На пачатку дарогі — Анатоль Верабей
Нястомны вандроўнік і працаўнік,
літаратар, які пастаянна і грунтоўна
працуе над сабой, чалавек невычарпальна
светлага настрою, які ўмее смяяцца як дзіця,
усёй душой любіць родных людзей, родную зямлю,
— такім яго ведаюць многія.
Янка Брыль
Творчасць Уладзіміра Караткевіча — прыкметная з’ява беларускай літаратуры XX стагоддзя. Усім лепшым, што створана гэтым пісьменнікам (а ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, эсэіст, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст), магла б ганарыцца любая высокаразвітая сучасная літаратура.
Асаблівая заслуга Караткевіча перад беларускай літаратурай у стварэнні высакаякаснай гістарычнай прозы, дзе пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, выявіў буйныя характары, здолеў раскрыць багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаць іх асабісты лёс з лёсам народным. Гэта проза вызначаецца рамантычнай акрыленасцю і жыццёвай дакладнасцю, мастацкай культурай і патрыятычным пафасам, надзвычайнай пазнавальнасцю і гуманістычным зместам.
Караткевіч з’яўляецца адным з таленавітых і самабытных прадстаўнікоў таго пакалення беларускіх пісьменнікаў (Вячаслаў Адамчык, Мікола Арочка, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, Іван Пташнікаў, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў і іншыя), якое прыйшло ў літаратуру ў другой палове 50-х — пачатку 60-х гадоў, на хвалі грамадскага абнаўлення пасля XX з’езда партыі, у спрыяльны час.
Сёння, калі многае з творчай спадчыны пісьменніка надрукавана, калі вывучаны ягоныя архівы, мы хочам далей, у параўнанні з папярэдняй нашай кнігай «Жывая повязь часоў» (1985), асэнсаваць постаць мастака. Пра Уладзіміра Караткевіча, пачынаючы з сярэдзіны 50-х гадоў, ужо нямала напісана. З’явіліся пра яго таксама кнігі Адама Мальдзіса «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (1990), Аркадзя Русецкага «Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць» (1991), Вольгі Шынкарэнка «Пад ветразем дабра і прыгажосці» (1995). Тым не менш узнікае пільная патрэба ізноў звярнуцца да асобы гэтага самабытнага і непаўторнага творцы.
* * *
Нарадзіўся Уладзімір Сымонавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Бацька працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці пасля замужжа стала хатняй гаспадыняй. Продкі ягоныя паходзяць з беларускага Прыдняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых старажытных гарадоў. У сям’і пісьменніка захавалася паданне пра аднаго з іх (сваяка з матчынага боку і яе радні), які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 — 1864 гадоў. Паўстанцы, якімі ён кіраваў, былі разбіты, а іх камандзіра расстралялі ў Рагачове. Караткевіч апісаў гэту гісторыю ў эпілогу аповесці «Перадгісторыя» (напісана на рускай мове, не друкавалася) і ў пралогу рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). Праз некаторы час пасля з’яўлення рамана ў друку былі знойдзены архіўныя матэрыялы, якія сведчылі, што падобны выпадак сапраўды адбыўся ў Рагачове з Тамашом Грыневічам.
У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» Караткевіч пісаў: «Маці мая, Надзея Васілеўна, нарадзілася ў 1893 годзе, у дзяцінстве засталася без маці, скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час, кінуўшы дом, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, ля Рагачова, а пасля пазнаёмілася з маім бацькам, Караткевічам Сымонам Цімафеевічам, і ў 1917 годзе выйшла за яго замуж (бацька нарадзіўся ў 1887 годзе, памёр у 1959).
У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэшая сястра і я1.
Моцнае ўздзеянне на хлопчыка зрабіў дзед, матчын бацька Васіль Юллянавіч Грынкевіч, які, аб чым пісаў у аўтабіяграфіі пісьменнік, «даслужыўся да павятовага казначэя і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам». Як сцвярджае Адам Мальдзіс, у ягоным асобніку кнігі «Пра час і пра сябе» Уладзімір Караткевіч памеціў, што дзед даслужыўся да губернскага казначэя і спачуваў легальным марксістам. Гэты чалавек, «уладны, разумны і з’едлівы», які «валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам», стаў прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім».
