Можна ўсё: пусціць каханне дымам

Можна ўсё: пусціць каханне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі — не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькі слухаць словы нездрадлівыя,
Толькі не тлуміць яе маной,
Бо адным мы вінны пакуль жывы
Перад нашаю вялікай нівай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Ісцінай.
Адзінаю.
Адной.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1984 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 267, 268.

Яндекс.Метрика