Радавод уладзіміра караткевіча — Анатоль Верабей

У лісце да свайго сябра, прафесара Ягелонскага універсітэта (Кракаў) Здзіслава Нядзелі, Уладзімір Караткевіч 4.7.1982 г. пісаў: «Ты пытаеш, ці не мой сваяк Бенядзікт Караткевіч, які загінуў у 1878 годзе ў Балгарыі? Не ведаю, дарагі. Продкі, якіх я асабіста не ведаў, мяне ніколі спецыяльна не цікавілі. Магчыма, і сваяк. Справа ў тым, што Караткевічы — вельмі распаўсюджанае на Беларусі сярод шляхты прозвішча (і не сярод шляхты). Род герба Корвін вялікі, у 2-й палове мінулага стагоддзя моцна збяднелы (некаторыя галіны пасля паўстання 1863 — 64 гадоў), разгубіўшы адзін аднаго, вымушаны (дзякуй богу!) жыць працай рук сваіх. Некаторыя і зямлю аралі. Некаторыя былі арандатарамі, упраўляючымі, ляснічымі, адвакатамі, дактарамі, а часцей за ўсё чыноўнікамі, якія служылі за жалаванне» («Полымя», 1993, № 3).

Відаць, недзе адразу пасля гэтага ліста пісьменнік распытаў матчыну сястру Яўгенію Васілеўну пра іхні род Грынкевічаў і занатаваў яе ўспаміны ў запісную кніжку (захоўваюцца ў 112-й папцы хатняга архіва пісьменніка), дзе зазначыў, што ўспамінала яна на 86-м годзе свайго жыцця. Значыць, гэта магло быць у ліпені 1982 г.

У складзеным намі радаводзе У. Караткевіча выкарыстаны галоўным чынам матэрыялы гэтай запісной кніжкі; успаміны матчынай сястры Ніны Васілеўны, запісаныя яе дачкой Шарснёвай Ксеніяй Канстанцінаўнай у 1991 г.; аўтабіяграфія пісьменніка «Дарога, якую прайшоў», напісаная ў 1964 г.; успаміны старэйшай сястры пісьменніка Наталлі Сымонаўны Кучкоўскай; звесткі, пададзеныя ў кнізе А. Мальдзіса «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча»; творчая спадчына пісьменніка.

У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» У. Караткевіч зазначыў, што ён і ягоныя продкі — ураджэнцы беларускага Прыдняпроўя. А. Мальдзіс у вышэйназванай кнізе згадваў: «Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сымон Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы».

«Пра даўнасць Караткевічаў, — прадаўжае А. Мальдзіс, — сведчыць і выпіска з кнігі В. Манкевіча „Беласток і ваколіцы“ (1986), нядаўна прысланая з Кракава сябрам пісьменніка Здзіславам Нядзеляй. „У перыяд шведскага патопу (восенню 1655 г.), — гаворыцца там, — у Беластоку знаходзіліся літоўскія харугвы, падпарадкаваныя Радзівілам. Узнялі яны, аднак, бунт супраць шведаў, пасля чаго пад кіраўніцтвам Караткевіча далучыліся да войскаў, якімі камандаваў Павел Сапега“. Відаць, таго ж Караткевіча, робіць заключэнне З. Нядзеля, згадваў у сваім дзённіку Багуслаў Радзівіл».

Цікавыя згадкі пра род Караткевічаў прыводзіць у сваёй дакументальнай аповесці «Адпяванне жывых» У. Ліпскі. На падставе знойдзеных архіўных матэрыялаў ён апісвае іх сямейны герб: "Чорны крумкач стаіць на сухім паваленым дрэве, у якога знізу і зверху — па два сукі, і трымае той крумкач у дзюбе залаты пярсцёнак. Поле — чырвонае, па баках — дзве зялёныя галіны, а ўверсе тры страўсавыя пёры на шышане«1.

Сапраўды, у адным з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі, дзе ёсць выява апісанага вышэй герба і матэрыялы пра род Караткевічаў герба Корвін, паведамляецца, што гэты старадаўні шляхецкі род пачынаўся ў першым пакаленні з Данілы, які ў 1546 г. стаў уладальнікам зямель у Раманаўшчыне і Лятаўшчыне Рэчыцкага павета, размешчаных пры Чачэрскім тракце2. Магчыма, Даніла быў далёкім продкам У. Караткевіча. Відаць, невыпадкова аднаго з галоўных персанажаў рамана «Каласы пад сярпом тваім», старога Загорскага-Вежу, пісьменнік назваў Данілам.

