Вячаслаў Рагойша

«Дыплём» Уладзіміра Караткевіча

Быў гарачы чэрвень 1967 года. Гарачы ў прамым і пераносным сэнсе. У пераносным — найперш для мяне. Я рыхтаваўся да абароны кандыдацкай дысертацыі. Хто ўдзельнічаў у гэтай акцыі, зразумее маё адчуванне. А тут яшчэ пабочныя акалічнасці: гэта была першая абарона на толькі што створаным, першым у гісторыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта спецыялізаваным савеце па літаратуразнаўству; да гэтага, мой напарнік (Павел Ткачоў), з якім мы павінны былі абараняцца ў адзін дзень, не паспеў з выданнем аўтарэферата, і я застаўся сам-насам…

Расказваю пра ўсё гэта, каб вы адчулі мой стан 14 чэрвеня 1967 года, калі я стаяў за высокай трыбунай перад перапоўненай залай на Чырвонаармейскай вуліцы стольнага Мінска (там калісьці размяшчаўся філфак БДУ), даводзячы сябрам вучонага савета (і ўсім прысутным) слушнасць асобных палажэнняў даследавання «Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша». Ад хвалявання аўдыторыю перад сабой я бачыў як у тумане. Тым больш апошнія рады прысутных, дзе сядзеў і нешта старанна запісваў (як мне здавалася) Уладзімір Караткевіч.

З Караткевічам, дзякуючы Адаму Мальдзісу, мы асабіста пазнаёміліся і паразумеліся годам раней. Хто з тагачасных студэнтаў і аспірантаў, для якіх Бацькаўшчына была больш чым месцам пражывання, а мова — больш чым сродкам зносінаў, не марыў сустрэцца і пазнаёміцца з «самім» Караткевічам! Ужо выйшлі з друку яго патрыятычныя, асвяжальныя, як глыток марознага паветра, зборнікі вершаў «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), кніга рамантычных апавяданняў і аповесцяў «Блакіт і золата дня» (1961), з рук у рукі хадзілі нумары «Полымя» з гістарычнымі раманамі «Нельга забыць» (1962), «Каласы пад сярпом тваім» (1965) і «Маладосць» — з захапляльным «Дзікім паляваннем караля Стаха» (1964)… Памятаю, як я падпільноўваў Караткевіча каля будынка кансерваторыі пасля векапомнага выступлення ў ёй знакамітага беларускага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Было гэта яшчэ ў маі 1963 года. Падпільноўваў, каб толькі сфатаграфаваць пісьменніка, і потым, паказваючы здымак, хваліцца перад студэнтамі-аднакурснікамі… Зразумела, што на сваё трывожнае свята (а абарона дысертацыі і ёсць такое свята) Караткевіча я не мог не запрасіць.

Абарона закончылася паспяхова. Хоць перад гэтым і была даволі вострая дыскусія пра разуменне сутнасці самой паэтыкі твора (некаторыя навукоўцы па-даўнейшаму яе не прымалі ці разумелі не іначай як стыль твора), пра вартасці і неабходнасць для беларускай паэзіі верлібра, гарачым абаронцам якога я выступаў, — вучоны савет аднагалосна прысудзіў мне вучоную ступень кандыдата філалагічных навук. Гэта была перамога. Адным з першых павіншаваць мяне прыйшоў Караткевіч. «Віншую, шчыра віншую! — сказаў ён, моцна ціснучы руку. — А яшчэ павіншую на другой частцы абароны».

«Другая частка» адбывалася ў кафэ «Тэатральнае». За сталом рэй вёў мой навуковы кіраўнік, загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар Міхась Рыгоравіч Ларчанка. Ён таксама меў пэўны сентымент да Караткевіча. Таму слова яму даў аднаму з першых. «Слухай, стары! — звярнуўся ён да мяне, хаця гэты „стары“ быў ад яго маладзейшы больш чым на дзесяць гадоў. — Усе мы, твае сябры, яшчэ раз ад усяго сэрца віншуем цябе з выдатнай абаронай кандыдацкай дысертацыі! Абарона была такая выдатная, што ўжо сёння, не чакаючы, калі табе ВАКнецца, мы вырашылі ўручыць табе свой дыплом. Паслухай…» І Караткевіч сваім зычным, выдатна пастаўленым акцёрскім голасам стаў чытаць:

«Дыплём шматпаважанаму мэтру, ілюстрымісе Рагойшу, як беларускія, так і іншыя элаквенцыі майстру, які вырас сам, без дапамогі тых, што „дапамагалі яму расці“, як сцвярджае ён у сціпласці сваёй. На знак таго, што спасцігнуў ён навукі, што калі ёсць танк, то ён — глабальная ракета. На знак таго, што кандыдат ён у правадзейныя члены акадэміі, а карэспандэнт-членам яму не быць, бо „ежалі розуму ў каго не хапае, але карысць навуцы можа прынесці — тым лічыцца членамі-карэспандэнтамі“.
Табе ж прэзідэнтам акадэміі быці, або рэктарам быці, а іначай — не!!!»

