Алесь Асіпенка

Святло блізкай зоркі

Чаму я заўсёды бачу яго ў сонечным ззянні? Сустракаліся ж у слоту, завіруху, дождж і яшчэ чорт ведае ў якую непагадзь. Дык не, прыгадаю яго i адразу бачу яркую віднату, кола купальскага сонца. сінія цені, бліскучае — да рэзі у ваччу — люстэрка вады.

Вось ён стаіць у пакоі, запырсканы сонечным святлом, і сам сонечны з галавы да ног, у белай вышыванцы, з нейкім загарэлым да негрыцянскай чарнаты партфелем. А насупраць дзве азярыны Панчанкавых вачэй, блакітных і ўсмешлівых — во ўжо дзе да месца сказаць: азярыны смяяліся. Як у Максіма Горкага: море смеялось…

Або яось яшчэ адно бачанне — групавы партрэт на зімовым фоне. Скупое лютаўскае сонца хаваецца ў радабоддзі хмар, як бы саромеючыся заглянуць у вокны пісьменніцкага клуба ў тым, старым, будынку, дзе яго прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Чарговы аратар з неўміручай пароды магільшчыкаў прыгожага пісьменства закалочвае апошні цвік у дамавіну з раманам «Леаніды не вернуцца да зямлі» — набор кнігі рассыпаны, а яму, аўтару, міласціва давалася права сказаць апошняе слова, як на судзе, пасля смяротнага прысуду. Ён парыўна ўвайшоў у залу і спыніўся: сонца, прарваўшы хмары, высцеліла перад iм жоўтую сцяжынку на затаптаным паркеце. Некалькі імгненняў ён стаяў, прымжыўшы вочы ад бляклых промняў лютаўскага сонца.

— Адных я люблю, другімі — пагарджаю, — кінуў ён у залу бязлітасныя словы. — Апошнім адказваць бескарысна….

Ён павярнуўся і пайшоў да дзвярэй, несучы на прыгорбленых плячах кавалачак сонца. Ён — выйшаў, сонца — схавалася за хмары.

Яшчэ бачу яго на крутым беразе Нёмана каля бессмяротнай Каложы. Царква ў сонечнай пазалоце. Ён, задраўшы галаву ў сіняе неба, фантазіруе на тэмы прызямлення Хрыста ў Гроднi. Фантазія ў яго таксама сонечная i каляровая, як вясёлка.

І ўжо зусім яркі малюнак. Ізумрудна-зялёны поплаў, невялічкая затока, як сажалка, — старыца Свіслачы — аж зіхаціць ад сонца, і ён на беразе той затокі, толькі што вылезшы з халоднай яшчэ вады, голы і ўвесь абліты сонцам ад аўсянага чуба да жоўтай, як малое куранё, пяткі, якую ён, падскокваючы на адной назе, стараецца разгледзець.

— Хлопцы, — кажа ён з той сур’ёзнасцю, якая патрэбна, каб замаскіраваць нястрымны смех, — што там, халера на яе, коле?..

Нехта жартуе:

— Страла Купідона…

Ён рагоча бесклапотна і весела:

— Ахламоны вы і вісусы, хіба Купідон страляў у пяткі?..

Ланцужок згадак-прыгадак, які нанізаны на адзін стрыжань.

Гэты ён — такі розны ў розных абставінах і такі пастаянна гарэзлівы — Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, божай міласцю паэт, празаік, эсэіст, драматург, крытык, сцэнарыст, чалавек энцыклапедычных ведаў і нястомнай працавітасці, яркая і блізкая чытачу зорка на літаратурным небасхіле, які то прасвятляўся на кароткія часіны, то надоўга зацягваўся смугою. Радасці былі кароткія, засмучэнні — наадварот. Не заўсёды можна было развінуць на ўвесь мах крылы для творчасці нават яму, няўрымсліваму рамантыку i жыццялюбу.

Адзін з былых і даўніх кіраўнікоў культурнага фронту неяк падвёў драматурга да акна ў сваім кабінеце і, паказваючы на галоўны праспект сталіцы, параіў зусім сур’ёзна:

— Бачыш праспект? Во, і хадзі па ім. Навошта зварочваць на бакавыя вуліцы?..