У «Гербоўніку польскім», складзеным і выдадзеным А. Банецкім (У. Караткевіч мог быць знаёмы з гэтым выданнем), пачынальнікамі шляхецкага роду Караткевічаў герба Корвін з Каротак у Мінскім ваяводстве названы Гаўрыла і Даніла Караткевічы. Яны "атрымалі за ваенныя заслугі ў 1546 г. ад Зыгмунта Аўгуста Раманаўшчыну і Лятаўшчыну ў Рэчыцкім павеце, і гэтыя маёнткі былі названы Кароткамі«3. Там жа пададзены герб Караткевічаў (крумкач з пярсцёнкам у дзюбе стаіць на бервяне), прыведзены звесткі пра нашчадкаў Гаўрылы і Данілы. Гэта выданне і шматлікія архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў розныя часы жылі тыя нашчадкі ў Рэчыцкім, Бабруйскім, Рагачоўскім, Полацкім, Браслаўскім паветах і ў іншых мясцінах. Нехта з роду Караткевічаў меў вядомасць, а нехта быў звычайным земляробам.

Па бацькоўскай лініі нам пакуль што вядомы толькі звесткі пра продкаў да дзеда і бабулі пісьменніка. Як успамінае Наталля Сымонаўна, дзед Цімафей недзе на пачатку ХХ ст. паехаў у Растоў шукаць лепшага жыцця і не вярнуўся. Больш ніхто пра яго нічога не чуў. У яго з бабуляй Наталляй Якаўлеўнай (1868, Орша — 1924, Орша) было трое дзяцей: бацька пісьменніка Сымон (15.2.1887, Орша — 21.9.1959, Орша), Вольга (1983, Орша — 1971, Масква), Леанід (памёр ва ўзросце 2 — 3 гадоў у Оршы). Бабуля працавала ў панскіх дамах. Жыла ў сям’і сына Сымона. Мела цудоўны характар. Для нявесткі была як маці. У гонар яе Караткевічы назвалі сваю дачку Наталляй. Дзед і бабуля былі праваслаўнымі.

Бацька пісьменніка скончыў пачатковую школу, потым, відаць, гарадское вучылішча. Ягонае дзяцінства было цяжкім, даводзілася самому зарабляць грошы. Хлопчык меў добры голас і спяваў у царкоўным хоры. У яго быў прыгожы почырк, таму ў арміі ён служыў пісарам. Просты па паходжанні, Сымон быў унутрана інтэлігентным. Да службы ў войску, прыблізна з 1910 г. ці крыху раней, працаваў у Рагачоўскім казначэйстве, дзе і пазнаёміўся са сваёю будучай жонкай.

Пра матчын род Грынкевічаў нам вядома больш. Напрыклад, прапрадзеда пісьменніка звалі Мікалай, прадзеда Юллян (? — 1896 ці 1897). Прабабуляй была Юдзеніч Ганна Мікалаеўна (? — 1908). Прадзед пісьменніка служыў святаром у Краснаполлі, Чачэрску. Ён, паводле ўспамінаў цёткі Жэні, хрысціў яе і неўзабаве памёр. Значыць, гэта здарылася ў 1896-м ці 1897-м годзе. Прабабуля была вельмі прыгожая, высокая, ладная, мела доўгія косы. У Юлляна і Ганны нарадзілася адзінаццаць дзяцей. Сярод іх быў і Васіль — дзед пісьменніка.

У сям’і пісьменніка захавалася паданне пра аднаго з продкаў (сваяка з матчынаго боку і яе радні), які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 г. і які быў расстраляны ў Рагачове. А. Мальдзіс згадвае, што ў ягоным асобніку зборніка «Пра час і пра сябе», там, дзе ў тэксце ішла гаворка пра «сваяка з боку маці і яе радні», У. Караткевіч напісаў: «прадзед». Але зрабіў гэта толькі пасля таго, як у Вільнюсе, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літвы Г. Кісялёў знайшоў і паказаў яму дакументы пра Тамаша Грыневіча, расстралянага як удзельніка паўстання ў Рагачове.

А. Мальдзіс піша, што да гэтага знайшоў у рукапісным аддзеле Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве (рукапіс № 6540) "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме«4. У іх сярод іншых упаміналася прозвішча таго ж Тамаша Грыневіча, прыводзіўся яго верш «Песня прыгаворанага да смерці…», змяшчаўся верш невядомага аўтара, прысвечаны ўдаве Грыневіча. У. Караткевіч узрадаваўся гэтай знаходцы.

