Барадулін Рыгор

І коскі з месца не зрушу!..

Дасье ні на кога не пісаў. На сяброў тым болей. Таму і ўспаміны не могуць быць датавана-дакладнымі. Дасьетчыкам лацно. Цэлыя кнігі атрымліваюцца.

Усё першае, ранейшае помніцца лепей, чымся пазнейшае. З апрамецця памяці знічкава прахопліваюцца дэталі, эпізоды, нейкія падзеі, нейкія здарэнні. Вясёлае чамусьці само пра сябе нагадвае болей настойліва, падчас нават, хочацца сказаць, нахабіста. Сумнае, бо яно ў перавазе сваёй душэўнае, інтымнае, звычайна саромеецца абазвацца. Пісаць пра сябра, успамінаць пра чалавека, які табе баліць, неяк боязна.

Уладзімір Караткевіч настолькі глыбока ўвайшоў у маю свядомасць, запоўніў мяне з маладых нашых гадоў, аж не верыцца, што рана ці позна ён не прыйдзе, не прыедзе, не пазвоніць, не напіша смяшлівай паштоўкі ці ўрачыста-кеплівага ліста.

Упершыню ўбачыў я здзіўленавокага, нязвыкла даверлівага, амаль па-малечы цыблакаватага і разам з тым мажнога хлопца, у якога нечакана спалучалася вяскова-мястэчкавая беларуская шчырасць з урбаністычнай еўрапейскай шырынёй і ўзважанасцю. Было гэта ўвосень 1955 года на традыцыйнае нарадзе маладых у Каралішчавічах. Першае ўражанне памыляецца рэдка. Такім і застаўся, такім і быў Уладзімір, Сямёнаў сын, — падлеткам, якому хочацца ведаць болей за ўсіх астатніх, таму і ведае, якому, між іншым, рупіць паказаць сваю глыбокую дасведчанасць, сваю касмічную шырыню, таму і паказвае сваю неабачлівую любоў да ўсіх, таму і любіць.

У Каралішчавічах у тую першую нашую сустрэчу далёка заходзілі мы па тады яшчэ ціхай дарозе. Уладзімір здзіўляў мяне і ашаламляў і развагамі і задумамі. Глядзеў я на яго, як тубылец на касманаўта. І трэба быць шчырым, да апошніх дзён заставалася жыць у мне гэтае пачуццё багавейнасці і здзіўлення. Сам Уладзімір ніколі, нічым, ніяк не падкрэсліваў ні перад кім сваёй перавагі, сваёй адметнасці. Яна сама выдавала яго, незвычайнасць Караткевічава. Любіў маштабнасць, любіў гіпербалу. Любіў размах. Потым, калі ўжо не стала крыштальна чыстага пастыра духоўнасці беларускай, калі адчынялі ў Оршы мемарыяльную дошку на вуліцы, якую перайменавалі ў гонар Уладзіміра Караткевіча, любімая сястра Наталля Сямёнаўна паказвала мясціну, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся новы звястун Адраджэння. Паказвала і крынічку, у якую бегаў маленькі Валодзечка мачаць ледзь не цэлую галаву даваеннага цукру. з малечых гадоў цягнула да шырыні жэста, да крыніцы. Метафарычна.

А ў тую першую нашую восень чытаў Уладзімір вершы і балады, якім суджана было стаць хрэстаматыйнымі, анталагічнымі. Пра адну баладу насмеліўся я заўважыць, што дужа нагадвае «Івікавых журавоў». Хацелася ж і мне паказаць, што нешта чытаў, нешта чуў. Чытаў Уладзімір, які настаўнічаў у роднай Оршы, і пераклады з Гейнэ.

I былі пазнейшыя Каралішчавічы, калі мы сядзелі ў лесе аж два месяцы. Уладзімір жыў у левай прыбудоўцы (калі стаць тварам да дома), а я ў правай. Пісаў, як заўсёды, шмат. Чытаў Біблію. Па тых часінах гэта было амаль выклікам не толькі кіруючай і накіроўчай, але і ўсяму грамадству. Пісьменніцкаму найбольш. Бо пісаў жа адзін паэт: «Мая зямля, мая радзіма, чуў прыказку такую я: — Народ без партыі любімай, як гай вясной без салаўя». Цэлы дзень Уладзімір працаваў, а ўвечары збіраліся звычайна ў маім пакойчыку. Кухар, які хваліўся, што гатаваў некалі маршалу Жукаву, выразаў самыя любовыя кавалачкі мясюгі, смажыў, пасля клаў у дзве плыткія талеркі, а талеркі хаваў за халяву афіцэрскіх ботаў. Ішоў да нас на агеньчык. Гэтае закусі хапала пад дзве-тры пляшкі. Часта з ваеннымі ўспамінамі выступаў ІОрый Багушэвіч: … у Эльзы пантофлік гайдаецца на кончыку пальца нагі. … Не хапіла спірту. … У тайзе ён з дамай, яна яму галінкай адганяе камароў з таго месца, адкуль ногі растуць…

Паколькі Багушэвіч ночы праводзіў недзе на ацалелых хутарах, дый днём рэдка сутыкаўся ў сваім вялікім — хоць ваўкоў ганяй — пакоі на першым паверсе, мы з Валодзем прывучылі сучку Джэры спаць на падушцы ў Багушэвіча. Пры гэтым накрывалі яе коўдрай.

Уладзімір хадзіў у унтах. Сабакі, чуючы дух сваіх братоў, на першых часінах брахалі на ногі добрага чалавека, які частаваў іх самым смачным. Пра любімых нашых сабак нават склалі былі вершык: «Сук Дазор і сучка Джэры жралі суп і сок з фужэра». Ці яшчэ такі, парадыруючы заклічную паэзію: «Гэй, да сонца, гэй, да зор, з намі Джэры і Дазор!» Каб пачаставаць сабак, пасля працы часцяком ехалі мы з Уладзімірам у «Мінск», у рэстаран, названы ў гонар сталіцы. Уладзімір заказваў абавязкова куранятка табака, каб костачкі завезці брахлівым любімцам. Здаралася, што швейцары не хацелі пускаць кліента ў унтах і ў шыкоўным світэры (Уладзімір падкрэсліваў, што вязалі яму світэры дамы сэрца). Усё ўладжвала невялікая, па-польску кажучы, лапуўка. Пасля вячэры ў таксі везлі сабакам костачкі.

Часцяком і ўдзень бегалі па трохі заснежанай грудзе ў недалёкі Апчак. У сельскім магазіне было тое, што нас вяло, як партыя да зіхоткіх вяршыняў. Там віселі і кажухі, ды я так і не сабраўся прыдбаць цёплую адзежынку. з малых гадоў памятаў мамін прыгавор: чалавек відаць летам без кароўкі, а зімой без кажушка.

Беглі мы ў Апчак пад прыдуманую амаль дзіцячую гаварынку. «Чак-чак-чак-чак, хлопцы чэшуць у Апчак. Іх чакае ў Апчаку сто чыкушак начэку». Бегаў з намі колькі разоў Пятро Васілеўскі, якога, казалі, любіў слухаць Твардоўскі. Але апошні раз разбіў лоб аб груду, а ў пакоі чакала жонка Галіна, якая прыязджала на сваёй чарговай «Волзе».

Некалькі паходаў ці марш-пабегаў зрабіў з намі Аляксандр Дракахруст, высокі, станісты маёр, сябра Юрыя Багушэвіча па Далёкім Усходзе. У Дракахруста Уладзімір дапытваўся, ці будзе страляць у людзей, калі паступіць загад. Бо аднекуль ведаў пра падзеі ў Новачаркаску. Гэта на Дракахруста паглядала Еўдакія Лось, і часта паўтаралі мы ў лесе: «Ах, немножко б красивей, ах, немножко б моложе, и попала бы я в Дракохрустово ложе». Любіў Уладзімір прыгаворваць: «Пан Чэсь сказаў панчосе: памераемся ў чосе». Тут, у лесе, Вячаслаў Адамчык распачынаў шматпрацяжныя раманы свае. Да гонару ягонага варта сказаць, што, ідучы навыперадкі па колькасці, не збіўся на прозу двух вялікаборцаў.

У Каралішчавічах падоўгу працаваў Аркадзь Куляшоў. Пры ім, мяркую, па абавязку службы на кінастудыі і на асноўнай быў і коласазнаўца. Апошняму было дадзена заданне канкрэтна ад дырэктара выдавецтва Матузава зарэзаць «Каласы пад сярпом тваім». Праўда, закрытую рэцэнзію напісаў памерам ледзь не з быкаўскую аповесць, але да пераразання жылаў твора не дайшоў. З імі па вечарах гуляла ў прэферанс маці Уладзіміра Надзея Васільеўна.

І пад час збірання нашага ў «Мінск» Уладзімір па-гаспадарску журботна паведаміў, што маці прайграла аж тры рублі. А паездка нашая ў Мінск і ў «Мінск» у два бакі з вячэраю і абавязковымі костачкамі сабакам каштавала куды болей.

Пра Надзею Васільеўну трэба пісаць асобную кнігу. Выпускніца гімназіі, прыроджана панавітая і тонкая ў веданні людзей, яна была рэхам, адгалоссем былое годнасці і велічы старадаўняга беларускага роду. Яна была нейкім чынам прататыпам інтэлектуальна-велічных натур у творах сына. Недзе ў 60-я гады Павел Кабзарэўскі прывёз мне з Пецярбурга (тады Ленінграда) фотакартку свайго здымання Анны Ахматавай. Я быў уражаны, так бы мовіць двайніковасцю. Шляхетнасць. Вялікасвецкасць. I вонкавае падабенства.

Надзея Васільеўна гаварыла ціха. I нават маўчанне яе было красамоўнае. Адным словам, магла ацаніць і ўцаніць, запрасіць і загадаць, вылучыць і паставіць на месца. Любога. Перад Надзеяй Васільеўнай і ў сталым узросце пачуваў сябе кожны дзіцём. Як перад маці.

з усмешкай распавядала, як Антон Алешка прыйшоў да яе, каб дапамагла перакласці на французскую мову каманды паветранага бою. (Алешка пісаў пра вайну, пра лётчыкаў у згодзе з патрабаваннямі часу.) У Марыінскай гімназіі французскую мову вучылі зусім з іншым ухілам. Нармальна.

