Трагізм і веліч гісторыі — Анатоль Верабей

Плённа працаваў Уладзімір Караткевіч і як драматург. У сакавіку — красавіку 1957 года ён закончыў сваю першую п’есу «Млын на Сініх Вірах». У тым жа годзе на рэспубліканскім конкурсе яна была адзначана прэміяй, а ў 1959 годзе пастаўлена на Беларускім тэлебачанні. Упершыню апублікавана пасля смерці пісьменніка ў ягонай кнізе «Старыя беларускія хронікі» (1988).

Сябар школьных гадоў Уладзіміра Караткевіча Леанід Крыгман успамінаў, што гэты твор амаль поўнасцю быў напісаны ў першыя пасляваенныя гады («Полацак», 1991, № 9). Сам пісьменнік назваў яго герашчнай драмай. У «Заўвагах для артыстаў» лічыў, што п’еса мае дзве асаблівасці. Па-першае, з’яўляецца драмай рамантычнай. І, па-другое, яе галоўным героем аўтар «жадаў зрабіць народ, добры і памяркоўны да сяброў, люты і бязлітастны да ворага».

Падзеі драмы адбываюцца ў маленькім беларускім гарадку і яго ваколіцах на працягу 1941 — 1942 гадоў. Горад вось-вось павінен захапіць вораг. З рэпрадуктара чуюцца ўсхваляваныя заклікі дыктара Веткі да змагання. Старшыня гарвыканкома Каляда і прадстаўнік з вобласці Пятро Лаўрановіч становяцца партызанскімі камандзірамі. Дырэктару музея Дзюбку яны прапаноўваюсь трымаць у горадзе канспіратыўную кватэру, стаць камерсантам і гаедляваць старажытнасцямі-падробкамі. Млынару Цыкмуну Асінскаму, ягонай дачцэ Марысі і сыну Лаўрановіча Андрэю даручаюць малоць для партызанаў збожжа ў млыне, які знаходзіцца ў глухіх нетрах пушчы, у мясціне Сінія Віры. Андрэй, сябар з дзяцінства Марысі, кахае яе. А яна кахае Віктара Сміхальскага, камсамольскага работніка, які як сувязны паміж партызанамі і горадам таксама знаходзіцца на млыне. У бліжэйшай вёсцы жыве знахарка і народная лекарка Тэкля Каваль. Яна ў выпадку небяспекі павінна папярэдзіць аб гэтым насельнікаў млына. У далейшым адбываюцца падзеі, у якіх раскрываюцца высакароднаць, мужнасць і гераізм Тэклі Каваль, Андрэя, Марысі і выяўляюцца эгаізм, баязлівасць, дэмагогія і здрада Віктара.

У п’есе ёсць эфектны і прыгодніцкі элементы, не пазбаўлена яна часам літаратуршчыны і сацыялагічнасці, выказванні персанажаў становяцца іншы раз патэтычнымі, напышлівымі і рытарычнымі. Але гэты твор адметны сцвярджальным патрыятычным пафасам, моцнай і трывалай жыццёвай асновай, глыбокімі і змястоўнымі вобразамі.

Народная мудрасць уласціва Цыкмуну Асінскаму. Як цэльны характар раскрываецца Тэкля Каваль. Яна магла не толькі лячыць зёлкамі і замовамі людзей, падтрымліваць спагадлівым словам Марысю, але і атруціць багуном нямецкіх афіцэраў. Захопленым гісторыяй, іранічна-скептычным у светапоглядзе і моцна ўлюблёным у родную зямлю выступае Дзюбка. Ён разважае, што «беларусы гэта не проста белыя валасы, блакітныя вочы, сем коп лапцей, „Лявоніха“ і паўстанне Мурашкі», але і думае пра чорнавалосага гродзенца, далёкі продак якога быў яцвягам, пра татарына, які здаўна тут жыве. Прыходзіць да вываду, што «найвялікшая таямніца на зямлі — таямніца народа», сцвярджае: «Мы добрыя, жаласлівыя, вельмі ціхмяныя, гасцінны народ, але няхай паспрабуюць прыціснуць нас, задраць за жывое — з пекла дастанем». Дзюбка верыць, што ягоны народ выстаіць. Свой погляд на беларусаў адчуваецца і ў інтэлектуальных сентэнцыях вонкава ліберальнага нямецкага каменданта Адлерберга, які лічыць тутэйшых мужыкоў прымітыўнымі і жахлівымі, але адначасова і выказвае сваё захапленне культурай тутэйшага краю. Яскрава выяўляецца сутнасць Віктара Сміхальскага і ў ягоным стаўленні да свайго народа: «А я гэтым „народам“ пагарджаю! Што ў яго? Самы бяздарны народ ва ўсім свеце». Дзеля захавання ўласнага жыцця Сміхальскі неўзабаве здраджвае каханню, сябрам, даручанай справе. І памірае нікчэмна і ганебна.

