Аліва і меч
І
Над горадам у клубах пылу адгучэла жудаснае «даеш!» і ў ляску капытоў пакацілася на захад.
I стала цішыня.
Палкі біліся недзе ўжо каля Баранавіч, хадзілі ў штыкавыя атакі, з боем бралі ў Белавежы паляўнічы царскі палац, а тут сядзеў на тумбе паважны пузаты хлапчук і засяроджана аддзіраў казырок ад рассечанай канфедэраткі: прымяраўся, што можна з яго зрабіць.
Сляпіла сонца. На белыя муры сабораў і касцёлаў балюча было глядзець, і беспрычынна вясёлая каза абдзірала з мура тысячны ўказ. Абывацель і глядзець не хацеў, што там пісана, якая ўлада пагражала і заахвочвала. Немцы былі, палякі былі — халера на іх усіх. А храмы Божыя ўсе руйнавалі і спустошвалі. То пагром, то расстрэл, то кучы на цвінтары, ды яшчэ такія вялікія.
Апошнія часы прыходзілі.
Арсень Воўкаў скочыў з тачанкі, якая спынілася перад будынкам рэўкома, неасцярожна стаў на правую нагу і зморшчыўся. Кульгаючы, патэпаў да дзвярэй.
У вестыбюлі на пашчапаным паркеце стаялі ў козлах вінтоўкі, сядзелі і ляжалі людзі. Матросік з яснымі вачыма сядзеў ля дзвярэй у калідор і метадычна, з зайздроснай трапнасцю пляваў на жалезны ліст пад печкай. Зусім ашалеў ад нудзьгі чалавек.
— Гэй, браток, як мне тут да таварыша Кандратовіча? — сказаў Арсень.
— Мандат? — напаўзапытальна працягнуў матросік.
— Вось ён.
Матросік пажвавеў.
— Бач ты, з фронту, значыць? Ідзі вось калідорам. Там зала.
У зале Арсеня аглушыў кулямётны трэск рэмінгтонаў, гоман людзей, мітусяніна. Урыўкі тэлеграфных стужак блыталіся пад нагамі. Нехта крычаў надарваным голасам:
— Што вы мне паперкі пад нос торкаеце? Няма зброі і няма.
I ў адказ такім самым голасам:
— Ты маўчы. Ты мне контррэвалюцыю не разводзь, грамадзянін. Наша, 79-я, беларуская, голымі рукамі ваюе. Мы пад Свіслаччу штыкамі іх размалацілі, генерала ў палон узялі. Маеш ты рэвалюцыйнае сумленне?! Давай зброю!
— Ты ў Даўгялы быў?
— Пяты ў яго кароткія, у твайго Даўгялы, а надзімаецца, быццам ён самога Скірмунта байструк… Бюракрат паршывы!
Арсень усміхнуўся. Зброі няма, але гэты даб’ецца. Зубастага паслалі.
— Дзе тут Кандратовіч? — спытаў у нейкага салдата.
— Унь за сталом сядзіць. Ты пачакай. Яго зараз нашы хлопцы абселі. Зброя патрэбна.
Непадалёку ад стала вядомы ўсяму гораду маляр-жывапісец Піня Райхер, загрунтаваўшы напалову партрэт Кацярыны Другой, маляваў з нейкай паперкі Маркса. Імператрыца какетліва ўсміхнулася паўзверх Марксавай сівізны. Піня адарваўся ад працы і, павярнуўшыся да нейкага з гледачоў, вырашыў:
— Два атрымаецца.
— Угу. Баба была гладкая і матар’ялу на партрэт не шкадавала.
Арсеню ледзь удалося перачакаць людзей, што абступілі Кандратовічаў стол. Нарэшце тыя адступілі, і Воўкаў пабачыў мажнага, вельмі сівога мужчыну з маладым шырокім тварам. Перад ім, на зярцале, вісела будзёнаўка. Чырвоныя павекі навісалі на вочы цяжка і стомлена. Пабачыўшы цень, які лёг на стол, чалавек з сілаю правёў далонню па твары, быццам умыўся, і спытаў перасеўшым голасам:
— Адкуль, таварыш?
— Памочнік камандзіра палка беларускай брыгады шаснаццатай арміі Арсень Воўкаў… Вось мандат.
Кандратовіч падняўся.
— Чакалі, таварыш, чакалі. Што новага?
— Усё ў гэтым пакеце… Фарсіравалі Буг. Пяць дзён біліся.
— Малайцы, — Кандратовіч раздзёр канверт.
Толькі хвілін праз пяць Арсень пабачыў яго вочы, блякла-сінія ад стомы.
— Страты вялікія, таварыш?
Арсень уздыхнуў.
— Трэцяя частка наяўнага складу. Тысяча штыкоў, трыста шабель. 3 харчамі цяжка. Але гэта нічога… Зброі, таварыш Кандратовіч, няма. У мёртвых бярэм. Не скардзімся пакуль што, але яны ў лясах засекі ро-бяць, танкі ў іх, аэрапланы… Грудзьмі на дрот ідуць людзі.
Кандратовіч зноў «умыўся». Сказаў з сумнай іроніяй:
— Бачыш, партрэтаў нават няма.
Як быццам гэта было адно, чаго не ставала.
— I зброі няма. Апошнюю толькі што забралі.
Падумаў.
— Ёсць гэтыя дрындушкі, кулямёты нямецкія. Ствол як палена і дзірка, каб ваду наліваць… Тры штукі… Болей нічога… Ты паранены?
— Гэта ваяваць не перашкаджае, — суха сказаў Арсень. — На кані ваюю…
I раптам Кандратовіч ажыў.
— Слухай, гэта не цябе чэхі пад Пензаю расстралялі?
— Мяне.
— Дык я ж пра цябе шмат чуў, д’ябал ты чортаў. Ану, выкладай, чым займаўся за апошнія два гады.
Арсень пачырванеў.
— Кажы. Для справы патрэбна.
— Ну… з гайдамакамі біўся, з чэхамі, — у складзе брыгады, — быў у коннай разведцы.
— Палкоўніка Смажака з штаба не ты ўкраў?
— Мая справа там была цялячая.
— А залатую зброю за гэта табе далі. Ты глядзі, Воўкаў, бывае ціхмянасць пачэ гонару. Далей.
— Далей у чэрвені — ліпені хадзіў з разведкаю па тылах, за Бярозай, перайшоў да сваіх трэцяга ліпеня, напярэдадні наступлення. Сувязь у мяне з нашымі была… Ну а потым справа ясная.
— Т-так, — сказаў Кандратовіч, — справа ясная. А мы толькі што шукалі чалавека талковага, каб з фронту быў, каб становішча ў вызваленых мясцінах ведаў. Аж пра ваўка мова, а воўк у хатку… На фронт не паедзеш, справу табе дамо. Усё адно ты паранены.
— Мяне на пяць дзён адпусцілі. Мне ваяваць трэба.
— Ты што, дысцыпліны не ведаеш? Бач ты, партызаншчына якая!
I крыкнуў да кагосьці:
— Юстына сюды давайце, хлопцы.
Арсень, засмучаны да глыбіні душы, махнуў рукою. Кандратовіч уважліва разглядаў дваццацігадовага хлопца, які стаяў перад ім. Пабачыў сухі загарэлы твар, цыганскія вочы з выгінастымі веямі, бліскучыя чорныя валасы, цвёрдыя мускулы каля вялікага прыгожага рота.
— Ты сядай, сынок. Чаго ўскочыў? Знаёмся лепей. Юстын Шлык.
Перад Арсенем стаяў чалавек у бушлаце, і першае, што Воўкаў заўважыў, былі вялікія рукі, якія на дзве пядзі высоўваліся з кароткіх рукавоў. Пасля ён пабачыў надпіс вышэй левай кісці («Бацька, ты спіш, а я пакутваю»), пасля драўляны кабур маўзера. Вясёлыя сінія вочы, ясныя, як майская вадзічка, глядзелі на Арсеня. У Шлыка былі белыя, як у сабакі, зубы, ружовыя, відаць, толькі ад здароўя, шчокі. Бялявыя хвалістыя валасы кудламі падалі на лоб. Яму магло быць гады дваццаць тры.
— А гэта Арсень Воўкаў… Той самы, што з магілы вылез.
Юстын трахануў руку новага знаёмага.
