Радок бяззбройны і бясспрэчны
Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым — адзіна верны шчыт.
І не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай Песні жывучы.
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры.
Свет мяне паўторыць…
Ну, а не свет,
дык Беларусь. —
Мне — досыць…
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1977.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 245 — 247.