Мір гэтаму дому

Мір гэтаму дому,
Дзе шчасце мы бачылі ўсе…
Вецер шматкі саломы
Па мокраму снегу нясе,
Дожджык імжыцца ціхі
(Вясковы вячэрні час),
Карова з добрымі ўздыхамі
Глядзіць з-за сена на нас;
Курка з цёплага поклада
Кудахча, бы знесла сусвет…
Прытульны, добры і цёплы
Наш беларускі свет.
Садок да рачулкі збягае,
Хатка глядзіцца ў плёс.
……..
Арлы на свет вылятаюць
З такіх менавіта гнёзд.

Машынапіс — у ЦДАМЛМ РБ, Ф. 41, воп. 1, адз. зах. 864, с. 8 — 9 [1957 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 359, 360.

Яндекс.Метрика