Караткевічу хацелася пахадзіць па Нямізе, не цяперашняй, а старажытнай, калі яшчэ і вуліцы такой не было, а толькі рака і абапал яе па крутых берагах стаялі войскі Усяслава Полацкага і трох Яраславічаў. I ён ніяк не мог зразумець, чаму яму нельга хадзіць па сцежках гісторыі, а толькі па сучасным праспекце.

У Караткевічу дзіўным чынам ужываліся ўзнёслы да наіўнасці рамантызм з бязлітасным рэалізмам. Ён глядзеў на свет як бы праз дзве прызмы: адна прыводзіла яго да экстазу перад прыгажосцю і буйнасцю жыцця, другая — да роспачы перад пачварнай несправядлівасцю і гвалтам. Іншы на ягоным месцы раздвоіўся б, згубіў бы арыенціры, ды і пайшоў па жыцці і літаратуры, як усе, — па праспекце. Караткевіч застаўся верны сабе і сваім прыхільнасцям. У яго быў добры дарадца — мудрасць.

Мудрасць не набытак гадоў, як мы звыклі меркаваць. Яна — узровень чалавечага інтэлекту. Памножаная на апантанасць, мудрасць нараджае сапраўдныя дзівы мастацтва, якімі і былi творы Уладзіміра Караткевіча.

Бяруся сцвярджаць, што сёння мы знаходзімся толькі на подступах да разумення ягонай творчасці і яго самога як асобы. Адкрыццё адбудзецца пазней, калі выйдуць у людзі ўсе ягоныя творы, у тым ліку і маленькiя шэдэўры эпiсталярнага жанру — ягоныя пісьмы. Ды і не толькі яны…

Нас чатырох — У. Караткевіча, I. Навуменку, I. Клаза і мяне — прымалі ў Саюз пісьменнікаў у адзін дзень напярэдадні выхаднога ў самы пік лета.

Ярка свяціла сонца. Цвілі на праспекце ліпы. На душы млела ўрачыстасць. Але забірала і трывога. Не толькі мяне аднаго. Ды і не дзіва — прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў выглядаў салідна, прадстаўніча: Кандрат Крапіва, Янка Маўр, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Ілья Гурскі, Пімен Панчанка, Янка Брыль…

Галасавалі тады адкрыта… выступалi таксама адкрыта. Гаварылі праўду ў вочы.

Пра Уладзіміра Караткевіча — маладзейшага сярод нас — гаварылі хораша, хоць з нейкімі заўвагамі па творчасці, але шчыра, добразычліва. Дэталі згладзіў час. Тая атмасфера высокай патрабавальнасці i добразычлівасці засталася ў памяці назаўсёды.

3 Караткевічам дасюль я быў амаль незнаёмы. Ён закідваў сваімі творамі часопіс «Полымя», верны, як адналюб, толькі яму. Зрэдку заходзіў і да нас у часопіс «Маладосць». Мусіць, адзін з такіх візітаў і ўрэзаўся мне ў памяць.

Сярод дня дзверы ў пакой адчыніліся, і на парозе ўзнік малады, трапяткі, з аржаным чубам непаслухмяных валасоў цыбаты хлопец. Кінуўшы важкае: «Дзень добры», ён у чатыры крокі перасек пакой, спыніўся перад сталом, за якім сядзела Вера Палтаран, адзіная ў пакоі жанчына. Яна падала яму руку на вітанне. Ён узяў руку, як найкаштоўнейшую, богам падараваную рэліквію, і, па-рыцарску ўпаўшы на адно калена, прыклаўся да яе па-дзіцячы пульхнымі вуснамі.

Гэта было нечакана і вельмі прыгожа, бо натуральна і шчыра. Наогул, у яго было трапяткое, абагаўлёнае стаўленне да жанчыны. Ён быў падобны на сваіх герояў, героі падобны на яго. Толькі герою Караткевіча з аповесці «Чазенія» па сіле было несці гераіню ледзь не сем кіламетраў па Усурыйскай тайзе, толькі другому герою дадзена было так любіць, а Караткевічу так прыгожа напісаць пра каханне ў рамане «Леанiды не вернуцца да зямлi». І нават вялікі дыктатар і правадыр перад маленькай балерынай становіцца, хоць бы і на нейкі невялікі час, прыгожым і годным вялікага пачуцця чалавекам.

