Пасмяротная гісторыя аднага цецерука
У глыбокім — хоць вока калі — начным змроку замігцеў жоўты хворы агеньчык. Вырысавалася рама акна, і пад ёй, цьмяна, мокрыя віцы парэчак. Потым той, хто запаліў святло, выйшаў на ганак і закашляўся. Яму было цяжка дыхаць раніцой, і кашляў ён доўга, надрыўна.
— Гаўрыла, — пачуўся голас з хаты, — дзверы зачыні.
Вухнулі дзверы, і Гаўрыла, спусціўшыся з ганка, падышоў да студні. Зарыпеў асвер, скардзячыся на беспрытульнасць у халодных начах прадвесня, і на зрубе хутка апынулася пякучае ад халоднай вады вядро.
Гаўрыла напіўся, хрумснуў ільдзінкай і прыслухаўся. Ноч была спакойнай, чуваць было нават, як за кіламетр, у яры Калаверць, спявае ручай.
Але гукаў сякеры нідзе не было чутна. I гэта было добра. Ільдзінка ўпала ў студню, і ў глыбіні пачуўся лёгкі ўсплеск, быццам там мятнулася рыба.
У хаце пасля двара было па-дурному душна — сякеру вешай. Цвыркун цягнуў за печкай сваю няхітрую песню. Усё было, як трыццаць год таму, калі прыйшоў ён з жонкаю ў гэту лясную вартоўню.
Сыну тады было чатыры гады, і жонка была маладая і прыгожая. Цяжка ёй было тут. Нават уцякла ад яго да сваякоў, але тыя ў галодны год усе памёрлі, і ён зноў павёў яе ад сяла, пакінуўшы жывым гаспадарку.
Твар Катарыны зараз ляжаў на чырвонай падушцы такі стомлены, што Гаўрыла пахітаў галавою. Калі ён, няўклюда, у розныя бакі, ступаючы па падлозе куцапымі вялікімі ступнямі, падышоў да печкі, жонка ледзь уздыхнула ў сне. Але як толькі ён выцягнуў адымачам гаршчок з цёплай капустай, яна спусціла ногі з ложка:
— Ты б хоць малачка пасёрбаў, горачка ты маё. I кнот адкруці, бо вехаць замест мяса з’ясі.
— Баяўся цябе разбудзіць, — адказаў ён хрыплым, бы ў бочку, голасам, — а за малаком не пайду, цёмна там.
I адразу пашкадаваў на свае словы, бо таўстапятыя расплясканыя ногі жонкі зашлёпалі аб халаднаватыя дошкі падлогі.
Рукі Катарыны паставілі перад ім гарлач з малаком. Вялікія, чорныя, як зямля, рукі: на іх і толькі на іх увесь час вісела гаспадарка.
Яна не лягла, а села насупраць яго і пачала глядзець, як ён есць.
— Гора мне з тваім паляваннем. Не на абход, дык на зайцоў. Вала за гэты час з’ясі, а зайцам закусіш.
— Што ж зробіш, мамка. Грошы патрэбны. I шуба ў цябе дрэнь. Зноў-ткі порах казённы на сваё паляванне мне паліць не выпадае. А ў паляўнічым саюзе, на базе, аб’явілі, што прымаюць цецерукоў… Вось занясу ў мястэчка і здам.
— Нашто табе на базу? Скулля яны заплоцяць.
— Да горада далёка. Вядома, у саюзе ў тры-чатыры разы танней заплоцяць. Але зноў-такі там і шрот і порах можна ў неабмежаванай колькасці купіць… Стрэльба ў мяне стала як флейта. Я пра бескуркоўку і не кажу, хоць бы звычайную тулку, за чатырыста… Зноў-ткі саюз. Вось логва ваўчынае падсачыў. Можа, за шкуры ў прэмію дадуць тулку.
Мігдалевідныя чорныя вочы жонкі, вочы першай калісь на сяле красуні, закрыліся.
— Баюся я за цябе, Гаўрусь. Гады не тыя, каб швэндацца за ваўкамі… I не хадзі ты босы да студні. Бач, ногі чырвоныя… Я табе і боты тлушчам гарачым змазала… з касцяной сажай. Сухія будуць ногі, а боты чорныя. Будзеш ты ў мяне прыгожы.
I штурхнула яго на лаву:
— Ды сядзі ты, горачка. Паспееш яшчэ наламацца… Я табе сама.
I, зняўшы з прыпечка чыстыя гарачыя анучы, спрытна закруціла імі ногі мужа і нацягнула боты.
Гаўрыла пацалаваў жонку ў лоб:
— Мамка ты, мая мамка. Што б я без цябе рабіў, га?
…На дварэ яшчэ больш сцямнела, калі Гаўрыла з «фузіяй» на плячы выйшаў з хаты і накіраваўся ва ўрочышча Карабельшчына, дзе такавалі цецерукі. Ногі ягоныя, такія куцапыя ў хаце, зараз ступалі лёгка, як лапы ляснога звера. I сам ён быў падобны на худога згорбленага мядзведзя-бадзягу. Гэтая лёгкая перакошанасць спіны была з тых часоў, калі на яго ў той самай Карабельшчыне, дзесяць год таму, скочыла дурная рысь і, не патрапіўшы схапіць за шыю, пачала шматаваць плячо. Ён тады схапіў яе за нагу, паспрабаваў сцягнуць, але яна драла кіпцюрамі мяса на спіне і Гаўрыла прыпёр яе спіною за дрэва і пачаў душыць. Потым ён дадушыў яе на траве, рукамі. Са шкуры зрабіў кілім і даслаў яго сыну, які толькі што ажаніўся. З-за раны і на вяселле да яго не папаў.
