь Каліноўскі знаёмяцца з Тарасам Шаўчэнкам, маюць зносіны з польскім рэвалюцыянерам Зігмунтам Серакоўскім, будучымі ўдзельнікамі Парыжскай камуны Валерыем Урублеўскім, Яраславам Дамброўскім i іншымі рэальнымі асобамі. Але i гэты асяродак, як сведчыць аўтар рамана, толькі частка рэвалюцыйных сіл гамадства таго перыяду. Да таго ж у плане мастацка-псіхалагічным ix адлюстраванне значна ўступае глыбіні адлюстравання сіл стыхійных, сялянскіх.

Такім чынам, даследуючы катэгорыю нацыянальнай свядомасці, пісьменнік паступова адступае ад паэтызацыі стыхійнага пачатку ў адлюстраванні рэвалюцыйнага руху на Беларусі, паэтызацыі героя з масы, без заглыблення ў індывідуальны характар. Ён прыходзіць да сцвярджэння новых ciл i новага героя, які прадстаўляе ўжо ўвесь працоўны народ.

Адна з найважнейшых ідэйна-філасофскіх тэм рамана звязана з вобразам князя Данілы. Стары вальтэр’янец даўно расчараваўся ў людзях, бачыць у ix халуёў («прыдняпроўскія дваране сталі халуі», «няма больш у Прыдняпроўі ні сілы, нi гонару», «мы выміраем»), таму адмежаваўся ад людзей i ўсяго свету сценамі свайго замка. Вежа не бачыць канкрэтных сіл, якія б маглі змяніць існуючы грамадска-палітычны лад. «Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля — ледзь не ўcix славутых мярзотнікаў i паганцаў свету, бо i ў тым i ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі ix з’яўленню i развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія i таленты», — сцвярджае стары князь. Аднак ён разумее, што чалавек не павінен заставацца на месцы ў сваім развіцці, «людзям трэба ісці. Каб жыць. Жыццё — дабрата. Найвялікшая дабрата, якая дадзена кожнаму, нягледзячы на ўвесь боль… Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць…». Наогул, у развагах князя пра чалавека можна заўважыць, як на першы погляд, супярэчнасць. З аднаго боку, ён абзывае ўcix «халуямі», з другога — славіць на ўсю моц: «А вы ведаеце, што такое наш народ, калі яго — кігцем за сэрца?..» Але гэта толькі на першы погляд. У сапраўднасці супярэчнасці тут няма. Адвяргаючы сучаснага чалавека, а найперш шляхту i панства, ды i мужыка таксама, князь Даніла славіць чалавека наогул, чалавека вольнага ў мінулым, беларускі народ у цэлым. На думку Данілы, «чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці i жорсткасці сваёй…». У сваім разуменні адзінства свету i чалавека Даніла зыходзіць з вышэйшасці менавіта чалавека i верыць, што з цягам часу чалавек навучыцца рабіць хлеб з сонца. «I людзі стануць жывіцца святлом». І гэта будзе няскора, «затое назаўсёды». I ўсім будзе добра. «Спачатку людзям… Потым жывёлам… Потым раслінам…» Гармонія свету вымагае шмат сілы, але чалавек моцны, ён павінен ўсё адужаць: «А ты, чалавек, стой. Стой, не падай. За ўcix стой. Спачатку за людзей, потым за ўcix, хто дыхае i шуміць. Доўга яшчэ стаяць. Крывава. А ты стой. Нават пры сваёй прынізлівай жывёльнасці — стой. Жывёла, a cтаіш. За гэта з цябе — усе гpaxi ды на святасць вялікую». У cвaix развагах пра трываласць чалавечага духу князь Даніла прыбягае да філасофскага апісання сасны на строме: «Крывава-чырвоная гліна… I на строме, карэннямі ўгору i свежымі шатамі ўніз — сосны… Вісяць… Бітыя, страшна скарлючаныя… Перавітыя, непрыступныя, самотныя… Няскораныя ў cваім жаданні жыць там, дзе не здолеў i не захацеў жыць ніхто… Дык гэта мы. Слабая абарвецца. Усякая іншая абарвалася б… акрамя нас…»

Звяртаючыся да філасофскага вырашэння тэмы чалавека, У. Караткевіч досыць лагічна звязвае яе з тэмай радзімы, якая ў рамане вырашаецца, таксама ў параўнанні з ранейшымі творамі, больш складана i больш рэалістычна. Гэта i вeлiчнaя геаграфія («Вялікая Русь, — скажа Даніла, — гэта ўсё, што ад вытокаў Дняпра i Сожа i аж да ўсходняга месца, да пустынь, да гор…»), i трагічная гісторыя Беларусі («Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў пісаць кат»), i рэалістычна-узнёслы малюнак мора («Мора, цёмна-сіняе, у рэдкіх белых карунках, разбіваецца аб вялікі камень… Халодныя, як апёк, пацалункі салонай марской вады… Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро. I ён, i яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін i проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўciм сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце cвaix лясоў i траў i, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё».