Згадваючы, што ад свайго дзеда ён пачуў легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743 — 1744 гадоў, Уладзімір Караткевіч у лісце да Максіма Танка ад 27 мая 1956 года так пісаў пра яго: «Які гэта быў цікавы чалавек! Не ведаю, што яму перашкодзіла стаць сапраўдным паэтам, можа, доля сына — „дзяржаўнага злачынца“, можа, яшчэ што. Праваслаўны, які быў замешаны ў мяцяжы, — гэта ж было вельмі падазрона. Але яго мова — гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў… Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў — Маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр (не стала дзеда ў ліпені 1945 года, пахаваны ён у мястэчку Карма Гомельскай вобласці. — А. В.), што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэткага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў), навучыўся лавіць самоў „на квок“, палюбіў бадзяцца і іншае.
А якія ён распавядаў легенды… Пра вужыную каралеву, пра чорную курыцу волатаў, пра караля мятлушкаў, пра вялікую змяю „Дзебраў“ (калішняе ўрочышча Дзебры пад Магілёвам), пра Яна Прыгожага і князя Ладымяра, пра лебядзіны скіт, пра скарб аднавокага народа, пра дрэва смерці (гэтую легенду я пазней запісаў у Руклях, што пад Смаллянамі, але ў горшым, здаецца, варыянце), пра явар і каліну — мужа і жонку, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера. І яшчэ многае-многае» («Маладосць», 1987, № 1. С. 160).
Як бачым, дзед зрабіў прыкметны ўплыў на фармаванне светапогляду будучага пісьменніка, а дзедавы апавяданні сталі крыніцай для многіх будучых ягоных твораў.
На пытанне анкеты Таццяны Шамякінай, што з уражанняў дзяінства найбольш спрыяла развіццю яго таленту, пісьменнік адказаў: «Што спрыяла? Зноў жа асяроддзе. Сваякі (і на суседзяў шанцавала) былі людзі спявучыя, вельмі музычныя, многія з добрымі галасамі, з апавядальным талентам (здзіўляюся, чаму не стаў прафесійным спеваком бацька, пісьменнікамі — дзядзькі, асабліва адзін). Усе з гумарам і схільнасцю да іроніі (у тым ліку да самаіроніі)2.
Пісьменнік заўважаў, што з самага ранняга ўзросту цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. Праз усё жыццё ён пранёс моцную любоў і да прыроды. Напрыклад, у дзіцінстве адной з любімых ягоных кніг была кніга А. Брэма «Жыццё жывёл».
У доме Караткевіча было шмат кніг: «і рэшткі дзедвай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае». Яны, праўда, згарэлі разам з хатай у Айчынную вайну. Чытаць хлопчык навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. Ствараць вершы пачаў год у шэсць. Крыху пазней спрабаваў пісаць апавяданні, якія сам жа ілюстраваў. Пісьменнік успамінаў, што ў дзяцінстве ён «таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна».
Яшчэ ў дашкольныя гады Караткевіч даслаў ліст Карнею Чукоўскаму. І атрымаў адказ гэтага прызнанага майстра. У ліпені 1938 года ён убачыў Янку Купалу, які адпачываў недалёка, на дачы ў Ляўках. Да вайны закончыў тры класы.
Вайна застала яго ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася ў адной з вышэйшых навучальных устаноў. Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне, потым на Урале, у наваколлі Кунгура. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Праз матчыну сястру Яўгенію Васілеўну, якая жыла з мужам на Далёкім Усходзе, даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. У жніўні 1943 года разам з сястрой дабраўся з вялікімі цяжкасцямі да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым разам з маці трапіў у нядаўна вызвалены Кіеў, дзе некаторы час жыў у матчынай сястры Яўгеніі Васілеўны, якая з мужам пераехала туды з Далёкага Усходу. Амаль праз трыццаць гадоў, восенню 1972 года, ён закончыў адзін з самых аўтабіяграфічных сваіх твораў — аповесць «Лісце каштанаў», навеяную ўспамінамі пра той час.
Дзяцінства Уладзіміра Караткевіча, як і многіх яго равеснікаў, было апалена вайной. У вайну згарэла бацькоўская хата (яе пабудавалі ў 1939 годзе, а да гэтага наймалі палову дома ў яўрэя Тылевіча), загінуў у 1941 годзе на фронце старэйшы брат Валерый, фашысты расстралялі ягоную жонку Вольгу, павесілі ў мястэчку Карма ў маі 1942 года сваячку Арцём’еву з дзецьмі.
