Стары певень

Жабруюць хаты. Штук дваццаць даўно,
Сорак восем сляпых звіў бур’ян пятлёй,
І ўрэшце адзін павадыр: акно,
А за ім жывое святло.

Забітая кожная з хат, як труна,
Вёска вымерла. Ў ёй толькі хлюпам звярэць.
І жыве там бабулька адным-адна…
Котка. Певень. І пяць курэй.

Ноччу мулка. І шэпча яна ў невідно:
«Не паспее тройчы»… І вось у туман
Загарлае певень, што доўжыцца ноч.
І чакае. Адказу няма.

І сыноў, і суседзяў ёй трызніцца крок,
Як жывы, неадчэпны падман…
Загарлае певень, што чэзне змрок —
А хору ў адказ — няма.

Хто ў тайзе, хто ў стэпе. Свой гай парадзеў,
А калі ўрэшце прыйдзе драма,
Загарлае певень, што блізкі дзень —
І хоць бы хто падтрымаў.

Калі хвошча залева на ўвесь небакрай,
Калі спіць пад снягамі трава,
Гэты певень вартуе наш родны край.
А вы? Ці не ганьба вам?

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1984.
Чарнавы аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 4 лютага 84 г. 16.11.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 277.

Яндекс.Метрика