Абуджаная памяць — Анатоль Верабей

У артыкуле пра Максіма Багдановіча Уладзімір Караткевіч пісаў: «Максім Багдановіч даў нам першы ўрок гісторыі. Даў яго, нарадзіўшы ў нашых людзях гонар за сваё мінулае, і гістарычнае мысленне, і веру ў будучае». Тое ж самае можна сказаць і пра Караткевіча, які ў новых гістарычных умовах прадоўжыў традыцыі свайго папярэдніка.

Уладзімір Караткевіч развіваў традыцыі многіх пісьменнікаў. У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» сярод класікаў, якіх ён цаніў, называў Багдановіча, Буніна, Чэхава, Льва Талстога і Дастаеўскага. Як згадвае Адам Мальдзіс, 12 снежня 1966 года ў «салоне» Ірыны Платонаўны Крэнь «Валодзя ахвотна гаварыў аб сваіх творчых справах. З рускай літаратуры найвышэй ставіў Чэхава, Льва Талстога і Дастаеўскага. Казаў, што Някрасаву за яго верш, у якім усхваляецца Мураўёў-вешальнік, яшчэ можна дараваць, а вось Бялінскаму за яго нянавісць да Шаўчэнкі — нельга».

Прадметам асобага даследавання можа быць вывучэнне сувязей творчасці Уладзіміра Караткевіча як з айчыннай, так і ўвогуле з сусветнай культурай і літаратурай, з творчасцю Катула, Дантэ, Гётэ, Яна Баршчэўскага, Паўстоўскага і многіх іншых мастакоў слова. У інрэрв’ю Розе Станкевіч ён сказаў: «Што датычыць любімых твораў, то іх вось так — раз і назаўсёды — няма. У кожным узросце меў улюбёнцаў і багоў. Чытаю кожнага ў залежнасці ад настрою.

І, прызнаюся, хоць ведаю, што сёй-той скрывіцца, перад працай, якая патрабуе разлічанай, завостранай думкі, вельмі люблю чытаць добрыя дэтэктывы, сапраўды добрыя. Да іх залічваю не толькі, скажам, творы Сімянона і лепшыя раманы Агаты Крысці, але й роднага па духу Стывенсана. І, калі браць вяршыні, на якіх нават дыхаць цяжка, — «Братоў Карамазавых» («Літаратура і мастацтва», 3 снежня 1982 г.).

Там жа творчымі настаўнікамі зноў назваў Багдановіча, Купалу, Гарэцкага, а яшчэ — Коласа і Кіплінга, з сучасных беларускіх любімымі Барадуліна, Танка, Панчанку, Брыля, Быкава.

У інтэрв’ю Б.Фірштэйну называюцца таксама «аўтары гістарычнага жанру і фантасты» Вальтэр Скот, Аляксандр Грын, А.М.Талстой, Брэдберы, Шэклі, Лем, браты Стругацкія.

22 мая 1979 года на сустрэчы з кнігалюбамі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі Караткевіч зазначыў, што ў Багдановіча прымае ўсё. Параўнаў пісьменніка з пчалой, якая садзіцца на тую кветку, якая ёй падабаецца і патрэбна. Паведаміў, што любіць Віцьку Астаф’ева, Булгакава, а кветкамі, да якіх не ляцеў, былі Гамсун, Кафка, некаторыя беларускія пісьменнікі.

У творах пісьменніка рухаючай сілай гісторыі выступае народ. Яго ацэнка тых або іншых гістарычных асоб, падзей, фактаў была важнай для Караткевіча. Абапіраючыся на народную памяць, мастак выказваў прыхільнасць пераважна да рамантычнага, фальклорна-легендарнага асэнсавання мінулага. Творчасць Караткевіча вызначаецца сацыяльным гучаннем, псіхалагічнай напоўненасцю і філасафічнасцю. Адкрываючы беларускую гісторыю, ён тым самым абуджаў у народзе гістарычную памяць, выхоўваў у ім любоў да роднай мовы і культуры, паказваў, што мінулае існуе ў непарыўнай повязі з сённяшнім і будучым. Падзеі далёкага мінулага Караткевіч асэнсоўваў з улікам важных, усеагульных праблем сучаснага свету.