БелСЭ падае наступныя звесткі: «Грыневіч (Грынкевіч) Тамаш Міхайлавіч [1815 — 16(28).7.1863], удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Уладальнік маёнтка Верхняя Тошчыца ў Рагачоўскім пав. Магілёўскай губ. У 1834 — 44 на ваен. службе. У крас. 1863 арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Рагачоўскім павеце. Схоплены карнікамі і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Рагачове». Зазначым, што ў 1-й палове ХІХ ст. нярэдка сустракалася варыянтнасць прозвішчаў, на што ў той час глядзелі вальней. Таму зусім магчыма, што згаданы Тамаш Грыневіч з’яўляецца родзічам У. Караткевіча.

У «Гербоўніку польскім» ёсць шмат звесткаў пра шляхецкія роды Грынкевічаў і Грыневічаў, прадстаўнікі якіх жылі ў Кіеўскім, Аршанскім, Ашмянскім, Мінскім, Троцкім паветах, на Браншчыне, у Брэсце і ў іншых мясцінах.

Нямала звестак збераглося пра дзеда пісьменніка Васіля Юллянавіча Грынкевіча. Нарадзіўся ён у 1861 г., калі адмянілі прыгон, у Краснаполлі. Быў асілкам, чалавекам магутнага целаскладу. Скончыў духоўнае вучылішча ў Гомелі, але ў семінарыю не пайшоў і ўвогуле адмовіўся быць святаром. Уладкаваўся ў Чачэрску лясным аб’ездчыкам у пана Круглікава. Пазнаёміўся з Ганнай Францаўнай Пашкевіч, часта стаў наведваць яе ў вёсцы Нісімкавічы, дзе яна настаўнічала. Бацька яе працаваў загадчыкам гаспадаркі турмы ў Рагачове. Прыгожая дзяўчына паставіла ўмову: калі Васіль пяройдзе на дзяржаўную службу, то яна выйдзе за яго замуж. Неўзабаве яны пераехалі ў Мсціслаў, дзе Грынкевіч працаваў пісарам у казначэйстве. Пазней жылі таксама ў Чэрыкаве, Оршы, Магілёве і Рагачове. Васіль даслужыўся да надворнага саветніка. Відаць, недзе ў 1922 г. пайшоў на пенсію. Было ў іх з Ганнай чацвёра дзяцей: Сяргей (1891, Мсціслаў — не вярнуўся з першай імперыялістычнай вайны); Надзея — маці пісьменніка (25.7.1893, Мсціслаў — 16.12.1977, Мінск); Яўгенія (15.8.1896, Чэрыкаў — 28.2.1983, Мінск); Ніна (12.12.1904, Рагачоў — 20.4.1993, Горкі Магілёўскай вобл.). Бабуля Ганна памерла ў жніўні 1906 г., пахавана ў Рагачове на старых могілках. Праз паўгода дзед ажаніўся з Людмілай Антонаўнай Барысевіч (1873 — 1963(?), Рагачоў). У аўтабіяграфіі У. Караткевіч заўважыў, што дзед быў атэістам. Калі ён жаніўся другі раз, поп адмовіўся яго вянчаць, бо ён ні разу не прычашчаўся і не спавядаўся ў царкве, што было абавязковым для дзяржаўнага служачага. Тады дзед абвянчаўся за пятнаццаць вёрст ад Рагачова.

Ад другога шлюбу ў дзеда быў сын Ігар (27.4.1908, Рагачоў — 20.12.1985, Рагачоў). У 1914 г. дзед пабудаваў вялікі цагляны дом у Рагачове. Жыў ён там да вайны. Любіў вандраваць, часта наведваў дачок, якія з сем’ямі жылі ў Оршы і Полацку. Незадоўга да смерці дзед аслеп. У. Караткевіч у аўтабіяграфіі згадваў: «…я быў у яго чымсьці накшталт сакратара: чытаў яму, а часам і пісаў за яго». У вайну дзед пераехаў у Карму Гомельскай вобласці да дачкі Ніны і там памёр 12.7.1945 г.

Дзед Васіль моцна ўплываў на будучага пісьменніка. Шмат пачутага ад дзеда ў дзяцінстве У. Караткевіч пазней выкарыстаў у сваёй творчасці. Да дзеда Васіля падобны 80-гадовы селянін Ян Рыгоравіч — галоўны герой ранняга апавядання У. Караткевіча «Дзядуля».

