Перакаці-поле
(Народная легенда)
І
Цёмныя хмары над мокрай раўнінаю,
Бруд па калена, пустыя шляхі,
Вербы ў прысадах лазіны сінія
Цягнуць да мёртвай сухой альхі.
Чорныя рэкі стынуць ад холаду,
Хмуры вятрак, пагружаны ў сон,
Стаў быццам крыж над магілаю волата,
Што заараў гэту бедную гонь.
З далі, адкуль набягаюць хмары,
Мёртвым мячом без ног і без рук
Зноў каці-поле бяжыць абшарам,
Як надзвычайны, калматы павук.
Прагна другія мячы хапае
І да сябе далучае іх,
Каціць па гонях і ўсё вырастае,
Каціць ля хат і капліц старых,
Каціць ля белых палацаў светлых,
Светлых, як сонца, белых, як снег.
Што ім, залітым музыкай ветлівай,
Да абадраных, крычачых стрэх!?!
Вербаў мяцёлкі на мокрай глебе,
Дожджык скупы, як халодны плач,
Хмары, бясконцыя хмары на небе,
А на зямлі каці-поля мяч.
Месячы бруд разбітай дарогай
З дальніх заробкаў дамоў ідучы,
Ян і Пятро ледзьве цягнуць ногі,
Каб дацягнуцца да вёскі ўначы.
Ў вёсцы — суседзі, таварышы ў працы,
Ян — у гадах, а Пятро — малады,
Не зарабілі яны на палацы
Ні на жнівах, ні ў капальнях руды.
Ян зарабіў на акраец дзецям,
Не зарабіў на нявесту Пятро…
Твары сячэ ім пранізлівы вецер,
Бруд наляпіўся на лапці гарой.
Твар у Пятра задуменны і бледны:
«Ганя, Гануля, дзе песні твае?
Бацька цябе не аддасць за беднага,
Выплачаш з іншым ты вочы свае.
Бо на каляды, ў святочнай хаце,
Ў хаце каханай і дарагой
Ў бацькавы куфры разлезлік багаты
Кіне свой выкуп потнай рукой.
Клятыя грошы, паперкі з арламі!
Што ж вы забілі радасць маю?
Іншы да любай пойдзе з сватамі,
Іншы касу распляце тваю…
Мокры абрус ад гарэлкі разлітай…
Твары чырвоныя… люлек дым…
Ўсе задаволены, п’яныя, сытыя,
„Горка!“ крычаць і крычаць маладым…
Іншы цалуе, дурны ад хмелю,
Вусны чырвоныя, як ранет…
Шчасце сялянскае, дзень вяселля,
Нават і ты ўцякло ад мяне!
Думаў, што будзе, і — вось „зарабілі“.
Дзесяць паперак кожны ўзяў.
На аднаго напэўна б хапіла,
А на дваіх…» — Пятро застагнаў.
Думкі ў Пятра, як вужакі, халодныя,
Ён ад чакання, як мыш, узмок…
Вось пералог за Курыным бродам,
Ўскраіна поля, хмызы, лажок.
Паў на калені Пятро ў бур’яне,
Потым падняўся, ў вачах туман:
«Ну а цяпер даруй мне, Яне,
Стань і маліся! Сведкаў няма!»
Па абшарах на прыволлі
Каціць перакаці-поле.
Каціць
Каціць над раллёю,
Як жывое…
Як жывое…
Рэзка сякера ўпялася ў грудзі…
Хоць бы якая жывая тля!
Ян паваліўся. Не бачаць людзі,
Хмары ж змаўчаць, і змаўчыць зямля.
Вочы, ад сну смяротнага сонныя,
Ўбачылі толькі, што ў самых нагаx
Вецер сцяблінку зламаў пад кронаю
І каці-поле пабегла ў свой шляx.
Ледзьве прамовіў ён, белы ад болю,
Чорнаму шару без ног і без рук:
«Ў сведкі бяру цябе, каці-поле,
Вечны бадзяга, расліна-павук.
Чуеш, Пятро, памятай і ведай,
Бачыш, яна ўцякае ад нас.
Гэта расліна, яна мой сведак,
Бойся яе… засведчыць яна…»
Мёртвае цела схаваўшы ў лозах,
Грошы узяўшы, дрыжачы Пятро
Папрамаваў па разбітай дарозе
І загубіўся за бруднай гарой.
Часам з падбегам, а часам павольна,
Чорнай раллёй і краем лагоў
Бегла маўклівае каці-поле
Быццам сабака па следу яго.
ІІ
Па абшарах на прыволлі
Каціць перакаці-поле.
