Слова Міцкевічу
(Верш у прозе)
Кажуць, што ў ноч на дваццаць шостае лістапада ты з’яўляешся на зямлю, якая цябе нарадзіла, і ходзіш па ёй, заглядаючы ў кожную хату, ў кожную адрыну, на дно кожнага глыбокага возера.
Нячутныя крокі твае, а вочы з пяшчотнасцю нябачанай глядзяць на гэтую простую і мілую зямлю.
Рукі твае дакранаюцца да кары дрэваў-манументаў, галубяць кожны ліст на прырэчнай каліне, а вушы чуйна прыслухоўваюцца да новых спеваў, што гучаць на берагах чыстых, як сэрца тваё, беларускіх рэк.
Ноч вялікая-вялікая, і таму паспяваеш ты пабываць скрозь: на рудых берагах Дняпра і на беразе Світазі, дзе ў хвалях водарасці заблыталіся як русалчыны косы, ў сініх лясах Гродзеншчыны і на гары Маяк.
Неабсяжная зямля наша, але паўсюль, дзе пачуеш ты «кугаканне» савы над акном хаты, ты, непрыкметны, заходзіш у хату і глядзіш у вочы новаму чалавеку, які нарадзіўся ў той дзень, калі ты памёр.
І дзіцёнак маўчыць і ўсміхаецца, бо ён бачыць тое, чаго не бачаць дарослыя: не прывід, а проста добры чалавек, толькі больш маўклівы, больш паглыблены ў сябе, нахіліўся над ім.
А ты глядзіш на яго і калі бачыш, што сумленныя вочы ў яго бацькоў, даеш яму добры і сумленны лёс.
Аднаму ты даеш будучыню слаўнага казачніка, другой — будучыню добрай маці, трэцяму — славу вялікага героя, а чацвёртаму — проста славу Чалавека, працаўніка, рукі якога робяць усё на зямлі і кормяць таксама ўсіх.
Мяне ты чамусьці зрабіў паэтам, даў мне вочы, якія бачаць сум явара над вадою; вушы, якія чуюць песню чалавечую; рукі, якія здольны перабіраць як струны галіны прырэчных верб; ногі, каб выхадзіць зямлю; і глотку, каб спяваць язычаскія песні, песні сонцапаклонніка.
Я не кажу, што твой вялікі голас гучыць у нашым. Проста маленькім ялінам добра ў цяні адвечнага дрэва.
Пераблыталіся нашы шляхі, шлях тваёй Радзімы і шлях маёй, і шляхі ўсіх краін славянскіх зліліся ў адну раку і не адрозніш, дзе тая, а дзе іншая плынь.
Пацебня і Каліноўскі і Траўгут баранілі праўду тваю, рускі, беларус і паляк, і славаю іхняй быў бяссільны плач кабеты, пра які ты пісаў, і моцны ўдар нашчадкаў, якія павалілі спрадвечнае пудзіла.
Вялікае сонца славянскае, ты ж бачыш іх, калі прыходзіш да нас у лістападаўскую ноч, ты ж сам ведаеш гэта лепей ад нас.
Як сонца ў маленькай кроплі адбіўся гэты вялікі шлях у непрыкметнай долі маёй.
Продак, што загінуў у шэсцьдзесят трэцім; песні, што спявала мне маці; сваяк мой, які калісьці ў падпітку на знак таго, што жыве ў нашчадках дух і мужнасць Гражыны, з’ехаў з «капца Міцкевіча» на гарачым кані, пусціўшы яго наўскач.
Я веру: табе гэта спадабалася б. Ты заўжды любіў маладзецтва.
Але бачыш, іншыя, новыя надышлі часы. Вось рукі сябра-паляка ў маіх руках. Я адчуваю іх цеплыню і цвёрдасць і суровую, сяброўскую ласку.
Вось кніга тваіх вершаў перада мною. Яе падараваў мне твой нашчадак (нацыя ж заўсёды нашчадак лепшага свайго паэта).
І на вокладцы напісаў ён словы твае: «Вашы чужаземныя твары маюць права пражывання ў сэрцы маім».
Бачыш, вось зямля, вось новае жыццё на ёй.
Настала «сіла праваў», і праз стагоддзе абняліся ўнукі славянскія.
Кветкі і чырвоныя галіны восені, працу рук нашых і песні прыносім мы на магілу тваю, вялікае сэрца славянскае, настаўнік і сябра наш.
Звоняць і звоняць вярбовыя струны, і цвёрдыя крокі твае заўсёды гучаць разам з нашымі, і наперадзе, і лёгка нам ісці, адчуваючы цябе поруч.
Туды, туды, дзе сонца ўсходзіць.
Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 10 — 11 [1955 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 322, 323.