Аўтар выказвае свае сімпатыі да пяшчотнай Марысі, якая верыць у лепшую будучыню свайго народа, да нязломнага і мужнага Андрэя, які кажа сваім ворагам: «О, які пярун грымне над вашай галавою, калі ўстане на ўвесь рост мой народ!» У фінале п’есы яны зведалі сапраўднае шчасце ўзаемнага, моцнага і прыгожага кахання. І загінулі годна, з думкай, што памяць пра іх пройдзе праз стагоддзі.

У канцы 50-х гадоў ХХ стагоддзя адбываюцца падзеі драмы «Трошкі далей ад Месяца». Напісана яна была хутчэй за ўсё зімой 1960 года ў Маскве, аб чым згадвае пісьменнік у аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» (21-я папка яго хатняга архіва). Упершыню надрукавана ў ягонай кнізе «Творы» (1996).

Да Багуслаўскага, галоўнага архітэктара невялікага, але і не малога горада, прыехаў яго стары сябра Вярыга, які па хлуслівым даносе ў 30-я гады быў беспадстаўна асуджаны. У выніку распалася сям’я. Атрымаўшы волю, ён хоча знайсці таго, хто на яго данёс. І яшчэ ён прагне працы, дзейнасці.

Падзеі мінулых гадоў паўплывалі і на Багуслаўскага. Ён вырашыў жыць для сябе, стаў абыякавым да ўсяго. У выніку безгустоўным стала архітэктурнае аблічча горада.

У п’есе шмат увагі адведзена маладому пакаленню, у першую чаргу сыну Багуслаўскага, васемнаццацігадоваму студэнту-філолагу Сяргею, яго адносінам з дзяўчатамі Наташай і Анэляй, з бацькамі, са старой нянькай Альжбетай, з Вярыгам. Рамантычны і наіўны Сяргей уяўляе свайго бацьку героем, крыштальным чалавекам. Але потым, калі даведаўся, што той пад уплывам загадчыка ашчаднай касы Бяскішкіна браў хабар і займаўся іншымі несумленнымі справамі, то хацеў нават кончыць жыццё самагубствам. Духоўная драма юнака перарастае ў канфлікт з бацькам. Сяргей пакідае родны дом і разам з Наташай хоча самастойна і па-новаму ўладкаваць сваё жыццё. Перабіраецца да сястры і нянька Альжбета. Вярыга, даведаўшыся, што данос на яго напісаў Бяскішкін, гнеўна асуджае і выганяе з хаты Багуслаўскіх гэтага чалавека. Ён таксама пакідае хату Багуслаўскага, едзе на поўдзень вобласці будаваць завод, думае, што ягоны сябар заблытаўся ў жыцці, верыць, што ён стане іншым. У канцы п’есы Багуслаўскі разбівае аб падлогу падораную Бяскішкіным вазу, а жонка суцяшае яго: усё будзе добра.

Драма «Трошкі далей ад Месяца» не пазбаўлена павярхоўнасці ў раскрыцці канфлікту паміж персанажамі. Аднак ёсць у ёй праўдзівыя і пераканаўчыя жыццёвыя сітуацыі, індывідуалізаваныя характары. Гэта і Сяргей са сваім юнацкім максімалізмам. І ягоны бацька, які паводзіў сябе паводле тых абставін, у якіх апынуўся. І празмерна дасведчаная ў жыцці і прагматычная Анэля, аднакурсніца Сяргея. І мяшчанская сям’я Бяскішкіных. І ўмудроная жыццём, ласкавая і клапатлівая Альжбета. І нязломны ў сваіх прынцыпах і перакананнях Вярыга, які шмат чаго перажыў у жыцці і не страціў любові да чалавека і веры ў яго.

У лютым 1963 года ў Чалябінску Уладзімір Караткевіч напісаў «Руну пра Кастуся», адзін з ранніх варыянтаў п’есы «Кастусь Каліноўскі». Няпростым быў шлях гэтага твора да гледача і чытача. 22 мая таго ж года ён разглядаўся на мастацкім савеце тэатра імя Янкі Купалы (БДАМЛіМ, ф. 126, воп. 1, спр. 277). Праз некалькі месяцаў, 30 жніўня, была закончана п’еса пад назвай «Кастусь Каліноўскі». Знаходзілася на рэцэнзаванні ў ЦК КПБ. Мела некалькі варыянтаў. 17 лютага 1971 года абмяркоўвалася на пасяджэнні секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі. І толькі ў 1978 годзе была пастаўлена Віцебскім драматычным тэатрам імя Якуба Коласа (рэжысёр Валерый Мазынскі). Упершыню апублікавана ў шостым нумары часопіса «Полымя» за 1980 год.