Любіла Надзея Васільеўна дарагія, тонкага густу рэчы, фамільныя рэліквіі. Гэта і сыну перадалося. Пра рэвалюцыю, пра паслярэвалюцыйную мітусню казала з ноткамі ўсмешкі. Паказвала білет на права перайсці праз мост. Ён каштаваў звыш двух мільёнаў. Эмансіпаваныя дамы (папярэдніцы сённяшніх валютных) надзявалі гадзіннік на нагу. Гэта азначала, што плата пагадзінная. I нікому я гэтак не баяўся трапляцца на вочы дужа вясёлым, як Надзеі Васільеўне. Удвух з Уладзімірам пабойваліся мы і маладзейшага за нас Зянона Пазняка, які ганяў нас за злоўжыванне аквавіты, ці за ўжыванне зла. Тут да слова прыйшлося падзякаваць Зянону за фотаздымак, які ён зрабіў у мяне дома, калі перавыхоўваў нас з Уладзімірам. Гэта на здымку найадменнага майстэрства (талент Пазняка шматбаковы) мама мая трымае маленькую Ілонку. Вадзіў я сваю Ілонку да Уладзіміра, і чула мая маленькая дачушка добрыя словы на дарогу ў жыцці ад Надзеі Васільеўны, ад дзядзькі Валодзі, нават аўтографамі ў школе хвалілася.

Уладзімір любіў маці, ганарыўся ёю. Быў уважлівы і чулы, але без цялячасці, якой хварэлі мы пасля застолля.

Было, што пілі ў нас дома. Адыходзячы, ці, можа, дакладней сказаць, адплываючы, Уладзімір тоненькім голасам (не раўнуючы як той воўк з казкі, якому каваль адцягнуў язык на тоненькую лісціначку, на дрыготкую шапаціначку) папрасіў: «Ці няма ў вас маленькае мензурачкі. Я хачу маме шампанскага занесці».

А мяне зноў, як ваўка таго, цягне ў лес. У лес каралішчавіцкі. Гэта, калі мы з магілёўскае шашы, прыбіўшы мляваватыя ногі па выбітай дарозе, уваходзілі ў значэлы галінашумны змрок з рэдкімі зоркамі недзе ўгары, Уладзімір паўтараў: «Уехаў у лес, як у кажух улез». У залежнасці ад наяўнасці ў нашых кішэнях мы то пешака часалі, то ехалі. Калі чым. Запомніўся адзін эпізод нашае езданіны. Злавілі таксі. Запас пры нас. Настрой вясёлы. Уладзімір пачынае казаць пра свой радавод. Шмат што мне ўжо вядома па ранейшых прыгадках сябра. У салодкай дрымоце слухаю. Раптам Уладзімір паведамляе:

— Заснавальнік Дому Раманавых, Іван Кабыла, быў конюхам у майго дзеда…

Па інерцыі нясмела, а болей млява спрабую запярэчыць, што ў 1913 годзе адзначалася 300-годдзе Дому Раманавых. Колькі ж тады гадоў дзеду магло б быць? Уладзімір, як і заўсёды, хутка загарэўся ў сваім гневе праз маю нязгоду:

— Ну, не дзед, а прадзед! А ты наогул гісторыю не ведаеш…

Пярэчыць супраць апошняга аргумента не было як. Я ж выпускнік БДУ імя У.I.Леніна, дзе на філфаку выкладалі толькі гісторыю КПСС. Праўда, на семінарскіх занятках ледзь да інфаркту не давёў партдаму, калі запытаўся, які ўхіл лепшы, правы ці левы.

Болей Уладзімір ніколі пра Івана Кабылу не ўспамінаў. Затое ставіў я яго ў тупік пытаннем, дзе ён нарадзіўся. Пачынаў прыкладна так:

— Калі ўзяць ніжняе Падняпроўе і верхняе Падняпроўе, калі да паўстання Кастуся Каліноўскага, калі ўзяць Панямонне, Віленшчыну…

I калі я напамінаў Уладзіміру пра Оршу, ён адмахліва казаў, што гэта пашпартны заліс. Адчуваў сябе сынам усяе Беларусі, народжаным з-пад сэрца яе.

Далей у каралішчавіцкі лес, болей прыпамінаў. Рэйсавым аўтобусам, відаць, апошнім, даязджаем да памянёнай павароткі. Далей трэба пехатой. Цяжкавата. Цёмна. Ды нечакана нашую ціхую самоту разбудзіў трактар з прычэпам. Галасуем. Сядаем у жывое цуда часоў калектывізацыі. У нас дзве авоські чацвяртушак (Уладзімір, бывала, казаў «чвырка»), за дзве трактарыст ахвотна згадзіўся давезці да мастка, адкуль асфальтаваная дарожка вяла ў будынак Дома творчасці. Нам трактар, а трактарысту нас сам Гасподзь паслаў. Едзем. Пад’ехалі да самага мастка. Тут я прапаноўваю, каб трактарыст, яшчэ за дзве чацвяртушкі, аб’ехаў два разы вакол Дома творчасці. Трактарыст згадзіўся і за адну пляшачку, як называлі мы, няпоўнагадовую, аб’ехаць хоць пяць разоў. Тут варта растлумачыць, што ўся загваздка была ў тым нечуваным грукаце матора трактара. Дый было ўжо недзе пасля дванаццаці гадзін ночы. Добра, што Уладзімір праявіў пільнасць — адгаварыў трактарыста і мяне ад крамолы парушыць спакой класікаў. У нас пуцёўка была на два месяцы. Выселілі б нас з трэскатам, не цішэйшым за трактар. Не сцярпелі б ні Куляшоў, ні коласазнаўца.

А масток гэны, можна смела сказаць, гістарычны. Уладзімір пісаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Была дамова з кінастудыяй, якая толькі называлася «Беларусьфільм», бо працавала на адходах, ці, дакладней, на отбросах маскоўскіх халтурмайстраў. Да Караткевіча прыехаў ягоны сябра Анатоль Забалоцкі. з сібірскіх беларусаў. Сяло, дзе нарадзіўся ён, затапілі, калі разлівалі так званае рукатворнае мора. Камуністы, выклікаўшы на сацыялістычнае спаборніцтва Усявышняга, недзе на шасцідзесяты год шайтанскае ўлады свет парадкавалі. Гэта Забалоцкі пасля рабіў «Каліну чырвоную». А Караткевіча болей за ўсё ўразіў акрамя майстэрства аператара тым, што аб галаву разбіваў бутэлькі з-пад «Савецкага шампанскага». Хто быў мацнейшы, ці савецкае, ці галава, мне Уладзімір ні разу не патлумачыў. Прыехаўшы да Караткевіча ўранні, не зусім упэўнена падаўся Забалоцкі недзе з паўдня. Назаўтра раніцой іду я з нашымі сабакамі. Дазор пачынае нюхаць і грэбці лапамі ў канаўцы каля самага мастка. Пачынаюць вызваляцца з-пад снегу паперы. Знаёмы почырк. Гэта Караткевіч даў Забалоцкаму сцэнарны план і накіды будучага рамана, каб завёз машыністцы перадрукаваць. Як і світэры, дамы сэрца рабілі Уладзіміру перадрук. Нават перадрукоўвалі зборнікі тады забароненага Мікалая Гумілёва.

Гусі ўратавалі Рым. Ваўчыца сасіла Ромула і Рэма. Каралішчавіцкі сабака Дазор уратаваў славуты раман Уладзіміра Караткевіча. І павінен застацца ў гісторыі нашага прыўкраснага пісьменства. Напамінаю, звалі сабаку Дазор.

Дазор спаў у мяне ў пакоі. Уночы даводзілася ўставаць і выпускаць. Застудзіўся я, захварэў. I мяне лячыў Уладзімір. Зноў жа з Мінска прывёз каньяк і лімон. Дапамагло. Хутчэй за ўсё значэнне ў лекаванні мела доза. А наогул у маім пакоі стаяла нашае агульнае тое зелле, што робіць вяселле. Шмат хто забягаў перад сняданнем, бальшыня заходзіла вечарам.

I яшчэ два месяцы быў я разам з Уладзімірам Караткевічам. І было гэта ва Уладзівастоку. А пачаўся наш ваяж і проста і вясёла. Сядзелі мы ўтрох у мяне на кватэры па вуліцы Бялінскага. Калі бутэлькі на стале можна было падстаўляць ветру, каб свістаў, сумна пачалі разважаць, што хочацца паездзіць, свету пабачыць. Мне цюкнула ў галаву пазваніць генералу Аляксееву, які ўзначальваў ваенна-шэфскую камісію пры Саюзе пісьменнікаў. Генерал любіў літаратуру, сам пісаў прозу. Дужа стараўся выбіць як мага болей значкоў за культурнае шэфства над арміяй. Было гэтых значкоў, здаецца, тры ступені. I калі неяк уручалі гэтыя значкі, Іван Шамякін з крыўдай у голасе заўважыў, што не мае яшчэ такога значка. Праз колькі дзён меў. Цацкі сунімаюць слёзы не толькі ў немаўлятак.

I пазваніў я генералу Аляксееву, каб паслаў ён нас на стажыроўку ў якую-небудзь вайсковую газету. Нас — гэта Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Кляўко і мяне. У добрым настроі мы прасіліся паслаць як можна далей. Генерал адказаў, што далей Уладзівастока паслаць не можа. Тэлефонная просьба да генерала была глыбокай восенню, амаль зазімкам 1964 года. Дні шлі. Пра размову мы забыліся. Настала вясна. Уладзімір сабраўся ехаць да любімага дзядзькі ў Рагачоў, дзе, у асноўным, і пісаліся «Каласы пад сярпом тваім». Я навастрыўся да мамы ў Вушачу. I тут прыходзяць позвы ў ваенкамат усім тром. Задобрыўшы добрай чаркай, паслалі на праведзіны ў ваенкамат Кляўко. Хай усё разведае і скажа, што нас няма. I калі наш пасланец з’явіўся ў ваенкамат (на ваеннай кафедры нашых выкладчыкаў прыводзіла ў шаленства слова «з’явіўся», — «является только Христос народу, — крычалі яны завучаны салдаціста-савецкі жарт, — а курсант должен докладывать: «Прибыл!»), там і аб’явілі, што камандзіруецца на Далёкі Усход, у горад Уладзівасток для стажыроўкі ў акруговай газеце. Тут жа дадалі, каб перадаў гэта Караткевічу і Барадуліну. А ў нашага выратоўцы было, як цяпер пішуць у дэтэктыўнай літаратуры, алібі, што нас няма ў Мінску, што мы хворыя і гэтак далей. Ды ў ваенкамаце амаль паўтарылі фразу з прыблатнёнага раманса: «Шутки морские — жестокие шутки».

