Давід Сімановіч

Адзін з лепшых успамінаў

Вясной 1958 года мяне выклікалі на абласную нараду настаўнікаў у Віцебск. Там мы ўпершыню ўбачыліся з Уладзімірам Караткевічам і, пазнаёміўшыся, не маглі спыніцца, вялі бясконцыя размовы пра жыццё, гісторыю, літаратуру. А колькі вершаў прачыталі адзін аднаму тады два настаўнікі — крынкаўскі сельскі я і гарадскі аршанскі ён.

Помню, што абедалі ў старым яшчэ рэстаране «Аўрора», шмат жартавалі, смяяліся. А потым пайшлі на спатканне да маёй будучай жонкі, разам чакалі яе і ўтраіх хадзілі па Віцебску.

Быў цёплы майскі вечар. I на душы было таксама цёпла ад сустрэчы, размоў і чакання нечага вялікага і светлага, што чакала — не магло не чакаць! — кожнага з нас.

Сустрэчныя гараджане звярталі ўвагу на субяседнікаў, якія гучна гаварылі і размахвалі рукамі, на рытмічныя рыфмаваныя іх размовы. А мы не заўважалі нічога. Толькі спадарожніца наша часам упрошвала: «Цішэй, хлопцы, мы не адны на вуліцы…»

Уладзімір чытаў сваіх «Калумбаў», я — «Левітана». Потым іншыя вершы — свае і чужыя.

Апрануты мы былі проста. А яму асаблівы каларыт надавала тое, што шыя была абкручана беласнежным бінтам, не помню ўжо чаму.

Позна ўвечары мы прыйшлі на вакзал да цягніка на Оршу. Развіталіся, дамовіліся пісаць адзін аднаму, а для пачатку перапісаць і даслаць яшчэ не апублікаваныя свае вершы.

Ён хутка даслаў мне сваіх «Калумбаў» разам з лістом, на якім вельмі разборлівым почыркам старанна былі выведзены радкі. Вось яны без усялякіх скарачэнняў.

«Шаноўны знішчальнік літаратурных Галіяфаў!

Лайдак ты, браце, вось што! Чакай, я яшчэ дабяруся неяк да цябе, калі прыеду ў Віцебск, будзеш ты глядзець на свет праз уласныя рэбры. Адзіным суцяшэннем для мяне з’яўляецца тое, што я і сам такі самы лайдак, калі яшчэ не горшы. 3 вершамі затрымаўся, нікому не пішу, нічога не пішу, бяда, ды й толькі. Праўда, у школе маёй ідуць экзамены, і я сяджу там, як ёлуп, на розных там геаметрыях. Памятаеш, як у пятроўскія часы казалі: „Богомерзостен пред господом Богом всяк, любяй геометриу“.

Вядома, значна лепей было б зараз шпацыраваць па бульвару з асобай, пра якую зноў-такі продкі казалі: „Нагами намизающа, вачыма играюща. Завесила вушы камением другим и не слухае слова божага“.

Але гэта ўсё пакуль што толькі мара. Пакуль што існуюць лаянкі, спрэчкі і іншыя пастылыя эксэсуары настаўніцкай нівы і фразы з твораў накшталт: „Пьера женили на Элен, но он сам не понимал: зачем это“. Або: „Плюшкин был прорехой в теле человечества, опустился до такой степени низости, что нельзя было различить, мужчина он или женщина“.

Дасылаю табе сваіх „Калумбаў“, а ты мне дашлі свайго „Левітана“, рэч патрасаючую. Не бойся, Інстытут Прыстойных Людзей імя Берыя нядаўна зачынілі, „перепроизводство“, а то былі б мы там кандыдатамі з табою.

Я, браце, таксама часта прыпамінаю нашу кароткую і такую добрую сустрэчу. Застаецца яна мне як адзін з лепшых успамінаў. I думаю, што гэта не апошняя сустрэча. Прывітанне тваёй сімпатычнай сяброўцы ад аршанскага барсука. Хай не думае, што я такі непрыгожы. Шыя мая прайшла, і я зараз гожы, тоўсты парніша.

Ну, паціскаю лапу. Дасылай верш. Твой Уладзімір».

Канверт не захаваўся. На лісце даты няма. Думаю, што гэта чэрвеньскае пісьмо, магчыма, напісанае ў часы сядзення на школьным экзамене.

Як бы там ні было, але ўжо праз некалькі дзён я чытаў на памяць сваім знаёмым яго верш, у якім было сто восем радкоў.

Толькі зусім нядаўна верш побач з іншымі з рукапісаў, якія захоўваліся ў сястры пісьменніка Наталлі Сямёнаўны Кучкоўскай, у сяброў і знаёмых, быў апублікаваны ў «ЛіМе». На маім лістку-арыгінале ёсць строфы, якія ў друк тады не трапілі. Гэта шаснаццаць радкоў пачатковых (праўда, пасля іх рукой аўтара пазначана: «Верш пачынаецца адсюль») і яшчэ дванаццаць радкоў перад апошняй страфой, якія потым увайшлі ў Збор твораў У. Караткевіча. Вось яны:

Мядзведзі лечацца травамі горкімі,
Шукаючы дзікі часнок на лузе,
Павук-серабранка ў гняздо пад чаротамі
Носіць паветра дзецям пад пузам.
А вы льецё па чужому слёзы,
Забыўшы радзімы простыя кветкі,
I любіце вершы ёлупаў розных.
Вядома, свінню прыцягвае сметнік.
Маю радзіму, маю зялёную,
Забыць і ў разрад нецікавых сунуць?
Мала вам плюнуць у твары сонныя.
Чакайце! Яшчэ калі-небудзь плюнуць!..

I пасля гэтага ўжо вядомая, апублікаваная страфа-канцоўка:

А я ў народ мой заўсёды веру,
I для яго, як вопытны кормшчык.
Адкрыю найлепшую ў свеце Амерыку
(Вёску Амерыку, што пад Оршай).

У кастрычніку, калі выйшаў першы зборнік вершаў Уладзіміра, я паслаў яму тэлеграму: «Нават сто паэтаў ускладчыну не напішуць «Душу матчыну»…

Мінулі гады. Напярэдадні святкавання тысячагоддзя Віцебска ў аўтобусе, які вазіў па горадзе пісьменніцкую групу, ён раптам спытаў: «А ты помніш тую тэлеграму?»

Вядома, я помніў і тэлеграму, і нашу першую сустрэчу, якая назаўсёды засталася ў сэрцы.

1. Апублікавана ў кн.: Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным кантэксце: Навук. збор. / Рэдкал. А.Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 32 — 34.