Тэма радзімы, яе філасофія паглыбляецца матывам памяці, як у розных варыянтах праходзіць праз усё апавяданне. Мы ведаем, што душа, сэрца Алеся Загорскага вельмі чуйныя да гісторыі свайго краю, гісторыі народа i cвaix продкаў. У князя Данілы ідэал моцы чалавека таксама вынікае з сівой даўніны, з жыцця продкаў. Да вывучэння роднай мовы, жыцця свайго народа палка заклікae i брат Кастуся Каліноўскага Bітap. Але яго ўспрыманне гісторыі больш складанае: «Варты жалю той, хто не ведае былога дня i таму не можа разабрацца ў сённяшнім i прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае ніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, i таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым i фiзiчнyю смерць. Усё адно хто гэта — чалавек ці народ». Падводзіць вынікі гэтых разважанняў сам аўтар, лаканічна i цвёрда: «Хто згубіў сваю памяць — згубіў усё…»

У працяг філасофскай тэмы чалавека aўтap рамана «Каласы пад сярпом тваім» звяртаецца да тэмы хрысціянства, бога традыцыйнага, біблейскага, i бога «маральнага», «унутранага». Аўтар спрабуе разабрацца ў прыродзе біблейскага бога i высвеціць яго ролю ў развіцці чалавецтва. Паводле складанага аналізу, праведзенага разам са cвaiм героем Алесем Загорскім, пісьменнік прыйшоу да заключэння, што рэлігійны рух на Беларусі неабходна разглядаць як вытворны ад руху грамадскага. «Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубшы, Сымона-аршанца», i толькі пасля на Беларусі з’яўляецца рух рэлігійны, ды i яго нельга назваць чыста рэлігійным, бо «біліся не за бога i рэлігійную справядлівасць, а за чалавека i справядлівасць грамадскую». Нацыянальная самасвядомасць беларуса ніколі значна не падвяргалася дэфармаванасці, а гэта значыць, што паслухмянасць i рэлігійнаяя пасіўнасць — нехарактэрныя рысы беларусаў. Гэта вельмі важная думка, бо досыць часта можна чуць сцвярджэнне пра беларуса як пра забітага, «дурнога» мужыка, які ўcix i ўсяго баяўся.

У. Караткевіч адмаўляе бога афіцыйнага. «Каб ён існаваў — ён не дазволіў бы такога здзеку з нас», — скажа Алесь у палеміцы з прафесарам Cpaзнeўcкім. Праўда, палемікай ix гутарку можна назваць умоўна, бо ў спрэчцы пра месца рэлігіі ў жыцці чалавека яны абодва прыходзяць да вызначэння бога як катэгорыі маральнай. «Kaлi я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзём, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна i які таксама частка чагосьці большага, i што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, — я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, i веру ў тое, што ён ёсць… Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет i не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць». Алесь стварае сваю, асаблівую, мадэль свету — «сусвет-сэрца», якое, ведаючы аб пакутах народа, нічога не здатнае змяніць. Прафесар не можа прыняць Алесеву чыста разумовую трактоўку свету, яго «паганскі гімн зямлі i сонцу». На думку прафесара, чалавеку бог патрэбен, i нават «безнадзейны», бо, верачы ў бога, чалавек верыць у сябе. «Людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі… бог у вашым сэрцы», — пераканальна даводзіць Сразнеўскі Алесю. Прафесар сцвярджае неабходнасць існавання бога як унутранага закона чалавека, закона чалавечнасці. Такім чынам, пісьменнік непрыкметна падступаецца да матыву богашукальніцтва i богастваральніцтва. Хрысціянства як вучэнне пра чалавека не адпавядае новым патрабаванням часу. Яно скіравана супраць чалавека. «Бедныя, бедныя людзі. Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла». Калі бог не можа даць «палёгкі, i волі, i шчасця» — то навошта тады такі бог. У гэтым выпадку трэба стварыць новага бога, бога волі, радзімы, паўстання, i няхай тады людзі падпарадкоўваюцца яму. Тады людзі стануць «каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь». Ці, іншымі словамі, мужыку патрэбен свой, мужыцкі, бог.

