Данеслі добрыя людзі
Данеслі добрыя людзі
( А я спакойны чамусь),
Што жыццё пачало паскудзіць
Былому Каханню майму.
Колькі ж годных яна абсмяяла!
Колькі чыстых на сметнік звяла!
Піравала яна, гуляла,
Ў божы рай па трупах ішла.
Гэта толькі пачатак гісторыі:
Будзе ёй яшчэ на зямлі
Безвыходней куды і горай…
Так, як мне праз яе калісь.
Сёння плачуць слязой яе вочы.
Заўтра — кроў яна з іх пралье…
Але гэта не я ёй адплочваю.
Гэта лёс ёй спаўна аддае.
Б’е за шчасце маё, і за мукі,
І за ўсё, што аддаў сатане…
……..
Але, божа,
анёл ці гадзюка —
Ўсё ж была яна часткай мяне.
Твой закон, і права, і сіла,
І таму не малю за сябе…
……..
Бог даруй, бог — цябе памілуй,
Хай сабе і ў смяротнай журбе.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 3 жніўня 80 г. 17.15, Друскенікі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 276, 277.