Кастальская крыніца

Чутка ёсць, што ў лясной лагчыне,
Дзе туман на галінах сядае,
Ручаёк празрысты і сіні
З-пад калоды ў свет выцякае.

Там спявае ўсё-ўсё жывое,
Нават жоўтая, палая гліца,
І спяваюць стройныя хвоі,
Што растуць над гэтай крыніцай.

Кропля кожная голас мае,
Як бяжыць яна па адхону.
Нават шчур салаўём спявае,
Як нап’ецца вады сцюдзёнай.

Чуеш? Песня звініць, не сарвецца
Гукам чыстым, высакародным.
А крыніца — песняю звецца,
А цячэ яна — з гушчы народнай.

Адшукаць бы яе на прадвесні
У лясістых горах і долах,
Каб спяваць не чужую песню,
А сваю — ды на поўны голас.

Як шукаць мне тую крыніцу
Сярод дрэў вялікіх, няўламных?
Як вады дасхочу напіцца
І зайграць, каб слухалі камні?

Каб зубры прыходзілі з лесу
І надоўга жаваць забывалі,
Каб сабакі — і тыя за песню
Запылёныя ногі лізалі.

Каб магутнай была як навала,
Каб для ўсіх была добрай знаёмай,
Каб мярзотнікаў розных карала
Як удар няўмольнага грому,

Каб са мною плакалі людзі
І смяяліся разам са мною,
Каб у самых бяздушных грудзяx
Сэрца стукнула як маладое.

Тут адному дарогі не будзе,
Правядзіце мяне да хвояў,
Працавітыя, простыя людзі,
Сумленне маё жывое.

Аўтограф — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 42, воп. 1, адз. зах. 129, с. 12 [1955 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 324, 325.

Яндекс.Метрика