Прынятыя ў Саюз пісьменнікаў, мы тады добра пасядзелі ў невялічкім рэстаране на рагу Ленінскай і Інтэрнацыянальнай. З таго дня i перайшлі на «ты». Гэта неяк давала прастору сустрэчам і кароткім, на хаду, абменам думкамі.

Далей і неяк зусім неўзабаве над Караткевічам завылі зімовыя марозныя вятры. Цi не ад iх ён ратаваўся спачатку на вышэйшых літаратурных курсах, а потым і на вышэйшых сцэнарных. Караткевіч балюча перажываў кожны выпад у ягоны адрас, хоць храбрыўся, рабіў выгляд, што яму мала абыходзіць разносная тэндэнцыйная крытыка. Але паспрабуй, не зважай на тую крытыку, калі за ёй iшлі вельмi адчувальныя санкцыі.

Як ён, такі чуллівы і безабаронны, трываў і не зварочваў з аднойчы выбранага iм шляху? Іншыя не вытрымлівалі, зварочвалі і надоўга гублялі сябе, як творцы, змянялі ўласны твар на маску з саладжавым выглядам.

Ён вытрымаў, выстаяў, адстаяў сябе ў літаратуры і грамадстве.

Цяпер ужо і не памятаю — мроіцца дужа невыразная праз гады гаворка, — як узнікла ідэя надрукаваць у «Маладосці» аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», напісаную даўно, але так і застраўшую на палове дарогі да чытача.

Аповесць спадабалася. Чыталі яе ўсе ў рукапісу. Былі і сумненні — рамантычная даўніна. Была ўпэўненасць — аповесць знойдзе чытача. А галоўнае, што аповесць павінна «прайсцi» — канцоўка яе аптымістычная, бунтарская.

Яна і сапраўды «прайшла» з дужа нязначнымі заўвагамі і вельмі спадабалася чытачам. Добра памятаю, як на адной сустрэчы з маладымі рабочымі нам паказалі страпаны да дзірак, увесь у мазутных плямах часопіс з аповесцю. Калі гаварыць шчыра, дык часопіс тады не вельмі чыталi, а падпіска на яго падала з году ў год. Аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» ажывіла інтарэс моладзі да часопіса, многіх маладых людзей далучыла да беларускай мовы і памножыла шарэнгі прыхільнiкаў творчасцi Уладзіміра Караткевіча.

Поспех аповесці быў відавочны. Акрылёны iм, Караткевіч паабяцаў рэдакцыі напісаць яшчэ адзін твор з прыгодамі ў старажытным замку. Задума твора саспела ў яго даўно, і, як казаў ён, трэба толькі засесці за стол.

Але радавацца было рана. Неўзабаве Уладзіміра Караткевіча сталі папракаць захапленнем даўніной, абвінавачваць у ідэалізацыі мінуўшчыны, у адыходзе ад надзённых праблем, а значыць, у шкодным уздзеянні ягонай аповесці на моладзь. Не ўратаваў і аптымістычны, бунтарскі канец. Аповесць «Дзiкае паляванне караля Стаха» ляжала ў рэчышчы ягонай творчасці, і трэба было мець багатую фантазію, каб бачыць у ёй нешта шкоднае. Але ж бачылі i верылі, што робяць дабро.

У рэдакцыі перажывалі за Караткевіча, разумелі — неабгрунтаваная крытыка можа выбіць яго з творчай каляіны. А ён перажываў за нас, рэдакцыйных работнікаў, якім, на ягоную думку, маглі пагражаць непрыемнасці — на памяці яшчэ жыло нядаўняе вызваленне ад пасады галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» Аляксея Кулакоўскага.

— Хлопцы, — вінаваціўся ён перад намі, — я вельмі люблю вас і мне аж брыдка, што падвёў вас сваёй аповесцю. Хай бы яшчэ ляжала.

Ён быў такі, вельмі далікатны ў дачыненні да сяброў i гатоў быў браць на сябе віну, абы выгарадзіць таварышаў.

Асобнай кнігай аповесць тады так i не выйшла. I абяцаная аповесць паявілася ў друку праз шмат гадоў — «Чорны замак Альшанскi».

I яшчэ адзін нагадак пра ягоную публiкацыю ў часопісе «Маладосць».