I былі мы 1 жніўня 1965 года ва Уладзівастоку. Прылёт свой адзначалі ў рэстаране морвакзала. Ледзьве ўбіліся за нейкі столік сесці. з намі з Масквы ляцеў берагавы маёр Валерый Зайцаў, ён жа пісаў вершы пад псеўданімам Рында. Маёр і дапамог убіцца ў рэстаран. Якраз у гэтыя дні вярнулася кітабойная флатылія. I таму ўвесь Уладзівасток працаваў на прыём кітабойцаў, дапамагалі ўсе як маглі пазбавіцца маракам ад пуцінных грошай. Асабліва стараліся так званыя «нявесты». Самы шык — мужчынскія каляровыя беспамерныя шкарпэткі і газавая касыначка. «Нявесты» за газавую касыначку вечар сядзелі з маракамі ў рэстаране. Але атмасферу ўсеагульнага ўздыму ў рэстаране лепей за ўсё паказаў Уладзімір у пачатку сваёй «Чазеніі». Гэта быў першы твор, на які адгукнуліся мяхамі лістоў падзякі і захаплення з усіх куткоў Саюза. Дапамагла руская мова. Мы з Кляўко па-журналісцку стараліся нешта злавіць у запісныя кніжкі, вывучалі жыццё, а Караткевіч пад час нашых паездак па Прымор’і толькі не выпускаў з рота цыгарэту, абавязкова чытаў нейкую кніжку і як бы драмаў. А пасля мы ахнулі, што ён убачыў і як, галоўнае, убачыў. Праўда, шмат пісаў лістоў. Тросся над чыстай паперай і атрамантам да скупечага. На нейкі тыдзень з кайстраю за плячыма некуды знік. Вярнуўся, казаў пра Кедравую падзь, пра запаведнік. Нам прывёз у падарунак кедравых шышак. А пасля ўсім пра гэта распавёў у «Чазеніі». Як заўсёды, фантазія бушавала і тут вышэй за дзевяцібальны шторм. А некалі ж Крапіва параіў яму біць камяні на дарозе, а не займацца літаратурай.

У рэдакцыі газеты «Боевая вахта» было дужа няўтульна і нам, і з намі. Усе ў форме, ад апраткі да мыслення, а мы разгільдзяі ў цывільным, дый думкі не па статуту ў нас.

Мы з Кляўко стараліся пры любой нагодзе куды-небудзь збегчы. Уладзімір дысцыплінавана хадзіў на працу, выгароджваў нас перад начальствам, прыдумляў прычыны нашае адсутнасці. Праўда, быў пакрыўджаны, што нам па заканчэнню праходжання стажыроўкі далі па зорачцы на магчымыя пагоны, а яму — не. Бо казаў усё, пра што лепей было не казаць, бо казаў, што зрабіў і што зрабіць наважыўся. А гэта выклікала палітычны гнеў і звычайную салдафонскую зайздрасць. Ну, як, напрыклад, мог трываць галоўны рэдактар, які вёз нас «представить» адміралу (сустрэча не адбылася, бо не ў форме нас нельга было прымаць, а нам у нашым становішчы належала толькі карабельная форма, невыходная), а Уладзімір, сур’ёзна заклапочаны, пытаўся ў яго, як бы гэта купіць вайсковы «газік», каб на ім ездзіць па Беларусі.

Тут дарэчы будзе ўспомніць, як мы прымяралі форму «б/у второй категории». Павялі нас трох на склады. Сталі падбіраць. з фуражкамі лёгкі клопат быў. А вось з кіцелямі — пакуты. Уладзіміру падышоў-такі кіцель з некалькіх прымерак. Мне шукалі даўжэй. А абмундзіроўка была сырая, зляжалая, практычна збуцвелая. Уся бяда была ў тым, што Караткевіч і я былі ў званні малодшых лейтэнантаў. Кляўко — лейтэнант, а жыватамі мы цягнулі як не да адміралаў (быў такі ў савецкім флоце камандуючы, які не ўлазіў у падводную лодку з-за чэрава). Лічы, уся служба складоў збеглася паглядзець на бясплатны канцэрт. I вось вымаклы ад натугі Кляўко ўспёр на сябе кіцель, зашпіліўся, уздыхнуў: «Ну, нарэшце!» — і ўсе гузікі зрыкашэцілі долу. Танкашыі Караткевіч выглядаў у кіцелі, што падбіраўся на жываце, ну не раўнуючы як цяля ў валовым хамуце. Адразу ж пайшлі сфатаграфавацца. На фота зусім спакойна глядзеліся мы ў фуражках і кіцелях. Гэта калі ад’язджалі пасля двух месяцаў стажыроўкі, то кожны з нас мог захінуць крыссі недзе за спіной.

Няўтульна з намі было і ў інтэрнаце падводнікаў. У суседнім пакойчыку пасяліўся класічны адстаўнік аднекуль з Украіны. Паказваў характарыстыку з нейкага прадпрыемства, замусоленую, як салёны агурок пры закусцы, дзе казалася, што таварыш маральна ўстойлівы. Калі мы адыходзілі на службу, наш супакойнік заставаўся дома і цадзіў свае бутэлечкі, лежачы ў ложку. Аднаго разу прыходжу да сябе ў пакой, а адстаўніка распірае, як дуб ад раптоўнага веснавога соку, ад гневу праведнага. Не можа зразумець, як такога карэспандэнта, як Караткевіч, маглі ўзяць у ваенную газету. Заўтра ж ён пойдзе да камандуючага акругі. Пачаў далікатна выпытваць. Дапамог нават яму галаву мыць — паліваў на рэшткі былой чупрыны з чайніка цёплай вадой. А выходзіць, што Уладзімір, пакуль нас не было, паспеў выкласці адстаўніку гісторыю нэнькі Украіны ў антымарксісцкай, антыбальшавіцкай трактоўцы, такой, як яна была і ёсць. Давялося акрамя дапамогі пры мыцці галавы здабываць недзе пляшку і няхітрую закусь. Ледзьве атушыў вулкан савецкага патрыятызму.

Баявых афіцэраў, якія жылі ў інтэрнаце, шакіраваў Уладзімір, калі раніцой, уключыўшы ледзяны душ, зычным густым голасам спяваў то італьянскія, то духоўныя песні, дзе гучалі словы «Бог, цвярдыня мая» і шмат кавалкаў з Бібліі (цяпер, калі чытаў Вечную Кнігу, успамінаў я спевы-цытаванні). Спевы былі сапраўдныя, а вось з ледзяным душам Уладзімір крыху хітрыў: стаяў збоку. Афіцэрам было ўжо ад аднаго ўпамінання Усявышняга зябка. А наогул з афіцэрамі жылі мы дружна. Як мелі чым, частаваліся. Звычайна ў сталоўцы на дэсерт давалі кампот па-флоцку. Прыходзіць неяк на абед нашая тройца. У афіцэраў, суседзяў па пакоі, свята — недзе расстараліся спірту. Ну і нам налілі ў «люміневыя» конаўкі. Мы з Уладзімірам развялі вадой, выпілі, смакуючы. Кляўко, як жох, удыхнуў паветра, уліў у горла спірт і нявогляддзю схапіў кубак з дэсертам. Сербануў і зароў на ўсю сталоўку падводнікаў. Партыйныя ды камсамольскія лідэры пачалі абурацца, вечна гэтыя цывільныя выкідваюць конікаў. А вінаваты быў не наш сябар, а змена ў традыцыйным меню — замест кампоту па-флоцку далі гарачы кісель. Плевачка не давала астыць напою, апетаму ў фальклоры. I выйшла, як тушэнне ляснога пажару — агонь агнём.

I дома, і ва Уладзівастоку, калі бывалі грошы на рэстаран, стараўся я заказваць салянку, каб абавязкова з маслінамі. Па традыцыі з яшчэ некранутай лыжкай міскі выкладваў я масліны ў міскі Уладзіміру і Генадзю. I пачыналася вясёлая размова. Кожны раз. Уладзімір казаў, што са мной усё зразумела, маслінаў не прызнаю, бо радаводу простага, з сялян ці з рабочых, як пісаць загадвалі савецкія анкеты. Але хто ж усё-ткі быў панавіты ў Кляўковым родзе? Генадзь загадкава змоўчваў, старанна закусваючы. Даваў Уладзіміру палатунак на роздум, на яшчэ адзін напамінак пра сваю шляхетнасць. Мне, праўда, прызнаўся. У магазіне каля студэнцкага інтэрната былі толькі масліны. І давялося прывыкнуць закусваць маслінамі, мучыцца.

Праз Уладзіміра, а дакладней, праз сваю цікаўнасць засталіся мы неяк без вячэры. На дзікім пляжы пазнаёміўся Уладзімір з боскай прыгажосці, як часта казаў не раз, карэянкай. Уладзімір і сапраўды быў у вадзе, як рыба. Мы толькі любаваліся з Генадзем, як грэлі яны і без таго цёплую ваду. Неадмыты ад салёнай вады Уладзімір, на зайздрасць нам, паведаміў, што карэянка прызначыла спатканне. Пад вечар і мы ўвязаліся за Уладзімірам, каб хоць здалёку паглядзець на ўсходнюю красу. А давялося ўбачыць заход сонца. Гэта таксама прыгожае відовішча, але яно не замяніла нам вячэры. Карэянка не прыйшла. Ішлі мы пешкі да інтэрната падводнікаў, бо не мелі на трамвай, а зайцамі ехаць гонар не дазваляў. Пасля і ў Мінску, і на Рыжскім узмор’і ў добрым настроі мурлыкаў Уладзімір: «Купались две форели, и с ними был форел, форели постарели, форел не постарел».

Уладзівасток наогул здзіўляў, захапляў, ашарашваў, агарошваў. Што б ні збіраліся рабіць — ехаць, ісці, піць спірт ці «чорную хмару» (гарэлку ў 45 градусаў так празвалі за змрочную этыкетку), прыгаворвалі адно: «Вперед до Кенигсберга!» Гэта ва Уладзівастоку маленькая плача, а бацька грозіцца: «Не плач, бо аддам міліцыянеру». Малая тут жа пытаецца: «А дзе яна?» Міліцыянерамі у форме былі звычайна жанчыны. Бо і п’яныя ў тумане кітабоі не будуць біцца з дамай. Выхаванне не дазволіць. Праўда, і міліцыянеры мужчыны там іншыя. Захацелася мне неяк апоўначы пакупацца на дзікім пляжы. Я ўжо на беразе мокры і цёпленькі, але набраўся нахабнасці папрасіць чалавека ў форме павартаваць мае штаны, бо яны ў мяне апошнія, ды яшчэ прапяяў яму ўшацкую весялушку: «Ой, дзяўчаткі, Бог із вамі, здзену штаны, лягу з вамі, здзену штаны і сарочку, лягу з вамі на ўсю ночку». Згадзіўся папільнаваць, адно папярэдзіў, каб не бавіўся. Гэта ва Уладзівастоку на загад адчыніць працвярэзнікі быў сапраўды з адчыненымі дзвярыма пакойчык на два ложкі. Як не сямейны пакой. Туды заходзілі пахаладацца ў спёку здарожаныя, хто яшчэ сам мог ісці. Бо ў дні, калі вярталіся флатыліі, палову горада ні ў які працвярэзнік не ўтаўчэш. Гэта ва Уладзівастоку ідзе трамвай, на рэйках ляжыць стомлены гараджанін, трамвай спыняецца, выходзіць трамвайшчык і ездакі, асцярожна бяруць за рукі, за ногі соннага і нясуць на лавачку, каб выспаўся. А раніцай на тратуары ляжыць уладзівастоцкая «нявеста», а ад яе бяруць разгон цёплыя ручаінкі (дужа любімае слова ў нашай паэзіі 60-х гадоў). У кавярні «Льдинка» раніцай выбітыя шыбіны ў дзвярах замяняюць фанераю. Вечарам швейцар пад аховай міліцыянера прадае гарэлку па цане, якая яму падабаецца. А як рамантычна гучаць мянушкі забягайлавак: «Цешчын язык», «Там, дзе заканчваецца асфальт», «Шэрая кабыла», «Крываручка» (апошняя ў гонар прапаршчыка-ўкраінца). Гэта ва Уладзівастоку Караткевіч пачуў, як пісалася партыйная характарыстыка афіцэру: «В пьянке замечен не был, но по утрам подозрительно много пил холодной воды».