Ноч з апошніх сіл нагнятала ў нетры цемру, але ён цвёрда крочыў па выбітай сцежцы. Ён хадзіў тут трыццаць год і ведаў кожную зёлку, кожную храпу замёрзлай зямлі. А нават калі б не ведаў — бачыў бы ўсё. У яго былі вялікія пукатыя вочы, што былі б прыгожымі, каб не псавалі іх вечна набраклыя з-за газніцы павекі. Гэтыя вочы выдатна бачылі ў цемры. Гаўрыла не ведаў, што такіх людзей вучоныя завуць нікталопамі. Ён проста бачыў — і ўсё. Ён, напрыклад, вельмі здзівіўся б, каб яму сказалі, што толькі нешматлікія бачаць маленькую зорку каля другой, з хваста, зоркі ў Каўшы, і амаль ніхто не бачыць, што Ранішняя зорка мае фазы, як месяц. Ён бачыў гэта.
I вочы яго проста лавілі гэтую зорку, блукалі па верхавінах цьмяных, таямнічых дрэў, безуважліва глядзелі на «ляснога чорта» — асклізлую пачварную карчажыну, што стаяла ў мокрым котлішчы, авеяная туманам.
Лес дыхаў жыццём ранняга прадвесня. Лужыны толькі з краёў на якую гадзіну браліся лядком-заберагам, з адламанай ласём галінкі ледзь чутна падаў бярозавік — шаптаў аб уваходзячым жыцці. I нават шум лясоў пад зрэдку набягаючым ветрам быў іншы: шумны, вільготны, жывы. Не той касцяны стук, што бывае зімою, а хутчэй пяшчотныя ўздыхі новага, ледзь жывога яшчэ, жыцця.
Усё было гэтым жыццём: мармытанне вады, што бяжала ярам з гурбаў, якія яшчэ каналі ў нетрах, ледзь чутны шолах прарастаючай праз леташні ліст маладой травы, нават трубны спрасонак клік лебядзёў, што адпачывалі на глухім лясным возеры.
I Гаўрыла, адмахаўшы дзве вярсты і седзячы ў схованцы на краі такавой паляны, прагна слухаў гэта, дарагое і блізкае, якое будзе трызніцца яму нават у смяротны час.
Схованак на гэтай паляне, заімшэлай, мокрай, пакрытай рэдкай бярозкай і хмызамі, у яго было пяць. Непадалёк былі яшчэ два такавішчы. Але трэба было быць гатовым да ўсяго: цецерукі асцярожныя і капрызныя, і нейкі невядомы лясны закон прымушае іх кожны год шукаць новыя такавішчы, новыя мясціны для шлюбных бітваў.
Ідучы сюды, Гаўрыла ўсёй істотай сваёй чуў, што лес поўны страснага, захлынаючагася шолаху: лікавалі, буркалі, неспакойна круціліся на галінах і шыпелі цецерукі.
I цяпер, затаіўшыся ў буданчыку, ён баяўся, што не пачуе тут, на гэтай паляне, абкружанай бярозамі-падлеткамі, пяшчотнай і палкай песні касачоў. А ўжо белыя каралы, утвораныя ранішнікам, пачалі раставаць, і кожная галінка «пацела» пад няясным святлом.
Пачынала днець. Урачыста-трывожны, аранжавы, перасечаны сінімі ценямі, палымнеў над лесам усход. Паступова ён чырванеў, наліваўся крывёй, як бровы цецерука ў час шлюбнай бітвы. I на гэтым чырвоным фоне чотка вымалёўваліся галіны бяроз з ледзь бачнымі пупышкамі. Потым успыхнулі барвяным адбіткам зары вузкія лужыны на паляне, і ўвесь свет, на небе і на зямлі, стаў пярэста-чырвоным, ззяючым і халодным.
Гаўрыла ледзь паспеў агледзецца, як недзе зусім поруч з палянаю мармытнуў касач і яму адказаў другі. Гэта былі разведчыкі, і таму адразу стала напружаная цішыня, такая цішыня, што паляўнічы пачуў бег землярыйкі поруч з ім, пад зямлёй. Звярыным слыхам ён чуў яе лёгкае папіскванне і мітусню.
А потым, узняўшы вочы, пабачыў пеўня-касача, які сядзеў на кволай бярозцы і спяваў.
За яго спіною палымнеў усход, а ён спяваў сваю трывожную старажытную песню, як спяваў яе тысячы і тысячы год таму, калі на гэтай зямлі яшчэ не было людзей. На крывавым фоне рэзка вымалёўваўся яго старажытны цень, і гэты цень пахіляўся, выгінаў раздзьмутую, споўненую палкіх гукаў, глотку і біў так, што песня будзіла сонны лес.
— Лоп-лоп-лоп, — і на сярэдзіну паляны зляцеў галоўны такавік, цар такавішча. Забалбатаў, стаў хадзіць кругамі па зямлі. Гаўрыла да болю сціснуў стрэльбу. Кожны раз яму даводзілася перамагаць жаданне стрэліць у такога прыгажуна. Але ён ведаў, што смерць такавіка — смерць такавішча, што з загібеллю гэтага князя разлятаецца па другіх мясцінах бітваў яго народ і паляна на доўгія гады застаецца пустой.
Чорны, з сінім адлівам, вясёлкава-зеленаваты ля галавы, з белымі люстэркамі-перавязкамі на крылах, касач хадзіў, распускаючы лірападобны хвост, як быццам збіраўся граць на ягоных тугіх пер’ях.