Пісьменнік стварыў таксама дасканалыя творы і пра сучаснасць, па-майстэрску апісваў прыроду. Аднак гістарычнай памяццю і патрыятычным пафасам прасякнута ўсё, што ім напісана.

Уладзімір Караткевіч бачыў ідэальнае і прыгожае ў жыцці і чалавеку. У ягонай творчасці арганічна спалучаліся рамантычныя і рэалістычныя тэндэнцыі. Паспяхова распрацоўваючы гістарычны і дэтэктыўны жанры, ён здолеў прыкметна ўзбагаціць беларускую літаратуру.

Нямала зроблена пасля смерці пісьменніка па выданні яго творчай спадчыны. Выйшаў Збор твораў у 8-мі тамах (1987 — 1991). Выдадзены зборнік ягоных перакладаў «Галасы маіх сяброў» (1993). З’явіліся «Творы» (1996), куды ўключана тое, што не друкавалася пры жыцці пісьменніка. Надрукаваны лісты мастака да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, латышскіх, украінскіх, польскіх, славацкіх і некаторых іншых пісьменнікаў, навукоўцаў, сяброў і знаёмых.

Нямала матэрыялаў пра жыццё і творчасць пісьменніка змяшчаюць і матэрыялы з ягоных запісных кніжак («Полымя», 1989, № 1 — 3). Вось, напрыклад, што ён пісаў у 1963 годзе: «Мне заўёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 гадоў як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут…

Пакуль самаасэнсавання няма — калі трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыццё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы».

У 1980 годзе ўзніклі наступныя радкі: «Часам, у злыя гадзіны, я нават не ведаю, ці люблю я беларусаў, да якіх маю гонар належаць. За бязмежную цярпімасць да таго, да чаго не трэба, за мяккасць, што мяжуе з рэптыльнасцю, за тое, што яны занадта сумленныя і „верныя Янукі“. Але нават у тыя хвіліны я разумею, з пагардай да самога ябе (бо яны — гэта я), што адна справа не любіць чалавека і зусім іншая — не ратаваць яго, калі ён топіцца.

Я стану ратаваць. Нават цаною гэтай паношанай шкуры і спрацаваных мазгоў, якія падсохнулі ўжо і тарахкаюць.

І хаця на таўшчыню воласа, наколькі хопіць маёй сілы, я прыбліжу да іх паратунак. Уратую іх».

Грунтоўным роздумам, непакоем за лёс роднай літаратуры прасякнута і ягонае выступленне 16 лістапада 1979 года на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным праблемам сучаснага беларускага рамана («Літаратура і мастацтва», 23 лістапада 1979 г.).

Надзённыя і важныя праблемы літаратурнага жыцця закранаў Уладзімір Караткевіч і ў сваім выступленні ў красавіку 1981 года на VIII з’ездзе пісьменнікаў Беларусі, апошнім з’ездзе, на якім ён прысутнічаў: «Бяда наша — сярэдні ўзровень, шэрасць… Пісаць трэба цікавей, пісаць з большай адказнасцю» («Літаратура і мастацтва», 24 красавіка 1981 г.).

Заслугоўваюць увагі ягоныя сцэнарыі як да мастацкіх «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» («Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка», 1967), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979), «Чорны замак Альшанскі» (1984), так і кароткаметражных дакументальных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Будзь шчаслівай, рака» (1967), «Чырвоны агат» (1973) і іншыя.

Па яго творах пастаўлены оперы «Сівая легенда» (1978) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1989). Ён напісаў лібрэта балета «Кастусь Каліноўкі» (1973). Марыў падрыхтаваць «Кнігу падарожжаў», навеяную шматлікімі паездкамі па Беларусі і за яе межамі, сустрэчамі з людзьмі.

Варта сабраць і выдаць таксама шматлікія малюнкі і ілюстрацыі пісьменніка да ўласных твораў, ягоныя выступленні на радыё і тэлебачанні, на мерапрыемствах Саюза пісьменнікаў Беларусі і многае-многае іншае (згадаем хоць бы тое, што захаваліся вершы і песні ў ягоным выкананні, што ён здымаўся ў фільме «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе выканаў дзве яркія эпізадычныя ролі ксяндза і татарына, за кадрам спяваў старадаўні гімн). Неабходна выдаць кнігу ўспамінаў пра яго.