Часта пасля паўтараў раніцай у Мінску, смагла каўтаючы халодную, тады яшчэ нехларыраваную ваду.

Доўга абяцалі ўзяць нас на баявыя караблі, якія стаяць поплеч, ці вобач, з караблямі шостага амерыканскага флоту, але так і не ўзялі. Адзінае, што ўдалося нам, — трапіць на прыём да Чарнышова — партыйнага гаспадара краю, былога партызанскага кіраўніка ў Беларусі. з яго ласкі далі нам машыну, на якой мы і накруцілі некалькі тысяч кіламетраў па таежных дарогах, калі іх можна назваць дарогамі. Сапраўды, старцу вярста не круг. Цецюхе. Кавалерава. Чугуеўка. з намі ездзіў і дужа ж сімпатычны аператар з уладзівастоцкай тэлестудыі Віктар Пятровіч Кузняцоў, Герой Савецкага Саюза. I цяпер не разумею, як гэта мы пераходзілі па мокрай і круглястай жэрдачцы праз крутую таежную рачулку. Караткевіч яшчэ ўзяўся пераносіць «Конвас». Мы ўсе былі ў тумане, і ўсё было ў тумане. У Чугуеўцы выступалі ў рэдакцыі. Была і позняя вячэра. Уладзімір і тут па традыцыі закахаўся ў тубыльную журналістачку. Не абышлося без цалавання рончкі (падкрэсліваў гэтае слова рамантык), без укленчвання і абяцання шмат чаго.

А ўсё-такі, відаць, самай вясёлай была паездка нашая на паўвостраў Пуцяцін. У звечарэлым наўколлі нагадваў ён здалёку адзін з вобразаў Чурлёніса. Ужо адно гэтае ўражвала Уладзіміра. Прыехалі, а дакладней прыплылі, адразу ў гатэль. А там з нас толькі пасмяяліся. Сядзім разгубленыя. I тут нейкі кудлач нясе за клюшню, як за ручку ад штурвала, непамерна вялізнага краба. Уладзімір пасля, калі распавядаў каму, паказваў на сваю руку, а то і на дзве разам складзеныя, у залежнасці ад адпаведнага настрою. Ну, натуральна, ахнуў я ад здзіўлення, чым і здзівіў кудлача. Запытаўся, ці я крабаў не бачыў і адкуль тады, калі дзівіць мяне звычайны ягонаму воку краб. Разам пачалі адказваць, сказалі, што на стажыроўцы мы, што начаваць няма дзе, а назад ва Уладзівасток толькі праз дзень можна будзе трапіць. Расчулілі мы хлопца. I апынуліся на малым рыбалавецкім сейнеры, ці на МРС, бо абрэвіятуры даскакалі «от Москвы до самых до окраин», і зусім нармальным чыталася на картах паметка «Морзверь».

Пераначавалі на сейнеры. Раніцай дапамагалі лавіць рыбу. Асабліва шмат лавілася мінтая. Белацелая моцная рыба. Японцы з яе рабілі самыя вытанчаныя прысмакі, а ў краіне перамогшага сацыялізму мінтай ішоў на муку ўгнаення. Але болей балюча ўражвала распавяданне пра тое, як з галоў маладых чаек варыцца суп. На сейнеры знайшлося што закусіць і без галоў чаек. I ў самы разгон нашага зыбкага застолля прыплыў капітан з суседняга сейнера. Ён, выходзіць, бачыў нас па тэлевізары (быў такі грэх, хацелі зарабіць на якую бутэльку) і дужа ўзрадаваўся. Маці ягоная, калі памірала, наказвала: «Глядзі на Захад, там Беларусь, там твая радзіма». У пачастунак прывёз нам зямляк паўмісак крабаў, засмажаных у масле. Застолле набыло, як кажуць у спорце, другое дыханне.

Настрой застольцаў набываў штармавы характар. Ага, дык вы — пісьменнікі? I пачалося раскрыццё душ. Выходзіла, што меней як 10 гадоў ніхто з каманды не сядзеў. Адзін член экіпажа, ліючы слёзы расчулення, паўтараючы, што любіць капітана сейнера, усё ж прысягаў, што зарэжа яго. Памочнік капітана, плачучы цвярозымі слязьмі, прасіў у Караткевіча, каб напісаў маці пісьмо, бо сам памочнік ужо сёмы год збіраецца напісаць, але так і не сабраўся. Уладзімір слухаў уважліва і спагадліва, як умеў толькі ён, і абяцаў напісаць пісьмо і ўсё растлумачыць. Нехта даводзіў на поўным сур’ёзе, як цяжка трапіць у Еўропу. У далёкаўсходаўцаў усё, што за Уралам, Еўропа. Гэта ў нас дасюль спрэчкі, як нам увайсці ў Еўропу. Дык, значыць, двойчы спрабаваў пакутнік трапіць у Еўропу, на радзіму. Першы раз сеў у цягнік ва Уладзівастоку, узяў з сабой 200 тысяч (курс 1965 года), дзве скрынкі гарэлкі і тры скрынкі піва. Прачнуўся ў Хабараўску — ні рубля, ні бутэлькі. Пуста. Даў тэлеграму Пецьку і Ваньку — прыслалі грошы, вярнуўся «во Владик». Праз год зноў паспрабаваў у адпачынак з’ездзіць на радзіму. На гэты раз узяў 150 тысяч, скрынку гарэлкі і дзве скрынкі піва. І зноў усё паўтарылася, як і ў першы раз. з роспаччу ў голасе рыбак закончыў распавяданне: «Не, у Еўропу трапіць немагчыма…».

Мне запомнілася неба над галавой у збянтэжаных зорках, бо, загнаўшы мяне ў трум, рыбак-паэт чытаў мне свае вершы, прытым казаў, колькі разоў і дзе сядзеў ён, «срок тянул». Як зацугляны конь, касіўся я поглядам ды хваліў паэта.

Неўпрыцям нарастаў нейкі бунт. Пітво скончылася. I падаліся мы з Кляўком шукаць прадаўшчыцу. Знайшлі ў нейкім бараку. Упіралася. У ноч ісці не хацела. Угаварылі. Апошняе яе ратаванне было: у магазіне толькі віно. І на віно згадзіліся. Прынеслі на сейнер. Патушылі пажар, які ўжо займаўся. Караткевіч працаваў зампалітам. Гэта быў рэдкі выпадак, калі пераканана беспартыйны вёў палітмасавае выхаванне. I калі вярнуліся ў інтэрнат, доўга яшчэ нас гайдала ў сне, здавалася, начуем на сейнеры. з нашае навігацыі прывезлі мы шмат ракавак і пачалі іх чысціць на сувеніры. Уладзімір ужо ў Мінску любіў прыкласці ракаўку да вуха і слухаць, як мора шуміць. Дык, чысцячы ракаўкі, гэтым як бы мясам перакармілі любімца нашага, сібірскага катка Васька. Ледзь выжыў Васёк. Уладзімір марыў яго прывезці дадому, з запалам апісваў, як возяць катоў і сабак у свеце, што запяты ад нас жалезнай заслонай.

Дадому вярталіся мы да сумнага вясёла. Білеты бясплатныя. А на 12 сутак дарогі ў нас выйшла па рублю на душу. Гэта выявілася, калі раніцой прачнуліся ў вагоне. Уладзімір думаў, што дасць тэлеграму ў дарозе і на Байкале сустрэне калегу па Вышэйшых літаратурных курсах, я вырашыў тэлеграфаваць дадому, каб на станцыі, дзе даўжэй стаіць цягнік, атрымаць прывітанне ад жонкі. Ды з добрых намераў нічога не атрымалася. Сама болей цягнік, бо лічыўся скорым, стаяў 15 хвілін. Гэта, можа, і вялікі час для вопытных рэзідэнтаў, а наш разгон — нічога. З намі ў вагоне ехаў салдат на пабыўку ў Еўропу. Адной толькі чырвонай рыбы вёз як не мех, бо маці працавала дырэктаркай рэстарана «Уладзівасток». Перад ад’ездам з раніцы займалі мы чаргу па нейкія рыбныя гасцінцы. Хоць уладзівастокцы яшчэ помнілі, як на плошчах стаялі чаны з варанымі крабамі, як чорнай ікрой кітавалі вокны. Дужа добра трымала шыбы чорная ікра. I, як на тое ліха, за нашым вагонам быў вагон-рэстаран. Усе ішлі ў рэстаран і з рэстарана. А мы сядзелі і глядзелі. На прыпынках выбягалі купіць бульбы варанай ды калі-нікалі малака. Бабкі хітра намазвалі бульбу алеем ці маслам, і некалькі дзён таму звараная на пагляд здавалася толькі адцэджанай і на патэльні падрумяненай. Ужо ў вагоне бачылі, што купілі, ды цягнік ішоў. І меў я ўсеагульнае ганьбаванне ад калектыву, бо на нейкай станцыйцы з’еў суп капеек за сорак. I цяпер і нялоўка, і смешнавата. А з суседняга купэ палкоўнік запасу ўсё цікавіўся, хто мы. Караткевічу карцела сказаць, што мы пісьменнікі. Ды мы з Кляўком забаранілі яму прызнавацца. Бедныя. Галодныя. Палкоўніку з таямнічай важнасцю растлумачыў я, што не маем права выдаваць ваенную тайну. Ён зразумеў ці зрабіў выгляд, што разумее. Адзіную раскошу маглі мы дазволіць сабе — карты. Гулялі ў дурня. I, калі змахляваўшы, далі Уладзіміру дурня з пагонамі, спадчынны арыстакрат не мог перанесці абразу. Некалькі дзён з намі не гаварыў. Яўна бачыў, што ашукалі.

