З любоўю да зямлі і да людзей — Анатоль Верабей

Непаўторна раскрыўся талент Уладзіміра Караткевіча ў публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы і мастацкім перакладзе.

Творчасці Караткевіча ўласціва смяшчэнне розных жанраў. Так, у першадруку «Дуб Крывашапкі» (пазнейшая назва «Дрэва вечнасці») з’явілася як эсэ, «Казкі Янтарнай краіны» — як нарыс, прычым у апошнім спалучыліся элементы апавядальнага, нарысавага і ўмоўна-фантастычнага, казачнага жанраў. Пазней гэтыя творы сталі апавяданнямі. Блізкія па жанравай структуры таксама апавяданне «Краіна Цыганія» і эсэ «Званы ў прадоннях азёр».

У нарысах і эсэ Уладзімір Караткевіч, нібы дапытлівы, уважлівы і добры чараўнік, ішоў з цудадзейным ліхтарыкам па зямлі і высвечваў усё яркае, незвычайнае і адначасова рэальнае і жыццёвае. Ён ішоў са сваёй любоўю, трывогай і болем за чалавека, за зямлю, дзе нарадзіўся і жыў.

Пісьменнік, па сутнасці, адкрываў для сваіх сучаснікаў гісторыю іхняга краю, абуджаў патрыятычныя пачуцці, выклікаў цікавасць да гісторыі Беларусі, выхоўваў любоў да Радзімы. Яго хвалявала не толькі мінулае Беларусі, але і сённяшні яе дзень, што выявілася ў эсэ, напісаных да 1000-годдзя Віцебска і Турава «Тысячу стагоддзяў табе!» і «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», а таксама ў эсэ пра беларускае Палессе «Званы ў прадоннях азёр» і пра старажытны Мсціслаў «Дыяментавы горад». Гэтыя творы прасякнуты любоўю пісьменніка да роднага краю. Уладзімір Караткевіч выступае ў іх не як апалагет гісторыі, а як пісьменнік-гуманіст, занепакоены лёсам сваёй зямлі і лёсам людскім.

У сваіх публіцыстычных творах пісьменнік натхнёна і па-майстэрску пісаў пра старажытныя помнікі беларускай архітэктуры («Балады каменя») і пра Кастуся Каліноўскага («Гэта было 10 сакавіка 1864 года»), пра неабходнасць стварэння на Беларусі музея народнай архітэктуры і быту («Наш агульны клопат») і пра дбайныя, беражлівыя адносіны да прыроды («Абдуванчык на кромцы вады»), пра зберажэнне беларускай мовы («Родная мова») і пра захаванне міру на зямлі («Пану Старшыні ІІ спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па раззбраенні»).

Здаецца, няма ў беларускай літаратуры такой публіцыстычнай кнігі, дзе б, як у нарысе «Зямля пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча, так арыгінальна выяўлена веданне беларускага народа, яго эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця, гісторыі, побыту, — словам, усяго пра Беларусь.

Спачатку, 6 кастрычніка 1966 года, узнікла эсэ «Зямля пад белымі крыламі», якое было змешчана 4 студзеня 1967 года ў весніку агенцтва друку Навіны «По Советскому Союзу». У 1971 годзе ўзнік яго новы, пашыраны варыянт, які адрасоўваўся ўкраінскім старшакласнікам. У 1972 годзе гэты твор, перакладзены на ўкраінскую мову, выйшаў асобнай кнігай у Кіеве. Пазней пісьменнік дапрацаваў нарыс, і ў 1977 годзе з’явілася яго першае кніжнае выданне на беларускай мове.

«Зямля пад белымі крыламі» — своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя Беларусі, напісаная таленавіта, з любоўю. Гэта візітоўка беларускага краю. Кніга адрасавана дзецям, аднак яна цікавая і для дарослага чытача. У ёй Уладзімір Караткевіч прадоўжыў тую справу, якую рабілі сваімі публікацыямі ў «Живописной России» (т. 3, ч. 1 — 2) за 1882 год Адам Кіркор, «Геаргафіяй Беларусі» Аркадзь Смоліч і многія іншыя беларускія пісьменнікі і навукоўцы.

У свядомасці беларуса (ды і не толькі беларуса) заўсёды, як коласаўскае «Мой родны кут!..», будзе існаваць ёмістае, паэтычнае і метафарычнае караткевічаўскае вызначэнне Беларусі як зямлі пад белымі крыламі. Ужо на самым пачатку гэтай кнігі Уладзімір Караткевіч з любоўю, пяшчотай і прыхаванай лагоднай усмешкай піша: «Да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць Сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей».

Пісьменнік ахоплівае ў кнізе беларускую гісторыю ад самых старажытных часоў і да 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Ён разважае пра прыроду свайго краю і нацыянальны характар беларуса, успамінае гістарычныя падзеі і факты, піша пра славутых грамадскіх культурных дзеячаў, пра гарады, пра помнікі гісторыі і культуры беларускага народа.