Маці пісьменніка, Надзея Васілеўна, у дзяцінстве засталася сіратой. Калі дзед працаваў у Магілёве, паступіла там у Марыінскую гімназію, якую скончыла ў 1911 г. Некаторы час працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, каля Рагачова, потым пазнаёмілася з Сымонам Караткевічам. Шлюбнымі пярсцёнкамі абмяняліся ў 1915 г. Сымон служыў у войску. У. Караткевіч сцвярджае ў аўтабіяграфіі, што пажаніліся яны ў 1917 г. і пераехалі ў Оршу. Там нарадзіліся ў іх Валерый (15.11.1918 — загінуў пад Масквой у канцы 1941), Наталля (20.11.1922) і Уладзімір (26.11.1930 — 25.7.1984, Мінск). Усе дзеці нарадзіліся ў лістападзе. І яшчэ заўважым: дзень нараджэння маці і дзень смерці яе сына Уладзіміра супалі. Дзень нараджэння У. Караткевіча супаў і з днём смерці (26.11.1855) Адама Міцкевіча, пісьменніка, якога ён любіў і пра якога стварыў у сярэдзіне 50-х гг. верш у прозе «Слова Міцкевічу».

Бацька пісьменніка працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці пасля замужжа стала хатняй гаспадыняй (у Арэнбургу пад час эвакуацыі ў вайну працавала ў дзіцячым садку). Як згадвае Наталля Сымонаўна5, бацька быў стрыманым, памяркаўным, ураўнаважаным. Да дзяцей ставіўся строга: яны мелі ўсё, але нічога лішняга. Калі трэба было, сам шыў дзецям абутак. У хатняй бібліятэцы Караткевічаў пераважала руская класіка, а з беларускай літаратуры трапляліся адзінкавыя асобнікі, напрыклад, аповесць «Салавей» З. Бядулі. Шмат куплялі твораў дзіцячай літаратуры, кніг па гісторыі, прыродзе.

Для У. Караткевіча маці з’яўлялася эталонам жанчыны: добрая гаспадыня, цудоўная выхавацелька сваіх дзяцей, нястомная захавальніца сямейнага ачага. Яна ўмела шыць, вышываць, гатаваць смачныя стравы. Адзін са сваіх першых твораў, апавяданне «Багун-трава», У. Караткевіч прысвяціў сваёй маці. Галоўная гераіня апавядання Каваліха ў многім падобная да яе.

Глыбока метафарычнай і сімвалічнай з’яўляецца і назва яго першай кнігі — «Матчына душа», у якой сцвярджаецца любоў да роднай зямлі, выяўляецца сувязь з адраджэнцкімі традыцыямі (напрыклад, сугучнасць з назвай зборніка А. Гаруна «Матчын дар»). Эстэтычнае крэда пісьменніка раскрываецца ў арыгінальнай мастацкай форме: згадцы-звароце да кветкі, назва якой уключае слова, што вызначае блізкае і дарагое імя.

Маці заўсёды была для У. Караткевіча аўтарытэтам. Радавалася ягоным поспехам, мудра падыходзіла да ягоных жыццёвых нягод. Надзея Васілеўна ведала і любіла класічную музыку, літаратуру, а французскія тэксты ў рамане «Вайна і мір» Л. Талстога разумела без перакладу.

Андрэю Грынкевічу, галоўнаму герою рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»), вобразу аўтабіяграфічнаму, менавіта маці расказала ў дзяцінстве легенду пра подзвіг чэшскага вучонага Вацлава Ганкі, які абудзіў ад сну свой народ. Звяртаючыся да постаці гэтага дзеяча, У. Караткевіч увасабляў у сваёй творчасці адзін са сваіх галоўных ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, сцвярджаў думку пра неабходнасць самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне, пра адраджэнне роднага народа.

Сваёй маці прысвяціў пісьменнік раман «Каласы пад сярпом тваім». Глыбока перажываў яе смерць у снежні 1977 г.

Добрыя адносіны былі ў Караткевіча з мужам бацькавай сястры Вольгі — Садавым Мікалаем Аляксандравічам (1893 — 1965), які нарадзіўся на Смаленшчыне. У 30-я гг. працаваў загадчыкам аблана на Камчатцы. У 1938 г. яго арыштавалі, а ў канцы 1939 г. выпусцілі. Ваяваў, перад вайной і пасля яе настаўнічаў у Смаленскай вобласці. Недзе ў 1948 г. пераехаў з сям’ёй у Оршу, дзе працаваў у метадычным кабінеце рана. У 1956 г. разам з жонкай (па прафесіі медыцынскай сястрой) пераехаў да сына ў Маскву.

М. А. Садавы шмат чаго расказаў У. Караткевічу. Адмоўнае стаўленне пісьменніка да тыраніі і дэспатызму, што выявілася ў апавяданнях «Маленькая балерына», «Вялікі Шан Ян» і ў іншых творах, відаць, было абумоўлена таксама і ўздзеяннем М. А. Садавога.