Філасофская тэма богашукальніцтва, часткова закранутая ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», вымушала больш шырокага мастацкага вырашэння, пісьменнік гэта разумеў. Таму ён піша новы раман — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», у якім складана распрацоўваецца тэма новай рэлігіі, новага «мужыцкага» бога. «Адзін ёсць бог… Наш. Мужыцкі».

Пісьменнік звяртаецца да гістарычнага жыцця беларусаў канца XV — пачатку XVI ст. i досыць своеасабліва яе вырашае: праз спалучэнне фантастычнага i будзённага, умоўнага i рэальнага, рамантычна-ўзнёслага i сатырычнага, абстрактна-філасофскага i сацыяльна-канкрэтнага. У. Караткевіч плённа перапрацоўвае традыцыі Гогаля i Салтыкова-Шчадрына, Дуніна-Марцінкевіча i Коласа, Булгакава i Ляонава. Але пры ўсёй традыцыйнасці паэтыкі раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ўспрымаецца ўсё ж як твор арыгінальны. Арыгінальнасць бачыцца не ў тым, што аўтар імкнецца сцерці мяжу паміж звычайным i незвычайным, а ў тым найперш, што незвычайнае ўспрымаецца як філасофскі працяг звычайнага, як пошук ідэальнага маральнага эквіваленту ў адносінах паміж людзьмі, асобным чалавекам i грамадствам у цэлым.

Землі беларускія густа паліваліся крывёю хрысціян, езуітаў. Ішла жорсткая барацьба за ўладу. Шчупальцы дамініканцаў працягнуліся i на Беларусь. Барацьба за ўладу сярод мясцовага панства i духавенства i канфліктныя, а дакладней, прадажныя сітуацыі знешняй палітыкі абвастраліся ўнутранымі супярэчнасцямі. Галоўным чынам супярэчнасцямі паміж прыгонным, бяспраўным сялянствам i рамеснікамі i заможнымі асобамі горада. З сакрушальным сарказмам адлюстроўвае пісьменнік афіцыйных служак царквы i езуітаў. «Яны былі гной, але няма такога гною, які не лічыў бы, што ён — вышэйшая субстанцыя, i не лічыў бы з’яўленне на ім зялёных парасткаў з’явай ніжэйшага парадку». Гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў у гісторыі Беларусі, «няшчасны, хворы, гнойны, сагнуты» час у жыцці народа. Яшчэ і чутны былі водгаласкі татарскіх здзекаў, ix спусташальныя набегі яшчэ прымушалі сціскацца сэрца простага чалавека, але народ, як сведчыць аўтар, ужо быў іншы, народ ужо прачынаўся. I няхай пакуль што свядомых барацьбоў было няшмат, адзінкі, але справа ix, гэтых адзінак, «была мацнейшая за тупое функцыяніраванне гэтай сіфанафоры». Свет абуджаўся ад цемры: Калумб адкрываў новыя землі i новыя законы геаграфіі, Скарына «адкрываў» людзям асветніцтва. Такім чынам, аўтар падыходзіць да канцэпцыі народа як аб’ектыўнай гістарычнай сілы. Сіла гэтая была пакуль у заняпадзе, зломленая, пакінутая без веры ў бога i чалавека. А без веры жыць нельга. «Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш мужыцкі Хрыстос з’явіўся», — усклікае адзін з герояў рамана. Нехта павінен быў абараніць народ, аднавіць веру ў чалавека, у яго будучыню. Афіцыйная царква гэтага зрабіць ужо не магла, людзі не верылі ёй. «Ну вось я ўсю веру сваю прызываю, — звяртаецца апостал Тумаш да неба, пасля таго, як дамініканцы спалілі бязвінных людзей. — Ствары дзіва. Скажы, што не адна дрыгва перад людзьмі. Намякні, што не вечна адвечнае свінства». Але маўчала неба, адвярнуўшыся ад чалавека, маўчала i зямля. «Суцэльны смурод» на зямлі, няма ёй даравання, калі нават нябожчыкаў зневажаюць, спачатку знішчаюць вёску за «ерась i непакорлівасць», а потым i месца гэтае аддаюць праклёну. Згасла святло на зямлі, аддадзенай д’яблу. Няма яго i наперадзе, «багна наперадзе. Пра нас даўно забылі на небе. Лічаць, што ў нас — рай», — з абурэннем гаворыць адзін з апосталаў Хрыста. Здзекі з народа сталі нясцерпнымі. Яго пакоры прыйшоў канец. «Куды ён вядзе нас, бог?» І ці патрэбен ён i надалей, такі бог, які прадаўся багатым, які дазволіў, каб зло на зямлі перамагло дабро? Вогнішчы гараць на плошчах, у страшэнных пакутах гінуць людзі, а дзеці паміраюць з голаду. Зло пануе на ўсёй зямлі. А бог маўчыць. «Нічога не можа бог. Ён бяссільны супраць ім самім пастаўленай улады, супраць уласных слуг. Ён бяссільны супраць цябе, уладар зла. Ён пакутуе, гоніць i распінае лепшых сваіх сыноў, лепшых сваіх абаронцаў, або проста не можа абараніць ix». Жорсткасць стала бязмежнай, кроў народа невычэрпнай. Спрадвечная мудрасць даўно заўважыла, што «кроў выклікае кроў. Зло не нараджае дабрыні, але гнеў i зло». Крыві i гневу ўжо было дастаткова, каб паўстаць супраць зла, на жорсткасць адказаць жорсткасцю, распачаць вайну за душы людзей. Неабходны быў новы Месія, новы Хрыстос. Спрадвечная вера народа ў Хрыста i спарадзіла з’яўленне апошняга. «Павінен быў ты прыйсці, — гаворыць Хрысту-Братчыку мужык. — Бог… Чорт… Чалавек… Усё адно. Але не паверым мы, што ты не бог. Не таму, што дзівы твае бачылі. Таму, што бязвер’е нам зараз смерць».