З’явіліся каля яго чатыры цяцеркі, шэра-паласатыя, іржавыя ля шыі. З няшчырай сціпласцю яны захадзілі па махавіне акуратненькімі, падборыстымі лапкамі.
— Ко-ко-ко, — з ліслівай абыякавасцю завяла адна.
— Ведаем мы вас, мужчын, — здавалася, казаў яе галасок, — зараз вы ўсе ходзіце пеўнем, а яйкі потым нам адным наседжваць.
— Ур-гур-гур, — з гарлавой пяшчотай адказаў такавік.
— Ко-ко-ко, — зацягнула яна зноў — не быў бы ты такім малайцом, толькі б ты мяне і бачыў. Нахабы вы, мужыкі, але ўсё ж падыходзь, я пабачу, што з табою рабіць.
Гэта было вышэй сіл душэўных. З бярозы сарваўся яшчэ адзін цецярук і са стукам сеў перад такавіком. Той не спяшаў: паглядзеў на самачку, якая, адбяжаўшы ўбок, чакала ад яго маладзецкай адвагі. Прайшоўся перад ёю — шыя выгнута над зямлёй, хвост веерам, крылы да зямлі.
I толькі потым павярнуўся да суперніка, зусім паклаў галаву на мох, натапырыў дыбарам усе пер’і. Зачуфыкаў.
Другі зухавата адказаў яму:
— Чуф-фы! Чуф-фы! Чуф-фы!
I адразу з дрэў пачалі зрывацца яшчэ цецерукі, яшчэ, яшчэ. Знаходзілі ворага і ставалі ў пазіцыю. Хутка не менш як восем дзесяткаў глотак заводзілі ваяўнічую песню, вызаў на смяротны бой.
Гаўрыла, прыцягнуты з’яўленнем такавіка, як заўсёды, не змог заўважыць, адкуль яны браліся. Але цяцеркі ўжо ачысцілі месца пабоішча і рассеяліся на бярозках вакол паляны: глядзець спектакль.
У жылах байцоў закіпала гарачая, адураная вясною кроў, кідалася ў вочы, ярчэй налівала палымняныя бровы.
— Жыццё! Жыццё! Жыццё! Пір бітвы! Каханне! Вайна!
Старажытныя, цьмяныя, усеўладныя сілы апанавалі іх. I яны, як рыцары, выходзілі на арэну, каб перамагчы або загінуць.
I вось галоўны паладын дзюба ў дзюбу сышоўся з ворагам.
— Чуш-шшы, — як праколатая веласіпедная шына, зашыпеў ён, і гэта быў крык крайняй ярасці і запалу.
— Абар-рву пер’і, кр-рутыя пер-р’і. Ур-гур-гур. Чуф-фы! Чуф-фы!
— Чуш-шы!
I вось усе сышліся ў бітве. Хапалі адзін аднаго дзюбай, цяжка вазілі па зямлі. Чорнае пер’е хмарай узлятала над арэнай.
Яны счапляліся ў стычцы, разыходзіліся, зноў сыходзіліся, і кроў гарачымі чырвонымі журавінамі пырскала на мхі.
Дзесяць разоў стрэліў Гаўрыла, чатырнаццаць трапяткіх байцоў засталіся на зямлі, лопаючы слабеючымі крыламі. Але вораг не заўважыў нічога ў запале бітвы, такавішча перарывалася толькі на хвіліну. Ніхто не чуў грымотаў, для ўсіх самым галоўным быў праціўнік, п’яны бой, каханне і стук гарачай крыві ў жылах.
I вораг кідаўся на зваленага шротам ворага, думаючы, што гэта ён, толькі ён, перамог яго.
Дзікая мелодыя, якую чулі апошнія ледавікі на гэтай зямлі, агалошвала халоднае, празрыстае і бязлітаснае паветра.
I цяцеркі глядзелі з дрэў на сваіх рыцараў, гатовыя ўвянчаць іх. Такавік біўся ўжо з чацвёртым. Ён перамагаў сумленна, бо Гаўрыла не страляў у ягоны бок. Чырвоная броў касача была рассечана, некаторыя пер’і зламаныя, але ён, грозны, як дух лясоў, ізноў наступаў і наступаў.
— Вайна! Пір жыцця! Каханне! Жыццё! Жыццё!
Слабейшыя і пераможаныя даўно ўцяклі з поля бітвы. Цяцерак хапала на ўсіх, але бой ішоў. Ваяўнічы, дзікі напеў гучэў над імхамі, над таючым ільдом лужын.
I раптам ласкавае, амаль нягрэючае сонца ўзышло над месцам трагедыі і азарыла паляну цёплым святлом, быццам сказала:
— Дзеці мае, любыя мае. Што ж гэта вы робіце?
I, пасаромленае гэтымі ціхімі словамі, такавішча пачало сціхаць. Першы паляцеў такавік, а за ім іншыя, і арэна стала пустой.
Гаўрыла, сам не ведаючы чаму, сядзеў у схованцы, размінаючы ногі, па якіх паўзлі мурашкі. Паляна купалася ў белавата-ружовым сяйве, і проста ў гэтае сяйва з ляснога гушчару раптам упала цяцерка, а за ёю сіне-чорны, малады яшчэ касач. Напэўна, ён не ведаў, што такавішчам забаронена карыстацца з такой заганнай мэтай, але ён пачаў кругамі хадзіць вакол любай, пяшчотна балбатаць, набліжаючыся ўсё бліжэй і бліжэй.
Спрадвечная гульня чынілася на паляне.