Каціць…
Каціць…
Іншыя мячы хапае,
Да сябе іх далучае…
Бачыць слёзы, бачыць гора,
Бачыць лёс народа чорны,
Вырастае…
Вырастае,
Быццам мора сабірае.
Свет вялікі абяжала,
Шчасця ў ім не адшукала…
Па іржышчах, па дарогах,
Па мяжях, па пералогах,
Па абшарах на прыволлі
Каціць перакаці-поле.
Каціць…
Каціць…
Бліжай…
Бліжай…
Янава жонка ў Пятра пытала,
Ён адказаў: «Разышліся мы».
Тыдзень ці два Янука чакалі, —
Дожджык паспеў і сляды замыць.
Хмары сплылі за край свету шырокага,
Лісце заснула ў глыбокіх ярах,
Зніклі сляды, разоры размоклі,
Дзень загубіўся ў мінулых днях.
Хутка забітага твар і грудзі
Снег-укрывальнік закрые навек.
Хто ж аб забойстве раскажа людзям?
Голы, нямы на зямлі чалавек.
Хто ж за забітага мовіць слова,
Дзецям галодным дасць бацькаў дар…
Сведкай душа засталася Пятрова
І каці-поля калючы шар.
Выкуп за Ганну ў куфэрку цесця
Поруч з палотнамі ўжо ляжаў.
З шумных вячорак сваю нявесту
Кожную ноч Пятро праважаў.
А у пустой суседавай хаце
Тымі ж начамі калі-нікалі
Жонка пакутвала, плакала маці,
Дзеці галодныя ў голас раўлі.
Дождж па страсе мяккай лапай крочыць…
Плач у суседзяў… У сенцах цячэ..
Ў ложку Пятро закрывае вочы…
Сон уцякае ад хмурых вачэй.
І ўспамінаюцца ярка да болю
Вербы, бур’ян, хустка брудная лук…
Каціцца,
Каціцца каці-поле,
Скача, расце злавесны павук.
Спыніцца раптам і скача парывам,
Ціха паўзе пад ногі яму:
«Што табе трэба, маўклівы прывід?
Хочаш чаго? Прыходзіш чаму?»
………..
Дзень без дажджу, халодны і строгі,
Шэры і ясны стаяў на зямлі,
Калі ў хмызах, на мяжы аблогі
Мёртвае цела Яна знайшлі.
Хмары. Ралля. Быццам куча гною
Вёска ў палях ляжыць пад гарой.
Цягнуцца людзі да месца забойства,
Многа людзей. Пайшоў і Пятро.
Ціха стаяць, не скажуць і слова.
Вецер вільготны у твары б’е.
Жонка ў старым андараку суровым.
Дробныя дзеці ля ног яе.
Моўчкі глядзяць на мёртвае цела,
Гора іх гне, як вецер чарот,
Меншы сынок з галавою белай
Не разумее, ўзяў пальца ў рот.
Зрокам цікаўным гуляе па полю,
Нешта пабачыў, яму весяло,
Басам сказаў: «А вось каці-полечка.
Ма, а яно таксама прыйшло?»
Па раллі ад небакраю,
Адкуль хмары наплываюць,
Па абшарах на прыволлі
Каціць перакаці-поле.
Вырасла, вялізным стала.
Каціць, каціць, як навала,
Каціць…
Каціць…
Бліжай…
Бліжай…
Крык абляцеў нават дальнія гоні,
Камнем зваліўся да трупа Пятро.
Сэрца растаяла. Слёзы салёныя
Лінулі градам, як з раны кроў.
Сведка злавесны скача па грудах,
Каціцца ў яр, паўзе на гару.
«Грэшны! Вяжыце! Круціце, людзі!
Браце!
Браце!
Браце, даруй!»
ІІІ
Вёска, як гной. Прысады вярбовыя,
Хмары. Лужыны на раллі.
Хто з цябе вырве гнеўнае слова,
Волат забіты, што спіць у зямлі?!
Мёртвы вятрак, бруд бяздонны на полі,
Вецер халодны свішча ў лазе,
Каціцца,
Каціцца каці-поле,
Скача мячом,
Як павук паўзе.
Шчасця няма пад застрэхамі гэтымі,
Дожджык сячэ, на шляхах вада.
Бедныя,
Бедныя,
Бедныя дзеці,
Птушкі малыя без крыл, без гнязда!
Хто ж тут шчаслівы!?! Змярканне сіняе
Ціха сыходзіць на сітнягі…
Маці ў сухотах, дзеці пад тынам,
Ў яме адзін, у турме другі.
Аўтограф — прыкладзены на 4-х старонках двайнога аркуша да ліста Ю. К. Гальперыну ад 12.05.1957.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 344 — 349.