Гэты разумны, адукаваны і цікавы чалавек істотна ўплываў на У. Караткевіча. У хатнім архіве пісьменніка захаваліся лісты, дзе ён шчыра і сардэчна расказваў дзядзьку пра ўласнае жыццё, дзяліўся самымі запаветнымі думкамі і марамі. Якраз М. А. Садавому паведаміў ён у лісце ад 8.12.1957 г. пра свае задумы, пра імкненне напісаць сто тамоў.

М. А. Садавога і У. Караткевіча яднала глыбокая духоўная повязь. Дзядзька моцна любіў прыроду. Ён даваў чытаць У. Караткевічу кнігі пра Далёкі Усход, пад уплывам якіх, напэўна, і ўзнікла ў пісьменніка жаданне наведаць гэты край. У жніўні — верасні 1965 г. У. Караткевічу давялося трапіць туды на вайсковыя зборы.

М. А. Садавому пісьменнік прысвяціў сваё апавяданне «Белае полымя».

Часта перакрыжоўваліся жыццёвыя дарогі Уладзіміра Караткевіча і малодшай матчынай сястры Яўгеніі Васілеўны. Яна закончыла прыватную гімназію ў Рагачове, настаўнічала на Магілёўшчыне. Яе муж, Уладзімір Іванавіч Усюкевіч (1896 — 1974, Мінск), родам з Наваградчыны, вайсковец.

Якраз дзякуючы цётцы Жэні, якая жыла з мужам на Далёкім Усходзе, змаглі сустрэцца пад час вайны Наталля і Уладзімір Караткевічы са сваімі бацькамі ў Арэнбургу.

Мужа цёткі Жэні неўзабаве прызначылі начальнікам штаба чыгуначных войск 2-га Украінскага фронту. У толькі што вызваленым Кіеве яму з жонкай далі двухпакаёвую кватэру, у якой Караткевіч жыў з маці і цёткай летнія месяцы 1944 г. Вось чаму не чужым быў гэты горад для Уладзіміра Караткевіча і тады, калі ён у 1949 г. паступіў у Кіеўскі універсітэт.

У 1971 г. Усюкевічы пераехалі жыць у Мінск. Дзяцей у іх не было, таму матэрыяльна дапамагалі сваякам.

Сумленна пражыла жыццё і малодшая матчына сястра — Ніна Васілеўна. Яна закончыла гімназію ў Рагачове (1923), працавала настаўніцай. Яе муж, Канстанцін Міхайлавіч Кадрэвіч (1901 — 1979), закончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут, потым пайшоў у войска. Ён валодаў апавядальніцкім майстэрствам, шмат чытаў. У 30-я гг. быў беспадстаўна арыштаваны і некалькі гадоў сядзеў у турме. Пасля вайны Кадрэвічы жылі ў гарадскім пасёлку Акцябрскі, а потым пераехалі ў Горкі, да адной з дачок — Ксеніі.

А. Мальдзіс у кнізе «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» пісаў: «А яшчэ Уладзімір Караткевіч неяк сказаў, што ўсе з яго роду, з яго сям’і годна трымаліся ў 1937 годзе. Даносчыкаў сярод іх, на шчасце, не аказалася».

2 чэрвеня 1982 г. У. Караткевіч напісаў ліст «Пану Старшыні ІІ спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН па раззбраенні», дзе заклікаў спыніць забойствы, расказаў пра тыя няшчасці, якія прынесла другая сусветная вайна яму і ягонаму роду, успомніў старэйшага брата Валерыя.

Старэйшы брат пісьменніка ў 30-я гг. закончыў сямігодку, потым курсы шафёраў (бо любіў тэхніку), працаваў на грузавіку. У. Караткевіч пазней згадваў, што ў Оршы, у ліпені 1938 г., брат паказаў яму Янку Купалу, дача якога была недалёка, у Ляўках. На пачатку 1939 г. брат ажаніўся. Жонку звалі Вольга. У верасні ў іх нарадзілася дачка Раіса. Неўзабаве Валерыя прызвалі ў войска і ён трапіў на фінскую вайну. Служыў і далей. У верасні 1941 г. на некалькі дзён заехаў у Маскву. Сустрэўся з сястрой Наталляй, якая неўзабаве пасля развітання атрымала ад яго ліст. Потым ад Валерыя звестак не было. Ён загінуў недзе ў кастрычніку 1941 г. пад Масквой.

У вайну Вольга з дачкой Раісай жылі ў вёсцы Галошава Талачынскага раёна ў Ганны Сцяпанаўны Грынкевіч, стрыечнай сястры маці пісьменніка.

