Жабкі і Чарапаха
На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам — вось яны і спявалі.
І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
— Жабкі, жабкі, дзень добры.
— А ты што за цуда-юда? — спыталі жабкі.
— Я Чарапаха.
— Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.
— Ды ёсць жа я, — сумна сказала Чарапаха. — І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
— Можам, — сказалі ўлешчаныя жабкі.
Ку-ма, кума
Бор-ршчык вар-рыла.
— Выдатна, — сказала Чарапаха. — Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.
— А ты спяваць умееш?
— Не. Я слухаць люблю.
— Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
— І яна не ўмее, — сумна сказала Чарапаха. — Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
— Дык нашто ты нам тады? — спыталі жабкі.
— А слухаць вас хто будзе? Хваліць?
— Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць
— Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, — сказала добрая і разумная Чарапаха.
— Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? — спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
— Плаваць умею. Ныраць.
— Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?
— Не, — уздыхнула Чарапаха.
— Нічога ты не ўмееш… А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.
— Я замест яе яйкі нясу, — сказала Чарапаха. — Вялікія.
— Ф-фу, — сказала Галоўная, — яйкі… Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.
I Чарапаха зарыпела:
Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць.
— Словы нішто сабе, — сказалі жабы, — але ж голас? Бр-р-р!
— Дык я б вам — словы, а вы б — спявалі.
— Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:
Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Борш, бор-ршч, бур-ракі.
— Добрыя словы, — сказала Чарапаха, — але галасы ў вас лепшыя.
— І што гэта за «шчыты ў чарапах»? — спытала Галоўная Жаба.
— А вось тое, што на мне.
— Гэта карычневае? — усхваляваліся жабы. — Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.
— Жывыя, — сказала Чарапаха, — усе прыгожыя.
— А чаму гэта брыда завецца шчытом? — спытала Маладзенькая Жабка.
— Яна цвёрдая.
— Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.
Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра лапкай.
— Вой! Яна ж як жалезная!
— Ну і што? — сказала Чарапаха.
— Цвёрдая!.. Голасу не мае!
— Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.
Але жабы ўжо разышліся:
— Жалезная жаба, — зарагатала самая насмешлівая.
— А мы мяккія жабкі. Зялёныя.
— Жалезная! Гы-гы-гы!
Чарапаха пачала крыўдаваць:
— Кожная жывёла — розная. А я — карысная.
— І мы кар-рысныя… А ў цябе голасу няма… Кар-рычневая…
— Жаба ў танку, — пажартавала насмешніца.
Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай:
Бур-ракоў не было —
Бр-ручкі навар-рыла…
…Ну і што? І ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.
І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот — на чатырох. І няхай сабе.
Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе.
Упершыню — «Вясёлка», 1981, № 8.
Перакладзена на ўкраінскую мову (?).
Упершыню ў кн..: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 504 — 506.