Калі ў рамане «Каласы пад сярпом тваім» апісаны падзеі пярэдадня паўстання 1863 — 1864 гадоў, то ў драме апісваецца само паўстанне. У ёй прысутнічаюць рэальныя гістарычныя персанажы і народжаныя фантазіяй аўтара героі, а таксама фантастычныя дзеючыя асобы.

Як і ў рамане, у драме паказана складанасць і супярэчлівасць паўстання. Ужо на пачатку твора было адзначана, што сяляне, ашуканыя царскай прапагандай, нярэдка распраўляліся з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў ці выдавалі іх царскім уладам. Кастусь Каліноўскі, выратаваўшы камандзіра паўстанцаў Вастравуха ад гневу сялян, у адрас апошніх кідае словы: «Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калі — свае! — сваім галовы сячэце!»

Драматург, як і ў прозе, і тут выявіў асаблівую прыхільнасць да людзей, якія нават у выключных і цяжкіх сітуацыях не страчваюць пачуцця гумару, бадзёрасці і аптымізму. У Каліноўскага выклікае сімпатыю памешчык Заруба: «Нашага духу чалавек! Смехам віруе, як кацёл… А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут…Таму што любіш Беларусь». У крытычны момант, калі паўстанне пацярпела паражэнне, Каліноўскі імкнецца падтрымаць маральна сваіх паплечнікаў па барацьбе: «Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце… Каб не вершы, не жарты — ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б… самім… не чакаючы мураўёўскай ласкі…»

Падзеі драмы разгортваюцца на Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Мінску, згадваецца Магілёўшчына, у прыватнасці Доўгая Круча, на беразе Дняпра, дзе ўрадавае войска разбіла паўстанцаў.

«Кастусь Каліноўскі» — твор гераічны. У ім, як і ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», Каліноўскі выступае як непрымірымы вораг самадзяржаўя і патрыёт роднага краю. Гэта чалавек вялікай сілы волі, цвёрдага характару і адначасова чысты і ўзвышаны па сваіх ідэалах. У размове з царом Мураўёў так яго характарызуе: «Гэта ўтрапёны фанатык, чалавек каменнай волі, вялікага розуму, таленту… гэта асоба нечалавечай нянавісці да вас… Ён таленавіты арганізатар, ваявода, публіцыст. Ён любіць сваю ідэю… Але кожны нумар яго газеты — выбух». Грамадзянская пазіцыя Каліноўскага выразна выяўляецца ў яго адносінах да Белага жонду, прадстаўнікі якога здрадзілі ідэі паўстання і паставілі ўласна польскія нацыянальныя інтарэсы вышэй за беларускія нацыянальныя, а таксама за сацыяльныя. Каліноўскі ў размове з сялянамі прамаўляе: «Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю — браць. Паноў лютых — вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы — за вас. Да канца». Ён выступае за нацыянальнае раўнапраўе, за тое, што «трэба абапірацца на мужыка». Драматург падкрэслівае сапраўднае чалавекалюбства Каліноўскага: «Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых». Гэты чалавек не здраджвае сваёй ідэі. Да яго ў каземат заходзіць Мараўёў. Прапануе адмовіцца ад сваіх перакананняў, што выратуе яму жыццё, забяспечыць у будучым бліскучую кар’еру. Каліноўскі рашуча адмаўляецца ад такой прапановы: «Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе… Але я гэтага… апошняга… вам не падару… граф-вешальнік». Тут сцвярджаецца маральная і духоўная перавага Каліноўскага над Мураўёвым, былым дзекабрыстам, а потым дзяржаўным саноўнікам, які здрадзіў ідэалам сваёй маладосці і пад кіраўніцтвам якога было задушана і патоплена ў крыві паўстанне 1863 — 1864 гадоў.

Шматзначнымі з’яўляюцца заключныя сцэны драмы. У камеру да вязня прыходзіць постаць жанчыны ў чорным, якая сімвалізуе Беларусь. У гэтым месцы набыў большую пераканаўчасць і праўдзівасць і вобраз самога Каліноўскага. Драматург выкарыстаў ягоныя «Лісты з-пад шыбеніцы» з вядомым вершам «Марыська чарнаброва, галубка мая». Падкрэсліваючы дэмакратызм Каліноўскага, аўтар прыводзіць наступныя яго словы: «У нас няма дваран. У нас усе роўныя». Паміраючы, Каліноўскі верыць у лепшую будучыню свайго краю:

Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,

Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ…

Драматург раскрыў характар і рухаючыя сілы паўстання. Аднак асобныя мясціны драмы з’яўляюцца трохі прыгодніцка павярхоўнымі і патэтычнымі. Меладраматычнымі атрымаліся і некаторыя любоўныя сцэны. Іншы раз дыялогі становяцца расцягнутымі, і тады страчваецца вастрыня сюжэта, знікае напружанасць і дынамізм дзеяння.

