Вясна ўвосень

Маленькi Янка цяжка захварэў. Ляжыць увесь чырвоны, нiчога не бачыць i не чуе. Нават Аленкi не пазнае. I не ведае яна, чаго дактары ў доме. Чаго мама плача, калi думае, што нiхто не бачыць яе?

А Янку здаецца: шумiць цёмнае мора пад хмарамi. Ад берага адплываюць чорныя караблi, i завозяць яны некуды ў свет усе ягоныя цацкi. Вось салдацiкаў павезлi. Ну хай салдацiкаў. А нашто яны Мiшку забiраюць? Заўтра дзень нараджэння, а Янка з iм нават не пагуляў.

Апошняга павезлi мардастага шчанюка. Той вiшчыць — цёмна ў моры.

— Можа, ты хочаш чаго, сынок? — спыталася мама.

— Сонейка, — сказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў.

Якое там сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы. На клёнах дурное лiсце. Дурное, бо даўно яму трэба ўпасцi.

Нiхто не глядзiць на Аленку. Узяла яна плашчык ды выйшла з хаты ў сад. Сонейка шукаць, брацiка ратаваць.

У дварэ вецер моршчыць лужыны. Усе птушкi, усе мушкi, усе звяркi пахавалiся. Хто дрыжыць, хто дзесьцi сон бачыць.

— Сонейка-Сонейка, выйдзi, — папрасiла Аленка. — Цябе брацiк клiча.

— Сплю, — сказала Сонейка з-за хмар. — Мяне кожны ранак птушкi будзяць. А цяпер iх няма. Хто на поўдзень паляцеў, хто ў дупло схаваўся. Нiкога я ўжо да вясны не сагрэю.

— Птушкi, звяркi, мушкi, разбудзiце Сонейка!

— Спiм. Холадна, — адказалi жабкi з дна ракi, грыбы — з-пад зямлi, вавёркi — з дуплаў.

— Разбудзiце Сонейка, — папрасiла Аленка. — Брацiк Сонейка хоча.

— I я хачу, — сказаў з хмызоў Вожык. — Ды што я магу зрабiць?

— Брацiкаў шчанюк плача, — сказала дзяўчынка.

— I я плачу, — сказаў мокры Верабей на галiнцы. — Мне холадна. А тут яшчэ вунь Чорны Кот да мяне падбiраецца.

— Голасу няма, каб Сонейка будзiць, — сказаў Шчыгол.

— Памажыце брацiку, — заплакала Аленка. — Ён вас нiколi не крыўдзiў.

— Не кры-ыўдзiў… — грэблiва сказаў Чорны Кот. — Ён мяне аднойчы за хвост таргануў.

I тут абурыўся Верабей:

— А хто мяне за хвост скубануў? Не ты?..

— Падумаеш, бяда, за хвост яго аднойчы хлопчык таргануў.

— Ён, мабыць, болей не будзе, — сказаў Вожык.

— I праўда, нiколi ён нас не крыўдзiў, — сказаў Шчыгол.

— Ён i мне ўзiмку сала за акно вешаў, — цiўкнула Сiнiчка — салатная грудка.

— А нам семак сыпаў, — адгукнулiся шчыглы. Вядома, дзе адзiн шчыгол, там i дзесяць.

— Не будзем часу марнаваць, — сказаў Заяц з лесу. — Як нам нi холадна, а трэба памагчы чалавеку.

Упаў на зямлю адзiн сонечны прамень. Гэта Сонейка зацiкавiлася: што там за вясеннi канцэрт?

I пайшло. Вылезлi з тванi i выплылi з вады вясёлыя жабяняткi. Нясмела крумкнулi. Сонейка i на iх зiрнула.

— Сонейка-Сонейка, — папрасiла Аленка, — глянь на брацiка ў акенца.

Сонейку што, яно i туды зiрнула. Заблiшчалi шыбы.

Апенькi вылезлi з пня — зiрнуць. Слiмак высунуў з хаткi рагатую галаву. А Сонейка заззяла ўжо ў лужыне. I апошняя чапля, i бусел, перад тым як ляцець у Афрыку, лавiлi на дне лужыны чырвонае Сонейка.

I пайшло па доме шэсце. Вожык нёс на iголках залатое кляновае лiсце. Снегiры неслi ў дзюбах пукi празрыстай чырвонай калiны. Грыбы на палянцы высыпалi ў кола. Гулялi ў пацягушкi-разрывушкi. Чорны Кот стаў танцаваць на заднiх лапах. Ён быў на гэта вялiкi мастак, бо быў вучоны.

А на ўсё гэта глядзеў з хмызнякоў алень. А ў яго на рагах сядзелi птушкi i таксама глядзелi.

Разгаралася Сонейка. I спяшалiся з падарункамi да Янкi госцi. Хто прынёс моркву? Заяц. Хто вясёлыя бурбалкi? Рыбкi. Прынесла вавёрка арэхаў горку. А клюшню прынёс рак… Вось так.

I сталi ўсе яны разам з Сонейкам глядзець у акно.

— Жыў-жыў! — крыкнуў узрадаваны Верабей.

I тады Аленка пакланiлася iм. Заплакала. З радасцi.

Сказалi зайцы: мы вас бегаць навучым. Рыбы: плаваць навучым. Бабры: ныраць навучым. Грыбы: расцi навучым… Вось так.

I ўсе, разам з Сонейкам, сказалi: разумнымi быць навучым. За дабрыню да ўсiх.

Зайшла Аленка ў хату.

— Не грукай дзвярамi, — сказала мама. — Янка заснуў. I Сонейка, бачыш, выглянула. Цяпер усё-ўсё будзе добра.

Аленка сама ведала, што ўсё цяпер будзе добра. I няхай зноў зойдзе Сонейка, зноў змоўкнуць птушкi, зацярушаць дажджы, затрашчаць маразы. Няхай. Да самай вясны яна не дасць прапасцi тым, хто дапамог брацiку.

А Янка-брацiк спаў. I плылi да яго пад Сонейкам, вярталiся светлыя караблi. Везлi назад цацкi. Везлi вясёлага Мiшку, з якiм ён будзе гуляць у дзень нараджэння. I ведалi ўсе, што яшчэ сто дзён нараджэння будзе ў хлопчыка ў жыццi. I радасна вiшчаў мардасценькi шчанюк, якога спусцiлi з карабля. Пусцiлi ў пакой.

I Аленка ведала, што нiкому нiколi, нават калi будзе сiвой бабуляй, яна не раскажа, хто ў той асеннi дзень вярнуў на хвiлiну Вясну i Сонейка.

Упершыню — «Бярозка», 1980, № 11.
Упершыню ў кн..: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 494 — 501.

Яндекс.Метрика