Вобраз Хрыста ў рамане У.Караткевіча з’яўляецца тым маральным i эстэтычным ідэалам, да якога ўвесь час мэтанакіравана імкнулася папярэдняя проза пісьменніка, ды i наогул, трэба сказаць, уся беларуская літаратура. Юрась Братчык «вырас на гнойнай кучы, а ўзмужнеў сярод ваўкоў», вучыўся ў Мірскім калегіуме, але быў выгнаны адтуль «за памяркоўнасць, спагаду… i сумненні ў веры». I вось, нарэшце, ён трапляе ў трупу ліцэдзеяў. Братчык менш за ўсё рыхтаваўся выконваць ролю Хрыста на зямлі. Гэта быў звычайны чалавек, хіба толькі ўпартасці i цвёрдасці ў яго было больш. Але менавіта праз гэтую ўпартасць i цвёрдасць яму наканавана было стаць Хрыстом. Хоць быць богам яму ніяк не хацелася. I гэта досыць характэрны момант, які сведчыў, што вобразы святых няшмат каштавалі на зямлі. «Чалавек я… Не хачу быць богам», — з ярасцю ўпарціцца Братчык перад Лотрам i дамініканцам, якія, каб уціхамірыць народ, прадухіліць бунт, вырашылі трупу ліцэдзеяў пад пагрозай смерці зрабіць святымі.

«— Хрыстом будзеш, — звярнуўся Камар да Братчыка.
— Не. Апосталам. Адказнасці меней.
— Хрыстом, — з пагрозай сказаў Лотр.
— Ды я ж недавучка!
— А ён, цесля, думаеш, што, універсітэт у Саламанцы скончыў? — усміхнуўся дамініканец.
— Ды я ж чалавек! — таргаваўся шкаляр.
— А ён? Памятаеш, як у Лукі Хрыстова радаслоўная заканчваецца?.. „Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Богаў“. I ты ад Адама, i ты ад бога. Семдзесят шэсць пакаленняў між Хрыстом i богам. I ўжо амаль тысяча пяцьсот год з Галгофы мінула. Значыць, з таго часу яшчэ… колькі пакаленняў прайшлі. Значыць, ты больш высакародны i род у цябе больш старажытны».