Лепшымі з’яўляюцца тыя мясціны драмы, дзе сутычка сялян з урадавым войскам паказваецца як карнавал, як народны танец, калі, нібы ў класічных трагедыях, гучаць галасы фантастычных дзеючых асоб, калі на сцэне з’яўляецца юрод. Уладзімір Караткевіч у гэтым творы выявіў здольнасць вырашаць самыя складаныя мастацкія задачы, прыкметна ўзбагачаючы тым самым беларускую драматургію.

Як гераічную трагедыю рамантычнага плана можна вызначыць таксама драму «Званы Віцебска» (1973), у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 года.

Пісьменнік адзначаў, што задума гэтай драматычнай хронікі з’явілася ў яго даўно, і толькі чыстай выпадковасцю растлумачваў тое, што яна была напісана да 350-годдзя паўстання і 1000-годдзя Віцебска. 29 жніўня 1974 года п’еса з поспехам была пастаўлена Віцебскім тэатрам імя Якуба Коласа (рэжысёр Валерый Мазынскі). Уладзімір Караткевіч быў на прэм’еры спектакля і з’яўляўся ганаровым госцем на ўрачыстасцях, прысвечаных 1000-годдзю Віцебска. Упершыню апублікавана ў часопісе «Полымя» (1977, № 6). Была высока ацэнена літаратурнай грамадскасцю і крытыкай.

Гэта манументальная, рамантычна прыўзнятая п’еса, са шматлікімі масавымі сцэнамі і шырынёй дзеяння. Пачатак у яе велічны і эпічны: «Гэта было роўна 350 год таму. Чалавецтва змучылася ў рэлігійных войнах XVI стагоддзя. Многім людзям здавалася, што нават змрок Сярэднявечча — лепшы, бо ў ім была раўнавага духоўная.

…На беларускія землі быў дасланы для вайны з ерасямі, увядзення уніі, саюзу з Рымам і знішчэння іншаверцаў — біскуп Іасафат Кунцэвіч.

Хто не згодзен — плаха, хто гаворыць і думае па-свойму — меч. І таму XVII стагоддзе было асабліва страшнае для Беларусі, якая ніколі яшчэ не стаяла так блізка да загібелі». І гэты голас прагучаў у бясконца чорнай прасторы сцэны трывожна і гучна, як звон. У старажытным і слаўным горадзе Віцебску неспакой. Гарадская плошча, нібы мора ў непагоду, бурліць тысячамі людскіх галасоў, якія зліваюцца ў адну таямнічую і неспакойную мелодыю. Кожны паасобку ўваходзіць у агульнае цэлае — імя якому народ. Драматург дасканала перадаў гэты трывожны і неспакойны стан людской масы. Ён не пазбягаў грубасці мовы, так званай простанароднасці. У натоўпе чуюцца трапныя народныя выслоўі і параўнанні.

І вось зычным голасам да грамады прамаўляе Пасіёра, гістарычная асоба, завадатар паўстання 1623 года ў Віцебску: «Людзі слаўнага места Віцебскага! Каменем мураванага! Дубам чорным апаясанага! Упрыгожанага безліччу званіц і палацаў! Багатага разумнымі дзядамі, магутнымі мужамі, жонкамі, што як вясёлкі. Чыстага водамі, зялёнага садамі, працавітага і кніжнага… Каб мір зберагчы, мы згадзіліся былі і на унію. Хай будуць два народы, польскі брат ды наш, пад адным началам пaпы. Хай бы пакінулі нам абрады нашы і мову…»

Уладзімір Караткевіч у гэтай драме імкнецца быць гістарычна дакладным пры ўзнаўленні падзей далёкай мінуўшчыны. Гаворачы пра Іасафата Кунцэвіча, драматург адзначае, што яго за фанатычны дэспатызм і жорсткасць у народзе празвалі «душахватам». Ён гвалтоўнымі сродкамі насаджваў унію. Таму адчуваў моцны адпор праваслаўных у Вільні, Магілёве, Оршы, Полацку.

Да Кунцэвіча пасланцы віцебскага магістрата прыйшлі «прасіць вольнасці і правоў». Народ не прымае унію. Людзі дакараюць біскупа за ягонае адступніцтва. Ён спрабуе пераканаць іх у правільнасці і неабходнасці сваіх дзеянняў.

Драматург паказвае рэзкае размежаванне ў тагачасным беларускім грамадстве. Пасіёра гняўліва сцвярджае: «То што мы будзем? Цярпець? Магнацтва, акрамя нямногіх, здрадзіла, запляміўшы наш гонар. Яны цяпер па-чужынску цвэнкаюць, усе гэтыя тышкевічы, агінскія, валовічы, сангушкі, сапегі, браніцкія, аскеркі, храптовічы і іншыя, імя іх — легіён. Ім ужо мова Кірылы з Турава, Скарыны і Цяпінскага — грубая, як калі ў жываце бурліць. Псы. Ледзь не адны мы засталіся, мы, просты народ». Колькі жывой страсці і болю ў гэтых словах! Вольха, залатых спраў майстар, заклікае на зло адказаць злом, за забойства — забойствам. Поп Іля сцвярджае: «Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў — і давеку — тым, чым мы ёсць». У народзе наспявае бунт.

