Прарок
(Маналог Кастуся з ІІІ акта трагедыі «Кастусь Каліноўскі»)
Генадзю Кісялёву
Далёкія-далёкія дарогі
Пад хмарнай лебядзінай чарадой…
Іду… Не веру ў д’ябла, ані ў бога.
Былі б — дык не паднеслі б чары той:
Пакутваць цяжка гневам і журбою,
Ў пустыні марна да пяскоў гукаць
За край, даўно адвучаны ад бою,
Ад мовы, гонару і языка.
І жыць, як тыя, што вось-вось сканалі,
Але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч:
Мозг шле навокал клічы і сігналы,
А цела — ў мёртвы лёд закула Смерць.
Ў распадзе клетак мозгу, бы ў магіле,
Чуць, як лікуе крумкачоў імша,
Ўсе словы чуць у гневе і бяссіллі,
Пакуль не вернецца ў Нішто душа.
І з горыччу, бы ў сполаху зарніцы,
Убачыць раптам дальнія гады,
Калі нашчадкі узвядуць грабніцы
Ўсім тым, каго распялі іх дзяды,
Каго пабілі на стагнах каменнем,
Каго на плаху валаклі з турмы…
Вы, людзі ўсіх наступных пакаленняў,
Ці будзеце у роспачы, як мы,
З сваёй апошняй ледзяной калыскі
Чуць мозг, што марна растае ў агні?
Не трэба. Што нам славы абеліскі?!?
Што нам, памёрлым, знічы і граніт?!
Калі жадаем мы адной кароны:
Пачуць, як лёсу валяцца муры,
Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе,
Ў згасанні мозгу ярасны ваш крык.
І зразумець, што вы ўзламалі краты,
Апошняй думкай, цяжкай, як свінец,
Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,
Што блізкі ён, вялікі мой канец.
І ў водбліску згасальнае заранкі
Апошнім промнем, як лязом нажа,
Пайсці раллёю, мною узаранай
Для руні, невядомай і жаданай…
Пайсці да вас…
І да свайго крыжа.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 3 сакавіка 65 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 292, 293.