Паляшук

Виновники мятежа и вообще лица,
содействующие ниспровержению правительственной
власти в крае, должны быть, для примера другим,
судимы и наказаны немедленно по всей строгости
полевого уложения; собирание излишних фактов…
лишь усложняет и замедляет делопроизводство.
З загаду графа Мураўёва

I

— Ты ведаеш, што ты падлягаеш расстрэлу? — спытаў стаяўшага перад ім чалавека капітан Румянцаў.

Той змаўчаў. Стаяў прама, неяк дзіўна выцягнуўшыся, і толькі вочы яго з затоеным сумам сачылі за пушчай, куды яму ўжо не было шляхоў.

Увосень 186З года частка коннага загона Чэнгірэя, моцна патрапаная ў безупынных сутычках з інсургентамі, была па спецыяльнаму загаду штаб-канцылярыі размешчана на адпачынак у глухім палескім сяле. Толькі-толькі адгрымелі раскаты паўстання, і хоць сам «дыктатар» яшчэ не быў схоплены і нават ніхто не ведаў, ці ў Вільні ён, але ўсё ўжо суціхала, дабіваліся апошнія чырвоныя загоны, няшчасныя, зацкаваныя людзі хаваліся па лясах.

Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлог і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя. Спуджаныя бюргеры выкладвалі з кішэняў столькі грошай, сколькі жадаў агаворшчык, абы толькі потым, пры вобшуку, не знайшлі дзесьці ў доме альбо ў адрыне падкінутай зброі.

Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення, і капітан Румянцаў, які заўсёды быў сумленным ваякам, пачаў казаць за гарэлкаю:

— Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. «Душыцелі». Няма чаго казаць, гожая для вялікай Расіі справа.

У адзін з апошніх дзён «баб’яй восені», калі лясы пачалі, пасля працяглага бязветрыя, страсаць на зямлю залаты дождж лісця, а ночы былі асабліва цёмнымі — нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Надвор’е стаяла ветранае і сухое, і таму ўсё пагарэла датла. Пасілілі каравул, але праз дзве ночы нехта падкінуў у пакой Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў «выкруціўся толькі цудам», а паручык памёр, хоць лекар, якога прывезлі з горада, прыпальваў яму ўкус нейкім белым камянём.

І вось тагды салдаты, абшукваючы ваколіцы сяла, выпаралі з нейкай нары пад карэннямі старога дрэва палешука. Ён быў данельга брудны, з амаль бязвусым тварам, і таму цяжка было станоўча сказаць, стары ён ці малады. Нізенькі, у нязменных поршнях і кажуху, з голаю галавою, ён стаяў перад афіцэрамі, шчыльна сціснуўшы сківіцы. Выцягнутая з-за паяса сякера і старая стрэльба, а таксама вагніва і крамень у скуранай торбачцы былі ўлікамі.

— Ты хто такі? — спытаў яго Румянцаў.

— Паляўнічы.

— А хто цябе ведае ў акрузе?

— Ведаюць звяры маю кулю.

Румянцаў пасміхнуўся нервова. Гэты дзікун раздражняў яго.

— Ну,а можа, ты ведаеш, хто падпаліў на сяле будынкі і кідаў да нас, у вокны, змей?

— Не, не ведаю.

— А хто ж ведае?

— Ведае цёмная пушча, неба, хмары, а той, што зрабіў, — усё адно не скажа.

— Чаму?

Паляшук змаўчаў. Ён па-ранейшаму глядзеў на неба, і губы яго слаба рухаліся. Румянцаў паглядзеў на яго і сказаў паручыку Ратчу:

— Вось вам, прыхільнікам гісторыі: добры абразчык. Першабытны жыхар лясоў. Ух, фанатычная морда, каб была ахвота паскудзіцца…

Ратч з сваімі жаноцкі прыгожымі вачыма адказаў:

— Гэта не фанатызм, гэта — звычайная абмежаванасць і жывёльная тупасць. У гэтых маіх імшарах патрыятызм і нянавісць да нас пакуль што з’явіцца не могуць. Можа, гэта й не ён падпаліў наогул.

Румянцаў раззлаваўся:

— Ну, ён ці не ён, патрыятызм гэта ці звычайны бандытызм, а я яго расстраляю. У наступны раз не будзе павадна іншым бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах. Шабаш!

І ён разануў далонню па паветры, быццам паказваючы, што няма чаго далей валаводзіцца. Палешука адвялі ў пуню, пакуль паны-афіцэры пераапрануцца і нап’юцца чаю з ромам. Гэта цягнулася амаль што цэлую гадзіну, і ўвесь гэты час паляшук спяваў нейкія, зусім не жаласныя спевы хрыплым голасам, падобным да лаю сабакі. Першым прыйшоў за ім Ратч і пабачыў: паляшук сядзеў, забіўшыся ў кут, і з цемры блішчэлі яго вочы. Ратч спытаў:

— Чаму гэта ў цябе песні такія гнеўныя?

— Мужчынскія, — адказаў паляшук і зноў заціх.

Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу — Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання.

— Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага?

— Чаго?

— Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве?

Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена:

— А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне — паўсюль.

«Нейкі палітэізм», — падумаў паручык.

Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты.

Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся — яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты.

Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў.

Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з’яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу — ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба:

— Ты б памаліўся хоць.

Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае:

— Матка боска заступніца… І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю… Усіх сумуючых…

Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў:

— Што гэта ён такое вярзе?

— Не бачыш — дурань, — адказаў Румянцаў.

А маленькі брудны чалавек усё казаў:

— Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць… Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола… Калі не будзеце, як дзеці…

На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў «як дзеці», і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў:

— Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!..

Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў:

— Падыміся! Трус! Нічтожаства!

Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:

— Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу?

— Мажліва, — ажывіўся Румянцаў. — Што ж, паспрабуем.

І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю:

— Тут.

Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі.

— Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, — сказаў Ратч.

А Румянцаў прыбавіў:

— Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць.

Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі.

— Пятроўскія раменныя грошы, — сказаў Ратч і плюнуў.

Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна «Янава галоўка».

— Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, — падступаў да палешука Румянцаў.

— Грошы, шмат грошай… Можна купіць… Не трэба.

— Э, ды чаго з ім размаўляць, — твар Румянцава зморшчыўся. — Стаў яго да дрэва і канчай размову.

Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту.

— Гэта я падпаліў, — сказаў ён. — Вы мяне заб’еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб’е, бо кроў бедных людзей… І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў.

І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку:

— Купі сабе жыццё.

— Мне не трэба жыцця, — адказаў жорстка і холадна паляшук.

Грымнуў залп.

II

Калі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі — адзін з салдат сказаў каротка:

— Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся.

А другі прадоўжыў:

— А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было — яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты… Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх.

Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы:

— Можа, хто падбярэ.

Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю.

— Гэтай што яшчэ патрэбна? — спытаў Ратч.

— Не ведаю.

Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў.

— Стойце! — закрычаў ён. — Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець… Вось чаму ён так прасіўся.

Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека.

— Што гэта? — спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы.

— А то, — адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. — Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што.

Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла.

На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток.

І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага.

А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах.

Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне:

— Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака.

— А чым вы за мяне лепшы? — адпарыраваў Румянцаў.

Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п’янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра:

— І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды… Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя.

А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася:

— О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі!

Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.

  1. Аўтограф апавядання захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, ф. 110, с. 113 — 129. (1952 — 1954 гг.).
  2. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
  3. Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1987, 27 ліст.
  4. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 170 — 176.
Яндекс.Метрика