У лісце, адрасаваным у ААН, У. Караткевіч пісаў, што братаву жонку ў час акупацыі «схапілі толькі за тое, што яна несла па дарозе вядро солі… Сказалі: гэта партызанам. І мучылі многа дзён так, што калі цётцы дазволілі спатканне, выявілася, што ў няшчаснай у ранах на спіне завяліся чэрві і каты «для дэзінфекцыі» пасыпалі ёй раны той самай соллю. Калі цётка на наступны дзень прынесла ёй чыстую кашулю — ёй сказалі, што Вольгу Караткевіч, дваццаці двух гадоў, вывезлі. Зразумела, куды яны яе «вывезлі» (82-я папка хатняга архіва У. Караткевіча).

Пасля вайны пляменніцу Раісу гадавалі бацькі пісьменніка. Пазней яна атрымала ў спадчыну іхнюю хату, там і цяпер жыве з сям’ёй.

У новай бацькоўскай хаце прайшлі пасляваенныя школьныя гады У. Караткевіча. Сюды ён прыязджаў з Украіны, а потым і жыў тут у 1956 — 1958 гг., калі працаваў у Оршы настаўнікам. У 1950 г. тут напісаў першы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». У вершы «Орша» казаў пра сваю моцную любоў да роднага горада. Тут вясной 1957 г. закончыў п’есу «Млын на Сініх Вірах» і аповесць «У снягах драмае вясна», напісаў многія вершы, рыхтаваў сваю першую кнігу «Матчына душа» (1958). Сюды з Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве восенню 1959 г. прыехаў на пахаванне бацькі. Пра гэту бяду Караткевіч піша ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»).

Пісьменнік любіў роднае Прыдняпроўе. На гэтай зямлі ён напісаў многія свае творы. І некаторыя з іх прысвечаны роднай старонцы і яе людзям.

Заўсёды гасціннай і ўтульнай для У. Караткевіча і яго сяброў была дзедава хата ў Рагачове, дзе з пасляваеннага часу жыў з сям’ёй і настаўнічаў у школе дзядзька Ігар. Цяпер там жывуць ягоная жонка Галіна (нар. у 1923 г.) і сын Сяргей (нар. у 1952 г., названы ў гонар свайго дзядзькі, які не вярнуўся з першай сусветнай вайны) з жонкай Тамарай і сынам Васілём (названы ў гонар свайго прадзеда). Сюды пісьменнік часта прыязджаў працаваць і адпачываць. У гэтай прасторнай мураванцы з высокай столлю яму быў адведзены вялікі пакой.

Многія творы У. Караткевіч стварыў у Рагачове. Так, сваю раннюю паэму «Зямля дзядоў» ён пачаў пісаць тут у 1950 г. У ёй паэт згадаў «руіны замка „каралевы Боны“ і над Дняпром шырокім курганы», «Збароў, дзе некалі мая матуля вясковаю настаўніцай была», капліцу «над бабчынай магілаю старой», дзядзьку-рыбака, дом «пад рагатаю таполяй», дзе «расце на змену самы меншы брат», казаў пра сваю моцную любоў да роднай зямлі і яе народа.

Пасля заканчэння Кіеўскага універсітэта летам 1954 г. У. Караткевіч зноў гасцяваў у дзядзькі. У вершы «Вагеньчык у яблынным садзе» пісаў, што «у старасвецкай хаце, у дзедаўскім родным гняздзе» было «добра так, як нідзе», бо «з гэтай няяркай зямліцы… наш корань у свет пайшоў».

Амаль месяц быў У. Караткевіч у Рагачове і летам 1959 г. пасля таго, як адвучыўся першы год на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Рагачоўскі побыт стаў асновай для зместу дзевятага раздзела рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»).

7 жніўня 1959 г. на Рагачоўшчыне ўзнік і пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім». Пісаць раман па-сапраўднаму таксама пачаў у Рагачове 27 красавіка 1962 г.

Падзеі аповесці «Сівая легенда» (1960) адбываюцца пераважна на Рагачоўшчыне. Галоўны герой «Легенды аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (1961) названы Андрэем Рогачам.

У ліпені — жніўні 1964 г. у Рагачове была напісана легенда «Ладдзя Роспачы» пра сярэдневяковага жыхара Рагачова Гервасія Выліваху. У. Караткевіч лічыў, што гэты твор — «найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх».