Потым ён патаптаў яе, і калі яна прынікла да зямлі, ён стаў нагамі ёй на спіну і горда забалбатаў, заспяваў, выцягнуўшы шыю ў неба:
— Вось які я малайчына. Глядзіце ўсе. Гэта я! Я!
I пад гэтую лікуючую, ганарлівую песню Гаўрыла асцярожна павёў руляй стрэльбы і, нечакана для сябе, націснуў спуск.
Шрот з блізкай адлегласці кучна ўвайшоў у касача. Гаўрыла быў добры стралок і ведаў, што не зачэпіць цяцерку. Яна сапраўды ўляцела, а касач зваліўся на зямлю, бяссільна заламіўшы крыло.
I твар Гаўрылы раптам наліўся барвянай чырванню. Упершыню за ўсё жыццё ён саромеўся свайго стрэлу.
Адвечная прыгажосць спявала на весняй паляне, ганарылася перамогай. Нашто ж яе? Дзеля чаго?
«Ты ж зараз усё адно не патрэбен ёй», — з горыччу падумаў Гаўрыла, падбіраючы цецерука.
Ён быў прыўкрасны. Гладкае, зусім яшчэ не жылаватае цела, зялёны адліў каля шыі, які паступова знікае ў мёртвай птушкі, бяссільна звіслая галава з чырвонымі строгімі бровамі.
Гаўрыла падабраў астатніх і хуткімі крокамі рушыў з паляны. Ён ведаў, што заўтра не прыйдзе на такавішча.
Прайшоўшы палову дарогі, ён сеў у котлішчы, дзе было цяплей і таму высыпаў россып ранніх смарчкоў, падобных на сушаныя грушы з узвару, і з’еў лусту хлеба з мяккім салёным агурком. Жаваў ён цяжка, як замораны конь: жаўлакі рухаліся па няголеных шчоках.
Думкі былі невясёлымі:
«Адспяваў ты сваю песню, братка. За што прыгажосць такую?.. I ты спяваў, і ты ганарыста чуфыкаў. А зараз…»
Але думаць пра гэта было непрыемна, і ён пакінуў.
…Дзве хаткі ў лесе ён пабачыў, калі ўжо добра абадняла. Задворкамі ён падышоў да густых бэзаў і пачуў голас жонкі, што перакідвалася праз плот словамі з адзіным суседам, аб’ездчыкам Сідарам Ворчыкам, былым зухам-кучаравічам і згубай дзявочых сардэц, а зараз бацькам вялікай сям’і. Размаўлялі пра Цесляка, што прыходзіў учора і, хоць ведаў, што Гаўрыла Войтаў ніколі не крадзе лес, прапаноўваў пэўныя грошы за бярвенні на хату.
— Балабайка ён, — прыгожым тэнарам казаў Ворчык, — толькі што струнаў няма. Калі з яго віно выціснуць — застанецца не чалавек, а непрыемна пахнучы маляс. А ў нас з вамі, суседка, «сонца на закаце і ўрэмя на ўтраце». Таму нам трэба рупіць пра спакойства душэўнае.
— А ўжо ж вядома, не такі ён, як наш Паўлюк, — з уздыхам сказала жонка, і Гаўрыла зморшчыўся, бо не любіў размоў пра сына, — наш чалавек сумленны, хоць і сябра Цесляку ў дзяцінстве. Ён у нас вялікі чалавек, кандыдатам завецца. Самы таленавіты знаўца кніжак. Усе яго любяць, — ён і да міністраў, напэўна, заходзіць. Вось хоць бы… грошай мы ў яго і не прасілі, а ён часам дашле якую сотню. Піша, даслаў бы і больш, але ў яго «расходы на прадставіцельства». Во! Нам, вядома, не так і патрэбныя тыя грошы, не ў горадзе жывем. У нас на мой дзень, на Катарыну, п’юць простую гарэлку, а тое, грэшным чынам, і самагонкі для сябе наварым у такі дзень. Я і напісала, каб пра нас вельмі і не думаў: пражывем. Ён паслухаўся, пачцівы ён. Толькі рэдка прыязджае. Цябе яшчэ не было тут, як ён з жонкай прыязджаў. Такая распрыгажунечка, акуратненькая, толькі худаватая, быццам есці няма чаго. I сціплая, не мянтуха языком. Каб гэта каго-кольвек абгаворваць, дык не. Паўлючок казаў, што вельмі яна яму на жыццёвай дарозе дапамагае. Ды, відаць, не спадабалася ёй тут. Нетры, а яна жанчына маладая, вясёлая.
У хаце Катарына сказала мужу:
— Ты Цесляку скажы, каб ён ішоў да д’ябла. Непатрэбныя нам яго грошы. Хай з кізяку сабе хату лепіць, зладзюга такі.
Гаўрыла прыпомніў чамусьці цецерука і, хоць збіраўся — упершыню ў жыцці — паклапатаць у лясніцтве, каб прадалі бярвенняў сынаваму сябру, сказаў:
— Ды я і то адпушчу яму лесу хіба на труну толькі. А грошай здабудзем неяк.
Пасля снедання ён запрог служэбнага каня, апрануў вышываную кашулю, чорныя, старанна зацыраваныя порткі, на ногі нацягнуў замест ануч парцяныя шкарпэткі. Старанна выгаліў твар, паглядаючы на Катарыну, якая здавалася вельмі маладой у белай, вольнай ля плячэй, сарочцы і шырокай, у чатыры палы, клятчастай спадніцы.
Пасля глядзеў, як яна дастала свой залаты, сэрцайкам, вясельны яшчэ медальён з трыма блакітнымі каменьчыкамі і як адразу папрыгажэла яе амаль маладая, вельмі загарэлая шыя.
