Глухі геній

(Гойя)

Сон розуму пачвар раджае,
І панствуюць яны над ім,
Паветра крыкам запаўняюць,
Вішчаць і кідаюцца ў дым.
І вар’яцее мозг ад плачу
На самай праведнай з планет.
Чуць не магу!!! Ўглядаю. Бачу
І мацаю каравы свет.
Што з ім? Які смяшлівы д’ябал
Зямлёй гуляе, як мячом?
Чаму аднога ўладай вабіць?
Чаму другога б’е мячом?
У ведзьмы на грудзях звісае
Дух цемры, злосны і тупы.
Свет забівае і ўмірае.
Хто не асёл — той нетапыр.
І хто паверыць, нават з кроўных,
Што цяжка мне узнёсласць мар,
Дзіцячую сваю любоўнасць
Хаваць за жорсткасць і кашмар?
Іначай нельга, бо адразу
Раздражніш лютую змяю…
Іначай схопяць і абразяць,
І граззю ў душу наплююць.
У царстве смерці і трывогі
Ёсць для мяне адзін маяк,
Што асвятляе мне дарогі…
Іспанія, зямля мая!
Ахутаная ў сан-беніта
З дурацкім вострым каўпаком,
Равучым полымем абвіта,
Ў турме задушана шнурком.
Вайна!
Забілі маці ў полі.
Нясуць. А захад дагарэў.
Дзіцёнак сіры, бедны, кволы
Ідзе за ёй і вочы трэ.
Не бачылі бы лепей вочы
Вось гэта:
новай смерці цень,
Маленькую фігурку ноччу,
Кранаючую, як прамень.
Хто высушыць дзіцяці слёзы?
Хто ён, загублены ў хмызах?
Язміну кветка на марозе.
На веях мёртвая сляза.
«Матуля, бедная!
Як гэта вытрымаць?!
Якая мужнасць!»
Суцэльны крык ірвецца з горла,
Крык фарбы, крык іглы ў турме.
І ўрэшце: «Ісціна памёрла!»
Памёрла пад вясёлы смех.
Глухім жыву і паміраю,
Глухім крычу пад градам куль,
Глухім, бо слухаць не жадаю
Хлусню, што панствуе паўсюль.
Пакуль пад гукі новай песні,
Харалу, што залье палі,
Святая праўда не ўваскрэсне,
Ўсё ж уваскрэсне на зямлі.
………
Тады — пачую.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1977.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 286 — 288.

Яндекс.Метрика