Калі вярнуліся Караткевічы з эвакуацыі ў Оршу, то спачатку наймалі кватэру ў царкоўнага старасты, а потым купілі ў вёсцы хату, перавезлі ў горад і ў канцы лета 1946 года засяліліся ў яе. Хлопчык зведаў голад, холад і ўсе нястачы першых пасляваенных гадоў. Іншы раз было так холадна, «што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы». Але ўсё гэта не заглушыла ў ягонай душы цягі да вершаў. У школьныя гады разам са сваімі аднагодкамі Караткевіч выпусціў некалькі нумароў рукапіснага часопіса «Званочак», на старонках якога былі змешчаны некаторыя яго вершы, а таксама прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці». Пазней пісьменнік з удзячнасцю згадваў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Кацярыну Іванаўну Грыневіч, якой паказаў некаторыя свае вершы і якая падтрымала яго. Яна арганізавала драматычны гурток у школе.
Яго сябар школьных гадоў Леанід Крыгман успамінаў («Полацак», 1991, № 9), што Валодзя ў свае 14 гадоў меў энцыклапедычныя веды па літаратуры і гісторыі, што настаўніца матэматыкі паставіла яму двойку па сваім прадмеце і пакінула на другі год у восьмым класе («магу сведчыць, хаця матэматыка і не была яго любімым прадметам, але ён ведаў яе не горш іншых, каго перавялі ў наступны клас»), што ён меў фенаменальную памяць, а ягоныя тагачасныя творы «былі напісаны настолькі таленавіта і па-майстэрску, што многія, хто пачыналі пісаць у альманах (рукапісны часопіс „Званочак“. — А. В.) разам з ім, скончылі займацца гэтай справай», што ён у гогалеўскім «Рэвізоры» граў Добчынскага і што ён быў не толькі добрым акцёрам, але ўжо ў восьмым класе амаль поўнасцю напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах».
Як зазначыў Караткевіч у аўтабіяграфіі, «напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў… Цяпер усё гэта недзе згубілася, і пашкадаваць аб ім пэўна няма чаго». Сапраўды, многае, што напісаў Караткевіч у школьныя гады, нам невядома. Але нешта і засталося. Так, у хатнім архіве пісьменніка захоўваюцца рукапісы напісаных на рускай мове ў 1945 — 1946 гадах навелы «Рабіна», апавядання «Багун-трава», легенды «Любоў Мааў», артыкула пра А. К. Талстога і артыкула на беларускай мове пра Францішака Багушэвіча, якія сведчаць, што ўжо ў той час закладваліся трывалыя падваліны яго мастацкай творчасці.
У 1949 — 1954 гг. Уладзімір Караткевіч вучыўся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Свае студэнцкія гады пісьменнік успамінаў «са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты — таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму — таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі.» Пазней ён згадае тыя гады ў аповесці «У снягах драмае вясна» (1957), напіша пра іх і ўвогуле пра свою повязь з украінскай зямлёю ў эсэ «Абраная» (1982), а таксама ў эсэ пра Шаўчэнку «І будуць людзі на зямлі» (1964), пра Лесю Украінку «Saxifraga» (1917), у нарысе пра Кіеў «Мой се градок!» (1882) і ў іншых сваіх творах.
Караткевіч моцна любіў Украіну і яе народ. Ён казаў: «Я нарадзіўся на Дняпры, і ён у Кіеў цячэ з майго сэрца». У фармаванні і развіцці таленту Караткевіча Кіеву належыць асаблівае месца. Там ён чытаў творы Катула, Сафокла, Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, Норвіда, Дастаеўскага, Буніна, Ясеніна, Грына, Купалы, Гарэцкага, Гаруна, усю літаратуру пра паўстанне 1863 — 1864 гадоў, разнастайныя старадрукі і перыёдыку 20-х гадоў. У гэтым старажытным горадзе, багатым гістарычнымі і культурнымі традыцыямі, змог глыбей зразумець мінулае ўсходнеславянскіх народаў. Там ён меў большыя магчымасці пазнаёміцца з лепей упарадкаванымі бібліятэкамі і архівамі. Менавіта там вучыўся ў многіх высокакваліфікаваных выкладчыкаў (А. А. Назарэўскага, А. І. Бялецкага, Л. А. Панамарэнка, С. І. Маслава). І яшчэ за адну рэч Караткевіч быў удзячны тым гадам. Пазней пісьменік адзначыў, што здалёку ён асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. І менавіта тады ўзнікла ў Караткевіча задума напісаць кнігу пра паўстанне 1863 — 1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Студэнцкія гады былі для Караткевіча часам пошукаў і станаўлення як асобы і творцы. Пасля першага курса, летам 1950 года, ён стварыў у Оршы першы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». А пасля другога курса, 29 ліпеня 1951 года, у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» былі надрукаваны вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу». Адзін з іх быў на рускай мове, другі — на беларускай.