У гэтай кнізе няма голай рэгістрацыі лічбаў і фактаў. У ёй ёсць раскрыццё душы народа, які прайшоў праз усе выпрабаванні і цяжкасці і які жыве багатым паўнакроўным жыццём — радуецца, смяецца, смуткуе, перажывае…

Кніга прымяркоўвалася кіеўскім выдавецтвам да 50-годдзя СССР. Іншыя аўтары таксама пісалі пра свае рэспублікі. Нарыс Караткевіча стаў адным з лепшых.

У ім аўтар цікава, для таго часу смела і па-новаму глянуў на родную зямлю і яе народ, узвялічыў і апаэтызаваў Беларусь, разбурыў многія асімілятарскія міфы, створаныя пра яе гісторыю.

Багацце і невычэрпнасць таленту мастака раскрылася ў натхнёных і па-мастацку дасканалых эсэ і артыкулах пра Францыска Скарыну, Тараса Шаўчэнку, Лесю Украінку, Міхала Агінскага, Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Міхаіла Шолахава, Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка. Караткевіч пісаў пра іх з любоўю, цеплынёй і захапленнем. Пісьменніка прывабілі сапраўдныя таленты і духоўна блізкія яму мастакі.

Усведамляючы веліч здзейсненага Фарнцыскам Скарынам, аўтар імкнецца асэнсаваць яго ролю і месца ў гісторыі свайго народа і ў гісторыі чалавецтва.

Апавядаючы пра Шаўчэнку і Лесю Украінку, адзначае мужнасць і народнасць іхніх твораў. Пісьменнік дасканала ведаў украінскую мову, гісторыю і культуру. Пра Украіну, пра Кіеў і пра тое, чым была для яго гэта зямля, хораша распавёў у эсэ «Абраная» і «Мой се градок!».

Гаворачы пра творчасць вялікіх паэтаў, Уладзімір Караткевіч адзначае і вылучае ў першую чаргу яе непарыўную сувязь з жыццём народа. Пра Купалу: «І ён вельмі верыў у свой народ. Толькі гэта і дало яму сілу ствараць тое, што ён стварыў, даць нямому народу, якім усе пагарджалі, песню, слова і мову». Пра Шаўчэнку: «Яго любоў да людзей не ведала межаў. Часам яна прыкрывалася панцырам іроніі, часам аддавала горкім сарказмам». Гэта было блізка Караткевічу, яно ўвасаблялася і ў ягонай уласнай творчасці.

Неспакой і трывога не пакідаюць Уладзіміра Караткевіча і тады, калі ён думае пра свайго любімага Максіма Багдановіча. На ягоную постаць пісьменнік глядзіць па-мастакоўску непаўторна, арыгінальна. Багдановіч прываблівае высокай культурай паэтычнага мыслення, дасканаласцю творчасці, смеласцю ў распрацоўцы беларускага гістарычнага эпасу («Максім і Магдалена»). Караткевіч глыбока пранікае ў паэтыку і эстэтыку гэтага таленавітага мастака, дае выразнае і канкрэтнае разуменне ягонай творчасці:

«Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай…

Па-другое, гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумленне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым для чалавека шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю, адметную, незалежную думку…

Па-трэцяе, ён бараніў годнасць чалавечую, клікаў да гуманізму і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.

Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар». Наколькі трапныя і дакладныя вызначэнні! І наколькі яны адпавядаюць характару той працы, якую працягваў услед за Багдановічам сам Караткевіч.

Вызначаюцца адметнасцю і змястоўнасцю таксама яго крытычныя артыкулы пра паэзію Алеся Наўроцкага, Васіля Зуёнка, Рыгора Барадуліна, Янкі Сіпакова, украінскага паэта Уладзіміра Лучука. Караткевіч-крытык тактоўны, далікатны, але і прынцыповы, патрабавальны. Ён умеў вылучыць галоўнае, істотнае. І адначасова радаваўся творчым знаходкам і адкрыццям іншых. Дасканалае адчуванне і разуменне мастацкага слова дазваляла яму глыбей пранікнуць у закранутую праблему, быць максімальна аб’ектыўным у назіраннях, меркаваннях і высновах.

Караткевіч з’яўляецца таксама аўтарам цікавых тэкстаў для фотаальбомаў «Краявіды Беларусі» (1968), «Белавежская пушча» (1973, 1975) і «Памяць зямлі беларускай» (1979).