Дарогі. Яны разводзяць і зводзяць, чужыняць і родняць. Дарогі з Уладзімірам Караткевічам роднілі, зводзілі. Дарогі прыводзілі Уладзіміра на ўшацкую зямлю, дзе помняць яго дасюль, дзе яго любяць і шануюць. Ушаччына дала Уладзіміру і спадарожніцу ў жыцці. Гэта з Валянцінай Браніславаўнай часцяком бываў ён у навуковых экспедыцыях на зямлі Васіля Быкава. Бываў і па кіношных клопатах, і проста так, з-за любові да нашага краю. Вяртаюся з Ваўчэнскага возера. Мама кажа, што ў нас госці. Пад бэзавымі кустамі, вываліўшы самавітыя жываты з маек, спяць два віцязі. Уладзімір Караткевіч і Еранім Стулпан. Стаміліся, адолеўшы 200 кіламетраў пыльнай, летняй дарогі ў дабітым аўтобусе, а яшчэ Уладзімір у аўтобусе прачытаў лекцыю на тэму беларускасці нейкім дзяўчаткам-ветрадуечкам. Маме было прыемна ўспомніць латышскія стравы і пачаставаць Ераніма, а Валодзечку (так ласкава называла любімца) клёцкамі з душамі.

У адзін з прыездаў Уладзіміра ў Вушачу была наладжана бяседа па-ўшацку, высокі госць пачаў лавіць акунёў, як у нас кажуць. Тады мая крэўніца Марыя Рыгораўна папрасіла: «Дайце відэльцы, каб падперці вочы гэтаму пану». I хадзілі мы з гэным панам у грыбы. Мама дала нам з сабой славутай бражкі, якую мінскія цмакуны-смакуны прымалі за сухое віно, адпаведна бутэльцы, у якую ўліта была. Халадзілі мы яе ў Быковым ручаі, а потым згубіліся ў лесе каля Вечалля, толькі праспаўшыся на пасцелях імшаных, знайшлі адзін аднаго. Упадабаў Уладзімір мясціну, дзе некалі пасвіла кароў латышачка Кулінка, мясціну, якая завецца Андрэеўшчына. Як бы ў гонар дзеда майго Андрэя Галвіньша. А яшчэ болей упадабаў Уладзімір ушацкую рагатушку:

А лісіца і барсук
Любіліся цераз сук,
А маленькі барсучок
Цераз маленечкі сучок.

Уладзімір вымаўляў «цэраз» і расцягваў, смакуючы кожны гук, слова «маленечкі».

Дамовіліся неяк паехаць з Уладзімірам на Вялічка ў Вушачу. Ілона была яшчэ маленькая, за барсучка таго меншая. Да вакзала з вандзэлкамі і дачкой дабірацца грамадзянскім транспартам цяжкавата. Выклікаю таксі — няма машын. Іду на хітрыкі, кажу, што ў мяне важны госць — славуты чэшскі пісьменнік. Падзейнічала. Прыходзіць таксі. Уладзімір пачынае гаварыць, мяшаючы беларускія і польскія словы. Я трымаюся адпаведна пачціва з дарагім госцем. А таксіст нешта ўхмыляецца. Уладзімір выйшаў з машыны падыміць, тады таксіст нахінуўся да мяне і пытаецца: «Як сябе Валодзя адчувае? Я ж яго ўчора да пад’езда падвозіў, а да дзвярэй амаль даносіў…» А мой чэшскі класік, высмаліўшы папяросіну, падкрэслена панавіта сеў у машыну.

У Вушачу ў маміну хату завёз Уладзімір на захаванне на ўсялякі выпадак некалькі папак трэцяга ці чацвёртага экземпляра перадруку «Каласоў пад сярпом тваім». Пасля ўсіх заварух і перабудоў хаты і сёння ёсць дзве папкі з праўкамі аўтара. А вандраванне рукапісу «Ладдзі роспачы» мае як не дэтэктыўную гісторыю. Напісаў Караткевіч сваю найталенавіцейшую рэч. Чытаў і прысвяціў мне. Рукапіс мне падарыў. А паколькі «Ладдзя роспачы» і не мела намеру прыставаць да берага сацыялістычнага рэалізму, дык не друкавалі нідзе. Васіль Сёмуха пераклаў на рускую мову. Даў «Нёман». Праз нейкі час з’явілася надзея надрукаваць у арыгінале. Перадрук недзе згубіўся. Рукапісу Уладзімір не мог дашукацца. I ўзнікла ў аўтара ідэя перакласці на беларускую мову сваю рэч з Сёмухавага перакладу. Ды выручыў выпадак. У Вушачы пераглядаю паперы — рукапіс «Ладдзі роспачы». Прывожу. Адзначаем падзею, што знайшлася прапажа. Назаўтра спахопліваецца шчаслівы аўтар, а дзе ж рукапіс? Зноў шукаем. I ўрэшце за газаваю плітою ў маёй кватэры па Рэспубліканскай знаходзіцца рукапіс. Нясём перадрукоўваць у некалькіх экземплярах. Мне Уладзімір вяртае рукапіс, яшчэ раз падпісаўшы. Зусім нядаўна сказаў пра такія прыгоды «Ладдзі…» Васілю Сёмуху. Узрадаваўся болей, як Уладзімір Караткевіч, калі рукапіс аб’явіўся, бо аўтар пад гарачую руку ўпікаў перакладчыка, нібыта ён згубіў рукапіс, а пасля не сказаў яму пра знаходку. Сёмуху ўвесь час мучыла сумленне.

ІІІчасціла мне лётаць з Караткевічам у Латвію да Ераніма Стулпана. У самалёце Уладзімір гэтак захапіўся маладой пасажыркай, што ўжо наважыўся падарыць ёй сваю паркераўскую ручку (а пісаў Караткевіч толькі самымі лепшымі ручкамі на самай лепшай паперы, бо пісаў, як свяшчэннадзейнічаў), ледзь адгаварыў, а прывабнай прыхільніцы таленту нястомнага аратага на гонях прыўкраснага беларускага пісьменства патлумачыў, што ручкай гэтай напісаны «Каласы пад сярпом тваім». з адведзін Латвіі Караткевіч напісаў выдатнае эсэ. Хоць зноў, здавалася, толькі смаліў папяросы ды цадзіў «Піва продкаў». На ўзбярэжжы ў захмялелым расчуленні дужа прыгожай латышцы пачаў тлумачыць, што перакладаю «Ветрык, вей!», а яна пажадала мне перакласці і драму «Залаты конь» і памахала рукой у такт з чайкамі.

На ўзбярэжжы раніцай заказалі мы па 150 каньяку і па шклянцы мінеральнае вады. Уладзімір бярэ шклянку з вадой, робіць глыток. I мяне чорт ускруціў. Кажу, што ўсё-такі ў радавітага шляхціца пралетарскія замашкі. Бо на ваду падумаў, што гарэлка, а на каньяк — піва. I наважыўся па-рабочаму, па-гегемонаўску гарэлку півам запіваць. Як падхапіўся мой сябар, як пачаў даказваць, што гэта я так прымаю каньяк за піва, а ён проста, каб горла не апячы, надпіў мінералкі, як арыстакрат. Давялося яшчэ паўтарыць заказ, альбо, як любіў прыгаворваць Караткевіч, заечую норму — сто пяцьдзесят і капусны ліст.

Не дужа каб часта наведваў я Маскву. Але даводзілася і на экскурсіях бываць. Толькі так ведаць гісторыю Масквы, яе славутыя мясціны ніхто не мог, як Караткевіч. Між іншым, ён паказаў, як ў марозны дзень шэрасам закрэсліваецца імя Сталіна на Маўзалеі.

У Маскву раіў мне падацца на Вышэйшыя літаратурныя курсы Уладзімір. Ухапіўся я за гэтую ідэю. Пасля універсітэта паслаў належныя паперы. Адказ прыйшоў неўзабаве. Адмовіць. А ўсё пасля Караткевіча. Энцыклапедычна адукаваны слухач Вышэйшых літаратурных курсаў Уладзімір Караткевіч літаральна да слёз даводзіў сваімі як бы наіўнымі пытаннямі выкладчыкаў. Спытае нешта. Выкладчык не ведае, абяцае заўтра адказаць, а заўтра ў Караткевіча новае пытанне. Не хочацца шмат казаць пра выкладчыкаў, хопіць аднаго, што, напрыклад, Леў Ашанін меў званне прафесара. Былі, вядома, і сапраўдныя свяцілы. Але Караткевіч заганяў у казіны рог ашаністую прафесуру. I, як вынік, рэктар ВЛК (толькі дзвюх літар не стае — СМ) Лапцеў падпісаў загад не прымаць на вучобу асоб з філалагічнай адукацыяй — хопіць, адпакутавалі з разумнікам Уладзімірам Караткевічам! Мая заява якраз і падпала пад загад. Караткевіч раіў паступіць, і ён жа не дапусціў да вучобы, сам таго не ведаючы.

Ужо ў наш час распавядаў мне ў Туркменіі слухач ВЛК, як беларускі празаік, былы партызанскі радыст, выручыў увесь курс. Партызанскі радыст, значыць, выцягнуў пытанне не па ягоных сілах — «Медны коннік». Не доўга думаючы, звярнуўся з пытаннем да выдатнага пушкіназнаўцы прафесара Бондзі, бо ён, вядома, лепей ведае Пушкіна, чым сам сябе Пушкін ведаў. А пытанне было такое, ці здраджвала Наталі Пушкіну. I, зразумела, завёў прафесара. Той казаў і так, і не. А потым спахапіўся, зірнуў на гадзіннік, трэба чытаць лекцыі ў Маскоўскім універсітэце. Похапкам прапанаваў Бондзі здаць заліковыя кніжкі і сказаць, хто якую адзнаку хоча. Трохі адхіліўся, каб паказаць, якім нежаданым слухачом быў Караткевіч для прафесуры ўзроўню Ашаніна, аўтара песні «А у нас во дворе».

Лёталі самалётам у Полацк на святкаванне юбілею Францыска Скарыны. Славутая Сафійка, як заўсёды, рэстаўравалася. Уладзімір мне выбраў з друзу некалькі штук плінфы, пры гэтым прачытаў бліскучую, бо маланкавую, лекцыю па гісторыі і Сафійкі і Полацка. Ён мне іншы раз здаваўся сейфам, у якім захоўваюцца падзеі, факты, даты. На цяперашні час яго можна назваць і камп’ютэрам, у чыю памяць закладзена як не ўся гісторыя за шмат стагоддзяў. Ляцелі назад. Уладзімір сядзеў насупроць Еўдакіі Лось у цесненькім «кукурузніку». У галаву мне, дзе яшчэ шумеў і не вычхаўся юбілей славутага палачаніна, скочылі радкі: «Вочы ў вочы, каленькі ў каленькі. Будзе ў Валодзі ад Дусі маленькі».

Трэба раненька ляцець у Віцебск. Юбілей старадаўняга места. Уладзімір застольнічаў за поўнач. Ідзём у самалёт. Правадніца западозрыла, што пасажыр нецвярозы. Іду на выручку. Пытаюся, ці п’яны я, адказвае, што не. Ну, а мы разам былі і разам ляцім, значыць, і сябра мой цвярозы. Махнула рукой. Паляцелі.

