Сяргей Законнікаў
Ахоўная зорка
Да 60—годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
Пачынаю пісаць гэтыя радкі і думаю: «Эх жа ты, доля—нядоля беларуская! Хоць бы калі ды пашанцавала. Але дзе там. Беды абрушваюцца адна за другой. Няма і цяпер таго шанцу, і раньш не было. Такіх выдатных сыноў і дачок нараджае наша святая зямля, нягледзячы на спрадвечнае вынішчэнне, ганьбаванне і ўціск, — але які кароткі іхні век».
Вось і Уладзімір Караткевіч, адзін з самых таленавітых і сумленных творцаў Беларусі, адышоў ад нас гэтак зарана. А як бы прыдаліся ягоныя розум, мудрасць і мужнасць, апантанасць і непахіснасць, справядлівасць і дабрыня ў наш трывожны і няўстойлівы час, калі выбліснула нейкая надзея і зноў пачынае згасаць, калі высакародныя ідэі нацыянальнага адраджэння, якім ён да канца аддаў сваё жыццё, зноў сустракаюцца ў штыкі арміяй разбэшчанага чыноўніцтва, тымі беларусамі, якія выракліся ўсяго роднага, крэўнага, ператварыліся ў паслухмяны статак рабоў, калі з няўмольнай трагічнасцю паўстала пытанне фізічнага і духоўнага выжывання нацыі.
Так, Уладзімір Караткевіч — наш асаблівы боль, але і нашая асаблівая радасць. І гэтая радасць ідзе ад усведамлення таго, што нам засталася такая багатая ягоная спадчына, таленавітае слова, а таму ён быў, ёсць і будзе заўсёды разам з землякамі, дапамагаючы ім станавіцца сапраўдным народам.
На Беларусі сёння Караткевіч самы чытаемы пісьменнік. У ягоных творах жывуць мудрасць і развага, якія захапляюць людзей сталага веку, рамантыка і прыгодніцтва, якія імпануюць моладзі, рыцарства і мілосць, якія зачароўваюць жанчын і дзяцей. А галоўнае тое, што ягоным словам гаворыць з усім светам душа Беларусі. Калі кнігі Караткевіча прачытае чалавек з далёкага краю, які ніколі не быў у нас (а такіх чытачоў у яго шмат), то нават і ён пранікнецца павагай да гэтай зямлі, да яе людзей, палюбіць іх.
Багатай фантазіяй, высокім інтэлектам, энцыклапедычнай дасведчанасцю, выключнай інтуіцыяй пазначана ўся творчасць Караткевіча, пачынаючы ад верша «Машэка», які быў надрукаваны ў 1955 годзе ў часопісе «Полымя», і да пасмяротнага зборніка з сімвалічнай назвай «Быў. Ёсць.Буду». Уражвае працавітасць пісьменніка, шматграннасць ягонага таленту, які змог увасобіцца і ў паэзіі, і ў гістарычных раманах і аповесцях, і ў апавяданнях, і ў эсэ, і ў п’есах, і ў кінасцэнарыях. Такое бывае ў наш час вельмі рэдка і, як кажуць у народзе, ідзе ад Бога. Але літаратура — хлеб нялёгкі. Яна мае крэўную сувязь з сялянскай працай, з потам і мазалём. І Караткевіч, як араты, вёў сваю баразну. Пад ягоным вечным пяром (любіў самапіскі, цураўся шарыкавых ручак) ажывалі вякі мінулыя, узнаўляліся сівыя легенды, і сучаснае жыццё, падсвечанае промнямі гісторыі, бачылася шматмерна і праўдзіва.
Ён, як і кожны творца, любіў той час, калі працавалася. Гэта была не толькі праца, але і свята. За пісьмовы стол садзіўся заўсёды з ціхай радасцю, паголены, у чыстай адпрасаванай сарочцы і ніколі не мяняў свае звычкі.