Неяк Уладзімір Караткевіч папрасiўся ў камандзіроўку на Палессе. Тыдні праз два ён сядзеў у рэдакцыі і абурана расказваў, як знішчаюцца старажытныя, можа, адзіныя ў свеце помнікі культуры і архітэктуры, захапляўся палескай прыродай, сівымі легендамі і сказаннямі.

Я пажартаваў:

— Выгаварышся і не захочаш пісаць…

Ён адказаў з болем у голасе:

— Не пісаць — крычаць хочацца…

Нарыс быў надрукаваны. Называўся ён «Званы ў прадонні азёр». Адзін з лепшых нарысаў Уладзіміра Караткевіча, актуальнасць якога відавочна і сёння.

То быў сапраўды крык збалелай душы.

За «Маладосцю» тады сачыла не адно пільнае вока. Шчыра прызнаюся: многія мясціны нарыса выклікалі ў мяне, як рэдактара, нядобрае прадчуванне. Рука так і ўзнімалася, каб нешта паправіць, выкрасліць, падгладзідь. Але тут жа і апускалася.

Напярэдадні завітаў Уладзімір Караткевіч, папрасіў:

— Стары, вельмі прашу — не праўце. Лепей не друкуйце…

Я разумеў яго: кожнае слова ў нарысе — праўда, набраклая гневам супраць тых, каму абыякавая гісторыя народа, хто не даражыць ягонымі набыткамі.

Што будзе, тое хай будзе!

І ўсё ж адзін грэх я ўзяў на сваю душу: выкрасліў не вельмі вялікі абзац недзе пад самы канец нарыса. Падумаў: можа, Караткевіч і не заўважыць. А што абзац гэты можа выклікаць прычэпкі ў вельмі пільных крытыкаў, я чамусьці не сумняваўся.

Часопіс выйшаў у свет. Ніхто, здаецца, не выказваў незадаволенасці, наадварот: хвалілі нарыс узнёсла за смеласць, праблемнасць, праўдзівасць.

Дзён праз дзесяць, а мо і болей, у дакладзе на ідэалагічнай нарадзе нарыс быў жорстка раскрытыкаваны, а ў якасці аргумента апалітычнасці і ледзь не ідэалагічнай дыверсіі прыведзены той самы абзац, які я выкрасліў.

Нейкая чартаўшчына! Сам жа выкрасліў, а потым яшчэ чытаў нарыс карэктуры, праглядаў, калі падпісваў да друку. Адкуль узяўся той «крамольны» абзац?..

Тым часам, на падставе таго абзаца быў зроблены і зусім не двухсэнсоўны закід у адрас «Маладосці»: дакуль яна будзе дапускаць такія сур’ёзныя памылкі?

Побач са мной на той нарадзе сядзеў малады перспектыўны гісторык. У адказ на закід дакладчыка ў адрас часопіса кінуў злосную рэпліку.

— Судзіць трэба! Аўтару — дзесяць, рэдактару — дзесяць! Перастануць памыляцца.

І хоць часы былі другія, пасля дваццатага з’езда партыі, чуць такое, пагадзіцеся, было не дужа прыемна.

Што было, тое было. 3 песні слова не выкінеш. Сама рэчаіснасць расставіла акцэнты: аўтар стаў славутым пісьменнікам, гісторык — вучоным, рэдактар дажыў да пенсіі, а нарыс жыве, вучыць моладзь любіць свой край, сваю вялікую радзіму, шанаваць працу нашых прапрапрадзедаў.

Ага, дык пра той абзац, выкраслены мной.

Было так. Караткевіч чытаў карэктуру на апошняй стадыі, калі на ёй ужо стаяў мой подпіс. I, вядома, ж, заўважыў, што дарагога яму абзаца няма. Дзяжурыла па нумару Вера Палтаран. Калі Караткевіч звярнуўся да яе з пытаннем, хто выкрасліў абзац, яна адказала, што ён няйначай «выпаў» пры вёрстцы. Месца, каб уставіць яго, было. Уставілі і адаслалі ў набор.

Ніякай чартаўшчыны. А нарыс і па сённяшні дзень выдаецца з тым абзацам.

У старым Доме творчасці — Каралішчавічах — ішоў семінар кінадраматургаў.

