Раманс пра караля, што пакінуў трон
Так было і доўга так будзе:
Палілі вёскі й палі,
З гарадоў рабілі руіны і груды
Ўсёй зямлі — усе каралі.
Не, не ўсе. Ў даўніну забытую
Быў адзін — адзіны, і ён
Для простых кінуў эліту,
Для кахання пакінуў свой трон.
Заблукаў ён на паляванні,
І з дачкой палясоўшчыка Рут
Прасядзеў ля агню да світання
І найлепшую стрэў зару.
І кінуў магнатаў без жалю,
Палюбіў курных хатаў дым,
І аддаў сваё сэрца не зaмкам і залям,
А халупам і бедным братам сваім.
Палюбіў іх песні і словы,
Бо казаў іх каханай рот,
І зляцелі ў многіх галовы
З тых, хто мучыў і нішчыў народ.
І аднойчы сказаў ён магнатам,
Сказаў словы дзіўныя ён:
«За каханне у простай хаце
Я пакіну бацькоўскі трон.
А паколькі мне вецер вее
З нейкай іншай, свабоднай зямлі,
То ў Ісландыю, край завеі,
Мы сплывем на сваім караблі».
…І ў той час, калі йшчэ не ўкрылі
Крылы ветразяў мачты ўзлёт,
На прычале конна з’явіліся
Сваякі тых, што нішчыў народ.
Гналі коннікі ў дзікім намёце.
Кожны меч свой цягнуў з нажон:
«Не каханнем — макітрай заплоціш
Ты, што, дурню, кінуў свой трон».
Нараджала маланкі зброя,
І пад вечар ад роднай зямлі
Ў край далёкі, край мёртвых герояў
Ён адплыў на сваім караблі.
………
Раздзімаў яму ветразі вецер,
І адплыў у Нязнанае ён…
Той адзіны кароль на свеце,
Што аддаў за каханне свой трон.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Чарнавы аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 25 ліст. 81 г. 21.20. П.м.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 285, 286.