У канцы чэрвеня 1952 года Уладзімір Караткевіч наведаў з сябрам-аршанцам, студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута Валянцінам Краўцом, радзіму Янкі Купалы. Пасля паездкі даслаў нарыс «Вязынка» і суправаджальны ліст жонцы паэта Уладзіславе Францаўне.
Пра тое, што ў Караткевіча да лета 1952 года быў ужо немалы мастацкі набытак, сведчаць і ягоныя творы, якія ён даслаў у той час для ацэнкі Якубу Коласу. Гэтыя творы пад назвай «Казкі і легенды маёй Радзімы» занялі 129 старонак агульнага сшытка.
Якубу Коласу былі дасланы казкі «Лебядзіны скіт», «Вужыная каралева», «Аўтух-дамоўнік», «Казка пра Пятра-разбойніка», «Надзвычайная котка», «Мужык і дзіва аднавокі», «Рыбі цар», «Пан тванны, шляхціц багняны», «Ноч», «Куцька», «Вераб’ёва цешча», «Старая казка», вершы «Здаецца ўсё як раней была», «Калі з эфіра голас далятае», «Машэка», «Казка пра сноп», «Ноч», «На рацэ», «Вясновая непагода», «П’юць галубы блакіт із каляіны», вершы на рускай мове «Воўк» і «Якуб Ваўкалака», апавяданні «Дзядуля» і «Паляшук».
Усё гэта, за выключэннем казкі «Надзвычайная котка», якая пазней была значна дапрацавана і атрымала назву «Чортаў скарб», і верша «Машэка», пры жыцці пісьменніка не друкавалася. Вершы на беларускай мове, казкі «Лебядзіны скіт», «Чортаў скарб», апавяданне «Паляшук» увайшлі ў першы і другі тамы ягонага Збору твораў у васьмі тамах (1987 — 1991).
Да гэтых твораў быў прыкладзены ліст, у якім Караткевіч пісаў: «З маленства я звык лічыць Вас прыкладам і таму звяртаюся да Вас і ні да каго больш. Калі знойдзеце магчымым — напішыце мне, ці варта мне прадоўжваць». Невядома, ці прачытаў творы маладога пісьменніка пясняр. Несумненна, аднак, тое, што яны вызначаліся прыкметнымі мастацкімі вартасцямі. У іх выявіліся многія характэрныя адзнакі стылю Уладзіміра Караткевіча. Восенню 1952 года Караткевіч да 70-годдзя Якуба Коласа даслаў яму з Кіева ліст, дзе шчыра і сардэчна павіншаваў з юбілеем. Гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа (вопісы 110, 90).
Пра цікавыя і плённыя мастацкія набыткі Караткевіча ў студэнцкія гады сведчаць таксама створаныя ў той час на рускай мове апавяданні «Сабачая радасць», «Прафорг Каралёў», аповесць «Перадгісторыя», а таксама многія вершы на беларускай і рускай мовах. Пісаў ён таксама на ўкраінскай і польскай мовах. У аўтабіяграфіі пісьменнік згадваў, што ў тыя гады ён разам з адным студэнтам напісаў на рускай мове п’есу ў вершах «Кар’ера Косці Лыкадрала», у якой высмейваліся тагачасныя універсітэцкія парадкі, шкадаваў, што гэта п’еса згубілася.
Ён прызнаваўся: «Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам». Пра сур’ёзнасць і шматграннасць навуковых інтарэсаў Караткевіча сведчаць праблемы, якімі ён займаўся ў студэнцкія гады: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра «Саборныя дзеянні».
