Блякла-сіняе неба і чырвань галін
Блякла-сіняе неба і чырвань галін.
Уздыхае ветрык. Спадае ліст.
Асцярожнае сонца з голых асін
Выпаўзае на ціхі сінічы свіст.
Ледзь хістаюцца ў небе галіны бяроз.
Лёг спакой на іржышчы. Гумённы дым.
Ярам рушыць павольна з дрывамі воз,
І сарока няспынна стракоча над ім.
У разведку за возам ляціць яна,
Трэба край адшукаць, дзе пякуць бліны,
Дзе кайстра, дзе ў ёўні жыве цеплыня,
Дзе заснула сытасць да новай вясны.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1964 — 1968 гг.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 259, 260.