Састарэлы месяц

Затрымаць імкнуся назаўсёды
Вось такім, як зараз, вобраз твой
З дальняй песняю, з начнымі водамі,
З месяцам, што гасне над вадой.
Месяц састарэлы памірае,
Затрымаць яго, каб ён заўжды
Асвятляў твой тварык, дарагая,
І ў траве расістыя сляды,
Ведаеш, ён сумны, тонкі, белы,
Сёння я хачу, каб кожны жыў,
І шкадую месяц састарэлы,
Што ў хвіліну шчасця нам свяціў.
Зоркі тыя ж, а ўвесь час спадаюць.
Нехта ў небе, пэўна, ўсё ж сядзіць
І дажыўшы месяц разбівае,
Каб з асколкаў зорак нарабіць.
Папрашу яго, каб ён пакінуў
Ў кожны міг, калі са мною ты,
Месяц драхлы, месяц светла-сіні,
Што няўхільна коціцца ў кусты.

Аўтограф — прыкладзены да ліста Ю. К. Гальперыну ад 10.06.1957.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 350.

Яндекс.Метрика