Заслугоўваюць добрага слова і развагі пра псіхалогію творчасці, выказаныя ў артыкуле «Задума: узнікненне і ўвасабленне», дзе пісьменнік адказаў на пытанні, якія даслаў яму па гэтай праблеме польскі даследчык Міраслаў Ахоцкі. Трэба згадаць і ягоныя адказы на анкеты газеты «Літаратура і мастацтва», Таццяны Шамякінай, Алега Бембеля, і ягоныя гутаркі-інтэрв’ю з Адамам Мальдзісам, Барысам Фірштэйнам, Святланай Алексіевіч, Леанідам Цыхуном, Ганнай Якаўлевай, Аленай Губіч, Розай Станкевіч, Валянцінай Аляшкевіч, Уладзімірам Ягоўдзікам, і выступленні на з’ездах, пленумах і іншых мерапрыемствах Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама на радыё, тэлебачанні (там у другой палове 70-х і на пачатку 80-х гадоў ён быў вядучым прагарамы «Спадчына»), на шматлікіх сустрэчах з чытачамі і прыхільнікамі ягонага таленту, і многія іншыя матэрыялы.

У сярэдзіне 50-х гадоў Уладзімір Караткевіч звярнуўся да перакладаў, якія з’яўляліся для яго арганічнай часткай творчага самавыяўлення. Некаторыя з іх, як, напрыклад, пераклады з паэзіі Катула, Байрана, Адама Міцкевіча, Івана Франка, Яна Судрабкална, Расула Гамзатава і іншых аўтараў, пераклад п’есы башкірскага пісьменніка Мустая Карыма «У ноч зацьмення Месяца», якая ў 1972 годзе была пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы, уключаны ў кнігу ягоных перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993).

Пісьменнік пераклаў таксама драмы «Праметэй перад трыбуналам» грэцкага пісьменніка Петраса Антэаса і «Цар Фёдар Іаанавіч» А. К. Талстога, празаічныя творы О. Іаселіяні, А. Знаменскага, Я. Гушчы, Э. Гашпаровай і асобныя ўласныя творы на рускую мову.

Архівы пісьменніка, успаміны яго сяброў і знаёмых сведчаць аб тым, што яго як перакладчыка цікавілі Біблія, «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага, паэзія Роберта Бёрнса, Генрыха Гейне, Цыпрыяна Каміля Норвіда, Канстанты Ільдэфонса Галчынскага, Уладзіміра Бранеўскага, Гарсія Лоркі, п’еса «Кар’ера Артура Уі» Бертальда Брэхта. Нешта з гэтага ён марыў перакласці. А нешта, магчыма, і перакладзенае, пакуль што, на вялікі жаль, нам невядомае.

Пераклады Уладзіміра Караткевіча паглыбляюць наша ўяўленне пра адметнасць і шматграннасць таленту мастака, раскрываюць шырыню і разнастайнасць яго творчых інтарэсаў. Ён перакладаў творы пісьменнікаў розных часоў і народаў. І ўсё ж аддаваў перавагу пісьменнікам-рамантыкам, галоўным чынам духоўна блізкім аўтарам, творчасць якіх прасякнута моцным грамадзянскім і патрыятычным пафасам.

У творчасці Караткевіча выразна выявіліся кніжныя літаратурныя традыцыі, ён ведаў многія славянскія, некаторыя старажытныя і заходнееўрапейскія (напрыклад, лацінскую і нямецкую) мовы, цудоўна адчуваў беларускае слова, што станоўча ўплывала на якасць ягоных перакладаў.

Пераклады Уладзіміра Караткевіча шмат у чым сугучныя яго арыгінальнай творчасці. І справа, відаць, не толькі ў тым, што ў яго арыгінальных творах і ў перакладах можна знайсці падабенства вобразаў, матываў, ідэй, што ў перакладах раскрыліся асаблівасці яго творчай манеры, але і ў тых глыбока гуманістычных адносінах як беларускага пісьменніка, так і тых аўтараў, творы якіх ён перакладаў, да жыцця, асобнага чалавека і мастацтва.

Уладзімір Караткевіч выступаў і з крытычнымі артыкуламі па пытаннях мастацкага перакладу. Гэта «…Будзеш свой сярод чужых» на зборнік паэзіі Байрана на беларускай мове, «І наш «Фаўст» пра пераклад паэмы Гётэ на беларускую мову, зроблены Васілём Сёмухам, і «Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў» пра штогадовік «Далягляды». У іх ён праводзіў думку, што ўзровень мастацкага перакладу сведчыць пра сталасць літаратуры, якая засвойвае іншамоўныя творы, тым больш калі гэтыя творы Байрана ці Гётэ. Пісьменнік адстойваў творчае ўзнаўленне арыгінала. Важным з’яўлялася і тое, каб перакладчыкі звярталіся да духоўна блізкіх ім іншамоўных аўтараў. Караткевіч сур’ёзна, удумліва ставіўся да перакладаў, хацеў, каб яны натуральна і мілагучна гучалі па-беларуску.