На некаторыя лекцыі не хадзіў, а замест таго шмат працаваў у публічнай бібліятэцы. За гэта, а таксама за самастойнасць думак меў непрыемнасці з боку універсітэцкага кіраўніцтва. Пазней згадаў у аўтабіяграфіі, што ўжо на другім курсе не было ў яго ілюзій адносна асобы Сталіна, аб чым паклапаціўся адзін з яго дзядзькоў (Садавы Мікалай Аляксандравіч, 1893 — 1965, муж бацькавай сястры Вольгі Цімафееўны. — А. В.), які ў 1939 годзе вярнуўся з турмы і да арышту быў загадчыкам аблана на Камчатцы. І таму на пахаванне Сталіна ў сакавіку 1953 года Караткевіч паехаў і падбіў на паездку хлопцаў з пакоя «не з-за смутку, а каб убачыць уласнымі вачыма. І ўбачыў. І, разам з хлопцамі, памагаў санітарам выцягваць з даўкі людзей. І трапіў у пераплёт у Веташным завулку ў дзень пахавання. А гэта ўжо не пакідала ніякіх сумненняў і выклікала адно жаданне: «хутчэй бы скончылі з усім гэтым». І таму калі ў 1956 годзе адбылося выкрыццё культу асобы Сталіна, то Караткевіч перенёс яго лёгка.
Асабліва ўсё абвастрылася ў жыцці Караткевіча пасля абароны ім дыпломнай працы пра сацыяльныя казкі і легенды ва ўсходнеславянскім фальклоры: «Толькі дзякуючы таму, што мяне падтрымалі настаўнікі (А. А. Назарэўскі і нябожчык А. І. Бялецкі), я атрымаў вышэйшую адзнаку, але шлях у аспірантуру быў закрыты».
Адам Мальдзіс у сваёй кнізе «Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» спасылаецца на ўспаміны Фларыяна Няўважнага, вядомага польскага літаратуразнаўца і перакладчыка, які вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Няўважны згадваў, што Валодзя «ў дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора…» Па словах Фларыяна Няўважнага, «у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага)».
Пасля заканчэння універсітэта два гады працаваў настаўнікам у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. Вясной 1955 года здаў экзамены кандыдацкага мінімуму «і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму». Караткевіч з удзячнасцю ўспамінаў і універсітэт, і вёску. Працуючы настаўнікам, марыў вярнуцца на Беларусь.
Ён згадваў: «Напісаў я за дзевяць год — горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра (Станіслаў Карпенка, студэнт Беларускага політэхнічнага інстытута. — А. В.) папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс „Полымя“.
І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам „Машэка“. Гэта пераламіла мой лёс. Потым з’явіліся яшчэ вершы».
У біяграфіі, напісанай 17 верасня 1964 года, Караткевіч сцвярджаў, што свайму мінскаму сябру ён даслаў два сшыткі з вершамі. Той жа адзін сшытак занёс у часопіс «Полымя», а другі — «нашаму вядомаму старому паэту» (Кандрату Крапіве. — А. В.). І апавядае далей: «Адбылося дзіва. Ці то стары (а ў нас з ім былі потым не зусім дрэнныя адносіны) быў нечым раздражнёны, ці то мы з ім былі абсалютна рознымі людзьмі, але ён напісаў мне такі разносны ліст, якога, па-мойму, не атрымліваў ніколі і ніхто… Урэшце, ён параіў мне кінуць гэту справу. І гэта супала з маім тайным жаданнем. Я адказаў, што кідаю, але раздражнёны бурклівым тонам яго ліста (безадносна да мяне)… папрасіў яго… быць уважлівым да тых, хто не графаман, абараняць іх, калі можна… І кінуў. За пяць месяцаў я напісаў раздзел дысертацыі і ніводнага вершаванага радка».
Сапраўды, з’яўленне ў сёмым нумары часопіса «Полымя» за 1955 год верша «Машэка» паўплывала на лёс Уладзіміра Караткевіча. У тым жа 1955 годзе ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта» быў надрукаваны яго нарыс «Вязынка». 25 лістапада 1955 года з Лесавічаў ён пісаў Уладзіславе Францаўне, жонцы Янкі Купалы: «Вы цяпер нешта накшталт маёй хроснай маці: першы мой выступ у вялікай прэсе быў зроблены дзякуючы Вам».
Публікацыі верша «Машэка» і нарыса «Вязынка» акрылілі Караткевіча. Яго заўважылі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У верасні 1955 года быў удзельнікам рэспубіканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе высока ацанілі ягоныя вершы.