Была вясна. Самая камарыная пара. Мы хадзілі пагрызеныя. Палілі кастры, каб адагнаць тых праклятушчых камароў, а ў часе пасяджэнняў бязбожна дымілі цыгарэтамі. Камары толькі пасміхаліся.

Сярод кіраўнікоў семінара былі маскоўскія і вельмі папулярныя на той час кінадраматургі: Фрыд і Дунскі — неразлучныя сябры і аўтары сцэнарыяў. Караткевіч жартаваў, што ёсць адзін кіраўнік, якога можна называць або Фрыд-Дунскі, або Дунскі-Фрыд.

Аднаго разу Уладзімір Караткевіч сказаў:

— Хлопцы, ну, што могуць запомніць пра нашу Беларусь Фрыд-Дунскі або Дунскі-Фрыд? Камароў-крывасмокаў. Дык гэта ж будзе вельмі скажонае ўяўленне аб нашым краі. Давайце зробім добрую справу, пачастуем іх беларускімі грыбамі. Далібог, яны гэтага заслужылі, і магу паспрачацца, што, апрача маскоўскага асфальту і калымскай тундры, яны анічога не бачылі.

На ягоную прапанову адгукнуліся Слава Шмыроў, акцёр і сцэнарыст беларускай кінастудыі, і я. Утрох мы нарэзалі два паўнюсенькія кошыкі маладых смарчкоў і страчкоў. Караткевіч сам узяўся гатаваць іх па адным яму вядомым рэцэпце, адкапаным ім ці то ў бібліятэцы Радзівілаў, ці то ў архіве Сапегі. А каб, часам, тайна рэцэпта не стала вядома мілітарыстам з НАТА, ён прыняў усе меры засцярогі, гэта значыць, выгнаў усіх з кухні, пакінуўшы сабе ў памочнікі кухара Таццяну. З нас жа — Шмырова і мяне — узяў урачыстае слова ні пры якіх абставінах не гаварыць гасцям пра грыбы — патрэбна для эфекту нечаканасць.

Гадзіны праз паўтары са сталовай пацягнулася ў жылы корпус працэсія на чале з Караткевічам. Ён нёс каструлю са смажанымі грыбамі, за ім кухар і афіцыянтка неслі талеркі, відэльцы, чаркі і яшчэ сёе-тое для падмацавання.

— Не праглыніце языкі, бо чуеце, як смачна пахне. Аж няма слоў і таленту, каб перадаць усю непаўторнасць паху вясновых смажаных грыбоў, — папярэдзіў ён нас і пайшоў клікаць гасцей.

Тыя, аднак, захаплення не падзялілі, а нават жахнуліся, што іх паклікалі на грыбы. А важкі, на думку Караткевіча, аргумент, што грыбы гатаваў ён сам, толькі павялічыў страх перад такой нечуванай для вясны стравай.

Спасылаючыся на розныя хваробы і парады ўрачоў, госці далікатна, але і настойліва адмовіліся пакаштаваць смажаныя грыбы, аддаўшы перавагу смажанаму мясу.

Смажаныя грыбы былі сапраўды надзіва смачныя. Бачачы, што з намі нічога дрэннага не здарылася, абодва сцэнарысты неўзабаве адважыліся пакаштаваць і былі вельмі здзіўлены, што грыбы такія смачныя. А Валодзя Караткевіч праслыў сярод масквічоў яшчэ і вялікім гурманам і непераўзыдзеным кухарам.

Пасля гэтага пачаліся ягоныя варыяцыі на кулінарныя тэмы. Можна было падзівіцца, якіх толькі страў не ведаў Караткевіч. І з дзічыны, і з птушак, і з рыб. Часам мне здавалася, што некаторыя стравы Уладзімір Караткевіч выдумвае непасрэдна тут, за сталом: вельмі ўжо выглядалі яны фантастычна. Але ён расказваў пра іх так ярка і праўдзіва, што сумнявацца можна было толькі моўчкі.

А прыгадалася ўсё гэта ў сувязі з тым, што з таго семінара на памяць мне застаўся малюнак, зроблены рукой Уладзіміра Караткевіча.

