Кучкоўскі І.М., Давідоўская Л.

І не знікаць паэтам вечна…

У першы дзень лістапада ў музычным вучылішчы імя Глінкі сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы прайшла вечарына, прысвечаная 70-годдзю класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Як арганізатар і выдучая вечарыны, я палічыла сваім абавязкам запрасіць на сустрэчу родных Уладзіміра Сямёнавіча. Такім чынам паміж мною і сястрою пісьменніка ўсталявалася трывалая тэлефонная сувязь. Кожны раз Наталля Сямёнаўна па-чалавечы шкадавала, што па стане здароўя не зможа браць удзел у мерапрыемстве, але паабяцала даць адзін з любімых ёю партрэтаў брата. На дзень, калі была прымеркавана наша сустрэча, мяне гасцінна прыняў швагра Уладзіміра Караткевіча, муж Наталлі Сямёнаўны, Іван Мікалаевіч Кучкоўскі, бо жонка была ў бальніцы. Гаспадар кватэры шчыра запрасіў мяне ў кабінет Уладзіміра Сямёнавіча. Я агледзела пакой, дзе ўсё захавалася так, як і было тут 16 гадоў таму. На сценах намаляваныя алеем партрэты К. Каліноўскага, некалькі — М. Багдановіча, краявіды роднай зямлі, шмат драўляных выяў, асабліва многа фігурак Швейка. У шафах, за шклом фотаздымкі сяброў: маладога чубатага Рыгора Барадуліна, сям’і Законнікавых з дарчым надпісам, фота, дзе Уладзімір Караткевіч, Фларыян Няўважны і Алесь Барскі, дарункі сям’і Вячаслава Рагойшы, кнігі Уладзіміра Арлова, работы мастакоў. На цэнтральным месцы шафы — партрэт пісьменніка: светлая, вельмі ветлая ўсмешка і ясныя, добрыя-добрыя вочы. Каля партрэта, у гліняным кубку — каласы родных палёў. Яны памятаюць гаспадара… З цікавасцю разглядаю фотаздымкі маці Надзеі Васільеўны, жонкі Валянціны Браніславаўны. На палічках у шафе шмат дароў мора, розныя марскія зоркі, ракавінкі звычайныя і розныя, а яшчэ — макеты караблёў і парусніка. Падыходжу бліжэй і на фотаздымку чытаю: «Уважаемому Владимиру Семеновичу, Белорусу, на память от участника создания этого удивительного корабля. Бычков Анатолий. 15.03.83».

Гаспадар ветліва прапанаваў прысесці за рабочы стол Уладзіміра Сямёнавіча. Менавіта тут пісалася многае з гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Іван Мікалаевіч згадвае: «Я ўпершыню пазнаёміўся з Валодзем, калі яму было 16 гадоў. Ён прыехаў да нас з Оршы ў Балбасава, дзе я служыў ваенным лётчыкам. Бываў у нас часта. Вельмі многа чытаў, шмат расказваў пра лёс свайго народа. Мы міжволі пачыналі жыць жыццём герояў яго твораў. Ведаеце, ён быў звычайны і незвычайны, вясёлы і сарамлівы, быў яшчэ вельмі ранімы. Потым мяне перавялі ў Магілёў, дзе наш аэрадром быў на беразе прыгожага возера, якое называлася Святое. Кажуць, што зараз там вялікі жылы раён. У студзені 1950 года мы пераехалі ў Чэлябінск, на станцыю дыслакацыі Шагол. Ніколі не забудуся, яе да нас праз усю Расію ехаў Валодзя і вёз з сабою поўныя два чамаданы кніг. Жыў цэлы год. Пісаў „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“. Было гэта ў красавіку 1965 года. Як ён казаў, збег з Мінска, каб добра папрацаваць». Іван Мікалаевіч бярэ ў рукі кнігу "Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у сусветным літаратурным аспекце«1, што выдаў Скарынаўскі цэнтр і якую яму перадаў Адам Мальдзіс. Разам мы разглядаем рэдкія фотаздымкі, малюнкі.

На маё пытанне, ці праўда, што маёмасць кабінета Уладзіміра Караткевіча будзе перавезена ў Оршу, Іван Мікалаевіч адназначна адказаў: «Калі музей будзе адчынены да 26 лістапада ў былым радзільным доме, дзе Валодзя з’явіўся на свет Божы, то, магчыма, адно яго крэсла мы перададзім у Оршу, наконт усёй маёмасці кабінета размовы ніякай быць не можа».

Іван Мікалаевіч зноў вяртаецца да ўспамінаў: «Каб вы толькі ведалі, які Валодзя быў светлы чалавек. Пра гэта я магу вам расказваць бясконца. Але нагадаю адзін выпадак. Калі Караткевічы жылі па вуліцы В. Харужай, недалёка ад іх быў базарчык, дзе прадавалася розная жыўнасць. Дык Валодзя хадзіў туды, купляў галубоў і… выпускаў іх на волю… Сам быў чалавек вольны, гаварыў усё, што думаў, умеў сябраваць, шчыры быў вельмі…» У гэтай кватэры Валодзя пражыў 13 гадоў. Яго маці Надзея Васільеўна і жонка Валянціна Браніславаўна стваралі яму добрыя ўмовы для працы«. Іван Мікалаевіч дастае з паліцы студэнцкі альбом Уладзіміра Сямёнавіча і падае мне. Я адгарнула цвёрдую вокладку і на першай старонцы ўбачыла словы малітвы, якія аздоблены добрай вартасці малюнкамі. Паміж лістамі з вершамі знаходжу выпіску з пратакола аб прыёме Караткевіча ў аспірантуру ў Кіеве. Але не прынялі, бо лічылі па тым часе яго беларускім нацыяналістам…

Іван Мікалаевіч працягвае: «Калі Валодзя адпачываў з жонкай і маці ў Піцундзе, то хадзіў з рыбакамі ў мора. Прывёзшы шмат рыбы, спяваў свае песні. Каб вы ведалі, як хораша Валодзя спяваў па старацаркоўных кнігах. Спяваў раздольна, так, як гэта мог рабіць толькі ён».

Прайшла вечарына ў гонар Уладзіміра Караткевіча на добрым узроўні. Пісьменнікі Міхась Тычына і Анатоль Верабей нагадалі прысутным старонкі жыцця і дзейнасці Уладзіміра Сямёнавіча. Студэнты чыталі вершы. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шэлестаў пазнаёміў прысутных з урыўкамі з «Сівой легенды». Слова пра юбіляра сказалі супрацоўніца часопіса «Роднае слова» Лідзія Хамінская і намеснік дырэктара вучылішча імя Глінкі Зоя Кудраўцава.

Пакідаючы гасцінную кватэру, дзе жыў і працаваў Уладзімір Караткевіч, я міжволі падумала: як бы было добра, каб тут быў музей паэта. Ён варты гэтага. Гэта трэба беларусам.

Лістападаўскія дні крочаць па роднай зямлі, лістапад — месяц Уладзіміра Караткевіча. І на памяць усплываюць радкі:

Але вечна тваім застанецца
Толькі тое, што ты аддаў.

1. Апублікавана — «Літаратура і мастацтва», 2000, 17 лістап.

Яндекс.Метрика