Расціслаў Бендзярук

…толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй

Мая першая сустрэча з Уладзімірам Караткевічам адбылася ў маі 1964 года.

У «Летапісе жыцця і творчасці», што змешчаны ў Зборы твораў У. Караткевіча, пазначана: да 24 мая група мінскіх пісьменнікаў, у ліку іх і Уладзімір Сямёнавіч, выступіла на традыцыйным свяце «Брэсцкая вясна». Дату, аднак, можна ўстанавіць больш дакладна — 22 мая 1964 года. Гэта быў неблагі час для паэтаў і паэзіі, бо лёгка можна было сабраць аўдыторыю, і госці з Мінска — парамі — выступалі на некалькіх пляцоўках. Мне ў той дзень удалося пабываць на двух выступленнях, займець аўтографы Р. Барадуліна, У. Караткевіча, М. Лужаніна і С. Грахоўскага.

Рыгор Барадулін і Уладзімір Караткевіч выступалі на цэнтральнай пляцоўцы ў парку культуры і адпачынку. Першым чытаў свае вершы Барадулін. Аўдыторыя добра прымала яго, дружна пляскала ў далоні, прасіла: «Яшчэ!» Нарэшце Рыгор Іванавіч сказаў:

— Побач нецярпліва чакае сваёй чаргі Уладзімір Караткевіч. Я прачытаю яшчэ адзін верш і дам яму слова, каб так не касавурыў на мяне вочы…

Але чытаў і, як кажуць, збіўся.

— Забыўся, — выйшаў з такога становішча Р. Барадулін. — Дык я ўзамен прачытаю яшчэ два.

Прачытаў хораша, заслужыўшы апладысменты, і перадаў слова У. Караткевічу.

Уладзімір Сямёнавіч быў у світэры (здаецца, у ім ён сфатаграфаваны ў кнізе «Пра час і пра сябе»), малады, прыгожы. Якія вершы чытаў, не засталося ў памяці, але рабіў ён гэта з душою, узнёсла, так што адна жанчына ўсклікнула:

— Хораша. Вось гэта паэт!..

Закончыў. Многія падышлі да пісьменнікаў узяць аўтографы. Я меў кнігу кароткіх біяграфій «Пісьменнікі Савецкай Беларусі», выдадзеную ў 1959 годзе. У. Караткевіч на фатаграфіі быў вельмі маладзенькі і худы. Фота, мусіць, не падабалася Уладзіміру Сямёнавічу, і ён побач напісаў: «Дарагому Расціславу Бензеруку на памяць гэты дрэнны партрэт. На шчасце, дружа. У. Караткевіч. 22 мая 64. Брэст».

У Брэсцкім педінстытуце праводзілася чытацкая канферэнцыя па творчасці У. Караткевіча. Калі я зайшоў у інстытут, у калідоры былі ўжо Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Іван Арабейка, Мікалай Цялічка і некаторыя іншыя берасцейскія літаратары, а таксама жонка Караткевіча — Валянціна Браніславаўна. Усе чакалі У. Калесніка і У. Караткевіча, якія павінны былі з’явіцца з хвіліны на хвіліну.

Рэктар інстытута Г. Андраюк запрасіў да сябе ў кабінет. Не паспелі мы перакінуцца некалькімі словамі, як зайшлі У. Калеснік і У. Караткевіч. Твар Уладзіміра Сямёнавіча быў хваравіты, шэры. Аказалася, прыехаў у Брэст з тэмпературай, дый дактары не ведалі, як збіць яе.

Ва ўступным слове У. Калеснік хораша паказаў ролю і месца У. Караткевіча ў беларускай літаратуры, а таксама павіншаваў яго з юбілеем: нядаўна Уладзіміру Сямёнавічу споўнілася 50 гадоў і яго ўзнагародзілі ордэнам Дружбы народаў.

Затым выступалі студэнты. Яны ахарактарызавалі паэзію Караткевіча, ягоныя раманы і аповесці «Нельга забыць», «Чазенія», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі».

Мяне здзівіў той факт, што студэнтам удалося прачытаць раман «Нельга забыць», які друкаваўся ў «Полымі»… яшчэ ў 1962 годзе. Як вядома, набор рамана будзе раскіданы і асобнай кнігай «Нельга забыць» выйдзе толькі ў восемдзесят трэцім1. Значыць, У. Калеснік «падштурхнуў» юнакоў і дзяўчат да чытання гэтага рамана, як колісь нас.

Час, адведзены на пытанні, быў перабраны, бо моладзь не хацела адпускаць пісьменніка. Адзін са студэнтаў зачытаў радкі з рамана «Чорны замак Альшанскі», дзе У. Караткевіч пісаў пра сябе, што ён ні тое ні сёе, чэша правай рукой левае вуха цераз галаву.

— Хіба можна так пісаць пра сябе? — паставіў пытанне студэнт рубам.

— Пра іншых нельга, а пра сябе — можна, — адказаў У. Караткевіч і пад вясёлую ўсмешку залы паказаў, як ён чэша вуха.