Калі чытаеш Караткевіча, то заўважаеш, што самыя блізкія яму словы — Гонар, Годнасць, Сумленне, Праўда. Яго заўсёды турбавала думка: як захаваць, абараніць і ўмацаваць годнасць чалавека, на што яму абаперціся ў гэтым жыцці? Гэтым роздумам прасякнуты ўсе кнігі пісьменніка. І ён знаходзіць адказ: наша трываласць — у павазе да матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, у любові да сваёй зямлі, у вернасці мудрым, гуманістычным традыцыям працавітых і вольналюбівых продкаў.
Уладзіміру Сымонавічу жылося і працавалася няпроста. Гісторыя падае нам шмат прыкладаў, калі адданая, неймаверная любоў вялікага сына да свайго народа, да роднае зямлі натыкаецца на неразуменне, на адкрытую варожасць абмежаваных, неадукаваных, але «звышпільных» сучаснікаў, якія рознымі шляхамі ўціскаюцца ў высокія крэслы і адчуваюць сябе ўладарамі жыцця. Нямала крыві і нерваў папсавалі Караткевічу такія «ўладары», навесіўшы на яго ярлык нацыяналіста. Колькі разоў яны вышуквалі нацыяналістычную крамолу, рэзалі па жывому ягоныя рукапісы. Так было і з выдатным эсэ пра Мсціслаў — адной з апошніх прац Караткевіча. Пасля цэнзарскіх алоўкаў «чорных палкоўнікаў» з выдавецтва «Беларусь» яно выйшла ў кастрыраваным выглядзе. А частка ягоных твораў пры жыцці так і не была апублікавана. Сёння яны вяртаюцца да нас. Для прыкладу, толькі ў «Полымі» надрукаваны ўжо аповесці «У снягах драмае вясна», раздзелы з рамана «Брань», дзённік. Неўзабаве часопіс апублікуе невядомае апавяданне Караткевіча.
Пісьменнік так і не пачуў ад афіцыйных улад тых слоў павагі, якія заслугоўваў больш, чым хто. Але затое ён адчуваў увесь час любоў і ўдзячнасць сваіх чытачоў, што падтрымлівала і жыццёвыя сілы, і творчы настрой. І гэта была найвышэйшая ўзнагарода, пра якую марыць кожны мастак!
Мне пашчасціла на працягу многіх гадоў сябраваць з Уладзімірам Сымонавічам, бываць у ягонай гасціннай кватэры. Ён быў і выдатным апавядальнікам, і ўмеў слухаць. Столькі цікавага, невядомага пра гісторыю Беларусі, пра кожны куточак роднага краю пачуў я ад яго! І ў мяне часта ўзнікала думка: «Адкуль такія веды?» Аднойчы на маё здзіўленне ён адказаў: «Я ж, браце, вандроўнік зацяты. Колькі пераходжана гэтымі нагамі, колькі перебачана гэтымі вачыма. А яшчэ архівы. Табе і ў страшным сне не прысніцца, колькі пераглытаў я пылу ў сховішчах, колькі перагартаў старонак дакументаў. І не толькі дома, але і ў Кіеве, Львове, Вільні, Ленінградзе, і за мяжой».
Ягоную дапытлівасць я пабачыў на Ушаччыне, куды неаднойчы завітваў Уладзімір Сымонавіч і для таго, каб зрабіць сюжэты ў тэлеперадачу «Спадчына», і з экспедыцыяй АН БССР, і проста ў госці да мяне, да маіх бацькоў. Ён абгледзеў усе ўшацкія валатоўкі, рэшткі храмаў, помнікі, могілкі, абмацаў, як кажуць, кожную цагліну, кожны камень. Помню летні вечар. Ля цяпельца ляжаць вуды, а ў вядры булькае духмяная юшка. Задуменны, прасветлены Уладзімір Сымонавіч сядзіць на абымшэлым валуне, апусціўшы босыя ногі ў цёплую азёрную ваду, і глядзіць, як з—за лесу выплывае поўня. Тады і з’явіўся надпіс на кнізе «Каласы пад сярпом тваім»: «Дарагім сябрам, Сярожу, Лілі і Алёнцы Законнікавым, добрым маім землякам, на знак павагі і любові і на ўспамін аб гэтых цёплых ушацкіх ліпеньскіх вечарах, аб поўні над Вечаллем; на ўспамін аб усім, што звязвае нас чатырох з гэтай нашай добрай беларускай зямлёй. Бывайце шчаслівыя. 28 ліпеня 1972 г. Ушачы». У мяне шмат кніг Уладзіміра Сымонавіча з аўтографамі. Але гэты запомніўся яшчэ і тым, як пісаўся. Кватэрка ва Ушачах у мяне была маленькая, і мы з ім прынеслі па ахопку свежага сена, паслалі на падлозе і выдатна ўладкаваліся. Тут жа на падушцы ён і падпісаў кнігу. А потым гаварылі, гаварылі з ім да самай раніцы.