— Шлык, брат, таксама цаца. Матрос былы. Партызаніў. Мост высадзіў у паветра на лініі Мінск — Вільня. Ён будзе твой целахраніцель. Да таго ж, толькі што вярнуўся з ліквідацыі банды Андрэя Апостала. Быў і на хлебанарыхтоўках. Таму можа быць карысны.
— Траханулі белую сволач, — прыемным барытонам сказаў Шлык.
Селі. Кандратовіч скруціў вялікую «сабачую ножку», пусціў хмару едкага дыму.
— Ты, Воўкаў, гімназіст былы?
— Так.
— Ну, значыцца, здолееш усё растлумачыць як трэба.
Надсадна забухаў. Пасля яшчэ раз дапытліва згледзеў Арсеня і рашуча сказаў:
— Справа, хлопцы, вось у чым. Разведка даносіць з доляй пэўнасці, што рыхтуецца контрнаступленне. Ведаем, што падышла да іх сіла-сіленная: дадатковыя аэрапланы, танкі, англійская зброя. Мабілізацыя ідзе поўным ходам. Усё падмялі. Паэтаў і тых мабілізавалі, гімназістаў, студэнтаў. Пад Варшавай умацаванні будуюць. А абараняць іх будуць, акрамя рэгулярнага войска, жаночы полк (Юстын хмыкнуў), полк імя Сабескага й полк «Дзеці Варшавы». Бачыце, да чаго дайшло.
— Гэтых размалоцім, — сказаў Шлык.
— Размалаціць не штука. Але чым? Зброі няма. Па дзесяць снарадаў на гармату, патронаў мала. Знясілелі мы… Акрамя таго, некаторых людзей з камандавання я асабіста расстраляў бы за патэнцыяльную здраду… Горш за падлу Сарокіна трымаюць сябе.
I прыстукнуў далонню па стале.
— Дык вось, дні праз тры разам з ім паедзеце да Леніна. Павезяце даклад аб становішчы ў заходніх губернях. Яму трэба ведаць усё, як яно ёсць. I што на фронце, і што ў стаўцы, і што на сяле, і як справы з хлебам.
I кінуў са злосцю :
— Хрыстом-Богам, якога, вядома, няма, прашу вас, браткі. Паразмаўляйце асабіста з Уладзімірам Ільічом. Рабіце, што хочаце, але каб зброя была. Павінна знайсціся, іначай нам — гамон. Я пабойваюся, што і зараз пазнавата.
Арсень сказаў проста:
— Будзе зроблена, Кандратовіч.
Той ужо шкрабаў нешта на шматку паперы. Устаў, сунуў шматок у руку Шлыку.
— Начаваць няма дзе? Паставім да аднаго буржуя непадалёку. Ушчыльнім яшчэ трохі. У яго засталося два пакоі.
— Хто такі? — спытаў Арсень.
— Маеўскі.
— Хто? Гэты мільянер? Лесапрамысловец?
— Угу. Мы яго не чапаем пакуль. Здаецца, няшкодны.
I Кандратовіч зірнуў на Шлыка.
— Хоць некаторыя і кажуць адваротнае… А мне цяжка яго абараняць… I не ведаю, ці варта. Змовы, братка, паўсюль. Стрэлы ў спіну. На поўдні губерні — мяцеж. I ведаю — іхняя рука дзейнічае. Ну, ідзіце.
ІІ
Усю дарогу да кватэры Арсень Воўкаў думаў над апошнімі словамі Кандратовіча. Становішча сапраўды было трывожным.
Голад гуляў абшарамі краіны, свістаў у пустыя вокны заводаў, еў карэнні лопуху без солі і цыбуліны чароту.
Брат ішоў на брата, краіна раздзіралася ў міжусобнай вайне. Мяцеж успыхваў то на поўдні, то на поўначы. Па самых скромных падліках колькасць бандытаў трэба было вызначыць у дзесяць — пятнаццаць тысяч чалавек.
На захадзе буялі шабля і агонь, мяшаліся ў адзін бязладны лямант крыкі «ўра!», «слава!», «віват!» і д’ябал яго ведае што яшчэ.
Біліся, знемагаючы, як у стэпах палавецкіх. Сяклі, стралялі. Кідаліся, пазбаўленыя коннікаў, шалёныя коні. Ім бы зямлю араць, а яны замест таго хапалі жоўтымі зубамі варожых коней, сцягвалі за нагу коннікаў, пранізліва гігаталі.
А гаспадары іхнія падалі ў бадзякі і, як чырвоныя бадзяковыя шапкі, — і яскравей іх, — гарэлі ў чартапалоху, на пыльных травах, кроплі крыві.
А ў горадзе і сам Люцыпар зламаў бы нагу. Горад захлынаўся ў барацьбе партый: анархіствуючыя бандзюкі, максімалісты, высокаідэйныя бундаўцы, сволач з рабочага сіёна, — усё гэта, напалову ў падполлі, напалову на паверхні, гарлапаніла, агітавала, страляла ў спіну ідэйным ворагам і смярдзела на ўвесь свет.
Вуліцамі было небяспечна хадзіць: анархісты з ідэйных меркаванняў распраналі людзей. Таму Арсень, увесь час чуючы за сабою цяжкія крокі Шлыка, уздыхнуў з палёгкаю, дабраўшыся да асабняка, дзе ім трэба было кватараваць.
Аднапавярховы дом у стылі правінцыяльнага барока з васьмю калонамі прыткнуўся ў глыбіні саду. Даўно нячышчаная дарожка вяла да ўвахода, і бэз, сплятаючыся над ёю, утвараў дрыжачы ад ветру, вільготны змрок.
Сэрцападобнае, мокрае ад расы лісце слаба паблісквала ў цемры… Без асаблівых перашкод яны прайшлі бакавым уваходам і апынуліся ў поўнай цемры. Арсень паткнуўся туды, паткнуўся сюды, пачуў, як гаспадарлівы Шлык чыркнуў запалкай і вылаяўся, апёкшы пальцы.
Арсень кінуўся ў ягоны бок, зваліў нешта і не вытрымаў, крыкнуў:
— Гэй, людзіі
Проста перад ім зарыпелі дзверы, і ў цемры заззяў жоўтым святлом цьмяны прамавугольнік, а ў ім чалавек, што, распасцёршы рукі, абапёрся імі на вушакі, як распяты. 3-за яго спіны пазірала на Арсеня нешта нама-ляванае — пачварнае, у імхах.
Воўкаў рушыў было да чалавека і адхіснуўся. Злева, з цемры, глядзелі на яго нечыя тужлівыя, — па яблыку, — вочы.
Чалавек засмяяўся і ўзяў свячу, углядаючыся ў тых, што ішлі да яго з цемры. Твар абліўся мядзяным сяйвам, у вачніцах заляглі глыбокія цені. Ён зірнуў на вочы, якія напужалі Арсеня, і сказаў:
— Ріeta!
Памаўчаў і растлумачыў:
— Плач. Маці Божая плача над сынам.
Тут і Арсень пабачыў цьмяна асветленую, вялікую, у рост чалавека, статую. Са скрухай, журботна глядзелі на яго жаночыя вочы, як быццам пытаючы: " Сыны, што ж вы зрабілі з сынам маім?«
Арсень скалануў галавою і падаў чалавеку ордэр. Шлык узяў з рук чалавека свечку, каб той мог разгарнуць паперу і прачытаць.
— Я Маеўскі, — сказаў чалавек, — заходзьце. Толькі ў мяне абодва пакоі загрувашчаны рэчамі. Я і сам сплю на стале, так што раскошы не будзе.
— Нічога, мы як-небудзь, — сказаў Воўкаў.
Шлык тым часам вадзіў свечкай у розных напрамках, асвятляючы «Ріeta», і раптам спытаў жорсткім голасам:
— Ты што ж гэта, грамадзянін, паставіў тут гэтую дрэнь?! Рэлігійную прапаганду разводзіш? Опівум для народа?
— Гэта не дрэнь, малады чалавек, — халодна сказаў Маеўскі, — гэта работа семнаццатага стагоддзя. Продкі яе для вас рабілі, калі нават дзеда вашага на свеце не было.
I працягнуў у пакой руку.
— Прашу.
— Просіш не просіш, а мы зойдзем, — сказаў Юстын, прыкметна раззлаваны абыякавым тонам Маеўскага.