Мусіць, заахвочаны такім адказам, студэнт задаў яшчэ больш недарэчнае пытанне:

— Адзін з хлопцаў мне сказаў, што У. Караткевіч пісаў раман «Чорны замак Альшанскі» левай нагою і седзячы на канапе. Ці так?

Многім стала няёмка. На хлопца зашыкалі з усіх бакоў, а У. Караткевіч толькі ўсміхнуўся, як бы пакідаючы адказ на больш позні час.

Задаваліся іншыя пытанні:

— Ці не Валянціне Браніславаўне прысвечаны раман «Чорны замак Альшанскі»? Там жа напісана: «В. К.»

— Ёй. Сілком прымусіла дапісаць раман праз дзесяць гадоў.

— Што вас звязвае з Брэстам?

— Многае, вельмі многае, але галоўнае — тут знайшоў сябра на ўсё жыццё, — і паказаў вачамі на жонку.

— Ці цяжка пісалася аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха»?

— Ой, як цяжка! — звёў усё на жарт. — Тут гаварылі, што я «Чорны замак Альшанскі» пісаў левай нагою і седзячы на канапе. Дык аповесць я зусім пісаў на гарышчы, седзячы на розным бадыллі. Хіба ж не цяжка?!

— Ці задаволены экранізацыяй аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха»?

— Вельмі незадаволены. Напісаў я сцэнарый, а потым камісія запатрабавала перарабіць некаторыя месцы. Перарабіў, дык тыя ж вучоныя мужы новыя прыдзіркі прыдумалі — і зноў перарабляй. У рэшце рэшт я аддаў сцэнарый рэжысёру: як хочаш, так і дамаўляйся з камісіяй, а я не хачу. Дамовіліся, а затым я ніяк не мог злавіць здымачную групу. Як знарок, хаваліся. А калі паказалі фільм, за вушы хапіўся: Божа, што яны нарабілі! Мяне пачалі супакойваць: па іншых творах яшчэ горш здымалі. Ёсць задумка зрабіць чатырохсерыйны тэлевізійны фільм «Чорны замак Альшанскі». Я не дам, каб і яго гэтак пакрэмзалі.

— Калі будзе закончаны раман «Каласы пад сярпом тваім»?

— Раман пішу. Частка «Зброя» будзе надрукавана ў «Маладосці» ўжо ў 1981 годзе. Сюжэт вострадраматычны. Галоўны герой Алесь Загорскі едзе ў Вільню2 купляць зброю для паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Г. Андраюк уручыў У. Караткевічу Памятны адрас інстытута. Падпісваючы кнігі чытачам, Уладзімір Сямёнавіч пачынаў словамі «Мілы», «Мілая», захоўваючы да канца вечара атмасферу блізкасці…

Я збіраю матэрыял для радавода Ласёў — Наўцэвічаў — Цыбуляў, карані якога вядуць аж у дні прыгону. Заехаў 5.VІІ.2000 г. на хутар Антанін Жабінкаўскага раёна, сустрэў аднаго з нашчадкаў роду.

Леў Арцем’евіч Цыбуля закончыў геолага-разведвальны факультэт Львоўскага політэхнічнага інстытута. Схадзіў уздоўж і ўпоперак пустыню Каракумы, Урал і Прыўралле, быў за Палярным кругам. Шмат гадоў працаваў у Акадэміі навук БССР.

Распавядаючы пра свой род, нечакана расказаў адзін выпадак:

— Калі я працаваў у акадэміі, сустракаўся з беларускімі вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі. Былі і сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам. Аднойчы я расказаў яму пра свой род. З пакалення ў пакаленне ў нас жыла прага да ведаў: яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі некаторыя Ласі і Наўцэвічы займелі вышэйшую адукацыю. Мая маці Фаня (Фёкла) Данілаўна Цыбуля (Наўцэвіч) вучылася ў Пецярбургу ў пансіёне шляхетных дзяўчат. Яна шмат ведала і расказвала пра сваіх продкаў.

— Гэта ж цудоўна! — зацікаўлена ўсклікнуў Уладзімір Сямёнавіч. — Цераз лёс аднаго роду можна паказаць лёс Беларусі. Я павінен сустрэцца з Фаняй Данілаўнай.

У той час ёй было пад восемдзесят, але памяць мела яшчэ добрую. Я запрасіў Уладзіміра Сямёнавіча прыехаць да маці, пагаварыць. Ён абяцаў у хуткім часе быць у Брэсце, а адтуль дабрацца і на наш хутар. Ды, мусіць, іншыя задумы, іншыя творы адцягвалі ягоную ўвагу. А неўзабаве Фані Данілаўны не стала.

Цікава было гаварыць з У. Караткевічам. Ён умеў слухаць, умеў выпытаць у суразмоўцы самае істотнае і ўвабраць у сябе. Зараз я бачу: ён увесь быў знітаваны з Беларуссю, жыў дзеля Беларусі…

Гаворачы так, Леў Арцем’евіч меў рацыю. Уладзімір Караткевіч сваімі творамі, сваім разуменнем Бацькаўшчыны займеў права сказаць:

Хай канец, хай атлантаў
цяжар на маю несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце
каханай старонцы маёй.

1. Апублікавана — «Літаратура і мастацтва», 2000, 21 лістапада.