Яны паехалі ў мястэчка і там, на базе, прадалі набітых цецерукоў. Даклаўшы трохі грошай, Войтаў купіў шрот, порах і капсулі, пахадзіў з жонкаю па рынку і пасля, падумаўшы, купіў у краме чацвярцінку гарэлкі. Рукі яго былі чырвоныя, з пухлымі суглобамі, і бутэлька схавалася ў далоні адразу, быццам і не было.
Яны выпілі яе на возе пад хатняе сала. Катарына падпіла, астачай асенняй прыгажосці заззяў яе паружавелы твар. Конь борздзенька тупаў дахаты, плылі паабапал дарогі дрэвы, таксама трошкі на падпітку. I жонка раптам, — даўно гэтага не было, — прыхілілася да пляча Гаўрылы і завяла нечакана прыгожым голасам тую песню, якую спявала на першае іхняе Купалле, калі Гаўрыла спаймаў яе:
Купалінка, купалінка,
Цёмная ночка,
Цёмная ночка,
А дзе ж твая дочка?
I Гаўрыла з гонарам, як заўсёды, падумаў: «Во яна ў мяне якая».
ІІ
Гаўрусёў Паўлюк, або, як ён цяпер зваўся, Павел Гаўрылавіч Войтаў, накіроўваючыся ў Маскву, сустрэў на вакзале старога сябра па інстытуце, зараз таксама выкладчыка, толькі ў абласным інстытуце, Івана Каліберава.
Сябры не бачыліся два гады і таму, даўшы насільшчыкам магчымасць цягнуць рэчы ў купэ, пачалі проста на платформе ціскаць і абдымаць адзін аднаго.
— Братка ты мой, колькі вады сплыло!.. Ну дай жа я гляну на цябе. Пасталеў, раздаўся.
— Ды і ў цябе, дарагі, кандыдацкія грудзі выраслі.
— Янка ты, Янка, макітра ты чарапяная… Куды едзеш?
— У Маскву.
— Бацюхны, і я таксама… I вагон адзін… Во, братка ты мой, свет цесны.
Павел Гаўрылавіч надта ўзрадаваўся сустрэчы. Яны вельмі сябравалі калісь, ведалі адзін аднаго, і таму ім не было прычыны саромецца сябра. Можна было шчыра паразмаўляць.
Кожны чалавек часам хоча гэтага, як ён ні звыкай да вечнай стрыманасці і асцярожнасці ў словах і ўчынках. А Войтаў ужо два гады не адводзіў душу з блізкім чалавекам.
Таму ягоны валявы, трохі азызлы твар выяўляў самае жывое замілаванне. А Калібераў таксама смяяўся жывымі вочкамі і вохкаў, як квахтуха.
Ён проста быў добразычлівы да людзей.
Войтаў памятаў яго яшчэ ў тыя часы, калі імя сябра было, мякка выражаючыся, дзіўным: Мардары. З такога імя кпілі, але Калібераў не звяртаў увагі і толькі пасмейваўся. Таму хутка кпіць пакінулі, а там і імя ў пашпарце змянілася на нейтральнае — Іван. Другі скандал атрымаўся з прозвішчам. Калі драматург Макаёнак напісаў сваю вядомую камедыю — з Івана зноў пачалі смяяцца. I тут ужо даць рады было нельга. Іван збіраўся быў напісаць на драматурга ананімны ліст, але потым раздумаў і суцешыўся тым, што не ўсе ж Каліберавы на свеце свінні і мярзотнікі. Ёсць сярод іх і прыстойныя людзі.
Яны так захапіліся сустрэчай, што прывёў іх да прытомнасці толькі голас правадніка:
— Грамадзяне, сядайце. Цягнік зараз рушыць.
Таму яны перанеслі далейшыя паляпванні па плячы ў тамбур купэйнага мяккага. Тут Войтаў даў правадніку пятнаццаць рублёў, і хутка сябры апынуліся ўдвух у купэ.
Ужо былі закінуты ў багажнік чамаданы, ужо чалавек у форме ўключыў вентыляцыю і атрымаў загад наконт бялізны, ужо цягнік імчаў з бліскавічнай хуткасцю сціплымі палямі і пералескамі, якія пачалі ўбірацца ў малады зялёны вэлюм, а сябры ўсё яшчэ сядзелі поруч і трымаліся за рукі, як закаханыя.
Пукатае шкло ліхтара адбівала часам праменні сонца, варушыліся на вокнах бязважкія фіранкі, цела мякка адпачывала ў прытульнасці канапак. Было бесклапотна і лёгка на душы, як заўсёды ў дарозе.
— Ну як ты, Іван, маешся?
— Ды нічога, братка. Ты ж ведаеш, напэўна, што я кандыдацкую абараніў. Дзякуй Богу, тады яшчэ друкаваць раздзелаў з яе не трэба было… Хату сваю дабудаваў.
— Ты там, братка, наваяваў нешта ў інстытуце.
Калібераў пасуравеў, ля вочак сабраліся дробненькія зморшчынкі.
— А што з імі было рабіць, з салапякамі. Шчанюкі такія, ледзь у навуку залезлі, а ўжо ніякіх аўтарытэтаў для іх няма. Ты ведаеш, я добразычлівы чалавек, але тут не мог. За навуку сэрца баліць, за навуку… Ну вось і дабіўся, выкінулі іх…
Прасцецкі, грубаваты яго твар скрывіўся, ён махнуў рукою і агледзеў сябра.