Караткевіч любіў вандраваць. Праўда, мог наталіць любоў сваю толькі ў межах Саюза. Удалося вырвацца ў Польшчу і ў Чэхаславаччыну. Чэхі (перакладаў Караткевіча шмат і таленавіта Вацдаў Жыдліцкі, у якога шмат каму з нашых членаў Саюза пісьменнікаў трэба было б павучыцца беларускай мове) выдалі шыкоўна і з густам раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Караткевіч паехаў атрымаць узнагароду выдавецтва «Альбатрос» за лепшы бестселер. I калі вярнуўся, вітаў я яго прыкладна так:

Мой лепшы друг,
Мой друг бестселер,
У поўнай сіле і красе,
Уставіў класікам прапелер —
Па адрасу ляціце ўсе.

Апрача «Званоў Віцебска» ў коласаўскім тэатры п’есы Уладзіміра Караткевіча не ставіліся. Да іх не дарасла рэжысура, а цэнзура перарасла іх. Затое як не ўсе тэатры акрамя Макаёнка, кананізаванага партыяй, ставілі гледзіва аднаго цэкоўскага драматурга. Ну, хай бы ставілі сабе, раз свярбела кіраўнікам тэатраў атрымаць падзяку з установы, што была насупраць Купалаўскага тэатра. Горай было тое, што ўсіх членаў Саюза пісьменнікаў ледзь не ў загаднай форме запрашалі на прагляд спектакляў па п’есах таго, хто ў ЦК кіраваў культурай. Рабіліся культпаходы. Некалі Пестрак распавядаў, як у Лукішках палітвязняў абавязкова ганялі «на Троцкего» — на вывучэнне твораў Троцкага ў піку марксізму-ленінізму. Здаецца, у Рускі тэатр на антыалкагольную п’есу партдраматурга Караткевіч усё-такі не пайшоў. Але ў Купалаўскі тэатр на п’есу пра Францыска Скарыну прыйшоў. з-за цікаўнасці. Шкада, што не было магнітафона, — запісаць бы каментарыі знаўцы нашае гісторыі Уладзіміра Караткевіча. Таццяна Кузьмінічна, нязменны сакратар Саюза пісьменнікаў, як чулая нянька, толькі і прасіла: «Уладзімір Сямёнавіч! Валодзя! Не трэба». Безумоўна, гэтая як бы мізансцэна была цікавейшая і драматургічнейшая.

Караткевіч наогул ніколі не паказваў кукіш у кішэні. Яму нічога не значыла падысці да сакратара ЦК Кузьміна і прапанаваць яму пігулкі, якія адбіваюць пах алкаголю. Ні на якія кампрамісы ніколі не ішоў. У 60-я гады было гэта. Сядзім у мяне дома па вуліцы Бялінскага (Уладзімір заўсёды цытаваў абразлівае выказванне гэтага рускага крытыка пра свайго любімага Тараса Шаўчэнку) і традыцыйна бавім час за поўнай чаркай. Званок. Трэба падпісаць калектыўны ліст супраць беларускіх эмігрантаў, якія пахвалілі некалькі маладых савецкіх пісьменнікаў, у тым ліку і нас з Караткевічам. Не паспеў я і ацверазець, як супрацоўнік газеты «За вяртанне на Радзіму» ўжо стаяў на парозе з гатовым тэкстам і подпісамі. Падпісаўся. Ды Уладзімір, пачуўшы пра такое, адразу зашыўся ў цёмную бакоўку, як тады звалі, у цешчын пакой, і сядзеў, пакуль завяртанец не выйшаў з хаты. Не толькі дурны прыклад заразлівы, добры яшчэ болей. Караткевічаў метад партызанскай вайны скарыстаў я, калі прадстаўнік той жа фірмы, з сімвалічным прозвішчам, якое стукае, прапанаваў мне падпісаць зноў жа калектыўны ліст, ужо супраць акадэміка Сахарава. Трохі выпіўшы, корчыў я п’янага ў дамавіну, які нічога не разумее. Адсталі.

Застоллі ў наш час не былі суцэльнымі п’янкамі. Нездарма ж хадзіў райкомаўскі афарызм: «Выпіўка без тостаў — п’янка, з тостамі — культурна-масавае мерапрыемства». I культурна-масавых мерапрыемстваў было багата. I пітво багатае было. Зноў жа райкомаўскі афарызм: «Каньяк — любімы напітак пралетарыяту, які ён п’е вуснамі сваіх лепшых прадстаўнікоў». Як былі грошы, і мы на момант маглі сябе лічыць лепшымі прадстаўнікамі гегемона, і тады гучала задушэўная песня ў выкананні Караткевіча «Ой, п’е казак, п’е, ў яго грошы е…» альбо «Ой, сабралася бедна басота…».

У Нікіфаровіча дзень нараджэння, ідзём утрох — Бурсаў, Караткевіч, я. Iмяніннік жыве ў маленькай цеснай «хрушчоўцы». Мы з Бурсавым неяк адыходзім з гасцей, а Уладзіміра пакідаем начаваць. Назаўтра Нікіфаровіч кажа, каб болей гэтакіх сувеніраў яму не пакідалі. Праз дзень Караткевіч заяўляе рашуча: «Болей мяне ў такія госці не вадзі, там не даюць пахмяляцца». I ўсё вясёла, іскрыста, усмешліва.

У выдавецтве «Беларусь» выходзіць кніга Адама Міцкевіча, складзеная Адамам Мальдзісам, «Зямля навагрудская, краю мой родны», выдавецкім рэдактарам я. Караткевіч перакладае паэму «Мешка, князь Навагрудка». Зацягвае. Трэба хутчэй здаваць у набор кнігу. Нарэшце звоніць мне дамоў якраз у нядзелю: «Нясу пераклад паэмы. Чакай». Чакаю. Заходзіць з Валянцінай Браніславаўнай. Лета. Цёпла. Уладзімір у льняной кароткарукавачцы, Валянціна ў льняной сукенцы. Гляджу, мой госць з пустымі рукамі. Пытаюся, а дзе ж рукапіс? Валянціна расхінае таксама льняную торбачку (іх тады называлі піжоніста — старцоўка), дастае лісты добрай паперы, а яны мокрыя. I на іх на ўсіх нічога няма, толькі сінія, здаецца, рагі. Што засталося, дык на першай старонцы два словы справа ўверсе — Адам Міцкевіч, а на апошняй злева ўнізе — Уладзімір Караткевіч. Калі падымаліся да мяне, Валянціна Браніславаўна не заўважыла, як гэная старцоўка мякка ляснулася аб бардзюр асфальтаванай дарожкі. Гэтага дотыку бутэльцы з гарэлкай хапіла.

Жартавалі, што з мора бутэльку, пакінутую нашчадкам, дасталі, але не ўтрымалі. Нават акавітая не пасмела змыць два зрыфмаваныя яе Вялікасцю паэзіяй прозвішчы.

У Доме акцёра мой невялікі вечар. Пасля традыцыйнае застолле. У перапынку пад нізкім скляпеннем пастаўленым голасам Караткевіч спявае:

Багаты чалавек каня запражэ
Дый выедзе,
А бедны чалавек жонку пакладзе
Дый вылюбе.
Радуйся, сарока, радуйся, варона,
Радуйся і ты, верабей-цудатворца!

Саліст оперы Віктар Чарнабаеў аж рот адкрыў. Здорава да зайздрасці! А да ўсяго дом гэты стаяў на архіерэйскім падвор’і. У Доме акцёра шмат актрыс. Уладзімір глядзіць на адну вузкаклубую, якіх мы звычайна ласкава называлі пласкадоначкамі, і, нібыта між іншым, зазначае, што ў даўнія часы ў Беларусі лічылася, што ў прыстойнай маладзіцы азадачак мусіў быць не меней як на пятнаццаць кулакоў. I з сур’ёзным выглядам на рабрыне сталяніцы пачаў адмяраць — кулаком за кулак — патрэбны памер. А неяк іншым разам паведаміў Уладзімір адзін пункт з правілаў добрага тону нашага сярэднявечча: «Нудзіць на сярэдзіну стала ёсць непрыстойна».

Бывала, раніцай летуценна-маркотна казаў Караткевіч: «Галава, як дзікі стэп, такая ж бяскрайняя і такая ж дурная». Пад вечар, стомлены працай, бегатнёй, мітуснёй, мінорна як не шаптаў ён: «Я хачу легчы і ціха сканаць…» Як дакладны факт падаваў жарт, што ў Літве пад час калектывізацыі самыя распаўсюджаныя прозвішчы былі Нежалайціс і Неўступайціс. А на Вышэйшых літаратурных курсах адзін літоўскі паэт даказваў, што і Даўгаўпілс — літоўскі горад, так даказваў, пакуль пад стол не асунуўся. Караткевіч напісаў яму:

Хотел дойти до Даугавпилса,
Но вместо этого допился.

На кінастудыі ставілі фільм па адной з аповесцей Васіля Быкава. Уладзімір напісаў на паперчыне і прымацаваў на дзвярах кінагрупы:

Доведем мы Быкова
До стыда великого.

З кінастудыяй у Караткевіча былі такія ж стасункі, як і з беларускімі тэатрамі (беларускімі не па мове, а па шыльдах), хоць у дадатак да Вышэйшых літаратурных курсаў скончыў і Вышэйшыя сцэнарныя. Сцэнарыі ягоныя адхіляліся, а калі, да прыкладу, удалося прабіць ілбом мураваную сцяну савецкіх кіначыноўнікаў з фільмам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дык, зрабіўшы фільму абрад абразання, паклалі гатовую прадукцыю на паліцу. I калі перад апошнімі днямі Караткевіча пачалі здымаць «Чорны замак Альшанскі», ухітрыліся кінастудыя і рэжысёр не прымацаваць да карціны аўтара, што значыла б некалькі месяцаў плаціць аклад. А самы вялікі працаўнік, самы цягун, як у нас ушацкія казалі, быў самы бедны. Багаты быў Караткевіч толькі на даўгі. Даводзілася часта хадзіць у пазыкі да афіцыйнага драматурга, пра якога казалі, што ён пацее грашыма.

Караткевічава шчодрасць, Караткевічава гасціннасць, Караткевічава сябрыстасць сталі хрэстаматыйнымі. Але быў Караткевіч і скупы. Скупы на вобраз, на дэталь, на першаадкрыццё. Неяк распавядаў мне, што ў Маскве ў працвярэзніках ставяць на пятках нумар хімічным алоўкам. Я хапіў гэтую дэталь, дарэчы са згоды сябра, і перанёс гэты нумар на качарэжку капусты ў вершы пра Камароўку. Пры адпаведным выпадку Уладзімір падкрэсліваў, што даў мне дэталь. Яшчэ ў мяне выходзіў зборнік вершаў у Маскве. Прыдумлялі загаловак. Уладзімір прапанаваў нешта накшталт «Дом под крыльями аиста». Бо ў хату, па народным павер’і, на страсе ў якой гняздзіцца бацян, ніколі не ўперыць пярун. Пасля круцення, перакручвання зборнік выйшаў пад назвай «Аист на крыше». Бярозкін адразу ж прачытаў «Аист на Грише». I сваю шматпакутную кнігу пра карані і вытокі беларушчыны назваў Караткевіч «Зямля пад белымі крыламі». Калі я пачаў пісаць вершы для маленькай сваёй Ілонкі, Уладзімір прапанаваў мне напісаць казку пра вераб’я і саву. Ды ўрэшце напісаў сам.