Зайшлі. Вялікі пакой здаваўся вельмі цесным. Толькі пасярэдзіне заставалася вольнае месца, усё астатняе было застаўлена скульптурай, нейкімі вазамі, карцінамі ў рамах і без рам. Проста перад новымі кватарантамі ляжалі на падлозе павержаныя сталёвыя даспехі, за імі, у вітрыне, бачныя былі пішчалі, шаблі, мячы, бязладна нагрувашчаныя ў кучу.
Замшэлая пачвара глядзела са сцяны на гасцей глыбока пасаджанымі маленькімі вачыма.
— Гэта хто? — з пагардаю спытаў Шлык.
I зноў адказаў гаспадар роўным халодным голасам:
— Дамашэўская карціна. Называецца «Лясун».
— Ты што, і ў лесуноў верыш?
— Калі гляджу на гэта — на хвіліну веру.
— Э-эх, шэрасць, — сказаў Шлык.
— Заціхні ты, Юстын, — абарваў яго Воўкаў, — не твая справа.
— А чыя справа? Ён тут будзе дурман распушчаць, цемрашальства, а я «маўчы».
Гаспадар на хвіліну знік у суседні пакой, потым вынес адтуль янотавую шубу і кажух і кінуў іх якраз ля даспехаў.
— Цягніце жэрабя, каму на чым. Ложкаў, на жаль, няма — выкінуў, бо месца не хапала.
Шуба дасталася Шлыку, кажух — Арсеню. Пакуль раскладалі посцілку, гаспадар стаяў над кватарантамі са свечкай.
— Я вас толькі папрашу курыць вельмі асцярожна і яшчэ… не страляць у пакоі… Быў у мяне тут адзін такі, Балабан па прозвішчу. Напіўся, п’яны, і самай лепшай маёй статуі руку адстрэліў.
— Гэта парушэнне рэвалюцыйнай законнасці, — сурова сказаў Воўкаў.
— Балабана гэтага тры дні таму кітайцы забілі, за здраду, — сказаў Шлык. — Варта было б дашукацца, чаго гэта адзін вораг рэвалюцыі ў другога кватараваў.
— Так мне ўжо шанцуе, — сумна і спакойна сказаў Маеўскі, — заўсёды ў мяне на кватэры ворагі рэвалюцыі.
Воўкаў толькі тут разглядзеў яго твар і постаць. Быў гэта волат з грубаватым, мужыцкім абліччам, вельмі сінімі невялікімі вачыма пад чорнымі густымі бровамі. Але скроні ў волата былі сівыя, але ў вачах залягла сто-ма, не тая стома, якую прагоніш добрым сном, а зацяжная, непасільная, гадамі сабраная.
— Вы адзін? — спытаў Арсень, седзячы на кажусе.
— Жонка ў вёсцы. Тут — голад… Спіце.
I ён фукнуў на свечку.
Шлык бурчэў, загортваючыся ў шубу. Паклаўся. Раптам сказаў:
— Дажывем з вашай мяккацеласцю. Зробяць з нас каклету пад флоцкім совусам.
— Трэба казаць «падліўкаю», — суха сказаў Арсень.
— Мы гімназій не канчалі.
— Мяне ў гімназіі нашай мове таксама не вучылі. Спі.
…Раніцай Арсеня разбудзіў гаспадар. Шлыка ў пакоі не было, ён пырхаў у далоні недзе на ганку, за акном. Воўкаў адчуваў сябе свежым, нават нага не балела Ён весела зірнуў у вочы гаспадару і зноў пабачыў той самы выраз.
— Вы што такі? Дрэнна адпачылі?
— Я стаміўся трымаць на плячах цяжар, які павінен несці цэлы народ. Я адзін, і нікому ўсё гэта не цікава.
— Самі адмежаваліся, — сказаў Арсень, нацягваючы боты. — Нашто вам было ваша багацце?
Маеўскі ўздыхнуў:
— Нам з жонкаю мала трэба. Вось за ўсё гэта, што вакол, я і ахвяраваў здароўем. Лесам гандляваў, толькі каб купляць іх, каб вызваляць з прагных рук, з рук невукаў, хціўцаў, гандляроў сумленнем.
Арсень заўважыў за спіною Маеўскага Юстына з ручніком на плячы, ружовага ад халоднай вады. Твар у Шлыка быў іранічны.
— Я быў зусім малы, — казаў далей Маеўскі, — былі мы аднадворцамі. I быў у нашай вёсцы поп. Авакум, раўніцель. Дарогі будаваў, школу царкоўную адкрыў. Хлопцы з дзеўкамі на Вялікдзень прыходзілі на цвінтар, але ў царкву не ішлі. Ім было цікава пабалбатаць і пасля пахрыстосавацца. Дык ён упраўленне на хвіліну перадасць дзячку і выходзіць з рызніцы паляваць на іх. Як перацягне ружанцам па спіне. «Аггелы,— крычыць, — адроддзе пекла!» I вось адкапаў нехта на старым гарадзішчы каменнага ідала. Ляжыць жанчына неверагоднай прыгажосці і спакусы, а на прычынным месцы ў яе шалаш. Бацька мой хацеў яе купіць, натоўп вакол, а тут з’яўляецца поп і пачаў крычаць.
— Вочы нясытыя, з-за жонак лепаабразных, з-за ідалаў багамерзкіх імя Божае забываеце. Так бы і кінуліся на паганства сіе і пажэрлі.
Выхапіў з рук у нейкага мужыка лом і ахнуў — толькі пырскі каменныя паляцелі. А я заплакаў. Шкада мне стала такую прыгажосць.
— Прадукт першабытнай пячорнай цемры, — сказаў Юстын.
— Не цемра гэта была, а Венера Паўночная, — упершыню раззлаваўся гаспадар.
— Добра, — сказаў Шлык. — Ты тут сказаў раней, штo жыццём сваім ахвяраваў. Папраўся. Не сваім жыццём, а жыццём рабочых.
Маеўскі паціснуў плячыма:
— Вы чалавек разумны, але шыя ў вас, як у ваўка. Каб паглядзець убок — вы павяртаецеся ўсім целам.
— А мне і не трэба глядзець убок. Я гляджу наперад.
— I дарэмна. Часам варта глядзець, каб бачыць, ці поруч вашы сябры.
Шлык тыцнуў пальцам у Арсеня:
— Ён? Я пачынаю думаць, што ён сам такі, як вы.
Воўкаў засмяяўся:
— Контра?
— Гэтага пакуль што не скажу. Біўся ты, таварыш Воўкаў, гераічна. А што б ты заспяваў, каб цябе ў ЧК паставілі былых сяброў па гімназіі расстрэльваць ?
— Ну што ж, — уздыхнуў Воўкаў, — я аднаго з іх асабіста секануў шабляй над Бугам. А ў ЧК таксама расстрэльваў бы. Пад началам таварыша Дзяржынскага… Але не пад тваім, Юстын.
Гаспадар, бачачы, што пачынаецца спрэчка, адышоў у далёкі кут пакоя. Юстын, быццам апамятаўшыся, панізіў голас і з налітымі крывёю вачыма пасварыўся на Воўкава пальцам.
— Глядзі, льеш ваду на млын сусветнага капіталу. I апынешся ў балоце.
— Дурань ты, дурань, — весела засмяяўся Арсень.
— Ну так, я дурань, а ты разумны.
Арсень зручней працягнуў нагу, перамясціўся ў крэсле.
— Дзівак ты. Вось разаб’ем белых, тады трэба будзе зрабіць усіх людзей разумнымі, таленавітымі, гожымі. Дзеля гэтага ж мы б’емся, а не дзеля таго, каб вантробы ўсё жыццё выпушчаць людзям… I Маеўскі нам будзе карысны, бо рабіў гэтую справу сам-насам і ў дрэнных умовах. У гэтым ён наш друг, і глупствам было б не скарыстацца з гэтага, узлаваць чалавека, зрабіць з яго яшчэ аднаго ворага.
— Пайшоў ты ведаеш куды. У цябе замест хрыбта вязіга.
У Арсеня ў чорных вачах гулялі іскрачкі смеху.
— Гаспадар, хадзіце сюды. Справа ідзе пра вас, чаго вы ўцякаеце?
Маеўскі грузна падышоў да іх, сеў на зрынуты даспех. Вочы яго, глыбокія, са строгай вільгаццю, абвялі позіркам субяседнікаў. Палец, дзіўна тонкі пры яго шырокай косці, торкнуў кудысьці над галавою Шлыка.
