Энкелад
Багі-забойцы за мужнасць маю
Мне пакаранне знайшлі:
Сіцылію ўсклалі на персць маю,
Этну — на галаву маю,
Морам — ногі мае залілі.
Падушка каменная душыць мне рот,
Я не ў змозе ні жыць ні сканаць.
Я ляжу. Я ляжу. Дзесяць тысяч год.
Я маўчу, нямы і сляпы, як крот,
Але семя мне даў тытанаў народ,
І калі пачынае рыкаць народ,
Бо ідзе за праўду вайна, —
Я ірвуся, ўздымаю скалаў прыгнёт,
І падае ў мора сцяна.
І ўстае да месяца край зямлі,
І пажар ліжа сонца змяёй,
І ў моры варацца караблі
Ад агню любові маёй.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 5.ХІ.64.
Машынапіс — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з прысвяч. Валянціну Тарасу.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 261.