Нямала звестак пра сябе і пра сваё тагачаснае жыццё паведаміў ён у лістах да Максіма Танка, напісаных у 1955 — 1957 гадах (упершыню апублікаваны ў часопісе «Маладосць», 1987, № 1). Разам з лістамі дасылаў Максіму Танку і свае паэтычныя творы, хацеў, каб той ацаніў іх. Вось што пісаў Караткевіч 12 лістапада 1955 года: «Пішу — і вось што дзіўна: да ўсяго даходзяць рукі… Думак шмат. Тут і пра сучаснасць, і пра мінулае… Ах, як хочацца рабіць! Яшэ б напісаць дзесятак аповесцей, у якіх ахапіць гісторыю Беларусі з 1863 па 1963». З Максімам Танкам як з прызнаным майстрам, як з галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», дзе з’явіліся першыя ягоныя вершы, Караткевіч дзеліца самымі запаветнымі думкамі і марамі.
Так, у лісце ад 27 мая 1956 года ён пісаў: «Т. Вялюгін (рэдактар аддзела паэзіі часопіса „Полымя“. — А. В.) кажа пра маю кепскую мову. Я гэта сам ведаю, але ж скуль мне яе ўзяць, добрую мову? Я выжываю памылкі, але проста з крывёю. Орша адносна мовы наогул не запаветная зямля. Там штат русіцызмаў, там блытаюць канчаткі роднага і, часам, меснага склону і г. д. Да таго ж і сям’я. Бацька размаўляе заўсёды на дыялекце, мова няправільная. Маці, калі захоча, можа вельмі добра гаварыць, асабліва калі распавядае пра старыя часы і розныя напаўанекдатычныя выпадкі. Але часцей за ўсё яна размаўляе па-руску, беларускія словы ўжываючы для асаблівай выразнасці. Што ж паробіш, патомная інтэлігенцыя. Іншым разам гэта ў яе бывае вельмі прыгожа і арыгінальна, але літаратурную мову я ўсё ж ведаю кепска».
І далей, адзначаючы сваю асаблівую любоў да гістарычных вершаў, ён заўважае: «Дарэчы, пра гісторыю ў нас амаль ніхто не піша. Вершы яшчэ ёсць… А вось гістарычнага рамана ў нас фактычна зусім няма… А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісці адкрылі ў шатландсай».
Уладзімір Караткевіч меў у той час значныя і маштабныя задумы. Так, у лісце да Максім Танка ад 20 чэрвеня 1956 года ён выказваў занепакоеначць, што ў беларусаў няма такога літаратурнага тыпу, які ёсць у іншых народаў, напрыклад, Фаўст, Уленшпігель, віцязь, апрануты ў шкуру тыгра. Але верыў, што такі літаратурны тып, які «лепш за ўсё адбівае асноўныя рысы нацыянальнага характару, сэрца народа, яго імкненні і нават дробныя, другарадныя рысы», павінен з’явіцца. Сцвярджаў, што героем беларускай нацыянальнай эпапеі можа быць чалавек, які жыў на Беларусі ў эпоху Рэнесансу, і што ў беларускай літаратуры ёсць «толькі адзін вобраз, прыдатны выканаць гэтую ролю». Гэта Люцыян Таполя з аднайменнай паэмы Танка.
Караткевіч ярка і маляўніча апісаў у лісце жыццё гэтага героя.
Не слабла творчая актыўнасць пісьменніка і ў 1956 — 1958 гады, калі ён працаваў настаўнікам у 8-й школе Оршы, хоць часам і наракаў, што праца ў школе адымае час ад творчай дзейнасці. Так, у лісце да дзядзькі М. А. Садавога ад 8 снежня 1957 года ён пісаў: «А задум у мяне столькі, што калі б была свабода і калі б далі мне гадоў шэсцьдзесят жыцця — напісаў бы сто тамоў. Далібог. Я іх магу нават прадаваць і не стану бяднейшым.
Вось бліжэйшыя задумы: кніга апавяданняў, раман пра 1905 год (які зараз пішу), сатырычная камедыя, 2 — 3 задумы паэм.
Пасля гэтага вазьмуся за „Сямейныя паданні роду Яноўскіх“, цыкл невялікіх аповесцей, памеру „Станцыйнага наглядчыка“ (дай божа каб было хоць у сотую долю гэтай сілы) пра гісторыю беларускай шляхты. Аповесці будуць і пацешныя, і трагічныя, і хітрыя, і страшэнна-ўсялякія. Я ўжо раблю накіды, і, пакуль што, цікава атрымліваецца.
А калі зраблю і гэта — засяду за „Век“ — цэлую эпапею, у якую павінны ўвайсці паўтара дзесятка раманаў і якая ахопіць гісторыю Беларусі з 1860 года да нашых дзён.
