Мужык і дзіва аднавокае
П’яны мужык дыбаў з радзiн у сястры. Iдзе, хiстаецца, дарога ў яго вачах знiкае, ялiны ўпрысядкi скачуць. А яму гора мала: спявае песнi. Толькi чуе раптам:
— Пачакай жа, мужык!
Аглядзеўся — што за трасца з хваробай. Анiкога. Ледзь пайшоў далей — зноў:
— Ды пачакай жа ты!
Глянуў — i бачыць: сядзiць на двух ялiнах дзiва аднавокае, гайдаецца на верхавiнах, як на сеннiку. Скокнула дзiва на зямлю i пачало перад мужыком расцi. У таго й хмель знiк:
— А што, мужык, калi б мне дзеля развагi з’есцi цябе?
Мужык трохi падумаў i кажа.
— Развага, вядома, добра, толькi давай я лепш табе раней нешта пакажу.
— Ану, — кажа дзiва.
Мужык выцягнуў крэсiва, выбiў на “грыб” цяпло, сцiснуў яго зубамi, агнём унутр i пачаў дзьмухаць. За зубамi ў яго трут цеплiцца, зубы сталi ружовымi наскрозь, i з роту дым заклубiўся.
— Бач ты, — кажа дзiва аднавокае, — вiдаць, што ты чалавек разумны. Толькi ўсё адно я цябе з’ем.
Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабiць — сарвалася справа.
— А дзе ты мяне есцi думаеш? — пытае. — Я б лепей ля хаты жадаў быць з’едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.
— Пайшлi, — кажа дзiва, — усё адно ўвесь азадак мохам аброс.
— Так iсцi нецiкава, — кажа мужык, — давай лепей адзiн на другiм па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю i датуль будзеш ехаць, пакуль усiх спеваў, якiя ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, i ты мне будзеш везцi, пакуль я ўсiх сваiх не прапяю.
— Добра, — кажа дзiва, — я першы палезу.
I з гэтым — скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккi. Вось мярзота!
Пачало дзiва аднавокае спяваць, але ж калi патрэбна нешта прыпомнiць — яно не прыйдзе ў галаву. Так i тут, не йдуць песнi на язык. Няма чаго рабiць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькi ўскочыў дзiву на горб, так i запеў усiм вядомую песню “У папа быў сабака”.
Ехалi, ехалi, дзiва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.
— Ого, — адпавядае мужык, — калi б ты ў маё становiшча патрапiла — i не тое б заспяваў.
Агеньчыкi вёскi замiргалi. Як жа ж гэта ад дзiвы аднавокага пазбыцца, — думае мужык.
— Хопiць, прыехалi, — кажа дзiва, — абдурыў ты мяне, мужык.
— Гм, — кажа той, — а ты, дзiва, чараваць можаш?
— Эге.
— Ну дык давай мы з табой вып’ем.
Дзiва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калi ўстала — там бутэлька гарэлкi ляжала i розная страва. Выпiлi ўдвох, мужык i кажа:
— Залезцi туды зможаш?
Дзiва падскочыла — i туды “шчупачком”.
А мужык коркам бутэльку запхнуў i кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.
I пайшоў да вёскi, а дзiва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкi выпускае, як хрушч з сернiчковай скрынкi. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчынiць корак i запiхне назад лапку. А дзiва лямантуе:
— Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.
I пачало сыпацца стуль кавалачкамi. Мужык давай гэтыя кавалкi лавiць i зноў на месца пiхаць. А сам мармыча:
— Вось дзiва! Вось дзiва дык дзiва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.
А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкi i крычыць ёй:
— Хрысцiнка, твой мужык па вулiцы йдзе п’яны-расп’яны i на чарцей палюе.
Выглянула тая, i сапраўды бачыць такое: стаiць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.
Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловiць i запiхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:
— Вось дзiва дык дзiва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.
Аўтограф пад назвай “Мужык і дзіва аднавокі” захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 61 — 64.