У выніку беларускае літаратуразнаўтва зможа паўней і глыбей асэнсаваць Уладзіміра Караткевіча як чалавека, асобу і мастака, зразумець ягоную ролю і месца не толькі ў літаратуры, але і ў тэатры, кінематографе, выяўленчым мастацтве і ўвогуле ў грамадскім, культурным і духоўным жыцці беларускага народа.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча прыкметна ўплывае на сучасны беларускі літаратурны працэс. Дзякуючы яму назіраецца павышаная зацікаўленасць з боку беларускіх літаратараў да мінулага роднага краю. На сучасным этапе, развіваючы лепшыя традыцыі беларускай літаратуры, плённа працуюць у гістарычным жанры Уладзімір Арлоў, Мікола Арочка, Леанід Дайнека, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс, Кастусь Тарасаў, Вітаўт Чаропка і іншыя пісьменнікі.

І хоць часам можна пачуць скептычныя меркаванні пра творчасць Уладзіміра Караткевіча, аднак несумненна адно. Гэты пісьменнік з’яўляецца адной з яркіх постацей беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Ён быў сапраўдным апосталам духоўнасці, прадвесцем новага беларускага Адраджэння. Гэта класік беларускай гістарычнай літаратуры.

Прыйдуць іншыя пісьменнікі. Такога ж, як Уладзімір Караткевіч, не будзе. Ён у беларусаў і ва ўсяго свету адзіны, непаўторны. І трэба верыць, што справу, пачатую ім, прадоўжаць новыя мастакі.

Беларусь, аб чым марыў пісьменнік, чакае свайго Э. Лёнрата, свайго Г. Лангфела, хто створыць (а Караткевіч зрабіў у гэтым кірунку шмат) беларускі гістарычны эпас.

Уладзімір Караткевіч — гэта гонар і сумленне беларускай літаратуры. Гэта пісьменнік, які здолеў дасканала раскрыць душу народа і яго нацыянальны характар, выявіць перадавыя грамадскія і эстэтычныя ідэалы.

Сапраўдным трыумфам Уладзіміра Караткевіча стала святкаванне 28 лістапада 1980 года ягонага 50-годдзя ў актавай зале Дома літаратара. Зала была перапоўнена. І вядучы вечарыны Васіль Быкаў, і Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Алекса Юшчанка (Украіна), Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак і многія іншыя, у тым ліку і артысты Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа, якія паказалі ўрыўкі са спектакляў «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», сардэчна віншавалі юбіляра. Шчырае, хвалюючае і пранікнёнае слова сказаў на тым вечары і сам пісьменнік:

«Сябры мае і сяброўкі!

От няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосьці варты без вас, якія сышліся сюды з большай ці меншай там кожны дозай сімпатыі да мяне. Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія, без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы.

І таму дзякуй вам за тое, што вы ёсць, дзякуй зямлі беларускай за тое, што я еў яе хлеб, чорны, піў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе, рукі нашых мужчын, і зрэдку шанцавала і мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце, нашых жанчын.

Дзякуй вам, людзі! Яшчэ раз тысячу раз дзякуй вам!

Без вас я нішто».

Уладзімір Караткевіч адзін з самых вядомых і папулярных на Беларусі аўтараў. Ведаюць яго і за яе межамі. Яго творы перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, польскую, нават в’етнамскую і іншыя мовы. Часцей за ўсё перакладчыкі звярталіся да аповесцей «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чазенія», рамана «Чорны замак Альшанскі» і кнігі «Зямля пад белымі крыламі».

За заслугі ў галіне літаратуры пісьменнік быў узнагароджаны ў 1980 годзе ордэнам Дружбы народаў, у 1982 годзе за раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») яму была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа, а ў 1984 годзе за раман «Чорны замак Альшанскі» — Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (пасмяротна).

Творы Уладзіміра Караткевіча выхоўваюць нашы пачуцці, упрыгожваюць думкі, вучаць любіць і берагчы чалавечнае ў чалавеку, паглыбляюць веды пра зямлю, на якой жывём, выклікаюць радасць мастацкага адкрыцця, абуджаюць, хвалююць, трывожаць фантазію і розум. Творчасць Уладзіміра Караткевіча — гэта сапраўдны летапіс духоўнага жыцця беларускага народа, напісаны шчыра і таленавіта. І ягоным творам наканавана доўгае жыццё.