Маціцовыя слёзы

Ураджай пагарэў. З працадня — ані шэлега.
Вымі бедных кароў, як пустыя збаны…
На пясчанай касе ля Збароўскага берага,
Быццам рыбы галодныя, дрэмлюць чаўны.
За бязглуздасць чыюсьці, грабежную, хвацкую, —
Як было не адзін ужо раз, і не два, —
І сягоння бакамі адказвае Бацька,
Рыбы, дрэвы, нябёсы яго і трава.
Цені, белыя цені на водмелях сініх,
На плячы даўгазубыя граблі ляжаць.
Стогнуць спіны і ціха паўзе над пучынай,
Быццам дзіда, цяжкі, трохсажнёвы дзяржак.
Граблі шаблямі дно залатое скародзяць
І прыносяць «палюддзе» галодным чаўнам:
Ясных кропель алмазы, багновак бароды,
І бяззубак — па грыўні за кілаграм.
У катлах ненажэрных іх вывараць ноччу.
Чарапашак ад мяса аддзеліць «кульба».
Будуць запінкі для вячэрніх сарочак,
А начынне — свінням.
Па-братэрску дзяльба.
Дзеля гэтага з ранняй да позняй часіны,
З салаўінай пары да савінай пары,
Як трысцінкі трымцяць дзявочыя спіны,
І аленевы вочы глядзяць у віры.
І пакуль грабуць яны сонца з парогаў,
А з крыніц і глыбіняў вясёлак глыжы, —
Зыб ад глісераў белых абліжа ім ногі,
Грудзі-шкелцы бінокляў абсліняць чужых.
І за сіняй далёкаю павароткай,
Там, дзе знікне багатых глісераў зыб,
Людзі з граблямі выбух учуюць кароткі,
І бязгучныя стогны аглушаных рыб.
Быццам жэмчуг, на нашых адхонах суровыx
Наліваюцца барвай насустрач дню,
Як вулканы, зырчаць маціцовыя горы,
А між імі, як лава, шалёнства агню.
І з адчаем слухаюць ракавін вушы,
Як віруюць у пекле катлоў агнявыx
Душы браццяў, нямыя бяззубкавы душы,
Пад мяшалкамі д’яблаў… таксама нямых.
І ўвесь час пакуль мяса ад лат аддзіраюць
І дымее у ночвах яно, як гара,
Качкі шэрагам шэрым стаяць і чакаюць,
Як пры Сталіне поліўкі ў лагерах.
Высыхаюць крыніцы, і іхнія слёзы
Дзень ці два ззяюць маціцай ў сонца агні
Перад вечнай разлукай з радзімай бярозавай,
Дзе цяпер ні бяроз, ні дубоў, ні крыніц.
О зямля мая ў сонцы, зітханнях і зыбу!
Дзе дубоў твае цёплыя халады?
Абясптушылі, бомбамі ўсю абязрыбілі,
А цяпер абяззубяць…
А што ж тады?!
Разнясі ім каўчэгі з хлуснёй і атрутай,
І даруй, тым, танюткім, як струны лазы,
Тым, з граблямі, у плаццях сваіх падаткнутых,
Што для хлеба ўзялі ў цябе човен слязін.
Бо штоночы, як толькі прытомнасць пакіне,
Мне адзін, мне адзін толькі трызніцца сон:
Даўгазубыя граблі, напятыя спіны,
І пад хусткамі белымі — твары з ікон.

Чарнавы аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 22 крас. 65 г. Шагол.
Машынапіс — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 373, 374.

Яндекс.Метрика