Да такога неверагоднага i абсурднага сцвярджэння прыходзіць верны служка бога на зямлі. Пісьменнік заўважае не толькі крах палітычны, да якога наблізілася грамадства ў канцы XV ст., але i крах маральны. Святыні разбуралі, дух мізарнеў. I тут трэба думаць, калі У. Караткевіч пicaў эпоху дэградацыі чалавечага духу i момант яго адраджэння, то ён не мог не бачыць, як атмасфера гістарычнага часу пераклікалася з сучаснасцю, калі ўжо наша грамадства запавольвала крокі свайго развіцця. Караткевіч-мастак быў упэўнены, што ў аснове ўсякай грамадскай пабудовы павінны ляжаць перш за ўсе не матэрыяльныя, а трывалыя маральныя асновы. Высокая маральнасць, вера ў адраджэнне душы чалавечай — дамінанта філасофскага пошуку пісьменніка. I калі аўтар былога шкаляра, валацугу-філосафа пераўтварае ў святога Хрыста, то ён не мае на мэце з чалавека зрабіць святога, а хутчэй наадварот — зрабіць бога даступным народу, ператварыць яго ў заступніка народнага. «Верыце, што я — бог? — звяртаецца Братчык да разьбяра Кляоніка. — А бог цябе ведае, — сказаў Кляонік. — Я… не дужа. Але ж хто б ты ні быў — ты з намі ў адну дуду дзьмеш, аднолькавыя порткі носіш, галадаеш, як мы. Даў ты нам хлеб. I яшчэ… даў ты нам веру. Веру ў тое, што не ўсе нам ворагі, што не ўсе нас хочуць ціснуць». Але, даўшы веру іншым, Братчык-Хрыстос яшчэ не скора сам проймецца гэтай сваёй верай, не скора да яго прыйдзе пачуццё справядлівасці той справы, якую ён распачаў. Спачатку ён разаб’е татараў, якім без усякага супраціўлення баязліва прадаўся «верны хрысціянін» Лотр. Праўда, i гэтую перамогу царква тут жа прыпіша сабе, бо «без царквы нічога не бывае, такі закон». І толькі з цягам часу, убачыўшы пакуты зямлі, Хрыстос паступова ўбярэ ў сябе i нянавісць да тых, хто абражае, i боль абражаных. «За абражаную веру ў дабрыню чалавечую — няма даравання… За тое, што кожны дзень там распінаюць чалавека, даравання няма». Хрысту адкрываецца сапраўдная прыгажосць зямлі, прыроды, на фоне гэтай натуральнай «прыроднай» гармоніі яшчэ больш ненатуральнымі здаюцца жыцці людзей, справы валадароў зямлі. Да Хрыста прыходзіць цвёрдая перакананасць, што такая гармонія павінна існаваць i ў адносінах паміж людзьмі, бо чалавек i сусвет — не антаганісты, а дзве ўзаемадапаўняльныя часткі адной субстанцыі. Ісціна, што неўзабаве адкрылася Хрысту, запаланіла яго цалкам. Абудзіўшыся да праўды, ён вырашае абудзіць i свой народ да гэтай праўды. «Трэба было даць першы прыклад гэтым людзям, якія толькі пачынаюць пакутны, страшны, светлы свой шлях». Братчыку-Хрысту рана ісці на неба, бо на зямлі яшчэ шмат працы. Братчык вырашыў узяць на сябе функцыі Хрыста на зямлі i гэтыя функцыі былі не толькі асветніцкія, але i неслі ў сабе элементы вінаватасці, ахвярнасці. Вінаватасць за ўcix людзей дапаўнялася ў Хрыста жаданнем выкупіць боль людскі сваімі пакутамі. «Зямля неадольна клікала яго да зямлі… «Ты прабач, — у думках папpaciў ён. — Ты, неба. Я здрадзіў дзеля гэтага. Я — тутэйшы. Я — беларус. Няма для мяне даражэйшай зямлі, i тут я памру». Братчык-Хрыстос разумее, які цяжкі крыж ён узяў на сябе, што яго чакае, ведае цяпер i тое, што можа знішчыць яго справу на зямлі. Гэта «срэбра. Грошы. Яны запаскудзяць самую светлую думку. Ад іх — подлы гандаль. І няроўнасць. I зайздрасць. I здрада. І загібель… Гэта яны спарадзілі подласць улады. Яны спарадзілі цэрквы». Хрыстос марыць аб тым часе, калі «любоўна сплятуцца над мурамі прыгнёту жывыя дрэвы жыцця». I гатовы дзеля гэтага наваг загінуць. «Калі ты вызначыш мне загінуць, зямля мая, я не буду наракаць». Зусім іншымі вачыма глядзіць Хрыстос цяпер на свет, ён стаў відушчым, яму адкрылася ісціна: «Нараджаецца на гэтай цвердзі новая парода людзей. З веданнем i чысцінёй думак». Людзей гэтых знішчыць ужо немагчыма, а калі хто i знішчыць, то пасля іх застанецца памяць, а памяць заўсёды была бессмяротнай. «Часіны быдла» мінуцца, бо ў «гнойных халупах» нараджаецца «золата душ». «Заззяе святло ісціны» — цвёрда вераць Іуда, Тумаш, Кляонік, Юстын i сотні іншых. Хоча верыць у гэта i аўтар.

