Прысенне зімы
Наваградак. Золь. Прысенне зімы.
Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах.
О, якая самота гатэльнай турмы!
Векавая якая туга!
Крыжацкай навалай з паўночных меж
Падпаўзае пад стромы зіма,
На схілах чыгунная чырвань веж
Прамерзла да сэрца амаль.
Вецер з цемры польнай, бы ўдар ляза,
Бадзякі зіхацяць, як шкло…
Як жа ім халодна, чарцячым князям,
У іхніх загонах было!
Паміраў жарынкамі зор карагод…
Мой апошні агеньчык жаўрэў нежывы,
І коні калматыя білі лёд
Да замерзлай жоўтай травы.
І скакаў да брамы начны ганец,
І крычаў, што безліч крыжацкіх зграй,
Што ад сцюжы чужынскай і сцюжы сардэц
Памірае ўлюбёны край.
Ноч… Гасцільня… Горад даўно апусцеў.
У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні,
І вецер у вокны лісце мяце,
Прамерзлае — аж звініць.
Уначы ірвецца дрымоты ніць…
Як удар.
Бо прыпомніў у сне,
Што Свіцязь, у нетрах забытая, спіць
У дубовай сваёй труне.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 27 кастрычніка 69 г., Навагрудак. Гасцініца. Ноч. 9 гадзін. А ўночы і сапраўды пайшоў снег.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 255, 256.