Калі Уладзімір жыў халасцяком, у яго і на стале, і пад сталом, і на падваконні стаялі бутэлькі з так званымі настойкамі. Настойваліся і перац, і кмен, і грушы, ледзь не гайкі. Сам сабе і гасцям любіў шчодры гаспадар варыць супешнік, як называў ён любое варыва. Раніцай ванна з «Бадусанам», потым спорная чарка, супешнік, кава па-турэцку, абавязкова з каймаком — з пенкаю. I ў беласнежнай кашулі — за пісьмовы стол, дзе быў музейны парадак і акуратнасць. Не адрываючы рукі гэтак старонак 10 — 15 уборыстым, да смачнага акруглым почыркам на фінскай паперы, вядома ж, залатым пяром пісалася за першы прыскок новая аповесць, новае эсэ, рэцэнзія, а то і проста ліст. Варта адзначыць, што з Караткевічавай старонкі ад рукі выходзіла болей за дзве старонкі перадруку.

Акуратнасць, дакладнасць, размах. Гэтыя рысы вабілі ў Караткевічу. Калі ён бараніў каго, дык абавязкова ад цэлай банды. Калі ішоў ад дзяўчыны, дык тут жа ўдакладняў, што сёння ўжо не ад першай. У нас нейкі час жыла маладая студэнтка, радня сябра майго сябра. Хто толькі ёй пры адыходзе з застолля не прызнаваўся ў каханні. Ілона празвала яе кошкай. Спакойна інтэлігентны Навум Кіслік неяк назаўтра казаў: «Гэта ж трэба так узяць, што нейкую кошку цалаваў». Караткевіч пайшоў далей, ён папрасіў рукі і паабяцаў купіць дачу на Чорным моры і ў прыдачу (якраз у рыфму) дачу прэзідэнта Акадэміі навук Купрэвіча з атамным бамбасховішчам. Я, праўда, абразіў ягоныя парыванні, заўважыўшы, што ў атамнае бамбасховішча добра і надзейна будзе хаваць пустыя бутэлькі. Хоць Караткевічу надзейней за ўсё трэба было хаваць рукапісы. Людзі старажытнейшай прафесіі, не ведаю толькі парадкавага нумара яе, імітавалі кражу ў кватэры пісьменніка, калі якраз Караткевіч адпачываў недзе на ўзбярэжжы цёплага мора. Укралі ордэн, пярсцёнак ды нейкую яшчэ драбязу. Пярсцёнак дык неўзабаве падкінулі. Яўна шукалі крамолу. А можа, і пераздымалі тое, што цікавіла. Самыя ўважлівыя чытачы. Удумлівыя. Прыдзірлівыя. Маўклівыя. Любіў жа Уладзімір паўтараць пачатак верша ўкраінскага паэта Яўгена Лецюка:

Я так не знаю сам сэбе,
Як знаюць хлопці з КДБ —
Моі біографы невтомны.

Прапала пры той кражы веку і вязаначка розных экспромтаў, якія пісаў я сябру то на сурвэтках, то на лістках. Уладзімір любіў пародыі, жарты. I чым зласнейшы, тым лепей яму падабаўся. Дужа абыгрывалася імя Фама. Бо (пра гэта добра напісана ў Мальдзіса) тэлефон Караткевіча блыталі з нейкай канторай, дзе працаваў нехта Фама Фаміч. Ведаючы гэта, бывала, набіраў я нумар кватэры Караткевіча і пытаўся, ці можна Фаму Фаміча. У трубку ляцеў крык абурэння: «Выкіньце гэты нумар з вашае запісной кніжкі, тут жыве і працуе Караткевіч, празаік, паэт…» Я, не даючы астыць Уладзіміру, дадаваў: «Драматург, эсэіст, сябра…» I яшчэ болей сярдзіта чулася: «Ах, дык гэта ты! Няма чаго рабіць. Хадзі, пахмялю, каб паразумнеў…» На Фаму Фаміча адгукаўся Караткевіч гэтаксама, як і на Уладзіміра Сямёнавіча. I чытаў я яму:

На Беларусі ёсць Фама,
А больш пісьменнікаў няма.

У адказ чую: «На Беларусі шмат дзярма, але дзярмей за ўсіх Фама». Пасля доўгасядзення ў гасцінах з’явілася: «Мы сядзелі ў Фаміча доўга і цярпліва. Стала піва, як мача, і мача, як піва». Альбо: «У гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама Фаміч». Усё ўспрымалася на рогат. Караткевіч не насіўся з сваёй персонай, як дурань са ступай. Ведаў сабе цану. Ведаў, што і тыя, у каго ёсць галава на плячах, ведаюць яму цану. Не гуляў у літаратуру, у генія, бо тварыў літаратуру, бо геніем быў. I калі ў адной паездцы з начлегам у стозе я запытаўся: «Наша моц і гордасць, што ж твой лёс цяжкі — на каленях „торбы“, пад вачмі мяшкі?» — толькі засмяяўся тым смехам, якім смяюцца людзі, што любяць жыццё, людзі дужыя і глыбока мудрыя. Уладзімір Караткевіч казаў жыццю: любі мяне такога, які я ёсць, увесь, адкрыты, непрыхаваны. I жыццё любіла жыццялюба.

Талент Уладзіміра Караткевіча быў настолькі шматгранны, калі ўжыць штамп літаратурнай крытыкі, што можна сказаць — рэалізаваўся ён увобмаль. Пра ўсе жанры літаратуры і згадваць не трэба. А быў жа яшчэ Караткевіч і прыродна выдатным акцёрам, апавядальнікам, педагогам, спеваком. А мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, улюбёна-рамантычна ці здзекліва-гратэскава. Пушкінскія накіды на палях рукапісаў выдадзены неаднаразова. Пара і нам пабагацець душой і выдаць малюнкі пяром, накіды, шаржы Уладзіміра Караткевіча. Скарбы гэтыя раскіданы па ўсёй Беларусі, па краінах былога Саюза, яны ў сяброў і прыхільнікаў вялікага пісьменніка. Маю колькі Караткевічавых замалёвак, шаржаў і я.

Загадка Уладзіміра Караткевіча — гэта загадка бурштыну. Колькі стагоддзяў жывіцы беларускага духу, беларускага клёку, беларускага слова трэба было згушчацца ў самы цёплы і самы светлы камень, каб пасля сагрэць стылыя руіны нашае гісторыі, каб асвятліць ноч нашага падняволення, які цяжар і ціск давялося вытрымаць жывіцы беларускай жывучасці, каб стаць самым лёгкім каменем, які хочацца на сэрцы насіць, бо ён гоіць душу. Мы маем наскі, беларускі бурштын. Ён з беларускай жывіцы, з беларускага сонца. Ён трымае ўсмешку нашага сонца. У нас свой духоўны бурштын — Уладзімір Караткевіч, талісманны камень крывіцкае душы.

Умеў Караткевіч сагрэць словам прыязні, словам спагады, словам падтрымкі. Умеў распагодзіць настрой усмешкай, жартам, некалючай кпінаю. У застоллі на нейкую хвіліну змаўкаў, засяроджваўся і падносіў даме яблык не разладу, а яблык-сюрпрыз. Лёгкі рух — і ў дзвюх руках у дамы былі дзве лілеі, бо разьбяром папрацаваў Уладзімір Сямёнавіч. Пра велікодныя пісанкі Уладзіміра варта было б напісаць цэлае даследаванне — яно б адразу на кандыдацкую пацягнула! Распісваючы яйка, успамінаў, бывала, пра сваё настаўніцтва на Украіне. Гаспадар, у якога кватараваў малады настаўнік, узяўшы добрую чарку выходзіў на вуліцу, глядзеў на сваю мазанку і заўсёды паўтараў адзін і той жа радок Тараса Шаўчэнкі: «Стоіць, моў пысанка, хатына». Далей цытаваць не мог, бо тут жа заліваўся слязамі расчулення. Чыста па-ўкраінску. I ўсіх, хто слухаў Уладзіміра, да слёз даводзіў анекдот пра ўкраінскую логіку. Трое. П’юць гарэлку з перцам. Як на губным гармоніку граюць, цягаюць шматкі сала. Ідзе размова: «Куме, а куме, дзе ты буў?» — «В місце». — «А шчо ты там бачыў?» — «Велізный-велізный залізный міст без водного цвяха». — «Без водного цвяха і трымаэцься?» — «Уявы собі, куме, трымаэцься». I тут, адцягнуўшы як далей сала, па-філасофску змрочна заключае трэці: «Вось так і людына — жыве, жыве, та й вмрэ». А сыплючы соль на яйка, усміхаўся і рэаліст і фантаст, як недзе ў Расіі ў рэстаране прачытаў просьбу: «Пальцами и яйцами в соль не лезть!»

Цікава, любіў Караткевіч эпіграмы падколістыя, злосныя, асабліва на сябе, а сам па сваёй выключна беларускай лагоднай натуры пісаў, я сказаў бы, сарамліва-мяккія, накшталт: «Сцяпан Захарыч Гаўрусёў уцёк ад жонкі без трусёў».

Пытаюся, бывала, у сябра: «Каласы пад сярпом тваім», пад чыім жа цапом зярняты? Дзе ж працяг абяцаны? Чым, творца, рукі твае заняты?” Адказ годна-гарэзлівы — чаркай. Але гэта ішло на ўзроўні жарту. На справе ўсё было куды складаней. Увесь час Караткевіч збіраўся дапісаць свой раман. А што замінала, толькі сам аўтар ведаў. А тут яшчэ ў апошнія гады Валянціна Браніславаўна пераканала мужа, што якраз ён павінен напісаць беларускі дэтэктыў. Горы дэтэктыўнай і фантастычна-прыгодніцкай прадукцыі перачытаў Караткевіч і на рускай, і, асабліва, на польскай мовах. Ды ўсё-такі часцяком можна было застаць Уладзіміра за чытаннем на нейкай старонцы адгорнутых «Каласоў…». Каб злёгку падкалоць раманіста, здаралася, казаў, што дужа ж аўтару свой твор падабаецца — аж перачытвае, каб мець насалоду (любімае слова Караткевіча). Ды зразумела было, што зноў уваходзіў у свой твор, каб пайсці далей.