Кунцэвіч паступае так, як яму патрэбна. Дзеля ўмацавання ўласных пазіцый ён сілай хоча аддаць Багусю, дачку аднаго з віцебскіх радцаў, замуж за багатага магната. Тая адмаўляецца. Асуджае уніятаў за забойства яе бацькі, брата і іншых людзей. І не адчай, а высакароднасць і нязломная духоўная сіла кіруюць ёю, калі яна прамаўляе: «Прадалі нас паны, прадалі сільныя. Адны мы засталіся, просты народ… Але мы — народ. Гэтым усё сказана. Мы — народ». Народ, сапраўды, нельга знішчыць.

Віцьбічы сумесна з жыхарамі іншых гарадоў выступаюць супраць уніятаў, на чале людскога натоўпу стаяць «людзі, якіх паважае ўсё Віцебскае, усё Полацкае ваяводствы…». Біскуп занепакоены, пачынае сумнявацца.

Уладзімір Караткевіч паказаў Кунцэвіча не толькі як рэлігійнага фанатыка і забойцу, але і як ахвяру свайго часу, пэўных абставін і той догмы, якой ён служыў. Яму раптам стала страшна за свае разбоі: «Можа, і сапраўды досыць… Гэтых людзей, гэтых… вартых… найлепшага ў свеце… мяцежнікамі… Досыць! Досыць!» Біскупу вочы на свет адкрывае ягоны духоўнік, езуіт Касінскі, як і іншыя адмоўныя персанажы п’есы, асоба не шаржыраваная і не спрошчаная: «Увесь твой шлях — гэта не ты, вялікі дзеяч веры, вялікая асоба гісторыі. Думаеш, гэта ты задзіраў гэты народ? Гэта мы — тваімі рукамі і тваім языком, тваімі ўчынкамі, тваімі думкамі, добрымі і благімі. Рабілі мы. Але адказваць будзеш ты». Біскуп адчуў трагізм свайго становішча, стаў духоўна відушчым. Аднак для аўтара і ў гэтым выпадку важнай з’яўляецца народная ацэнка, народная памяць. Гараджане забіваюць Кунцэвіча. Ён гіне ганебнай смерцю.

Ніхто не выдае ўладам забойцы Кунцэвіча. Караюць паўстанцаў, хвошчуць гнойнымі бізунамі званы. Красамоўна гучаць словы, сказаныя на эшафоце Ропатам: «Ніхто не вырве нас з іхніх кіпцюроў, калі не вырвемся самі… ніякім розумам, ніякім гвалтам нельга дасягнуць таго, каб у Віцебску не было Віцебска, каб на нашай зямлі не было нашай зямлі». Нельга забіць народ, нельга адабраць у яго памяць — такая галоўная думка твора. Каб сцвярджаць гэта ў першай палове 70-х гадоў ХХ стагоддзя, трэба было мець грамадзянскую мужнасць і смеласць.

У 1982 годзе, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, з’явілася ў друку («Маладосць», № 8) і была пастаўлена Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача (рэжысёр У. А. Караткевіч) драма «Калыска чатырох чараўніц» (напісана ў 1981 годзе), сацыяльна-філасофскі твор пра дзіцячыя і юнацкія гады беларускага песняра.

Ужо ў фантастычна-казачным пралогу драматург сцвердзіў думку аб тым, што на свет з’явіўся незвычайны чалавек, які ў будучым стане выразнікам народных мар і спадзяванняў. Чатыры чараўніцы прарочаць яму лёс. Адна з іх, Блакітная, кажа: «І мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае не толькі людзям, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых — заўжды». І яшчэ прарочаць, што няпростым будзе шлях паэта:

«Чацвёртая. …І праўда, што за жыццё без слёзак?.. Нішто-о, гэтым дабром я яго забяспечу. Шмат чаго я нарабіла ягонаму роду ў мінулым. А ён сербане больш за іх усіх разам.

Трэцяя. Што ж, сэрца мудрых у доме плачу.

Чацвёртая. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.

Першая. І выйдзе на святло.

Чацвёртая. І аслепне ад яго.

Другая. І выведзе на яго іншых.

Чацвёртая (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.

Першая. І вернецца ў яе. І давеку застанеца з ёю».

Нягледзячы на ўсе прароцтвы Цёмнай (Чацвёртай) чараўніцы, аптымістычна і жыццесцвярджальна гучаць словы першых трох чараўніц — Белай, Блакітнай і Залатой, што сімвалізуюць сабой усё светлае, чыстае і добрае, якія ў значнай ступені з’яўляюцца ўвасабленнем роднай зямлі, Белай Русі, блакітнага колеру азёр, рэчак і неба над ёю, шчаслівай, залатой яе будучыні.

