Артур Вольскі

«Чортаў скарб»

Сустрэча з казкай Уладзіміра Караткевіча

Аднаго разу — а было гэта гадоў з пятнаццаць таму — завітаў да мяне мастацкі кіраўнік Гомельскага абласнога тэатра лялек, рэжысёр і артыст Уладзімір Матрос. Як звычайна ў такіх выпадках, ён пачаў скардзіцца на адсутнасць нацыянальнага рэпертуару, на лянотнасць беларускіх драматургаў. А напрыканцы гутаркі нечакана спытаўся:

— Як вы ставіцеся да творчасці Уладзіміра Караткевіча?

Я адразу наважыўся гаварыць пра незвычайную караткевічаўскую драматургію. Але Матрос перапыніў мяне:

— Я маю на ўвазе казкі.

Казкі?… Так, я чытаў іх. Але мяне больш захаплялі вершы, гістарычныя хронікі-драмы, раманы і апавяданні слыннага аўтара і майго добрага знаёмага. Некалі, у гады навучання ў Маскве, Валодзя колькі разоў спыняўся і начаваў у маім інтэрнацкім пакойчыку.

— Можа б, вы ўзяліся зрабіць што-небудзь для нашага тэатра? — і, не чакаючы адказу, мой суразмоўца дадаў: — Паглядзіце, у першую чаргу «Чортаў скарб»…

Я толькі паціснуў плячыма. А дома ўзяўся гартаць томікі выбранага Уладзіміра Караткевіча. Вось і казкі. Іх не дужа многа…

Я, прызнацца, аматар казак. Асабліва народных. Мне міжволі ўзгадаліся казкі ў апрацоўцы такіх майстроў слова, як Якуб Колас, Алесь Якімовіч… Яны ў маёй хатняй бібліятэчцы таксама ёсць. Але казкі Уладзіміра Караткевіча — гэта нешта іншае, нешта асобнае. У іх народныя мудрасць і дасціпласць знаходзяць дабратворнае спалучэнне са своеасалівасцямі мовы і непаўторнасцю стылю пісьменніка, з ягоным геніем.

Казка «Чортаў скарб» сапраўды падалася мне найбольш адпаведнай прапанове У. Матроса. І, не адкладаючы справу надоўга, я патэлефанаваў у Гомель.

Праца аказалася даволі складанай. Па-першае, казку, напісаную ў прозе, я паспрабаваў пераказаць вершам. Па-другое, умовы сцэнічнага мастацтва вымусілі мяне ў пэўнай меры ўскладніць сюжэт, увесці дадатковыя эпізоды, персанажы. Але не буду спыняцца на гэтым падрабязна. Не пра тое гаворка. Галоўнае — тое, што я знайшоў у творы Уладзіміра Караткевіча, адкрыла мне самыя шырокія магчымасці.

Неўзабаве ў Гомельскім абласным тэатры лялек адбылася прэм’ера. Я ездзіў на першы спектакль. І артысты, і публіка, і сам рэжысёр-пастаноўшчык Уладзімір Матрос былі задаволеныя. А ў програмцы да спектакля, акрамя прозвішча аўтара п’есы і назвы, значылася: «Памяці Уладзіміра Караткевіча». Гэтае прысвячэнне захавалася і ў зборніку лепшых беларускіх драматургічных твораў, выдадзеным выдавецтвам «Юнацтва» пад агульнай назвай «Цудоўная дудка».

«Чортаў скарб»… Не было б генія Уладзіміра Караткевіча, не было б ягонага Боскага дару, не з’явілася б казка, а за ёю — і п’еса.

1. Апублікавана — «Літаратура і мастацтва», 2000, 24 лістапада.