Бекеш, або Ода Ерасі
(Балада 1555 года)
Ў змроку, калі спалыхнуць над Гародняй байніцы,
Еду размерана, повад аддаўшы каню,
Еду паўз лобныя месцы, катоўні, цямніцы,
Еду паўз ночы цямноцце насустрач далёкаму дню.
Ляпае меч па баку — ну-тка, варта, хто возьме рукамі?
Злосныя позіркі світак ядуць мае вочы, як дым.
Ведаў бы хто з іх, што б’ецца пад гэтымі сабалямі?
Ведаў бы хто, што палае пад гэтым берэтам маім?
Ерась, вялікая маці, агонь ступакі твае ліжа.
Хлопы не ведаюць, ярасці варачы страшны напой,
Што я за іх ненавіджу, знішчальней за іх ненавіджу,
Бо й аднавокая ярасць пакажа дарогу сляпой.
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх,
Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля,
Не падтрымае ў натоўпе аб дыбе звярыныя крыкі,
І не падкіне нявінна ў вогнішча Гуса галля.
Ведаю я за табою, што як бы ні катавалі,
Як бы цябе ні прыдушвалі змрочных стагоддзяў валы —
Не апявала ты статуй і догмы заўжды адмаўляла,
Знаючы цвёрда, што смерць, што гніццё у патокаx
хвалы.
Цемры князі і хлусні, што і праўдай і сонцам
праклятыя,
Лёд вашых зрэнак змяіных павольна паўзе за спіной.
Як вы мяне ненавідзіце, д’яблавы адвакаты!
Так, што… нянавісць клякоча ля лытак пагарды маёй.
Я праязджаю праз чорныя мантыі, справы і душы,
Нібы праз строй праязджаю, праз імі прыдушаны край,
Крыкі людзей у катоўнях казань хлуслівую глушаць,
Пекла штодзённае глушыць размовы пра баечны рай.
Блізкі, здаецца, ды толькі не верце, што вам абяцаюць.
Ён міражом адплывае, вясёлкаю перад гразой.
І не нагнаць таго раю, павек не нагнаць таго раю,
Як на найлепшым кані не дагоніць ніхто гарызонт.
Веры адкідамі, смеццем будуць зваць цябе людзі,
Пакуль у капішчах іхніх будзеш паўзці, нібы крот,
Пакуль ты слухаць іх будзеш, і пакуль ты верыць
ім будзеш,
І пакуль будзеш скарацца ім, мой беларускі народ,
Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных,
Пекла яго не баюся, бо ўсё гэта ваша багно,
Не клапачуся аб целе, ані аб душы бессмяротнай,
Тым бессмяротнай, што зробіць, каб потым пагаснуць
са мной.
Тут пабудуйце свой рай. Бо ён у руках вашых чорных,
Ў людзях на гэтай зямлі, людзях, што робяць свой лёс,
Ў праве на праўду і слова, на светлы агонь непакорны,
Ў праве на веру не браць, нават як скажа Хрыстос.
Я з баганоснага племя, якое у турмы спускалі,
Шылі ў дурацкі каўпак, рэзалі дзёрзкі язык.
Але забылі вы тое, што колькі б вы нас ні цкавалі,
Рацыю меў, праз стагоддзі, заўжды — ерэтык.
Ветрык свабоды далёкай пяро на берэце ўзвівае,
Вогнішчаў полымя злое ў вачах маіх дзёрзкіх гарыць.
І паўстаюць папярэджаннем, якім да канца пагарджаю,
Шыбеніц чорных «пакоі» на фоне далёкай зары.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Чарнавы аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: студзень 66 — 3 снежня 70 г., Рагачоў — Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 279, 280.