Сімвалічным быў час нараджэння паэта (на Купалле), сімвалічнае і яго імя — «Янаў на Беларусі тысячы», сімвалічнай будзе і місія паэта-змагара, які, паводле слоў Першай чараўніцы, «будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створыць яе», абудзіць ад спаконвечнага сну сваю бацькаўшчыну, свой народ. І гэтыя два паняцці — «бацькаўшчына» і «народ» — стануць вызначальнымі для маладога Купалы.

Выкарыстоўваючы многія факты і дэталі з жыцця паэта (гісторыя роду Луцэвічаў, іхняе месца жыхарства, першыя друкаваныя творы паэта на польскай мове, ягоная любоў да кніг), драматург засяродзіў увагу на паказе яго адносін з бацькамі і з былым удзельнікам паўстання 1863 — 1864 гадоў Зыгмунтам Чаховічам, хто, безумоўна, прыкметна ўплываў на фармаванне светапогляду маладога Купалы.

Бацька паэта, абураны царскімі законамі, якія пазбавілі ягоных продкаў шляхецтва і перавялі ў мяшчане, падатковае саслоўе, кажа свайму сыну: «Хлеба нам, акрамя вось гэтых рук, ніхто не дасць. Я цябе да памяці клічу. Каб не забываў, што жывеш у краіне нягоднікаў… Але ж Справядлівасць на нашай зямлі свінні з’елі. Што мне ў гэтым, ці пан сам пан, ці пан у пана служыць? Ты вось мне скажы: Справядлівасць дзе?» Драматург выказвае не толькі асабістую крыўду бацькі паэта, але і выкрывае сацыяльныя заганы тагачаснага грамадскага ладу. Не магло быць справядлівасці там, дзе пануюць няроўнасць і прыгнёт, якія паслужылі прычынай смерці Марысі, абуджалі бунтарскі дух у сагнанага арандатара Стафана Каляды, выклікалі гнеўныя, выкрывальныя словы ў былога паўстанца Чаховіча.

Драма прасякнута прадчуваннем будучых сацыяльных перамен. Трывожная грамадская атмасфера напаўняе ўсю істоту Янкі прадчуваннем яго ўласнай місіі паэта-змагара. У паэце жыве гэты магічны ўнутраны, таямнічы голас, які грамадскае шчасце ставіць вышэй за асабістае і які кліча яго «на свет цэлы», куды трэба было вынесці набалелыя пытанні роднага краю. У душы юнака нараджаецца думка аб нацыянальнай прыналежнасці. Як і Алесь Загорскі з «Каласоў пад сярпом тваім», Янка прыходзіць да ўсведамлення, што нельга болей цярпець сацыяльны здзек і нацыянальны прыгнёт. Народ трэба абуджаць, зваць на змаганне. Асаблівая адказнасць і надзея ўскладаліся на маладую беларускую інтэлігенцыю. І гэта добра разумеў малады Купала. Красамоўна гучыць дыялог Янкі і маці:

«Маці. Ты ж і так самы з нашых навучаных на наваколле.

Янка. Беднае наша наваколле.

Маці. Было так і будзе.

Янка. Было. Не будзе. Пайду слухаць галасы. Шукаць свой Голас.

Маці. Дзе, сынок? Аднялі наш голас.

Янка. Знайду. А дзе? Не ведаю… Дзе-нідзе — знайду».

Уладзімір Караткевіч у драме прыводзіць урыўкі з твораў Купалы, звяртаецца да некаторых тэм, ідэй і вобразаў ягонай паэзіі (вобраз раскіданага гнязда, тэма гістарычнай памяці народа, жыццё бяздольнага беларускага мужыка), закранае пытанні нацыянальнай прыналежнасці юнака, лёсу беларускай мовы, што былі важнымі і актуальнымі для маладога Купалы.

Паказваючы тагачаснае жыццё Купалы, драматург хоча вырашыць некаторыя глабальныя, філасофскія праблемы, такія, як паняцце дабра, справядлівасці, смерці і бяссмерця, людской адказнасці за свае ўчынкі. Ад прыватнага мастак ідзе да значнага, абагульненага. Узяць хоць бы пытанне мовы. Той жа Чаховіч, пазнаёміўшыся з творамі Купалы на польскай мове, параіў яму пісаць па-беларуску: «Для Сыракомлі, можа, й добра было б. Але калі ён пісаў? Дый ён спрабаваў па-іншаму». Новыя часы патрабавалі і новага мастацкага асэнсавання рэчаіснасці. Паказальныя, працягваў далей сваю думку Чаховіч, і лісты Каліноўскага, які пісаў іх па-тутэйшаму, на зразумелай народу мове, і творчасць Багушэвіча.

