Смяротная страта
(1 сакавіка 1881 г.)
Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за 1863 год
Карэта цара выязджае.
(Гэткі на колах гадзючнік!)
У канале Кацьчыным воды
Да блізкага мора бягуць.
Вось бомба. Хай з падлы смярдзючай,
Хай з яго, ката народаў,
Ката маёй Беларусі
Зараз шматкі палятуць.
Выбух. Той здох. Але
І яго смерч асколкаў нізрынуў,
Вось нясуць… Вось колюць… Пытанні…
Гэта каб іншых гнаць.
Не, ён ім не скажа, хто ён,
«Ігнась Грынявіцкі» — не кіне,
Гонару многа ім, гноям,
Па імю, па бацьку, па прозвішчу,
Гонару многа ім, шлюхам,
Сыноў Беларусі знаць.
З апошніх згасаючых сілаў
(Пытанні… Пытанні… Пытанні…)
Ён лепш успомніць пра тое,
За што ён ішоў на замах.
Успомніць Бабруйшчыну мілую,
Майскую стужку Бярозы,
Дняпро на райскім світанні,
Белыя світкі ў лугах.
……….
І ў яго галаву адрэзалі,
І ў сасуд са спіртам паклалі.
……….
Спрэс трэслі усіх на допытах:
«Хто гэта?! Хто гэта?! Хто гэта?!»
Але галава маўчала…
І людзі, вядома ж, маўчалі…
Адзін толькі выдаў, паскуднік,
І з тым перайшоў у нішто.
І сяброў ягоных павесілі.
Быў ранак сонечна-чысты.
А ноччу, як развітанне,
Калі іх везлі хаваць —
У сінім небе начным,
Сінім, як спірт празрысты,
Ўсплыла чырвонага месяца
Адсечаная галава.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 9 лютага 84 г. 17.05.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 281, 282.