Павел сядзеў перад ім, цвёрда сціскаючы нязмяты, сухі муштук папяросы. Шэры пушысты гарнітур сядзеў на ім з няўлоўным «кашэ», змятай зручнасцю, якой дасягнуць цяжэй, чым адпрасаванасці і дубаватай элегантнасці. Цвёрды каўнер белай кашулі шчыльна аблягаў вельмі тоўстую мускулістую шыю і падкрэсліваў свой нечапаны колер шэравата-блакітным гальштукам. Вышэй быў цвёрды рот, прамы, трошкі задзёрты нос і халодныя блакітныя вочы. У рысах карэктная выхаваная стрыманасць. Агульнае ўражанне інтэлігентнасці псаваў трошкі нізкаваты лоб і нездаровая азызласць белых шчок.
— Ну а ў цябе што новага, Павел?
— Жыву, брат, нядрэнна. Доктарскую пішу. Прызначылі нядаўна дэканам факультэта, цякучка заядае. Працаваць амаль некалі, але ўсё ж з прафесарам Гаровічам адхапілі прэмію за працу па эстэтыцы.
Іван рагатнуў:
— Тая навука, пра якую самі эстэты не ведаюць, што яна такое. Што ж, я заўсёды ведаў, што ты — галава. Кнігі рэдкія з экслібрысамі ўсё яшчэ збіраеш?
— Жонка не адстае, — уздыхнуў Войтаў, — я і кінуў бы іх, бо, шчыра кажучы, ні храна я ў гэтых экслібрысах не разумею. Але яна мяркуе, што ў кожнай велічыні павінен быць нейкі, як яна кажа, «бзік». Ну вось і «бзікую», бегаю за гэтымі рэдкасцямі, як гізнуты бык.
— Добрая ў цябе жонка, — сказаў Калібераў, — сапраўдны друг-паплечнік. Не тое што мая… Хадора.
— Жонка-карова, — кінуў раптам Войтаў. — Танюткая калісь была, а зараз што твой мех з гарбузамі. Раскапусціцца каля трумо і сядзіць. Ну вось, у мяне ж чудовая мова, а дачку вучыць чорт ведае чаму: мова гладкая, ані каструбацінкі, сумная, кастрыраваная.
— Не ведае, што мова ёсць зброя ў жыццёвай барацьбе, — падтакнуў Іван, — а, між іншым, каб не веданне намі мовы, той, што ад бацькоў, ні шыша мы з табою не вартыя былі б. Бо, шчыра кажучы, не такія ўжо мы з табою Арыстоцелі, каб у кандыдатах хадзіць.
— Але ўсё ж лепшыя за многіх іншых, — з грымаскай сказаў Павел.
— Гэта таму, што ў нас корань здаровы, мужыцкі, — падняў Іван тоўсты палец.
— А ці не час нам гэты корань падкарміць? — спытаў Войтаў, пераводзячы на другое размову, якая пачала ставаць непрыемнай.
— Н-да, час адміральскі, — сказаў Калібераў і, узяўшы пад локцік сябра, прыўзняў яго і працытаваў: — I сталі мір і згода, і дружна, рука да рукі, яны патэпалі ў бліжэйшую карчму.
«Бліжэйшая карчма» была ў суседнім вагоне. Кілімавай дарожкай сябры перайшлі ў вагон-рэстаран і занялі ў ім кутні столік. Іван адразу спаймаў за локцік бялявенькую круцёлку ў гафрыраваным вяночку. Твар ягоны зрабіўся салодкім, усмешачка села ў кутках рота.
— У-у, прыгажуня наша. Як велікодная курачка… нават галоўка гафрыраваная. Нагадуй ты нас, ясачка мая, іначай два прыгожых і халодных трупы будуць на вашым сумленні.
«Бач, стараецца, — падумаў Войтаў і ўсміхнуўся, — пабачылі б цябе студэнты, мышынага жарэбчыка».
Круцёлка прыемна ўсміхнулася, перавяла позірк з саладжавага прасцяка на другога, што глядзеў на яе паўзверх кветак халоднымі, з усмешачкай, прыгожымі вачыма, падумала: «Свае хлопцы» і борздзенька змяніла ім трошкі памяты абрус на свежы, узяла з гнёздаў бутэлькі з півам і вадою і замяніла іх свежымі:
— Яны тут нагрэліся на сонцы, дык я вам халодненькіх, з леднічка. Ну, што будзем естанькі, хлопчыкі?
Іван скроб пальцам шчаку, чытаючы меню. Потым звярнуўся да Войтава:
— Як ты наконт усерасійскага праствейну, каток? Не хочаш? Каньяк? А не памятаеш, як мы з табою цукарную самагоначку глушылі? «Бутэльку каньяка — тры бурака».
— Ды пакінь ты, — незадаволена сказаў Павел.
— Ну-ну, не буду. Дык вось: для мяне трыста грамаў гарэлачкі… Ведаю, ясачка, што не паложана, але па Канстытуцыі законы мяняе народ. А хто такі народ? Гэта ён, я, вы, мядуначка мая. Таму тры чаркі… Не п’яцё на рабоце? Ай-я-яй, якое падзенне маральнасці. Не смейцеся, ясачка, о мой бружмель і гіяцынт. Вас просіць аб гэтым Іван Калібераў, чалавек з расчараваным сэрцам, якое ведала лепшыя дні… Дык вось: гэтаму Апалону трыста грамаў каньячку… Ну, яшчэ бутэлечку мінеральнай і тры — двайнога залатога. Няма? Тады «Сенатар».
— Хлопчыкі, — запратэставала афіцыянтка, — гэта ж сапраўдны «портэр», васемнаццаць градусаў. Ці не зашмат будзе?