Дай бог нашаму цяляці ваўка спаймаці».
Ліст напісаны на рускай мове, апошні сказ — на беларускай.
Уладзімір Караткевіч, адчуваючы ў сабе незвычайныя творчыя сілы, як і яго папярэднікі Максім Гарэцкі і Кузьма Чорны, таксама выношваў задуму стварыць цыкл кніг пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У 104-й папцы хатняга архіва пісьменніка захоўваецца ліст паперы ў лінейку, дзе ён падаваў тыя кнігі, якія марыў напісаць і якія маглі б скласці 78 тамоў:
1 — 2 — Вершы
3 — Легенды
4 — 5 — Паэмы
6 — Раман у вершах
7 — 8 — Апавяданні
9 — 10 — Аповесці
11 — 15 — Раманы гістар. [ычныя]
16 — 20 — Раманы сучасныя
21 — 35 — Серыя «Век»
36 — 37 — Казкі і літ. [аратура] для дзяцей — у стылі Г.-Х. Андэрсена
38 — 39 — Фантастычнае
40 — 43 — П’есы
44 — 45 — Запісы фальклору
46 — 47 — Мемуары
48 — 49 — Шляхі (дарожныя нататкі)
50 — Малая спад. [арожная] кніжыца
51 — 52 — Крытыка
53 — 56 — Гіст. [орыя] бел. [арускага] мастацтва [арх. [ітэктура], жывап. [іс], муз. [ыка], скульпт. [ура]]
57 — 58 — Біяграфіі
59 — 61 — Гісторыя Белай Русі
62 — 64 — Пераклады
65 — 67 — Ліставанне
68 — Пегас дыбкі («Пегас», «Пегас б’е задам», «Утаймаваны Пегас», «Перакітаіць кітайцаў»)
69 — Паляўнічае
70 — Гіст. [орыя] бел. [арускай] літаратуры
71 — 72 — Кінасцэнарыі, лібрэта
73 — 75 — Публіцыстыка. Навука
76 — Вы, беларусы (прызыў да іх вярнуцца)
77 — Абарона мовы беларускай
78 — Кніга пра працу пісьменніка (тэорыя літаратуры)
На гэтым лісце ёсць памета: 11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы.
Пра тое, што пісьменнік натхнёна і сапраўды катаржна працаваў, сведчаць яго далейшыя творы. Так, у сакавіку 1957 года была закончана п’еса «Млын на Сініх Вірах», у канцы мая — аповесць «У снягах драмае вясна». Узнікаюць і з’яўляюцца ў перыядычным друку таксама шматлікія вершы.
У 1957 годзе Уладзіміра Караткевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў. У 1958 годзе выйшаў з друку зборнік вершаў «Матчына душа». У першай палове і летам 1958 года закончыў аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Цыганскі кароль», напісаў многія вершы і апавяданні.
У 1958 — 1960 гады вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. «Літаратурныя курсы, — згадваў пісьменнік, — шмат далі мне самой сваёй атмасферай, глыбінёй спрэчак, сяброўствам, шырынёй далягляду». Там напісаў сваю другую кнігу «Вячэрнія ветразі» (1960), некалькі апавяданняў і гістарычную аповесць «Сівая легенда», якія разам з напісанай раней аповесцю «Цыганскі кароль» склалі трэцюю яго кнігу «Блакіт і золата дня» (1961). У Маскве быў задуманы першы яго раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», надрукаваны пад назвай «Нельга забыць» у часопісе «Полымя» ў 1962 годзе.
На Вышэйшых літаратурных курсах ён захапіўся кіно і пачаў працаваць над сцэнарыямі. У 1960 — 1962 гады вучыўся ў Маскве на Вышэйшых сцэнарных курсах. Масква, як і Кіеў, таксама істотна ўплывала на фармаванне Караткевіча як асобы і мастака.
У пачатку 1963 года атрымаў у Мінску аднапакаёвую кватэру на вуліцы Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. Праз некаторы час з Оршы пераехала да яго жыць маці. Вясной 1967 года атрымаў з ёю двухпакаёвую кватэру на вуліцы Веры Харужай, д. 48, кв. 26. Восенню таго ж года ў Брэсце на чытацкай канферэнцыі па ягонай творчасці пазнаёміўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай (дзявочае Ватковіч; 1934 — 1983), сваёй будучай жонкай. З ліпеня 1969 года яна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Караткевіч узяў шлюб з ёю 19 лютага 1971 года. Вясной 1973 года разам з маці і жонкай засяліўся ў трохпакаёвую кватэру на вуліцы Карла Маркса, д. 36, кв. 243.