Сказаўшы гэта, Караткевіч адным глытком апаражніў бакал з шампанскім, а потым, шырока размахнуўшыся, ляснуў хрустальны бакал аб падлогу. «На шчасце». Падышоў да М. Ларчанкі, папрасіў яго распісацца на «Дыплёме», з гэтай жа просьбай звярнуўся да Ю. Пшыркова, А. Лойкі, І. Шаблоўскай і некаторых іншых гасцей, потым — пад апладысменты прысутных — уручыў яго мне.

«Дыплём», намаляваны (не памыляюся — сапраўды намаляваны!) на асобных лістках белай паперы «ў васьмушку», быў апраўлены ў вокладкі з такой жа паперы. («Аказваецца, вось чым займаўся Валодзя, старанна нешта крэмзаючы за сталом вучонай аўдыторыі!») На першай старонцы вокладкі, на фоне запаленай паходні, стаяла: «На абароне адной дысертацыі. 1967 год. 14 чэрвеня». Яшчэ ніжэй: «Мэтру Славу Рагойшы ад падмайстра Вовы Караткевіча». Затым, на асобных лістках-укладышах, ішлі арыгінальныя, я сказаў бы, высокапрафесійныя малюнкі Караткевіча — партрэты прысутных. Некалькімі скупымі штрыхамі Караткевіч не толькі «схопліваў» рэальныя рысы тых ці іншых абліччаў, але і перадаваў характар чалавека. Дакладней, асноўную рысу характару. Здзіўляе мяне дагэтуль, як мастак (так, мастак!), які, магчыма, першы раз бачыў чалавека, мог так адразу «вычуць» характар, убачыць яго характэрную паставу, манеру трымацца, слухаць… Вось некалькі дзявочых партрэтаў, з якіх пачынаецца «Дыплём», — «Дзяўчаты на славутай абароне (1967 г.) Славы Рагойшы (1942 года)». Назваўшы гады, Караткевіч, відаць, тым самым падкрэсліў маладосць дысертанта. Вось два партрэты з надпісам «На абароне дысертацыі» — тагачаснага старшыні вучонага савета прафесара М. Г. Булахава, а таксама Дзмітрыя Бугаёва, вядомага крытыка, літаратуразнаўцы. Спачатку партрэт Бугаёва не атрымаўся, і Караткевіч яго перакрэсліў. Затым анфас замяніў профілем, намаляваным са спіны, з выразным тыпова бугаёўскім паваротам галавы. Трэцяя старонка «Дыплёма» змяшчае аўтапартрэт Караткевіча з засведчаным месцам падзеі: «На абароне дысертацыі Славы». Гэта — адзін з двух-трох аўтапартрэтаў пісьменніка, на маю думку, найбольш дасканалы. Затым паказаны «Неафіцыйны апанент на «імянінах дысертанта». Усяго некалькі штрышкоў, нават не ўвесь твар, а яго верхняя палова — нос, акуляры, вялікая залысіна, і мы можам лёгка пазнаць прафесара і паэта Алега Лойку, які на абароне сапраўды выступаў як неафіцыйны апанент і якому дысертант шчыра дзякаваў як «неафіцыйнаму кіраўніку» навуковай працы.

Нарэшце, два малюнкі, што услаўляюць самога дысертанта: шарж «Муза вянчае Славу» і яго партрэт з подпісам «vers libre» (указанне на тое, што я змагаўся за непрызнаны тады яшчэ свабодны верш, або верлібр). Апошняя старонка вокладкі «Дыплёма» таксама не пуставала. На ёй — багіня Перамогі з запаленай паходняй, што сядзіць на спіне льва як сімвале моцы і ўлады. І подпіс, зноў у духу Караткевіча і нашага сяброўства: «Светачу чалавецтва ад сяброў-падсвечнікаў»…

Сёння, калі я разгортваю гэты, відаць, самы унікальны сярод маіх навуковых дакументаў, «дыплём», разглядаю яго, чытаю напісаныя чорным чарнілам, старанным караткевічаўскім почыркам гумарыстычныя подпісы пад малюнкамі, мяне агортвае тужлівая радасць. Радасць — бо былі амаль два дзесяцігоддзі блізкіх узаемаадносінаў, шчырага сяброўства з гэтім геніяльным (так, геніяльным!) чалавекам. Тужлівыя — бо так рана пайшоў ён з жыцця, рэалізаваўшы, можа, толькі дзесятую частку сваіх творчых мажлівасцяў. Але і гэтага дастаткова, каб навечна застацца ў памяці ўдзячных патомкаў, стаць класікам беларускай літаратуры, тытанам беларускага Адраджэння.

1. Апублікавана — «Звязда», 2000, 25 лістап.