Пасябраваў Уладзімір Сымонавіч і з маім бацькам з часу сумеснай працы над тэлеперадачай, надта ж упадабалі яны адзін аднаго. Кожны раз, калі я ехаў у Мінск, бацька стараўся перадаць Караткевічу хоць які—небудзь гасцінец. Як і Уладзімір Сымонавіч, ён любіў пажартаваць, нечым здзівіць. Аднойчы вясною ў нашым лесе было багата смарчкоў. Мы назбіралі іх цэлы мех. Бацька наверх паклаў ладны кавалак сала і сказаў: «Вязі вось так — у мяху. Павінен жа і я нечым уразіць Караткевіча». І сапраўды. Калі я пазваніў у кватэру і ўваліўся туды з мехам грыбоў, то захапленню не было мяжы. Уладзімір Сымонавіч доўга дзіваваўся, а потым сказаў: «Распранайся. Зараз жа будзем варыць, смажыць і есці». Так і зрабілі. Прамылі грыбы, адварылі, зноў прамылі і паклалі на патэльню. Але загавырыліся і забыліся пра накрыўку. Чую нейкі трэск і кажу: «Трэба глянуць». А Уладзімір Сымонавіч адказвае: «А ні бяды. Хай сабе трашчаць, яны смажацца.» А потым запахла паленым. Тут ужо і ён падняўся. Заходзім у кухню і бачым: гарыць сала на патэльні, а нашы ўсе смарчкі ляжаць веерам на падлозе. Пераглянуліся і зарагаталі, а потым Караткевіч гаворыць: «Ну і кухары! У смарчках жа паветра, яны скачуць, як мячыкі. Давай, браце, зоймемся імі ўсур’ёз. А то і не пакаштуем грыбоў.»
Жыццялюб, мудрэц, чараўнік, фантазёр, ён стараўся ўсіх прывеціць, адарыць ласкаю, душэўным цяплом. А душа ягоная была невычэрпнай.
Аднак у душы Караткевіча жыла не толькі агромністая любоў да людзей. Была ў ёй і нянавісць, якая жывіла ягонае мужнае змаганне з цемрашаламі, невукамі, дзікунамі, хамамі, служкамі таталітарызму, якія імкнуцца «загнаць жалезнай рукой чалавецтва да шчасця». З якім сарказмам, з’едлівасцю высмейваў ён усю гэтую нечысць і навалач.
Многае ў жыцці, як і само яно, даецца чалавеку авансам у спадзяванні на тое, што ён, завітаўшы на нейкі час на зямлю з небыцця, зробіць яе лепшай, прыгажэйшай, адорыць людства часцінкай свайго розуму і дабрыні. Караткевіч за свой такі кароткі век сплаціў усе даўгі. Спаўна аддзячыў ён роднай зямлі, свайму народу і пакінуў запавет:
Калі мы не ўстанем самі —
Не падыме нас ніхто.
Пачытайце папярэднія заказы ў беларускіх кнігарнях. Усюды просьба: «Выдавайце кнігі Караткевіча.» Аўтары запісаў у переважнай большасці — юнакі і дзяўчаты. І ў гэтых пажаданнях — ягоная неўміручасць.
Слова Уладзіміра Караткевіча абуджае страчаную беларусамі нацыянальную годнасць, свядомасць, дапамагае нам адчуць сябе роўным народам між іншымі. Яно і надалей заўсёды будзе ахоўнаю зоркаю над «зямлёю пад белымі крыламі».
1. Апублікавана — «Наша слова», 1990, 9 лістап. — С. 3, 9.