Пісьменнік часта ўцякаў ад гарадской мітусні і жыццёвых нягод у Рагачоў, каб адпачыць душою, добра папрацаваць, знайсці падтрымку і разуменне. Гэтым ён даражыў. У жніўні 1964 г. гасцяваў у Рагачове балгарскі літаратуразнаўца Г. Вылчаў, пра што згадаў У. Караткевіч у сваёй жыццярадаснай паэме «Віно дажджоў», закончанай 5.8.1964 г. у Рагачове. Заўважым, што якраз тады, у лісце да Янкі Брыля ад 25.8.1964 г., У. Караткевіч пазначыў: «Рагачоў (ад слова „рагатаць“)». У розныя часы У. Караткевіч наведаў Рагачоў таксама з Я. Брылём, Р. Барадуліным, іншымі сваімі сябрамі і знаёмымі.

Добрая атмасфера дзедаўскай хаты ў Рагачове спрыяла і таму, што зімой і вясной 1966 г. пісьменнік завяршыў свой раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». 11 лістапада 1966 г. тут была закончана і аповесць «Чазенія». Былі напісаны таксама іншыя творы.

Моцныя і цёплыя сувязі ядналі У. Караткевіча са старэйшай сястрой Наталляй. У вершы, напісаным 20 лістапада 1982 г. да яе 60-годдзя, ён зычыў сястры і яе сям’і ўсяго самага найлепшага ў жыцці, называў яе сваёй дарагой нянькай, сваёй абаронцай у бядзе, марыў пра той час, калі яны абое некалі сядуць на прызбу і згадаюць пражытыя гады, успомняць Оршу, «тую, зялёную, бег крыніц ля Дняпра-ракі, і уральскія эшалоны, і ў цяплушках салдатаў палкі». У брата і сястры было шчаслівае даваеннае дзяцінства. Потым прыйшлі суровыя выпрабаванні ваеннага часу, а пасля — радасці і турботы мірнага жыцця.

У 1946 г. сястра выйшла замуж і пераехала з Оршы ў Чалябінск, да мужа, вайскоўца-лётчыка. У Наталлі Сымонаўны дзве дачкі — Надзея (названа ў гонар бабулі) і Алена. У іх ужо свае сем’і, дзеці. Жывуць яны ў Мінску. Гэта Аленка, пляменніца У. Караткевіча, стала прататыпам гераіні апавядання «Як звяргаюцца ідалы», напісанага ў канцы 50-х гг. Твор мае аўтабіяграфічны характар. У ім згадваецца і Аленчына мама, «прыгожая распаўнелая жанчына», якая прыехала на адпачынак да сваіх бацькоў, і бацька Аленкі, які застаўся ў іхнім горадзе, каб лётаць на «малётах» (самалётах. — А. В.), і дзед з бабуляй, «якія душы ў ёй не чуюць», і дзядзька-халасцяк, «які зашмат думае над светавымі праблемамі».

У. Караткевіч некалькі разоў наведваў сястру ў Чалябінску. Напрыклад, у лютым — сакавіку 1963 г. напісаў там «Руну пра Кастуся», адзін з ранніх варыянтаў п’есы «Кастусь Каліноўскі», працаваў над раманам «Каласы пад сярпом тваім». Пісаў У. Караткевіч гэты раман у Чалябінску і пад час наступнага наведвання сваёй сястры — вясной 1964 г. У сакавіку — красавіку 1965 г. тут закончыў першы варыянт сцэнарыя мастацкага фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і пачаў пісаць аднайменны раман.

Часцейшымі сталі сутрэчы брата і сястры пасля таго, як у 1971 г. Наталля Сымонаўна пераехала з сям’ёй на сталае жыхарства ў Мінск. Шчырай дарадчыцай і памочніцай была яна для пісьменніка ў апошнія гады ягонага жыцця, асабліва калі не стала жонкі У. Караткевіча.

Заўважым, што Алена, дачка Наталлі Сымонаўны, нарадзілася 16.12.1957 г., а яе бабуля, маці пісьменніка, памерла праз дваццаць гадоў — 16.12.1977 г. Гэта муж Алены Васіль Сінькевіч у чэрвені 1984 г. вазіў на машыне ў Рагачоў У. Караткевіча і Алену. Сінькевічы назвалі свайго малодшага сына ў гонар пісьменніка Валодзем (нар. у 1986 г.).

Зараз Наталля Сымонаўна з’яўляецца захавальніцай кватэры (у якой плануецца адкрыць музей) і архіва пісьменніка, шмат робіць для прапаганды яго творчасці6.