— Хто вам сказаў, о дзіця фіёрдаў, што для такога чэрава зашмат дзве вартых жалю бутэлькі. Ды мы і сядзець будзем добра… пад багаты закусон. Мы не пустэльнікі, акрыдамі закусваць не збіраемся.
— Закусачку?
— Наконт закусачкі я — пас. Гэта мой сябра, але пад маім чулым кіраўніцтвам. Ён лесавік, а там людзі рабчыкамі гадуюцца, бо на кірмаш везці далёка.
Павел узняў на афіцыянтку сінія, з лядком, вочы. Іван нават здзівіўся, такі ў яго быў выгляд.
— Ну не дай ладу, лорд Байран! Ай, братка, ай, сукін кот! Гэтыя лесавікі маюць такую паставу, што дай трошкі шліфоўкі і выпускай у дыпламатычны салон… У мяне так не атрымаецца, вось і балбачу.
— Дайце нам, дарагая, ікры кетавай па порцыі.
— I масельца да яе… каб салаты лісцік на ім, халодненькага, — дадаў Іван.
— Не перабівай, Іван. Яна сама ведае.
— Ды я не перабіваю, я толькі кажу, каб закускі разнастайныя былі.
— Трошкі маслін, любая, толькі не сухіх. Салаты сталічнай порцыю.
— I трэпангаў, — рагатаў Іван, — а то я нядужы.
Круцёлка зразумела, усміхнулася.
— Няма іх у нас. Ды яны вам і непатрэбны. Не хлусіце на сябе.
— Іван, перастань балбатаць агіднасці.
— Ды я нічога. Хацеў яшчэ раз пачуць, што я хлопец хоць куды.
— Гэта табе і я магу сказаць.
— Калі яна скажа — гэта прыемней.
— Ну і яшчэ, — працягваў Павел, — дайце нам салянкі зборнай. Я думаю, гэта не будзе многа пад такую выпіўку? Ну так.
Іван зноў перарваў:
— А на другое куранятак-табака… Вось яны, любыя, па васемнаццаць рублікаў.
— Не, — уладна сказаў Войтаў, — куранят есці не будзем. Якія табе кураняты ранняй вясной. Гэта будуць ужо замужнія курыцы. Не хачу. Што ж нам узяць? Так-так-так… Ага! Цецярук смажаны з гарнірам. Адзінаццаць рублёў шэсцьдзесят пяць капеек. Вось гэта добра.
— Цецярук гэты твой у магазіне 28 рублёў кіло. Купі і смаж.
— Вясной трэба есці дзічыну, — адрэзаў Войтаў.
Афіцыянтка пайшла выконваць заказ. Сябры глядзелі адзін на аднаго і ўсміхаліся.
Цягнік прыемна пахітвала, на белым, як снег, крухмальным абрусе ляжалі партабакі. На матавым шкле дзвярэй блішчэлі сілуэты вінаградных лісцяў і гронаў, блішчэлі паліраванае дрэва і начышчаны метал.
I зусім не хацелася глядзець за акно, дзе ляжалі, асветленыя вячэрнім залатым сонцам, палосы маладой збажыны і чорных папараў, узгоркі, укрытыя бярозкамі, і зноў бары, бары, махавыя балаты, шапкі дубоў над лесам.
Гэта была зямля, такая сціплая без летніх убранстваў, з такімі голымі, бяспёрымі дрэвамі.
Іван толькі раз кінуў туды абыякавы позірк, пабачыў хатку стрэлачніка і, па асацыяцыі, спытаў:
— Ну як там твой бацька маецца?
— Ды нічога. Палюе, што яму станецца? Нас перажыве. Месяцаў пяць лістоў ад яго не было.
Выпілі пад чырвоную саланаватую ікру з ледзяным маслам. Павел адчуў цеплыню ў грудзях. Працягнуў размову:
— Месца ў яго хлебнае, лясное. Палюе. Гародчык свой.
— Месца хлебнае, — іранічна сказаў Калібераў, — калі красці.
— Ён не краў, — засупярэчыў Павел, — але з гадамі чалавек усяму навучаецца. Пэўна, якую лясіну і прыбярэ.
— Не з тых людзей, — сказаў Іван, — я ведаю. Ты дапамагай яму.
— Ды ён сам не хоча. Ён, наогул, лепей жыве, ніж я. Ён душою спакойны, а тут інтрыгі, нізкая зайздрасць бяздарнасцей, нервы. Ахнуць не паспееш — інфаркт нажывеш. А ён сыты, апрануты, на службе. Мог бы што-кольвеч і ўнучцы падкінуць: грыбоў там, ягад.
Узяліся за салянку, страву цікавую тым, што кожная лыжка нясе навіну: цёмна-чырвоны скрылёк вяндліны, мяккія, як маміна пяшчота, кавалачкі сасісак, зялёныя пупышкі каперцаў, ад якіх так і нясе Італіяй, саланаватыя цярніны алівак, што прымушаюць язык дрыжаць у смачнай сутарзе.
Абодва былі прыемна напітыя. Лёгкі ружовы туман стаяў у вачах. Калібераў спытаў сябра, добразычліва і мякка:
— Дык што гэта ты там жонку лаяў?
Павел наліў яму гарэлкі з ледзянога запацелага графінчыка:
— Дурубала яна. Дома грошы да капейкі лічыць, а ў дарогу дае звыш меры, каб людзі не асудзілі. Толькі і жыву, што ў дарозе.
— А ты б некаторыя заробкі хаваў.