Шмат часу забіралі тэлеперадачы. Гэта Караткевіч вёў праграму з крамольнай на тыя часіны назваю «Спадчына». Пісаў эсэ. Гэта Караткевіч у піку нарысам пра даярак, пра партызанскіх камбрыгаў, пра іхнія рукі, ногі, сэрцы пісаў эсэ, ужо адным вызначэннем жанру гарнуў чытача да еўрапейскасці, ад якой нас, прыродных еўрапейцаў, «людзі як са сталі» стараліся адвярнуць, абусходзіць, абазіяціць абавязкова.

У выдавецтве з дазволу ЦК і Камітэта па друку ствараўся альманах, дзе меліся літаратуры народаў СССР гучаць па-беларуску. Прапанаваў я, бо назначылі галоўным рэдактарам, назваць «Сябрына» — нельга, дужа беларускае слова і няма ў ім ідэалагічнага грунту. Назвалі «Братэрства». У першым нумары папрасіў я дарагога сябра напісаць эсэ пра Украіну. Згадзіўся. I калі прынёс Караткевіч эсэ пра Украіну, я зноў здзівіўся, як хутка, як прачула, як таленавіта было ўсё напісана. I зноў жа фантазія іграла, як тое сонейка на Вялікдзень. Былі ў эсэ і ўражанні ад цёплай яшчэ, сцюдзёнай паездкі ў Мсціслаў: «… паехаць у гэты дзень у Мсціслаў, дарогаю (пры трыццаці градусах марозу) трапіць у буран, калі снег ад зямлі да неба, блукаць, бо за метр ужо не відаць нічога, некалькі разоў думаць, што ўжо — канец (тым больш што праз нябачныя шчыліны ў машыну насейвае снег, а матор глухне, мабыць, у Беразіно заправілі бензінам з вадой), выбіцца ўрэшце на аўтакалону, што таксама засела, капаць, выцягваць і вылезці-такі ў дзве гадзіны ночы з дапамогай бульдозераў». I чаго там дзівіцца з класікі, дзе рэдкая птушка можа даляцець да сярэдзіны Дняпра!

Пасля абмену, які лёг на плечы Валянціны Браніславаўны, Караткевіч пасяліўся ў доме, сцены якога адразу прызначаліся пад мемарыяльныя шыльды, доме, які партыя падаравала сваім верным памочнікам пад бокам у ЦК. Я ўсё блытаў пад’езд, ды мне дапамагалі зарыентавацца на кожным паверсе прымацаваныя да радыятараў крэслы. Апошнія гады Надзеі Васільеўне стала цяжка падымацца. Дык Уладзімір і зрабіў для маці палёгку. Што тычыцца кватэры, дык яе пазнаваў адразу. Як алімпійскія колцы, значыліся на дзвярах ямінкі ад малатка. Да Караткевічаў прыехаў польскі даследчык. Адпаведна было застолле і скокі. Сусед, які жыў пад Караткевічам, чамусьці пачаў грукацца ў дзверы не кулаком, а малатком, патрабаваць творчае цішыні. А ў Уладзіміра з’явілася любімае слова пахвалы — «малаток». I самі рыфмаваліся — творчы паток і малаток. А суседу пасля была нагода ўспамінаць, як спрыяў апальнаму класіку Уладзіміру Караткевічу.

Успомнілася пра суседзяў. Званю Караткевічу, дзякую за кніжку, за аўтограф Ілоне, за эсэ пра Скарыну ў красавіцкім нумары часопіса «Беларусь» за 1980 год, кажу, калі буду некалі пісаць пра сябра, напішу, што з гісторыяй быў як роўны, як з суседкай. А Уладзімір тут жа дадаў: «У якой суседа няма».

Захаваўся лісток адрыўнога календара з выдавецкага стала, дзе выразна ашчадным почыркам Уладзіміра канстатавана: «Мы не дачакаліся Вас, Рыгор Іванавіч! Адыходзім у мяккіх тапачках. 3.VІІ.80, г. Мінск». Подпісы: Ул. Караткевіч, Н. Кіслік. А ўнізе зноў жа рукой Уладзіміра: «Бес удалился, смердя», (Н.В.Гоголь)«.

Фантазія Караткевіча рэалізавалася рознапраяўна. У побыце, у прыгодах, нават у лістах.

Да прыкладу ў такім:

МЕНЮ НА ВЯЛІКДЗЕНЬ 18 КРАСАВІКА 1982 г.

  1. Фарбаванкі.
  2. Студзіна з хрэнам.
  3. Студзіна без хрэна.
  4. Хрэн без студзіны.
  5. Целенціна, шпігаваная часныком, для важнасці — па-польску.
  6. Огeркі хіньске (або в’етнамскія, хто іх ведае).
  7. Бульба вараная а lа Караткевіч.
  8. Бутэрброды з сырам гарачым.
  9. Крывое мяса (па-простаму каўбаса).
  10. Сала а 1а свіння.
  11. Кансервы «Скумбрыя п’янага пасолу».
  12. Грыбы-баравікі, над грыбамі палкаўнікі.
  13. Масліны а lа Арыстафан Папасатырас.
  14. Зялёны гарошак па-заечаму (фірменнае Валі Барадулінай).
  15. Лімон а lа Кісламардзевіч.
  16. Сыр хатні з радзімы Янкі Купалы.

НАПІТКІ

  1. Тураўская Юбілейная Крыварылаўка.
  2. Жыватоўка з перцам еt сеtеrа, еt сеtеrа.

Дарагі Рыгор! Дасылаю табе меню, якое хацеў забраць. Віншую з 1 Мая і жадаю тысячы год і дзвюх тысяч кніг. Будзь шчаслівы.
Уладзімір.
Дадатак да меню: «лыжка дзёгцю». Бо трэба, калі абяцаў, заходзіць да сяброў не толькі на Вялікдзень. Нават калі б у цябе стрыечны брат адышоў да Абрама прабацькі на піва — пазвані, папрасі жонку ці сябра. I не адгаворвацца, што меў на ўвазе 28 красавіка… 1983 года.

Справа, для якой ты быў патрэбен, — ляснулася. Цяпер пра яе і гаварыць не буду. Іншым можаш «званіць ужо з трамвая, але я ані разу, абяцаючы зайсці, не падвёў цябе».

Дзякуй лёсу, што паслаў мне шмат сустрэч з Уладзімірам Караткевічам. Не пералічыць усіх мясцін, дзе даводзілася быць разам з сябрам, не ўспомніць усіх застолляў, дзе добра гулялася. Адно можна сказаць: дзе з’яўляўся Караткевіч, там усё жыло, там абуджаўся дух беларускі.

I цяпер настала пара сустрэч з неацэнным сябрам маім, сустрэч не традыцыйных. Хоць трэба адразу агаварыцца, што Караткевіч быў наватарам ад першага надрукаванага верша да слова на сваім пяцідзесяцігоддзі. Рыцар беларускасці ніколі не ганяўся за славай па прынцыпу пеўня — калі не даганю, дык хоць сагрэюся. Гэта рабілі прыжыццёвыя класікі, аўтары рэгіянальных хронік, глыбакаплынных партыйных раманаў, бясконцых шматлогій. Слава, ачомаўшыся, сама даганяе Караткевіча. Вуліцы захацелі назвацца імем да шаленства таленавітага пісьменніка. Як на вокладках гаманлівых кніг, на дамах чытаю: «Уладзімір Караткевіч». I пакуль што на Віцебшчыне ўзыходзіць помнікамі любімы сын крывіцкае зямлі. Следам за сваім папярэднікам, духоўным настаўнікам Францыскам Скарынам. Маладой вясной стаў помнікам Уладзімір Караткевіч у Оршы. Тэма «Меднага конніка» вырашылася самім жыццём: не «дзядзя Косця», а радавіты, панавіты сын святой зямлі, дзе ўзышла слава Беларускага войска, Уладзімір увасобіў крывіцкі дух, накінуўшы на юначыя плечы бронзавую апранаху. Ды і ў бронзе не забранзавеў Караткевіч. Восенню 199з года ў стольным Віцебску ладзьбавалі помнік Уладзіміру. Насупраць абавязковаму Уладзіміру Ільічу, які дагэтуль усё паказвае, куды ісці, — наш Уладзімір, Сямёнаў сын, вясёла задумаўся, маркотна ўсміхаецца. У традыцыйным берэце. Толькі папяроскі не стае. Аднекуль з позніх гуляў, абмінаючы лужынкі, ступае, як у шаляпінскім футры, кот. I мяне рассмяшыў любімы анекдот Уладзіміра. П’яны ляжыць на ранішнім тратуары. Аднекуль выходзіць кот на мяккіх лапах, як клубок туману. I яшчэ неацверазелы жрэц Бахуса пакутліва просіць: «Падла, не тупай!»

I з бронзавым сябрам ёсць пра што пагаварыць, лёгка пажартаваць, ёсць пра што ўспомніць.

Ну, хоць бы пра дзядзькоў і цётак, якіх у Уладзіміра было амаль столькі ж, колькі буйных гарадоў на абшарах былое царскае, а пасля савецкае імперыі. У залежнасці ад абставін і характару прыгадваў: яны то ўдзельнічалі ў рэвалюцыі, то падымалі мяцеж супраць бальшавікоў. Іначай і быць не магло, бо род Караткевічаў быў даўні і непакорны. Найяскравей свой вольны нораў паказалі папярэднікі Уладзіміра ў паўстанні Кастуся Каліноўскага, асабліва любімага нацыянальнага героя нашчадкаў радавітых падданцаў волі.

У рэанімацыі трылузілася Караткевічу атамная вайна. І казаў мне Уладзімір: «Бачыў, як цябе, Рыгор, усяго распляскала, толькі цень твой на зямлі ледзь акрэсліўся…» Гэта прывід чарнобыльскай катастрофы прадбачыў самы чулы, самы чуткі, самы шчыры сын Беларусі Уладзімір Караткевіч. І апошняя ягоная вандроўка была на Палессе, на Прыпяць. Каб развітацца. Харон чакаў. Воды Леты без радыяцыі.

Гэта на шасцідзесяцігоддзі Васіля Быкава ўжо падупалы здароўем Уладзімір пасля тоста перадаў юбіляру невялічкі гарэльеф з выявай льва і голасам, што пачынаў слабець, амаль пракрычаў: — Рыкай, акі леў!

Як наказ. Бо ведаў, што толькі мужнасць і сіла волі Васіля Быкава дужыя процістаяць сілам цемры і зла. Бо сам Уладзімір Караткевіч, далікатны інтэлектуал, быў нясхібным і нязломным. «I коскі з месца не зрушу!» — гэта не фраза, не афарызм на публіку. Гэта штрышок да вобліка вялікага творцы, хто здоўжыў і доўжыць вякі беларускай думкі, беларускага слова, беларускага роду.

1. Апублікавана ў кн.: Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным кантэксце: Навук. збор. / Рэдкал. А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 7 — 29.