Начная песня

Змрок на кручы заспеў рабінзона бабовага…
У Дняпро ручаінай сплывае туман.
Ўсе паехалі качак страляць на Падкову,
Абяцалі вярнуцца, ды нешта няма.
Пільна слухаю ветрык з далёкіх затокаў:
Можа, недзе Дняпром затуркоча матор.
Але ціха…
Плаўка не відаць у сутонні.
А над светам — шалёнства зіхоткае зор.
Перакрэсліўшы вудай смугу агнявую,
Я гляджу у свінцовы і грыфельны змрок…
Вось, здаецца, кругі…
Падсякаю ўсляпую…
Зноў узмах…
Зноў знікае ў прадонні плавок.
Каб не спудзіць спакою
з нядальных кшакаў,
З прыбярэжнай лазы, што цьмянее сцяной,
Ціха ўзносіцца пастка рыбацкага сака,
Ловіць зоры і іх апускае на дно.
Пэўна, лягу пад стог.
Хай з глыбіняў знямелыx
У адвечным і самым бяскроўным з баёў
Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы
Да світання спадаюць у сэрца маё.

Упершыню, пад назвай «Месяц над млынам» — «Полымя», 1959, № 4.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 268, 269.

Яндекс.Метрика