Водгалас ідэй паўстання 1863 — 1864 гадоў моцна выяўляецца ў драме. Гэта паўстанне было адным з важных і ключавых момантаў у лёсе народным. Праз падзеі паўстання Караткевіч імкнецца асэнсаваць многія праблемы грамадска-палітычнага і культурнага жыцця, што ўзніклі на Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя.

«Чаховіч. …Але паўстанне не вінна нікому. Я сплаціў ягоны і свой доўг. Ніхто цяпер не скажа пра тутэйшых, пра беларусаў, што яны не плацяць свой доўг.

Янка. І ў гэтым усё.

Чаховіч. А ты што думаеш? У чым сэнс жыцця? Сплаціць свой доўг народу, які цябе нарадзіў. Сплаціць да канца і памерці. Не чакаючы падзякі».

Янка Купала сплаціў народу свой доўг спаўна. Шматзначнымі з’яўляюцца ягоныя словы: «Нязмерныя нашы даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць». Сапраўды, толькі глыбока ўсведамляючы гэта, мог нарадзіцца вялікі мастак, грамадзянін і чалавек.

У фінале аўтар зноў дае словы чараўніцам, якія велічна ўслаўляюць беларускага песняра:

«Першая. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.

Трэцяя. І песня.

Першая. Песня і хлеб».

Вось тая арганічная і непарыўная повязь часовага, імгненнага і нязменнага, вечнага. Пранікнёна, шчыра, моцна і выразна заканчваецца п’еса радкамі з верша «Мужык». Паэзія Купалы несмяротная, як і само жыццё, як чалавек-працаўнік, які стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці на зямлі.

Да падзей Крычаўскага паўстання 1743 — 1744 гадоў звярнуўся Уладзімір Караткевіч у трагедыі «Маці ўрагану». Яна была закончана 15 лютага 1982 года. Упершыню апублікавана ў часопісе «Маладосць» (1985, № 12). У чэрвені 1982 года ў Сімферопалі пісьменнік пазнаёміў з гэтай п’есай трупу Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа, які знаходзіўся там на гастролях. Упершыню пастаўлена ў 1988 годзе Мінскім аматарскім тэатрам «Золак» (рэжысёр Галіна Прыма). Па ёй зняты ў 1990 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» аднайменны мастацкі фільм (рэжысёр Юрый Марухін).

П’есе папярэднічала напісаная ў сакавіку 1956 года ў Лесавічах легенда «Маці Ветру», якая пачыналася ўзнёсла і пранікнёна: «Прадавалася Радзіма.

Яна прадавалася з беднаю сваёю зямлёй, са старажытнымі пушчамі, з блакітным крышталем рэк і квітнеючымі лугамі, з вадою і небам, замкамі і халупамі, з матчынай ласкай і ўсмешкай дзіцяці, з мудрымі дзядамі і пяшчотнымі дзяўчатамі, з камянямі старажытных будынкаў, з крывавай гісторыяй народа, з яго сучасным і будучым, з яго воляй».

Далей апісваецца прыезд Вашчылы да Васіля Ветра, які спраўляў свае заручыны, наведванне Васілём Ветрам пракажонага, а потым ягоны ад’езд разам са сваёй жонкай да паўстанцаў.

Легенда «Маці Ветру» стала трывалым падмуркам для трагедыі «Маці ўрагану», асабліва для яе першай дзеі. Само паўстанне ў легендзе не паказана. Аўтар на заключных старонках толькі коратка згадаў пра яго, паабяцаў, што калі-небудзь раскажа пра тыя падзеі. І пісьменнік стрымаў сваё слова.

Трагедыя «Маці ўрагану» стала адным з вяршынных набыткаў драматургіі Уладзіміра Караткевіча. Крычаўскае паўстанне выбухнула супраць адміністарцыі староства і супраць братоў-арандатараў Іцкавічаў, якія абрабавалі край. У змястоўных уступных тлумачэннях да п’есы аўтар бачыў яе асноўны пафас у наступным: «Нават самім паражэннем перамагчы — гэтага чалавеку не можа забараніць ніхто».

Трывожнай, пераднавальнічнай атмасферай пярэдадня паўстання напоўнены пачатак п’есы, што выяўляецца і ў прыведзеных журботных песнях, і ў нахабных паводзінах братоў Іцкавічаў, якія з войскам наведалі двор Ветра, і ва ўсхваляваным дыялогу Вашчылы і Ветра. Першы з іх, рызыкуючы жыццём, прыехаў да другога з просьбай, каб той як чалавек пісьменны і прадстаўнік славутага роду быў адным з пачынальнікаў і кіраўнікоў паўстання.