— Нігілісты вы.
Шлык пакрыўдзіўся:
— Гэта слова мы ведаем. Хам, значыцца.
Воўкаў пабачыў, што гаспадар хоча нешта сказаць, і таму таргануў Шлыка за плячо. А Маеўскі павольна, быццам у яго горле балела, сказаў:
— Я пачаў скупляць усё гэта даўно. Але ў мяне не было грошай. I шмат што гінула на маіх вачах. Я пачаў выкручвацца, я амаль галадаў два гады, але завёў амерыканскія машыны. Я скупіў на корані палову лясоў князя Любамірскага, бо той прагарэў. Гэта было танна. Я працаваў як вол, я пачаў з невялічкай пільні і стаў гаспадаром двухсот. Я скупіў мноства лясоў на гэтай зямлі.
— I збяднілі яе, — сказаў Воўкаў.
— I я ніколі не быў драпежнікам. Я зберагаў лясы, рабіў высечку толькі спелых і пераспелых. У Палессі яны ўсё адно гінулі марна. Каб не гэта, я меў бы не тры мільёны, а тройчы тры. I я еў горш за некаторых маіх рабочых, бо ў мяне было маё захапленне, падобнае на страсць. Усё ў жыцці было толькі дзеля гэтага… дзеля гэтых карцін… дзеля гэтага разьблёнага дрэва… дзеля жалеза… дзеля ўсяго, што нікому… ніколі не было патрэбна: ні раней — ім, ні зараз — вам. Што ж, жыццё не задалося… У мяне не было дзяцей, бо гэтае, што вы бачыце, былі мае дзеці: Андрэй Аршанскі, Іпаці Куцеянскі, ювелірныя рэчы Лазара Богшы, сапраўдныя гравюры Скарыны і Вашчaнкі, Рыгор Мядзвецкі. Я не кажу пра Рублёва, Ушакова, Дзіянісія — іх купяць… Але вы, вы Іваны бязродныя… А тут яшчэ калекцыя старых фламандцаў, італьянскія карціны… наша скульптура… выключная, надзвычай рэдкая калекцыя зброі, старых кніг і тканін. Таго Скарыну я выпадкова спаймаў на віленскім развале, а за тую батлейку два гады гадаваў апошняга батлейшчыка на Беларусі.
Голас Маеўскага перасекся. Задыхаючыся, ён схапіўся рукою за грудзі. Мінула хвіліна цяжкага маўчання, і раптам гаспадар зноў кінуўся ў бой. Напэўна, яму стала сорамна хвіліны слабасці, бо ён напаў на Шлыка. Перад пастаяльцамі сядзеў чалавек і спакойным голасам, але адчайдушна біўся за нешта, імкнучыся ўцвярдзіць свой гонар.
— Учора Шлык сказаў, што я эксплуататар. Магчыма. Я вывучаў Маркса.
Ён непрыхільна глянуў на Юстына і адчаканіў:
— Гэта вельмі непрыемны пан, але ў яго ёсць логіка. Я ведаў, што мы загінем. Бяздарнае начальства даводзіла гэта кожным сваім учынкам. Дык вось, я ведаю, што такое прыбавачная вартасць і прыбавачная праца. Я свядома ішоў на прысваенне, бо без яго дзеці мае засталіся б сіратамі ў свінячым свеце, без яго іх знішчалі б невукі.
— А людзі, якіх вы рабавалі! — выбухнуў Шлык.
— А вы спытайце ў людзей на маіх пільнях, — выбухнуў у сваю чаргу Маеўскі. — А вы спытайце, як у восьмым годзе мае калегі цягнулі мяне на суд, як хацелі ўчыніць байкот, бо я плаціў удвая больш за іх, бо не заводзіў драпежніцкіх крам, не спойваў людзей гарэлкай. I гэта нягледзячы на тое, што на пільнях працавалі затурканыя палешукі. Вo што я мог зрабіць з імі…
I рука яго сціснулася ў кулак, такі жылавата-магутны, што адразу стала зразумела, што мог ён зрабіць з людзьмі.
— Я гэтага не зрабіў. Перад Богам буду адказваць я. I мне шмат даруюць, бо я еў мяса не часцей за сялян… А, ды што вам казаць, Шлык.
Памаўчаў і дадаў:
— Я дам вам адну карысную параду, хоць мне і не хочацца рабіць гэтага: вы мне непрыемны…
— Якую яшчэ? — відавочна збянтэжана спытаў Юстын.
— Навучыцеся глядзець на людзей як на людзей. Не трэба быць просталінейным, бо вы шкодзіце рэвалюцыі больш, чым я. Пакуль мала чалавечых існаванняў у вашых руках — вы карысны. Вы незаменны дыпкур’ер, вы цудоўны разведчык. Вы верны і мужны. Але дай вам у рукі гэтыя існаванні — вы будзеце тыран і таму вораг рэвалюцыі. I сумны будзе ваш канец.
Шлык хацеў нешта сказаць, але памкнуўся раз-другі і махнуў рукою:
— Я лепей да рэўкома пайду, хай спяшаюцца, а тое тут з героя падлу робяць. Трэба яму нявіннасць абараніць, бо не вельмі нешта ён паручаецца.
Арсень зарагатаў. За Шлыком грукнулі цяжкія дзверы.
I тады Воўкаў раптам пасуравеў і спытаў гаспадара:
— Ну нашто вы так зрабілі?
Маеўскі цвёрда сціснуў сківіцы:
— Таму, што зусім не думаю такога пра Маркса і рэвалюцыю.
— Нашто тады дражнілі яго? А ён зусім было паверыў вам, калі вы так… расхваляваліся.
Маеўскі змрочна пахітаў галавою,
— Ён мяне раздражняе. Проста ў піку яму заспяваў бы хвалу Сашу Керанскаму… Я нікога не баюся, запамятайце гэта. I не з-за гэтага я сказаў вам, што рэвалюцыі веру.
— Чаму?
— Яна ўсё адно прыйшла б. I лепей хутчэй. Можа, і створаць нешта вартае. Усе, ад беларуса да апошняга камчадала, чакалі яе. А гаспадары жыцця забылі Бога, рабавалі, крыўдзілі. Бяздарнасць, нават калі робіць добрую справу — наробіць смуроду. У нас быў прыстанак для бяздарнасцей. У нас заўсёды горшыя кіравалі народам. I яны толькі жэрлі і спароўваліся. Прайгралі безліч войнаў, разлютавалі народ хціўствам сваім. I тады іх — віламі… Што ж, трэба будзе, — загіну і я. Толькі іх вось шкада да слёз.
Прыўзняўся і пацягнуў за сабою Арсеня.
— Я вам не буду паказваць заходняй калекцыі, хоць яна і каштуе зараз мільёнаў дзесяць. Яе заўсёды ацэняць… А сваё пакажу. Вось глядзіце, гэта Вашчанка гравіраваў. Ілюстраваў апокрыфы, за гэта яго і абвінавацілі ў ерасі. У каго яшчэ ёсць гэта?
Пальцы яго дрыжэлі над пажоўклымі з краёў аркушамі.
— Бачыце, смяюцца над Марыяй. Гэты, тлусты, як на Язэпа паказвае. Усе ведаюць, што не яго дзіця. А яна яго пад руку вядзе, ён сівы, згорблены. I гордая яна, і сціплая. I ўсміхаецца плоду свайму… Святая мая, чыстая… Вы думаеце, ён у Бога верыў? Не больш, чым я або вы. Людзі, брат, людзі ўсе.
Ён пацягнуў Арсеня далей:
— Іпаці Куцеянскі. Бачыце, нейкі ёлуп, Кунцэвіча-сыраядца слуга, відаць, раскалоў дошку. Дык я ўсё замацаваў… I нашто яму было калоць? А таму, што гэта Юры з мячом, твар зямлі нашай. Бачыце, сурова глядзіць і грозна. Вочы якія… візантыйскія. Такі не пашкадуе, калі няпраўду пабачыць. Паўстане супраць моцных і павергне ў пыл.
Ён цягнуў Арсеня далей і далей. Вякі праходзілі перад ім. Правай рукой ён да болю сціскаў плячо Воўкава, а пальцы левай песцілі бронзу і дрэва, струменіліся па золаце слуцкіх паясоў, гулялі парчой.