Так пісьменнік няўхільна прыходзіць да мастакоўскай думкі пра неабходнасць зліцця індывідуальнай рэвалюцыйнай свядомасці i свядомасці народнай. Разам з гэтым ён прыходзіць да вызначэння ісціны біблейскай, хрысціянскай як ісціны народнай. Яго галоўны герой як бы нанова адкрывае запаведзі божыя, што ў яго разуменні атаясамліваюцца з маральнымі запаведзямі чалавека наогул. Чалавек праз усё прайшоў, але прагу да праўды, прагу да спасціжэння ісціны захаваў. А «калі ты хлусню ў кожным запавеце бачыш, — звяртаецца Хрыстос да Юстына, — хто ж ты, як не чалавек? Калі разгледзеў за высокімі словамі бессаромную брахню — значыцца, чалавек. Калі прагнеш іншага святога… значыцца, ёсць жа Чалавек на Зямлі?» Такога чалавека шукае i сцвярджае пісьменнік, бо менавіта яму, гэтаму Чалавеку, адкрыецца ісціна. За ім будучыня i жыццё. Але такі Чалавек сам не народзіцца, яго трэба выхоўваць мужна i цярпліва, праз «не забі», «не ўкрадзі», «любі бліжняга свайго» — праз маральнае ўдасканаленне. I выхоўваць не толькі ў іншым чалавеку, але найперш у сабе, праз выхаванне i ўдасканальванне ўласнай душы. Чалавек такі народзіцца, калі людзі перастануць ужо цяпер таптаць у сабе ягоныя іскры. А пакуль «умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі i плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны».

Спасцігнуўшы вялікую веру ў чалавека, увабраўшы ў сябе «разуменне ўcix i ўсяго», Братчык сапраўды ўздымаецца ў сваім развіцці над звычайным чалавекам. Герой як бы ўбірае ў сябе боль усяго свету i свядома ідзе на пакутлівую смерць, каб запаліць агонь чалавечнасці i пагасіць, такім чынам, смуродны агонь д’ябла. Хрыстос мужна ідзе на смерць, ідзе як пакутнік, як герой, як Хрыстос-Чалавек, проста як Чалавек.

Новы тып героя-праўдашукальніка, маральна дасканалага, філосафа-пакутніка — вялікая заваёва У. Караткевіча. Гістарычная проза ўпершыню вынесла на суд грамадскасці, на суд чытача героя трагічнага i героя велічнага ў адной асобе. Хрыстос выйшаў «сеяць» новае жыццё. Ён першым ішoў насустрач нізкаму сонцу, «шырока, роўна клалася ў раллю зерне».

У такім жа пошуку маральнай асновы вытокаў чалавечай асобы У. Караткевічам напісаны i раман «Нельга забыць» — аб феномене Рэмбранта. Як i Рэмбрант, У. Караткевіч валодаў талентам агульначалавечым, яго цікавіў не толькі «гэты, адзін чалавек», а разам з ім чалавек наогул. Яго эстэтычны герой — герой «пакутліва-драматычны», у якім зліліся супярэчнасці i гісторыі, i, у значнай ступені, сучаснасці. Разам з болем безвыходнасці герой У. Караткевіча поўніцца тугою па еднасці чалавечай, па тым, «як цяжка, мудра i нясцерпна жыць кожнаму на зямлі».

Пісьменнік нібы ўздымаецца ў сваім рамантычна-трагічным парыванні над сваім часам. І яго мастацтва, па сваёй сутнасці, адначасова гераічнае i трагічнае — гэта мастацтва, якое ўсведамляла драматызм сучаснага жыцця i праз гісторыю, гістарычнага чалавека заклікала яго ўдасканальваць.

1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 133 — 152.

Яндекс.Метрика