А Вецер якраз жэніцца. Ён кахае і вельмі любіць жыццё, упэўнены, што чалавек створаны для любові і шчасця. І таму не хоча праліваць кроў, прымаць удзел у паўстанні. Вашчыла сцвярджае, што нельга быць шчаслівым на зямлі, дзе чыняцца гвалт, здзек і забойствы, што часам трэба ахвяраваць жыццём дзеля паняволенай Радзімы. Назваўшы Ветра здраднікам, Вашчыла пакідае ягоны дом.

Драматург закрануў у п’есе праблемы асабістага і грамадскага, пачуцця і абавязку. Агна Вецер, каб выратаваць свайго сына ад ганьбы, накіроўвае яго да Чалавека, пракажонага ў пячоры. Пракажоны — гэта беларус на сваёй зямлі, гэта лёс беларускага народа, лёс яго лепшых прадстаўнікоў. Гэта адзін з яркіх і самабытных адраджэнцкіх вобразаў беларускай літаратуры, вобраз рамантычны і сімвалічны. Глыбокім болем поўняцца выказванні пракажонага: «У мяне ж хаты няма. У меня нара. Я ад мовы адвыкнуў. Няма ў мяне суседзяў, каб па-свойму з імі пагаварыць… Я не адзін такі. Усе браты і сёстры, увесь народ такі. Але мне горш за ўсіх».

Праз пакуты, безнадзейнасць і мужнасць прыходзіць Вецер да маральнага і духоўнага ачышчэння. Вяртаецца да самага адрынутага і самага загнанага свайго народа, які «без хлеба, без страхі, без волі, без мовы, зацкаваны, як звер, загнаны ў нару». Вецер удзячны маці за выратаванне. Дзеля шчасця сваёй зямлі ён гатовы ахвяраваць уласным жыццём. Філасафічнасцю і чалавечнасцю насычаны разважанні персанажа, калі ён глядзіць на бясконцае зорнае неба: «Памру і развеюся… ільдзістым пылам. І сусветы памруць… Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. І кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном». Такім светлым, чыстым і мудрым караткевічаўскім паглядам глядзеў на свет персанаж твора. Да яго, пракажонага, далучаецца жонка. Вецер дакранаецца рукой да злачынца-войта. І той падае мёртвым.

Слушна адзначыў Адам Мальдзіс, што ў гэтай п’есе «асабліва яскрава ўвасобіўся шматгранны талент аўтара — трагедыйны (фінал твора), камедыйны (сцэны ў радзівілаўскім палацы), паэтычны (велічныя канты), аналітычна-даследчыцкі (грунтоўныя ўступныя тлумачэнні)». Гэта сапраўды велічны і ўрачысты гімн паўстанцам і адначасова шчымлівы рэквіем па іх.

Аўтар стварыў у п’есе глыбокія вобразы. Напрыклад, пасля разгрому паўстання князь Геранім Радзівіл здзівіўся, чаму Вецер, высокі кніжнік, мог быць разам з паўстанцамі. І той адказаў, што яму, Ветру, паўстанцы «чужыя са сваімі пагромамі, грубіянствам, нянавісцю да кніг», але ён перакананы, «што трэба быць за звычайных, сярэдніх, простых, нават калі пагарджаеш імі, нават калі на сто галоў вышэй». Таму Васіль Вецер, прадстаўнік сялянскай эліты, мужна ідзе на сваю Галгофу, годна гіне за народную справу.

Жорсткім, разбэшчаным, нікчэмным, але і разумным, небаязлівым выступае князь Геранім Радзівіл. Страшнай фігурай з’яўляецца пробашч Пёкур, пра якога Агна Вецер сказала, што ён усё-ўсё разумее і, аднак, робіць паскудствы, подласць.

Трагедыя «Маці ўрагану» вызначаецца рамантычнай прыўзнятасцю і панарамнасцю. Дзеянне твора адбываецца ў сялянскім двары, пячоры, карчме, магнацкім палацы, на гарадской плошчы і на полі бітвы. Багатая і разнастайная мова персанажаў. Напрыклад, Вашчыла часта ўжывае прыказкі і прымаўкі. У князя Радзівіла яна макаранічная, беларуска-польска-нямецкая. Прастамоўнымі, часам грубаватымі, але трапнымі і дасціпнымі народнымі выразамі віруе людскі натоўп.

Уладзімір Караткевіч дасканала перадаў у п’есе дух той эпохі, напоўніў яе актуальным, сучасным гучаннем. Многія ўдзельнікі Крычаўскага паўстання загінулі ў бітве, былі павешаны на шыбеніцах, пасаджаны на палі, разарваны, зашытыя ў мядзведжыя скуры, сабакамі. Але ў народнай памяці засталіся іхнія мужнасць і гераізм.

У фінале п’есы прыгнечаная горам Агна Вецер цалуе ворагаў і заражае іх праказай. Велічна і аптымістычна гучыць народны голас: «Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!» Тым самым сцвярджаецца не толькі маральная перамога паўстанцаў, але і праводзіцца думка пра няскоранасць і неўміручасць беларускага народа.