Яны не пабачылі, як на дварэ пачало цямнець, бо Арсень прымусіў гаспадара паказаць яму і новы жывапіс. Яны не заўважылі, як прыйшоў Юстын Шлык і паклаўся спаць. Апамяталіся толькі тады, калі другая свечка схіліла кноцік, затыркала і згасла.
Тады яны рассмяяліся, і Арсень пайшоў класціся спаць. Калі ён лёг поруч са Шлыкам, Юстын забурчэў, паўсонны:
— Я вось у Леніна спытаю, ці годна гэта, з класавым ворагам па начах размовы весці.
- Валі,— сказаў Воўкаў, загортваючыся ў шынель.
ІІІ
Дарогі. Дарогі. Дарогі.
Нахабныя мяшэчнікі штурмуюць вагоны. Цягнік паўзе, як слімак.
Пад шынялём пакет у сумцы, шчака адчувае драўляны нагрэты кабур Юстынавага маўзера. Спяць па чарзе.
Пад Барысавам банда абстраляла цягнік, але па ёй сыпанулі свінцовым бобам, толькі тлустыя бандыцкія коні мільганулі ў хмызах.
Дацягнуліся да Барысава. Дарэмна Юстын пагражаў маўзерам, торкаў яго пад нос начальніку станцыі з чырвонымі вачыма.
— Не магу, таварыш. Падмацаванне на фронт вязем.
— Сабатажнік ты. А той састаў, што на другім пуці?
— Забіты ўвесь. Не мне ж вас садзіць.
— Пайшлі, Арсень, — рашуча рыкнуў Шлык, — абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў.
— А ты таксама зух — з колам да мух, — адгыркаўся начальнік.
Рушылі да вагонаў. Набітыя, як пасада ячменнымі снапамі, яны вывяргалі лаянку і тытунёвы дым. Ля самых колаў сядзела жанчына з дзіцём, плакала.
Шлык сцягнуў за нагу нейкага таўстамордага — рэшатам не накрыеш — дзядзьку з торбаю. Другі паспрабаваў быў сунуць Юстына ботам па твары. Сцягнуў і таго, даў ляшча. Пагрозліва пасунуліся да Шлыка яшчэ два.
— Бач ты, лезе, камісар які.
— Пан, на саломе спіць, зубамі абшукваецца, — піснуў нехта з-за спін.
Юстын сказаў холадна і жорстка:
— Вы ў мяне зараз задзерацё пяты. Толькі расход не старцоў будзе ў саракавы дзень.
Вылезлі яшчэ тры, засукаючы рукавы.
Тады Арсень стрэліў у паветра. Юстын таксама выцягнуў маўзер і спакойна прамовіў:
— Ану, падыходзь бліжэй. А то сябра нешта завысака ўзяў. — I, прайшоўшы паўз аслупянелых людзей, палез у вагон. Хутка там пачалася бажба, крыкі, і з дзвярэй цяплушкі, услед за людзьмі, паляцелі хатулі, мяхі са збожжам, панскія, у аляксандраўскім стылі, ложкі.
Уцягнуўшы Арсеня ў пусты вагон, Шлык раптам высунуў галаву.
— Гэй ты, баба. Ану давай сюды… Дзяўчынка ў цябе якая… Як пяхцёр.
Высаджаныя з лаянкай беглі штурмаваць другія вагоны, але цягнік ужо рушыў, паплыў ля будынкаў станцыі.
I тады абодва белазуба ўсміхнуліся.
— А ты малайчына, — сказаў Арсень.
— Ды і ты нічога, — буркнуў Шлык, — як ты стрэліў.
I, памаўчаўшы, прыбавіў:
— Расправа са спекуляцыйным капіталам. Хай на хатулях едуць. — Лядок між імі растаў. Шлык сеў на падлогу і раптам пацягнуў з кута забытую торбу.
— Бач ты, бег як, падла. Глядзі, хлеб… і сала… і бульба. А гэта што? Ого. Шкада, што позна ўжо злезці.
На дне, закручаны ў марлю, ляжаў новенькі, заліты маслам бульдог, некалькі скрыначак з патронамі і дзесятак залатых калец.
— Першапачатковае накапленне капіталу, — сказаў Шлык.
I прыбавіў пасля доўгага маўчання:
— Зброю і золата здамо… А хлеб і сала… Гэй, баба, вазьмі ты гэта сабе… У цябе ўзята, табе і адплаціцца… Дзяўчынка, бач, галодная.
I збянтэжана сказаў Арсеню:
— Брыдка неяк такі хлеб есці.
IV
Харчовы камісар Расіі пад час даклада страціў прытомнасць ад голаду.
Калі Арсень і Юстын праходзілі паўз Зальца, ён сядзеў за сталом і мачаў мікраскапічны кавалак макухі ў шклянку з маркоўнай кавай. Перадчасна пасівелыя валасы яго звісалі на добрыя вочы. На шчоках блукалі чырвоныя плямы, і глянуў ён на сяброў вінавата.
«Вы бачыце, я не прагны, — сказаў яго позірк, — але што зробіш, адшукалі мне шклянку кавы… Па загаду Леніна».
Сябры апусцілі вочы, праходзячы міма.
Як у тумане пабачыў Арсень невялікі кабінет, стол літарай «Т», шафы з кнігамі, скураныя крэслы для гасцей і простае — для гаспадара, чалавека, які ўзняўся з гэтага крэсла і сказаў:
— Сядайце, таварышы.
Арсень адчуў толькі, што рука чалавека гарачая і вельмі моцная, хоць ён і ніжэй яго на паўтары галавы, гэты каржакаваты стомлены чалавек. Зацыраваны закаўраш пінжака на правай руцэ, нямодны каўнер кашулі, а над ім лабастая, шышкаватая галава і вочы, дзіўныя вочы.
«Яны зусім непрыгожыя, — падумаў Арсень, — башкірскія нейкія, але што ў іх так цягне чалавека да сябе?.. Ага, ім зманіць нельга, адчуюць… I ласкавасць яшчэ… Ён загадзя чакае ад чалавека добрага».
I Воўкаў пачаў даклад, гледзячы не ў гэтыя вочы, а на бронзавую статуэтку на стале. Сядзела малпа і глядзела на чалавечы чэрап, які трымала ў руцэ. I твар яе быў звераваты і іранічны, з першым пробліскам думкі ў вачах. Ён пачынаў філасофстваваць, гэты малпін Гамлет, і першым аб’ектам яго думкі быў чэрап загінуўшага чалавека, ёмішча ўсяго сусвету.
«Хто ты? Друг ты ці вораг? Чаго ад цябе чакаць? Я яшчэ не ведаю, але нешта цьмянае, вельмі прыемнае заварушыцца і пад маім чэрапам таксама.».
Арсень збіўся з думкі і адчуў, што рука гаспадара лягла на яго рукаў.
— Вы не хвалюйцеся, таварыш.
І Ленін усміхнуўся дзіцячаю ўсмешкай, якой усміхаюцца толькі вельмі чыстыя і добрыя людзі.
— Гэта падарунак ад таварыша Гaмера… Філасофская рэч, як бачыце, — сказаў ён.
Арсеню стала лягчэй, і ён пачаў казаць прадуманае: пра становішча на фронце, магчымае контрнаступленне палякаў, становішча са зброяю і хлебам.
Гаспадар прыкрыў вочы далонню — Арсеню стала значна лягчэй. I толькі рука Леніна крэсліла нешта на аркушы паперы.
Воўкаў не заўважыў толькі аднаго: праз няшчыльныя пальцы рукі глядзела на яго хітраватае і смяшлівае вока, ацэньвала:
«Відаць, чалавек шчыры і цвёрды… Мускулы каля рота якія прыемныя. I дзелавіты, са схільнасцю да аналізу… Добры хлопец».
Арсень скончыў і тут на яго абрушыўся такі град пытанняў, што ён ледзь не змок, адказваючы на іх. Выцягнута было ўсё, адразу ж класіфікавана, згрупавана, раскладзена на зручныя паліцы. Арсень адчуў, што яму стала лёгка гаварыць і ўсё стала значна ясней. Чаму?
«Ага, ягоная манера размаўляць — у тым, што ён дапамагае чалавеку думаць».
Пытанні пра становішча з бандамі, пра харчразвёрстку, пра адносіны католікаў да савецкай улады, пра мову і асаблівасці жыцця народа, пра паэтаў і агітацыю.