— Ды яна і то пра дзве маіх халтуры не ведае… Але што зробіш, з усімі яна знаёмая. Паспрабуй мне хто на мазолю стаць — чорт ведае якім чынам даб’ецца апраўдання. Толькі апошні раз не дапамагла. I вось еду ў Маскву, абароны шукаць. Нічога, я іх, крытыкаў, свінячым хвастом закручу.
— Ды ў чым справа?
— Ну ты ведаеш, што я пачаў з таго, што адкрыў некалькі новых, сапраўдных вершаў Багушэвіча. З гэтага і пайшоў да ззяючых вяршыняў… Але пра гэта хутка забылі… Fortuna саеса еst — фартуна сляпая. I вось падсудобіў мне адзін дабрадзей працяг «Энеіды навыварат». Бум быў такі, што сярод калег стогн стаяў. Ды толькі нядоўга яны стагналі. Адшукалі сучасныя звароты ў мове. Потым мяне падвялі вадзяныя знакі — папера зусім новая. I тут накінуліся яны на мяне ўсім хаўрусам, як на мядзведзя.
— Дык ты што ж, меркаваў, што гэта падробка.
— Охо-хо. Былі, дружа, такія думкі, але спакусіўся. А раптам! Тады ж…
— Лаўраў не хапала… дурань. Гэта танчэй рабіць трэба. Як быццам ты і ўпэўнены, а дзе-небудзь падпусціць намёк, што смелыя гіпотэзы суць пракладванне новых сцежак… Ну нічога, свет не без добрых людзей. У мяне там знаёмы ёсць, дапамагу.
— Эх, Янка, Янка, люблю я цябе. Адны толькі мы з табою людзі, а ўсе астатнія — ракушкі, — расчулена ўздыхнуў Войтаў.
— Ты чакай, чакай. Унь нам наша красуля цецеручка нясе. Каб нават мы з табою былі зусім некарысныя, дык і тое была б з нас карысць, бо мы пакупнікі і, значыцца, садзейнічаем эканамічнаму ўзвышэнню любай радзімы… Вып’ем, Верачка?
— Ну добра ўжо… трошкі… За цецеручка, хлопчыкі, падзякуеце. Самы малады з усіх, якія былі, зусім не жылаваты. I свежанькі… толькі з базы.
Румянілася тонкая хрусткая бульба, пупырчаты салоны агурок дражніў паднябенне, цёмна-карычневае, з румянай скурачкай, мяса сплывала дзікаватым празрыстым тлушчам.
— Ты еш, братка, асцярожна, бо могуць быць шрацінкі. Стрэльнула нейкая свіння замест галавы проста ў кадлуб, а ты зуб зламаеш, — сказаў разнежаны Іван.
— Угм, — буркнуў Войтаў, запускаючы белыя зубы ў ножку.
Іван еў ужо зусім ляніва, больш філасофстваваў:
— Ты, брат, глупства зрабіў з падробкай… як гэты цецярук. А ад гэтага вось цецерука да нас — шлях у многія мільёны год. Мы людзі, а значыць, павінны быць разумнейшымі… Хоць не ўсе, вядома. Твая жонка яшчэ нічога, а я сваю вельмі першыя месяцы папікаў, што яна культурны ўзровень не павышае, не чытае кніг. Вось яна як толькі пабачыць, што я іду, — цоп на канапу ды за кніжку. Заходжу і бачу, што яна тую кніжку дагары нагамі трымае. Ну я і пытаюся, што гэта яна чытае. А яна борздзенька так глянула і адказвае, што цікавая. А назва «Варвары хіхівека». Я было думаў, што яна па-турэцку чытаць пачала, аж зірнуў: «Варвары XX века».
Парагаталі. Выпілі. Іван балбатаў далей:
— Але ж мы не такія. Мы — не цецерукі. Мы людзі. Мы — стаўпы. Таму будзь мудрым, як змій. Мы не дзеці, мы ведаем, што пляваць на гэтую народную літаратуру, што ўся соль толькі ў тым, каб праштурхацца да кармушкі. Але ж скажы пра гэта пры надта ўжо сумленным начальстве — такога дадуць салдацкага хлеба пад зад, што смяротнай гікаўкай загікаеш. Вось і крычым громкія словы.
— Ну-ну, — пакрыўдзіўся Павел, — ты мне народ не руш. Я — ягоная косць.
— Дэмагог ты, прабач. Дэмагогчык. Люблю-у я цябе за шчырасць. Ты хоць памятаеш, як гэтая штука завецца: дзяржак, папярочына, а на ёй драўляныя зубчыкі.
— Чаму не, — змрочна і сур’ёзна адказаў даволі п’яны Войтаў, — я ведаю. «Граблі» гэта штука завецца.
I абодва зноў засмяяліся. За акном ляжала на верхавінах дрэў ноч, ніяк не магла спусціцца на імшары, разводдзі якіх яшчэ адлівалі жоўтым халодным агнём.
Хутка Павел устаў і павёў да свайго купэ асавелага сябра.
— Б-баінькі трэба, Павёлка? Добра, я зараз… зараз. Заўтра нам з табою за труды праведныя брацца…
Рэстаран зусім апусцеў. Толькі цягнік ірваў сваімі агнямі ноч, тахкаў па стыках, будзіў на глухіх азёрах цішыню.
На талерцы, што ўздрыгвала на непрыбраным кутнім століку, засталася толькі адна абгрызеная да белаты костачка.
- Машынапіс захоўваецца ў ЦНБ НАН РБ , ф. 11, воп. 1, адз. зах. 72, з паметай: 22 чэрвеня 59 г., Орша.
- Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
- Упершыню ў кнізе: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. — Мн., Мастацкая літаратура, 1996.
- Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 334 — 351.