Агонь з вяршынь — і дом твой, як свяча

Агонь з вяршынь — і дом твой, як свяча,
І мёртвай хмарай — попел над Гаморай,
І ўсё з нуля даводзіцца пачаць,
Бо ў тым былым нічога не гаворыць.

Калі ўжо давядзецца зноў пачаць —
Ідзі ад дымам пушчаных святыняў
І не шкадуй ні плуга, ні мяча
На новы свет, дзе ўсё пакуль — пустыня.
Там будзе грай сівога крумкача,
Сто бездарожжаў, соль і пыл на веях…

Калі ўжо вырашыў з нуля пачаць —
Ідзі! Не аглядайся!
Скамянееш!

Аўтограф — у журналіста Д. А. Падбярэскага; аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: снежань [1980 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 385.

Яндекс.Метрика