Усеабдымны, амаль нечалавечы па ёмістасці розум блукаў па ведах Арсеня і выціскаў іх. Гаварыў гаспадар і са Шлыкам пра харчовы стан на Беларусі.
I раптам:
— А з мастацтвам як? Адно скажу: не трэба разбазарваць народныя каштоўнасці.
— Я б расказаў вам, таварыш Ленін, пра аднаго… але гэта, можа, потым.
— Няма чаго пра яго казаць, Уладзімір Ільіч, — буркнуў Шлык. — Контра ён. Лепей дасылайце хутчэй вагоны. Можам адразу дзесяць эшалонаў адгрузіць, як лёду. Гэта той хлеб, што наша група вывезла.
Ленін ледзь бачна ўсміхнуўся:
— Што ж, таварыш Шлык, важліва і тое і тое. Але хіба сапраўды пагаворым пра гэтага «аднаго» пасля, у мяне.
I паскардзіўся:
— Прымушаюць часам адпачываць. Сёння якраз няпоўны дзень, таму, калі ласка, да мяне. Паабедаеце. Бачыце, чатыры гадзіны.
— Уладзімір Ільіч, — абурыўся Шлык, — вы што, адпачынкам гэта называеце?
Ленін паклаў руку на яго плячо.
— А што ж, вам нельга чакаць. I харчовае пытанне ў краіне не чакае. Адпачнем потым.
Падняўся з-за стала, хуткай, «несаліднай», як адзначыў Шлык, хадою падышоў да карты Каўказа, што вісела на сцяне, пакрэсленая рознакаляровымі алоўкамі.
— Бачыце, якая нацыянальная блытаніна. А трэба ж будзе рабіць аўтаномію. Вось і поўзаем тут са знаўцамі па карце… Я вас што папрашу, таварыш Воўкаў, дашліце мне пасля карту Беларусі, і каб абавязкова на ёй былі адзначаны нацменшасці. Ну, там, скажам, палякі, караімы, рускія з Веткі.
— Якія гэта? — здзівіўся Арсень.
— А нашчадкі тых, што пры Кацярыне да вас уцяклі з-за рэлігіі, стараверы.
I раптам пасуравеў, вочы сталі вузкімі і жорсткімі.
— Такія ёсць мастакі па нацыянальнаму пытанню. Пішуць з радзімы: палова вёскі руская, палова — татарская. Прыязджае малады разумнік у скуры, і на ім чатыры маўзеры. Склікае татар спачатку: трэба зачыніць царкву, як дурман. Тыя з радасцю выносяць рэзалюцыю: зачыніць, хай гяуры лазоваму кусту моляцца. Праз тыдзень з’яўляецца ён на рускую палову. На зборах выносіцца прапанова: прыкрыць мячэць, зрабіць у ёй свінушнік. Дзядзькі б’юць у ладкі: ага, вы нам, дык і мы вам… А пасля — у дручкі. I дружба народаў у наяўнасці.
— Дык што ж, дазваляць ім народ дурманіць? — спытаў Шлык.
Ленін нахіліў набок галаву.
— Рэлігія, таварыш Шлык, жахлівая штука. Але яна пераконвала людзей з часоў Уладзіміра. I дубцом людзей у адваротным не пераканаеш, тым больш такім шкодніцтвам і галавацяпствам. Гідру мы рубаць навучыліся, а пераконваць — не. Лягчэй за ўсё зрабіць чалавека ворагам, а нам трэба зрабіць яго другам.
Арсень падміргнуў Шлыку. А Ленін раптам узяў іх пад рукі, сказаў:
— I мы ж не чысценькія. Нас у трох лyгавых вадах варыць трэба, каб рэлігійнасць вывесці, ханжаства, хамства, бюракратызм.
I, моцна сціснуўшы локці сяброў, дадаў вельмі сур’ёзна:
— I трэба ўмець рабіць гэта, калі хочам жыць.
Вузкім калідорам яны рушылі налева і хутка трапілі ў кухню. Праз акно бачны быў гладкі булыжнік і худыя галубы на ім. Аднекуль здалёк, усе ў ружовым сонцы, даляталі на ўнутраны дворык гукі званоў.
Масква была старой, пыльнай, да суму звычайнай.
I чалавек, які збіраўся перавярнуць усё гэта, пасадзіў гасцей і сказаў ім:
— Мы звычайна тут абедаем… Пасядзім тут, цяплей.
I зябка сцепануўся: сапраўды, было даволі халодна, нягледзячы на лета. Потым ён узняўся і выйшаў з кухні.
Арсень агледзеўся, пабачыў пліту са звычайным начыннем, некалькі дравін каля яе, а праз дзверцы шафкі — разнамасныя кубкі.
Шлык зірнуў у пліту. Там быў жар, але на фаерцы стаяла толькі каструля з вадою.
I ў той самы момант гаспадар выйшаў з пакояў на кухню, разводзячы рукамі. За ім ішла жанчына з тварам вясковай настаўніцы.
«Жонка», — здагадаўся Арсень, калі яна назвала прозвішча.
А тая з усмешкаю на мілым, простым абліччы ўжо гаварыла:
— Вы прабачце, таварышы. Мне трэба было ўходзіць, але я зайшла папрасіць прабачэння за гэтага чалавека. Ён зрабіў вельмі недалікатную і няёмкую штуку.
— Ну, Надзя, ну, хіба ж я вінен? — разводзіў рукамі гаспадар.
— Гэта вельмі на цябе не падобна, а мне хоць праз зямлю праваліся… I ён заўсёды быў такі. Справа ў тым…
Але тут гаспадар з мужнасцю адчаю выпаліў:
— Справа ў тым, што ва ўсім багатым доме толькі і ёсць, што вобла.
Усе зарагаталі, і галасней за ўсіх, нават трошкі захлёбваючыся, сам гаспадар. Жанчына яшчэ раз папрасіла прабачэння, махнула з уздыхам рукою і пайшла. Абзадачаны гаспадар палез пальцамі ў рудаватыя валасы над вухам.
— Што ж цяпер рабіць, га?
I тады Шлык, на вялікі жах Арсеня, палез у клунак і выцягнуў адтуль квадратны кавалак сала, крыж-накрыж надрэзаны да скуры, потым палову бохана счарсцвелага хлеба. Падумаў хвіліну і рашуча выцягнуў знізу фатальную торбачку і высыпаў з яе перад пліткай дзесяткі тры бульбін.
Здранцвелы ад жаху Воўкаў торгаў яго за бушлат, але Шлык не зважаў. Разгроб у плітцы попел, накідаў туды бульбы, прыгарнуў яе прысакам і насыпаў зверху жар.
Ленін хітравата, самым куточкам вока, назіраў за гэтым свяшчэннадзействам і за збянтэжаным тварам Арсеня. Спытаў:
— Што ж рабіць? Можа, рыбы?
I тады Шлык сказаў з чароўным аршанскім акцэнтам:
— Ну, калі ё, дык парэжце рыбіну.
У Арсеня высыпаў на лобе цыганскі пот. Але па таму, як Ленін жвава выцягнуў з шафкі тры рыбіны, пастукаў імі аб край стала і пачаў здзіраць скуру, — зразумеў, што гэта было добра сказана: Шлык вывеў гаспадара з няёмкага становішча.
Атрымліваўся як быццам абед у складчыну.
I Арсень са скрухай падумаў, што зноў Шлык са сваёй прымітыўнай ветлівасцю выявіўся вышэйшым за яго, Арсеня, патомнага інтэлігента і былога выхаванца класічнай гімназіі.
Ленін сеў поруч з Арсенем на табурэт, звесіў рукі паміж каленяў. I раптам сказаў нейкім зусім новым, мяккім голасам:
— I ў нас бульбу пякуць… Над Волгай… Я малым вельмі любіў. Выкупаемся мы, амаль ноччу, і потым сядзім голыя каля агню, чырвоныя, як індзейцы.
Шлык буркнуў:
— Добра. А яшчэ лепей, калі рыбіну свежую вытрыбушыш, у пуза ёй — сала скрылёк і смажыш на лазіне… I недзе дзеўкі на пракосах песні спяваюць… Далёка.
