Ноч
Скача ноч над зямлёю на чорным канi. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўнiз залатыя зоркi, i пушча ловiць iх пушыстымi рукамi, прымае нячутна i мякка ложыць на зямлю. Унiзе агеньчыкi згаслi, дрыжыць свет салаўiным спевам. Мякка перабiрае капытамi ў паветры стомлены чорны конь. I твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона i на юнацкiм целе чорныя латы.
Спiце, людзi, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца свiтанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзiды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю — шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокiх азёр.
Але далёка яшчэ да святла: толькi-толькi праспявалi першыя пеўнi, вадкая суцень паўсюль, цiшыня.
Скача ноч на бязгучным, перабiраючым капытамi чорным канi, i падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.
Аўтограф захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110 (1952 — 1954 гг.).
Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
Упершыню — у кн.: Караткевіч У. Вясна ўвосень: Казкі / Укладальнік У. І. Карызна. — Мн.: Юнацтва, 2000.
Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 71.