Камеце 1957 – ??? гадоў
Над ляснымі азёрамі, над ракой,
Над глыбокаю тванню гнілых німярэч,
Над прыціхлаю ў смутным чаканні зямлёй
Павісае трывожны, зялёны меч.
Ты з’явілася зноў на зямны прызыў
Як у той далёкі, нязнаны век,
Калі мамант на гонар твой песню трубіў,
Калі толькі з’явіўся на зямлі чалавек.
Калі ж прыйдзеш ты зноў праз тысячы год
(Невядома пакуль што для нас, калі),
Ты, магчыма, пабачыш новы народ
На зусім невядомай для нас зямлі.
Не тлумач ім такіх непатрэбных слоў
Як «дзяржава», «страта», «галодны час»,
Паглядзі з павагай на іх любоў,
Раскажы ім ціхутка, на вуха, пра нас.
Раскажы ім, як чорнай навалай ішлі,
Як братамі сваімі ўгнойвалі стэп,
Галадалі, пакутвалі, кроў лілі
І знішчалі патрэбны галодным хлеб,
Як палілі жывых людзей у пячах,
А казалі пры гэтым: «гуманізм і любоў»,
Як звычайнаю ручкай, вось так, спляча,
Выганялі з заводаў мільёны рабоў.
Як кахалі за грошы, атруту пілі,
Як начамі снілі хцівыя сны,
Як не ўпэўнены нават ў тым былі,
Што зямля выйдзе цэлай з трэцяй вайны,
Як машынамі горы маглі скрышыць,
А крышылі суседзяў, елі бульбу адну,
Як маглі з навукай стагоддзе пражыць,
А жылі дваццаць год, бо ішлі на вайну.
Як знішчалі прарокаў, як без хлеба зімой
Геніяльным паэтам дазвалялі канаць,
Як выходзілі з сытым свінствам на бой,
Як яго пачыналі перамагаць.
Ты світанак наш бачыла на зямлі,
Ты нас бачыла ў самым гарніле мук…
Ім, шчаслівым, ім, чыстым, прывітанне пашлі.
Не былі б яны чыстымі, каб не бруд нашых рук.
Мы, як птушкі, елі, мы цяглі, як сланы,
Мы сапраўдным жыццём за жыццё не жылі,
Каб спакойна кветкі збіралі яны,
Каб гулі для іх залатыя чмялі.
Калі прыйдзеш ты на нябёсы іх,
І між зор пракладзеш свой спакойны след,
Перадай дзяўчыне ў гадах маіх,
Што кахаў яе той забыты паэт.
І няхай яна, хоць не знае мяне,
Хоць зусім інакшыя песні пяе,
Праз трывожнае сяйва тваё зазірне
У азёры блакітныя, вочы мае.
Машынапісная копія — прыкладзена на 2-х аркушах, з праўкамі і подпісам аўтара, да ліста Ю. К. Гальперыну ад 17.03.1958.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 354, 355.