— Зямля ў нас цудоўная, — сказаў горача Арсень, — даволі дажджу, у меру сонца, у меру холад і цеплыня. I зямля… не такая багатая, каб чалавек на ёй стаяў лянівым трутнем, і не такая ўжо бедная, каб жывот надрываць. Голаду практычна быць не павінна: вымакне адно — уродзіць іншае; ды яшчэ ёсць паляванне, рыба. I ўсё ж голад… Легенда кажа: калі мы выпрасілі сабе ў Бога ўсю гэтую раскошу, — мы папрасілі, каб ён даў нам яшчэ і добрых начальнікаў…
— Ну і што ён? — зацікаўлена спытаў гаспадар.
Арсень усміхнуўся кутком рота:
— Ён адказаў, што тады ўсе праведнікі з беларусаў уцякуць з раю на сваю зямлю, ды яшчэ пры сваёй языкатасці сагітуюць іншых, небеларусаў… Занадта будзе на рай падобна.
Ленін зарагатаў так, што, гледзячы на яго, пачаў рагатаць Шлык, а потым не вытрымаў і Воўкаў.
Ад заразлівага смеху ў вачах гаспадара стаялі слёзы, ён махаў рукамі і амаль задыхаўся. Адсмяяўшыся, Уладзімір Ільіч паклаў пальцы на рукаў Арсеня:
— Вам не ваяваць, вам агітатарам трэба быць, таварыш Воўкаў… пры вашай языкатасці.
Шлык зноў буркнуў:
— Не бачылі вы яшчэ, Уладзімір Ільіч, якія яны бываюць, языкатыя людзі. Вашага агітатара чатыры дні таму адзін капіталіст так сагітаваў, што Арсень згадзіўся з неабходнасцю драць з рабочых скуру.
— То бок, — бровы Леніна папаўзлі ўгару, і ён нават падаўся наперад.
— Не слухайце вы яго, Уладзімір Ільіч, — сказаў Арсень, — гэты капіталіст, былы лесапрамысловец, — вялікая душа, конча закаханая ў мастацтва. Не рабаўнік, не Марозаў, хутчэй беларускі Траццякоў. Зараз ён сядзіць на сваіх калекцыях, памірае з голаду і не прадае. Рэквізуе іх нейкі разумнік, пусціць з аўкцыёну, і народ застанецца абкрадзеным.
— Раскажыце, — зацікавіўся гаспадар.
I Арсень расказаў пра ўсё, пачынаючы з сустрэчы і канчаючы начной размоваю з Маеўскім, калі яны капаліся ў калекцыях.
— Цікавы тып, — сказаў Ленін, — дык, кажаце, незвычайная мастацкая каштоўнасць.
— Так, — упэўнена кіўнуў Воўкаў, — каштоўнасць не толькі сусветная, каштоўнасць наша. Ён выратаваў наша мастацтва, інкабулы, гравюры, карціны, бытавыя рэчы… Гэтым ніхто не цікавіўся, толькі ён. Загадайце, таварыш Ленін, каб гэтага чалавека не чапалі.
Гаспадар маўчаў, закрыўшы вочы. Шлык з варожасцю глянуў на Арсеня і сказаў:
— Бульба дайшла.
Абцёр бульбіны, паклаў на газетны ліст на стале. Ленін з адсутным позіркам разламіў дымячуюся бульбіну, пасаліў паловы, і раптам вочы яго павільготнелі, з апетытам пачаў есці.
«Недаядае, — падумаў Арсень, і нейкі клубок пачаў драпаць яму глотку, — ён недаядае… Да чаго давялі Расію, сволачы».
У кухні крамлёўскай кватэры сядзелі два госці і гадавалі правадыра пралетарскай рэвалюцыі ружовым, таючым на языку салам і спечанай у пліце бульбай.
Воўкаў заўважыў, што і еў гаспадар з чыста сялянскай акуратнасцю і павагай да ежы. Еў смачна і прыгожа, так, што гледачу таксама хацелася. I Арсень з сумам падумаў, што большасць людзей, калі ядуць, глядзяць на ўсё тупым позіркам і вельмі нагадваюць або малпу з бананам, або тыгра над косткаю.
Усе елі так, што за вушамі трашчала.
Ленін скончыў першым, запіў абед шклянкай гарачай вады, наліўшы па шклянцы субяседнікам.
— Даўно так смачна не еў. Цудоўная штука — печаная бульба.
Замоўк і пасля паўзы дадаў:
— Цюрупа мяне ежма есць, што я быццам не берагу сябе, а сам сёння бачылі як? Празрысты ўвесь.
I тут Юстына прарвала:
— Абураюча вы паводзіцеся, таварыш Ленін. Хіба можна так? Зваліцеся вы — што будзе?
Ленін сур’ёзна глянуў на квадратны твар Шлыка:
— Я — гэта яшчэ не рэвалюцыя.
— Але ўсё ж… Няўжо нельга адшукаць для вашага арганізма і мозга патрэбнай ежы?
— Чаму не, можна, — сказаў гаспадар.
I раптам вельмі ціха і задумліва дадаў:
— Я не хачу зваліцца. Мяне часам мучыць сон: я памёр, не паставіўшы цягнік на рэйкі, не зрабіўшы ўсяго, што магу. I жахлівей мне нічога не снілася… Але ёсць адзін прынцып: быць, як усе. Сорамна быць сытым, калі народ галадае. Лепей заўчасна памерці, чым страціць гэты сорам. I Цюрупа, і я, ды і вы, таварышы, — мы ідзем на гэта не таму, што мы такія ўжо добрыя людзі, а таму, што мы вучні Маркса. I гора нам, калі мы перастанем быць такімі.
Памаўчаў.
-Я ведаў некаторых дзеячаў Другога Інтэрнацыянала… Самы страшны, самы небяспечны вораг рэвалюцыі — карупцыя, перараджэнства. Такі — горшы за хама-купца, таму што яму вераць… I гэта жахлівей, чым сотня Дзянікіных. Калі пабачыце зачаткі перараджэнства, таварышы, — круціце галаву без літасці. .
V
У кабінеце, куды яны хутка перайшлі, Уладзімір Ільіч адразу пачаў пісаць: хутка, амаль не закрэсліваючы. Потым сеў бліжэй да субяседнікаў:
— Зброю дамо, таварышы. Вось запіска. Але зброі будзе ўсё ж не вельмі і многа.
— Добра,— сказаў Юстын, — выкруцімся. Калі палякі пачнуць наступ — сялян з дубальтоўкамі ўзброім. Яны зараз ведаюць, што такое панства.
— Верна прыдумана… Гэты ліст перадасцё Кандратовічу, тут справы наконт камандавання. Камандзіра таго корпуса змясціць, каб духу не было… А на яго месца пастаўце чалавека, які боты зняў перад атакай ворага, каб паказаць, што бегчы нельга. Ваенныя веды ў яго добрыя, а галоўнае, людзей ведае… I вось яшчэ ліст наконт бандытызму і становішча з хлебам. Інструкцыі падрабязныя.
Пацёр пальцамі скроні.
— Не ідзе ў мяне з галавы гэты Маеўскі, таварыш Арсень.
Юстын пачырванеў. У гэту хвіліну ён вельмі нагадваў аднаго з рабесп’ераўскіх непрымірымых санкюлотаў.
— Расстраляць яго трэба, Уладзімір Ільіч. Усе ў Чорным моры плаваюць, а гэты ходзіць па горадзе. Мільёншчык, эксплуататар!
— І мільёншчыкаў адрозніваць трэба, — непрыхільна пахітаў галавою гаспадар, — я ведаю аднаго фабрыканта ў Пецярбурзе, якога пасля пятага года судзілі за ўдзел у паўстанні.
Шлык не здаваўся:
— Яны слова гонару парушаюць… Змовы паўсюль… У вас стралялі.
Ленін паклаў на стол сціснутыя кулакі:
— Тое, што ў мяне стралялі, — гэта, таварыш, мая справа. У мяне стралялі. За народ дараваць нельга, а за Ульянава — ён сам даруе. Не мне ліць кроў такіх, я не Аляксандр Трэці… Няхай яны лепей паглядзяць, якой будзе Расія праз васемнаццаць — дваццаць год.
I раптам усміхнуўся Шлыку.
— Куля ў маім целе не варта яшчэ адной крыві. Гэта глупства ў параўнанні з плачам галоднага дзіцёнка. Мяшэчнікі, вось каго трэба расстрэльваць… За дзяцей.
У Арсеня перахапіла подых. Ён сэрцам ведаў: гэта не словы. I ён ведаў яшчэ, што калі спатрэбіцца гэтаму чалавеку яго, Арсеня, жыццё, ён пойдзе на смерць так лёгка, так радасна, бы ў абдымкі каханай.