На заключным пасяджэнні мы сядзелі з ім поруч. Гаворка чамусьці завіравала вакол прывіду атамнай вайны. Можа, перад гэтым глядзелі нейкі зарубежны фільм, а можа, слухалі лекцыю на міжнародную тэму — абстаноўка ў свеце тады была трывожная, вясна 1968 года.

Караткевіч слухаў, маўчаў, хмурыўся. У ягоных руках паявіўся аркуш белай цвёрдай паперы. Прыкрыўшыся левай рукой ад цікаўных вачэй, ён нешта маляваў на тым аркушы. Ужо калі закончылася пасяджэнне, ён аддаў малюнак мне. У сваім пакоі я разгарнуў аркуш паперы. На ім — дзве малпы: адна завісла на суку з галінкай і чатырма лісточкамі і рагоча; другая — стаіць на карачках і злосна паглядае на чалавека ў парванай вопратцы, зняможанага голадам, дарогай і страхам. Чалавек ідзе з горада, які відаць удалечыні. Над горадам стаіць атамны грыб.

Унізе пад малюнкам подпіс: «Вяртанне аблуднага сына».

Вяска. Камары. Сонца. Смарчкі і страчкі. Атамны грыб. Адзінокі на планеце чалавек, які вяртаецца ў сваё пячорнае мінулае.

Жыццё і алегорыя.

Ён быў яшчэ мастак. Адметная рыса выдатнага таленту.

У кіно яму не шанцавала.

Фільм па рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» атрымаў нізкую катэгорыю ды так і застаўся вязнем кіношнай паліцы.

Ён пісаў і напісаў сцэнарый двухсерыйнага фільма пра славутую бітву на Нямізе. Спецыялісты сцэнарый хвалілі, раілі ставіць. З усяго семінара ён сапраўды мог мець зайздросны лёс. У студыйнага начальства і ў Дзяржкіно БССР сцэнарый выклікаў боязь. Як жа, даўніна, гісторыя, Можа быць перакос, калі патрабуецца рабіць фільмы на сучасныя тэмы.

Больш-менш удалай атрымалася экранізацыя аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Фільм атрымаў прыз на фестывалі прыгодніцкага фільма. На жаль, захапіўшыся прыгодамі і знешнімі кінаэфектамі, рэжысёр згубіў сутнасць твора Уладзіміра Караткевіча, зацямніў сэнс і думку. Панесла страты і аповесць «Чорны замак Альшанскі». Нездарма ж Уладзімір Караткевіч неяк паскардзіўся:

— Змарнавана шмат часу. Можа, дарэмна, але кіно зацягвае, як чароўны вір. Ды хацелася паспрабаваць сябе ў кіно.

Шкада, што беларуская кінастудыя так рэдка і не заўсёды плённа звярталася да твораў Уладзіміра Караткевіча. У мяне ўвесь час такое адчуванне, што студыя яшчэ не дарасла да Караткевіча, як і да многіх іншых выдатных пісьменнікаў Беларусі. Таму і «корміцца» адходамі другіх студый.

Ён здаў неяк адразу. І знешне, і ўнутрана.

Яшчэ пісаў, яшчэ быў поўны задум і планаў.

І ўжо ўвачавідку мяняўся: грузнеў, чарсцвеў, чорна хмурыўся.

Над сабой паджартоўваў з’едліва, нават бязлітасна.

А ў вачах жыла, расла нясцерпная туга. Апошнія гадоў пяць — сем мы бачыліся рэдка: на хаду, на бягу.

Бяда была не ў тым, што ён хварэў — усіх нас не абмінаюць хваробы. Ён абсалютна не бярогся.

Была апошняя наша сустрэча. І зноў у сонечны дзень. На беразе Свіслачы, у парку імя Горкага.

Я запыніў яго сам. Не жадаючы таго, пачаў ушчуваць яго, што не беражэцца. На маё здзіўленне, ён слухаў не перапыняючы, а калі я вычарпаў усе аргументы, раптам самотна спытаўся:

— А навошта?..

Угнуўшы плечы, нават не развітаўшыся, ён пайшоў хадою бясконца зморанага чалавека.

Так і стаіць ён у маіх вачах: ідзе па асфальтаванай сцежцы, нібы адыходзіць у другое вымярэнне…

1. Апублікавана — «Літаратура і мастацтва»

Яндекс.Метрика