2 лістапада 1967 г. у Брэсцкім педінстытуце адбылося абмеркаванне творчасці У. Караткевіча. Там пісьменнік пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай (паводле прозвішча яе першага мужа, дзявочае яе прозвішча Ватковіч). Яна нарадзілася 28.6.1934 г. у Кіргізіі, дзе яе бацька, беларус з Ушаччыны, служыў у войску (загінуў на фронце ў 1941 г.). У 1947 г. маці з дачкой і сынам пераехала на Беларусь і пасялілася ў Радашковічах. Пасля заканчэння Радашковіцкай школы (беларускую мову там выкладаў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі) Валянціна ў 1951 — 1956 гг. вучылася на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Потым некаторы час працавала ў Ашмянскім краязнаўчым музеі, а ў 1957 — 1961 гг. — у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. У 1961 — 1964 гг. займалася ў аспірантуры сектара археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР (з іх два апошнія гады праходзіла мэтавую аспіратнуру ў Інстытуце археалогіі АН СССР). Кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную паморскай культуры, абараніла ў 1965 г. У 1965 — 1969 гг. працавала на кафедры гісторыі КПСС Брэсцкага педінстытута. Летам 1969 г. пераехала ў Мінск, працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, жыла ў сям’і Караткевіча. 19 лютага 1971 г. яны зарэгістравалі шлюб. Яна ўзяла ягонае прозвішча. Абмяняла сваю двухпакаёвую кватэру ў Брэсце на пакой у Мінску. Вясной 1973 г. двухпакаёвую кватэру Караткевіча на вуліцы Веры Харужай і яе пакой абмянялі на трохпакаёўку на вуліцы Карла Маркса, дзе ў далейшым і жылі ўтраіх (разам з маці пісьменніка).

У. Караткевіч прысвяціў Валянціне Браніславаўне верш «Таўры» і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979), які пачынаецца словамі: «В. К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю».

Валянціна Браніславаўна была высокакваліфікаваным гісторыкам. Слушна пісаў А. Мальдзіс: «Тое, што зрабіла Валянціна Браніславаўна Караткевіч для падрыхтоўкі „Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі“, для таго, каб ён ішоў „без купюр“, можна смела назваць навуковым подзвігам, грамадзянскай мужнасцю. Яна бясконца ездзіла ў экспедыцыі, абараніла не адзін помнік архітэктуры, пісала сама артыкулы і брашуры і рэдагавала чужыя. Аўтарытэт яе ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, дзе яна працавала, і ўвогуле ў навуковых колах быў высокі». У 1990 г. Валянціна Караткевіч (пасмяротна) і іншыя аўтары за гэта выданне былі ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

У складзе акадэмічных экспедыцый разам з жонкай У. Караткевіч даследаваў летам 1970, 1971 і 1972 гг. некаторыя раёны Беларусі. Напісаў нават прадмову да тома, прысвечанага Брэсцкай вобласці. Аднак, як згадвае А. Ліс, «яе пазней змянілі і замянілі: паэт упарціўся ў пытаннях тэрміналогіі ці азначэння, нешта накшталт таго, у якіх выпадках пісаць «уз’яднанне», а ў якіх «далучэнне». Справа даўняя, аб падзеях-здарэннях XVIII стагоддзя«7.

Трагічнымі сталі для Уладзіміра Караткевіча апошнія дні лютага 1983 г. 28 лютага памерлі Валянціна Браніславаўна і цётка Яўгенія Васілеўна. У лісце да З. Нядзелі ад 23.4.1983 г. пісьменнік згадваў, што ён тады «адчуваў сябе на мяжы нервовага надлому». Яму было невыносна цяжка думаць пра сваю адзіноту, бачыць пустыя сцены.

На пачатку чэрвеня паехаў у Оршу. Жыў у сям’і пляменніцы, у бацькоўскай хаце, залечваў нанесеныя жыццём раны. Вярнуўся ў Мінск на пачатку снежня. У лісце да З. Нядзелі ад 27.12.1983 г. так згадваў праведзены ў Оршы час: «Прычым свядома адключыўся: забараніў перасылаць лісты, не слухаў радыё, не чытаў газет, а па тэлебачанні глядзеў толькі мультфільмы і дэтэктывы».

Бацькоўскае гняздо крыху суцішыла душэўны боль. На пачатку лютага 1984 г. напісаў некалькі вершаў. Але ў канцы лютага моцна захварэў і каля месяца праляжаў у рэанімацыі. Вясной стаў адчуваць сябе лепей.

Уладзімір Караткевіч нібы прадчуваў смерць. У апошнія месяцы жыцця, развітваючыся, наведаў дарагія яму мясціны: Рагачоў, Кіеў, Вязынку, а потым адправіўся з сябрамі ў падарожжа па Прыпяці…

Пахаваны пісьменнік на Усходніх могілках у Мінску.