А Ленін тым часам звярнуўся да Воўкава:
— Вы ўпэўнены, што ён не сарганізуе нічога шкоднага?
I Арсень са шчырым сэрцам адказаў:
— Я паручуся за гэта рэвалюцыйным сумленнем.
— I ён не ўцячэ за граніцу?
— Ад калекцый?! — здзівіўся Арсень.
— Чакайце тады.
I перыйка таннай ручкі зноў зачыркала па паперы. Пісаў ён даволі доўга, потым устаў і працягнуў лісткі Арсеню.
— Бярыце. I прачытайце. Я вырашыў аслабаніць яго дом — кватэры для людзей знойдзеце ў іншых будынках… А там няхай стары робіць музей. Сродкі адшукайце, каб дастаткова было. Маеўскаму дайце пры музеі два пакоі… I яшчэ: прызначце яго пажыццёвым дырэктарам музея, дайце добрую пенсію і спецпаёк.
Ашаломлены Шлык глядзеў на тое, як Арсень дзякаваў гаспадару. Потым буркнуў:
— Не туды ты, Арсень, павёў справу. Адразу бачна, што ў цябе нянавісдь да гадаў толькі асабістая.
— А сапраўды, чаму вы пайшлі ў рэвалюцыю? — зацікавіўся Ленін.
Воўкаў паціснуў плячыма:
— Сям’я была дэмакратычная. Ведалі, нельга так далей жыць. Але галоўным штуршком было тое, што казакі маці застрэлілі пад час курлоўскага расстрэлу. Выпадкова пад кулю трапіла. Яна ў мяне хоць і любіла Шчадрына, але ціхая была, як мышка.
— Што я і казаў, — махнуў рукою Шлык.
I тут Ленін упершыню паглядзеў на яго сурова:
— Вы кажаце, асабістая нянавісць? Гэта нядрэнная штука, калі яна змацоўвае грамадскую. Год у пятнаццаць у мяне было рамантычнае нарадалюб’е. Прачніся, маўляў, мужык! I быў у мяне старэйшы брат, самы таленавіты чалавек з тых, каго я ведаў. Чысты, як ільдзінка, гарачы сэрцам, з высакароднай любоўю і нянавісцю… Вы не ведаеце гэтага, таварыш Шлык… Але я ў параўнанні з ім — вельмі сярэдні чалавек. Яго павесілі за замах на цара. I я дагэтуль дрыжу ад нянавісці, калі падумаю, што да яго яснага лба дакранаўся кат… Маці хадзіла па канцылярыях, слухала прыязныя разважанні саноўных жандараў. Яе хвароба прымусіла брата пісаць цару ліст аб памілаванні. I ён напісаў ліст, ліст грамадзяніна Ульянава да грамадзяніна Раманава. Гэта быў такі ліст, што яго не паказалі цару. Каб не маці, ён не зрабіў бы і гэтага… Але я трыццаць год чуў, як ён, брат, рыпеў зубамі, калі сядаў за гэты ліст.
У Леніна перасекся голас. .
— I я зразумеў тады: лад, які знішчае таленты, душыць іх — такі лад не павінен жыць. Я тады ўжо ведаў шлях, але нянавісць мая была бяззубай. Пасля пакарання смерцю я зразумеў: я і яны — ворагі да скону. Я ненавідзеў іх за мой народ, за галодных, за страчаных, за маю маці, за Сашу. I народ адпомсціў за свае пакуты і за майго брата.
Арсень адчуў гарачы паток замілавання да гэтага чалавека. Ціха, амаль шэптам, ён спытаў:
— А пасля… вы былі… там?
I Ленін зразумеў, пра што яго пыталі. Маўчанне цягнулася нясцерпна доўгіх дзве хвіліны. Потым ён адказаў, таксама ціха:
— Быў… пасля перамогі. Гэта была жудасная камера. Ад адной цішыні можна было зрабіцца вар’ятам. I хоць я ведаў, што раблю глупства, я зайшоў туды, і за мной зачыніліся дзверы. Я знаў, што за дзвярыма людзі, што турэмшчыкі не вернуцца, што за мурамі буяе зусім іншае жыццё, у якім мы нікому нікога не дамо крыўдзіць. І ўсё ж мне на хвіліну стала жудасна… як брату.
Воўкаў нахіліўся да яго:
— I вы сказалі яму, што іх скінулі?
— I мне ніхто не адказаў… на жаль, — закончыў яго думку Ленін.
Ён падняўся і адышоў да акна, а потым рэзка павярнуўся да Шлыка:
— Дык вось, таварыш, вы самі бачыце, што ў мяне больш «асабістых падстаў» на нянавісць да ўсіх гэтых… мільянераў. I, аднак, я ўмею адрозніваць Рабушынскіх і Няклюдавых ад Бахрушыных і Маеўскіх. Не пашкодзіла б і вам умець рабіць гэта.
I ён, падышоўшы да стала, узяў бронзавую малпу ў рукі.
— Бачыце, таварышы. Зараз там, за мяжой, яны трубяць пра тое, што мы малпы, якія вось так… думаюць над чалавечым чэрапам на руінах культуры. За трыста год свайго панавання яны амаль пераканалі ў гэтым наш народ. Але мы павінны стаць больш людзьмі, чым яны. Наша культура павінна стаць такой, каб яны з зайздрасцю глядзелі на яе, каб яны апынуліся ў стане трагладытаў, апранутых у шкуры. Яны, а не мы. I мы павінны паважаць лепшае нават у старым. Іначай… іначай у нас вырасце хвост.
I прыбавіў, паставіўшы статуэтку на стол:
— Перадайце старому маё прывітанне. Хай працуе доўга, сумленна, аддана. Ён патрэбен нам.
Воўкаў зірнуў на Шлыка і пабачыў, што той ледзь не плача ад сораму. Бура-чырвоны, Юстын ледзь здолеў прамармытаць:
— I відаць, што сапраўды я дурань… ахвяра імперыялістычнай нацыянальнай палітыкі…
Цяга яго да газетных слоў была непераадольнай. Ленін і Воўкаў зарагаталі з палёгкаю.
— Трэба, трэба думаць, таварыш, — весела сказаў гаспадар.
I працягнуў гасцям рукі:
Бывайце, сябры. Вы мне палюбіліся. У выпадку чаго… да мяне.
У гэты момант згасла святло, пакінуўшы іх у поўнай цемры. Ленін чыркнуў запалкай, запаліў свечку, што стаяла перад ім, і сказаў:
— Вось буду вас да самых дзвярэй суправаджаць. Вы ідзіце чорнымі сходамі, праз маю кватэру: тут будзе зручней і бліжэй да брамы.
На пляцоўцы ён стаў з падсвечнікам у руцэ, асвятляючы ім шлях. А яны спускаліся проста ў ноч, што вісела над вялізнай краінай, спускаліся па тых самых крутых сходах, па якіх сам гаспадар, не патрабуючы падтрымкі нічыёй рукі, ішоў паранены ў васемнаццатым годзе. Паранены за тое, што хацеў развеяць гэту ноч.
На апошняй паваротцы Арсень азірнуўся і пабачыў ружовую, пранізаную святлом далонь гаспадара і яго твар, асветлены няпэўным, мігатлівым сяйвам.
- Машынапіс захоўваецца ў ЦДАМЛіМ РБ , ф. 56, воп. 1, адз. зах. 9. У 51-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца машынапіс апавядання «Мір і меч», з паметай: Масква — Орша, 14 чэрвеня 59 г. На першай старонцы, зверху, Уладзімір Караткевіч напісаў алоўкам: «Аддаў у «Маладосць». У гэтай жа папцы захоўваецца і машынапіс апавядання «Аліва і меч». У адным з лістоў, дасланых Янку Брылю ў чэрвені ці ліпені 1959 года, сярод іншых твораў, якія былі напісаны ў той час, Уладзімір Караткевіч згадвае і гэта апавяданне пад назвай «Мір і меч» і таксама адзначае, што яно было аддадзена ў часопіс «Маладосць». Параўнанне тэкстаў паказвае, што апавяданне «Мір і меч» з’яўляецца пачатковым варыянтам твора. А назва «Аліва і меч» узнікла, відаць, крыху пазней.
- Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
- Упершыню — «Маладосць», 1990, № 11.
- Набор зроблены па выданні: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — С. 306 — 333.