У 60-я гады з асаблівай сілай раскрыўся талент Уладзіміра Караткевіча. У гэты час ён напісаў раманы «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») (1960 — 1962), «Каласы пад сярпом тваім» (1962 — 1964), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1965 — 1966), аповесці «Сівая легенда» (1960), «Зброя» (1964), «Чазенія» (1966), апавяданні «Маленькая балерына» (1961), «Барвяны шчыт» (1963), «Сіняя-сіняя» (1964), легенду «Ладдзя Роспачы» (1964), п’есу «Кастусь Каліноўскі» (1963), нарысы «Казкі Янтарнай краіны» (1962), «Званы ў прадоннях азёр» (1969) і іншыя творы, выдаў зборнік вершаў «Мая Іліяда» (1969). Творы пісаў у Оршы, Маскве, Мінску, Доме творчасці «Каралішчавічы», Рагачове ў дзядзькі Ігара Васілевіча Грынкевіча, Чалябінску, дзе жыла з сям’ёй сястра Наталля Сымонаўна Кучкоўская, і ў іншых мясцінах.
Аўтабіяграфія «Дарога, якую прайшоў» (1 снежня 1964 г.) заканчваецца так: «Калі б мне ўдалося пасля „Каласоў“ напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я б лічыў, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца».
Нягледзячы на ўсе нягоды, натхнёна і плённа працаваў у 70-я і ў першай палове 80-х гадоў.
Караткевіч быў нястомным вандроўнікам. З сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый шмат падарожнічаў па Беларусі і за яе межамі, два разы быў у Польшчы (1971, 1977), тры разы ў Чэхаславакіі (1973, 1975, 1979).
Незадоўга да сваёй смерці (не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 года) ён, нібы развітваючыся, наведаў блізкія і дарагія мясціны. З’ездзіў у Рагачоў, у Кіеў на юбілейную сутрэчу выпускнікоў Кіеўскага універсітэта, у Вязынку. 12 ліпеня накіраваўся з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым, у падарожжа па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна і адкуль ён вярнуўся 20 ліпеня ў Мінск.
А перад гэтым, у маі, закончыў складанне і вычытку зборніка паэзіі «Быў. Ёсць. Буду» (выйшаў у 1986 годзе) і кнігі п’ес «Старыя беларускія хронікі» (выйшла ў 1988 годзе).
На пачатку 60-х гадоў вуснамі Андрэя Грынкевіча, галоўнага героя рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»), пісьменнік выказаў сваю творчую праграму: «Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць разам усю Беларусь, адшукаць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага… Ты прыкладзеш да гэтай кнігі веды, а я так выкладу яе, каб яна чыталася запоем, як легенда…»
Да апошніх дзён свайго жыцця Уладзімір Караткевіч пісаў гісторыю свайго народа, ягонага мастацтва, культуры, духоўнага жыцця. І многае, што задумаў у юнацкія гады, здзейсніў
- Караткевіч У. Дарога, якую прайшоў // Пра час і пра сябе. Мн., 1966. С. 191. Далей прыводзяцца і цытуюцца біяграфічныя звесткі пра пісьменніка паводле гэтага кніжнага, напісанага 1 снежня 1964 года, варыянта аўтабіяграфіі, паводле яго рукапісу (захоўваецца ў БДАМЛіМ, ф. 189, воп. 1, спр. 36), а таксама паводле пачатковага варыянта аўтабіяграфіі, напісанага на рускай мове 17 верасня 1964 года (рукапіс захоўваецца ў 21-й папцы хатняга архіва пісьменніка). Выкарыстоўваюцца таксама ўспаміны сястры пісьменніка Н. С. Кучкоўскай.
- Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Мн., 1991. Т. 8, кн. 2. С. 422. Далей творы Уладзіміра Караткевіча, за выключэннем асобна агавораных, цытуюцца па гэтым выданні і па ягонай кнізе «Творы» (Мн., 1996).
- Пра продкаў, сваякоў і блізкіх пісьменніка, а таксама пра асобныя факты яго біяграфіі можна даведацца з нашага артыкула «Радавод Уладзіміра Караткевіча», які змешчаны ў канцы кнігі.