Трошкі далей ад Месяца — Карціна другая
Гасціная ў кватэры Багуслаўскіх. Двое дзвярэй направа ў сталовую і перадпакой: адна налева ў пакой Сяргея. Добра абсталяваны пакой. Акрамя звычайнай мэблі — вялікая кніжная шафа паміж двух шырокіх акон, канапа, старыя англійскія часы, падобныя на стаячую труну, пейзажы, пераважна малюнкі будынкаў. Камін. Перад ім два крэслы. На шафе прадмет нянавісці Альжбеты, ваза «з яшчурам».
За вокнамі шырокі краявід горада.
Уваходзяць Ганна Вадзімаўна і Наташа.
Ганна. Дзе ты ўчора была, Наташачка?
Наташа. Выстаўка. Быкі, гарбузы, коні-ламавікі. Хай жыве Рубенс! I на гэтым фоне я, напаўжывая здыхля гарадскога тыпу.
Ганна. Наташа, што за словы? Паслухала б цябе мама.
Наташа. Я сама працую. Трэба ж мне, цётка Ганна, заводзіць нейкі свой слоўнік. Я дарослая.
Ганна. Дзіця ты яшчэ! I гэта жахліва ў твае гады мець такі характар. То разважлівая, як прафесар, то легкадумная, то размаўляеш, як дарослая жанчына.
Наташа. У мяне толькі рахметаўскія цвікі характар выхаваюць.
Ганна. I прафесіі мяняеш. То бібліятэка, то турысцкае бюро, то батанічны сад. Нашто табе, завочніцы, гэта?
Наташа. Прафесіі трэба мяняць. А то ўпрэцца чалавек лобам у адну сценку, «паставіць сябе» і сядзіць «ажнік» да самай смерці.
Ганна. I як гэты твой прафесар?
Наташа. Грубаваты мужык, але разумны. Не нагою смаркаецца.
Ганна. Ната-аша. Не, я проста жахаюся. Трэба ж неяк падрабляцца пад людзей, пад правілы прыстойнасці.
Наташа. О-ох, Ганна Вадзімаўна, я, можа, назнарок не падрабляюся. Мне быць з людзьмі хочацца, а не падрабляцца пад іх.
Ганна. Але…
Наташа. Родненькая, і вы ж не вельмі пад іх падрабляліся ў свае гады… Не хачу і я.
Увайшла Альжбета з талеркай.
Альжбета. Зараз, Наташачка, прыйдзе Сярожа. Дзень добры.
Наташа. Добры дзень, бабулечка! Надвор’е — цуд. Зімовая казка! Лёгкі мароз, шэрань. I здзіўляешся, як гэта людзі не зразумеюць адзін аднаго.
Альжбета. Чаго ж ты, родненькая, чайку з намі не папіла? Хрусты ёсць, пячэнне мігдальнае. Сама рабіла. (Ставіць талерку на стол.) Частуйся.
Наташа. Францаўна, вы проста краса і ўцеха. (Цалуе старую.)
Альжбета. А ты, Ганначка, яе не чапай. Нам маладых не заўсёды і зразумець можна. Мазгі не тыя. I гэта трэба старым памятаць.
Ганна (выходзячы з пакоя). Ох, маленькая жанчына, маленькая жанчына!
Альжбета. Наташачка, ты глядзі, што за пачвара! Яшчур! От каб яму за такі падарунак усё жыццё жывых яшчураў бачыць.
Наташа. Каму?
Альжбета. Бяскішкіну. Хто ж яшчэ такую поскудзь можа падараваць?
Наташа. Сапраўды. I лапамі — вось так.
Альжбета. Самае дрэннае, што лапамі — вось так. Ты адна мяне разумееш.
Наташа. А вы яго разбіце, Альжбета Францаўна. Як быццам незнарок.
Альжбета (смяецца). Я і то падумваю. Старая, нязграбная — чаму не разбіць? (Смеючыся, выходзіць з пакоя, размінаючыся ў дзвярах з Сяргеем.)
Сяргей. Здароў, Наташа.
Наташа. Здароў. Ты чаго ж на вылазку не прыйшоў?
Сяргей. Госць прыехаў да бацькі. Разам у грамадзянскую ваявалі.
Наташа. Цікава. Героі яны. Бацька твой, дык наогул…
Сяргей. Бацька ў мяне — герой. Я такім ніколі не буду. Самы адважны, самы вясёлы, самы разумны і таленавіты.
Наташа. Хопіць хваліцца, кулік. Гэта нікому не патрэбна. Аб гэтым усе і так ведаюць.
Сяргей. Ты што, смяешся?
Наташа. Я не смяюся. I я ніколі нікому не хлушу, час табе ведаць гэта. Але ты памятаеш, як наш клас глядзеў на Алеся Пятровіча. I ўсе сябры, уся моладзь. Ты — ганарыся ім.
Сяргей. Цікава на вылазцы было?
Наташа. Угы. Шкадаваць будзеш. Тым больш што я, здаецца, паеду да цёткі. Ты пішы. «Да запатрабавання». Там суседка такая. Не паспееш падысці да дзвярэй, як яна ў імгненне высоўваецца са сваёй нары, халупы, кватэры, ці як там яно. I такія свае паводзіны тлумачыць жаданнем спаймаць злодзеяў, калі яны надумаюць дзерціся ў нашу кватэру. Самае трагічнае, што я яшчэ вымушана дзякаваць ёй за гэта.
Сяргей. Наташа, не трэба ехаць. Колькі тых вакацый, а ты знікнеш. Я сумаваць буду.
Наташа. Я падумаю. Але ў такім разе ты павінен скарацца перад мною. Тады… магчыма, не паеду.
Сяргей. Ой, Наталка, якая ты разумная!
Наташа. Калі я здаюся табе разумнай, значыцца, мая песня спета. Які ж хлопец рызыкне пакахаць разумную дзяўчыну?
Сяргей. Наташка! Дам!.. А ты што, хочаш, каб я цябе пакахаў?
Наташа. Спаймаў мяне на слове. Не, я не ў цябе закаханая. Мне наогул лухту хочацца балбатаць. I каб ты абавязкова сядзеў на дрэве.
Сяргей. А ў каго ты закаханая?
Наташа. У Жана Габэна, Жэрар Філіпа і…
Сяргей. …і?
Наташа. А далей не скажу.
Сяргей. Ты навучышся калі-небудзь да канца дагаворваць?
Наташа. Не. Я шматкроп’і люблю. Паставіў — і ніякіх гваздоў. Гора з плячэй, і разумей як ведаеш.
Сяргей. А я, ты ведаеш, толькі цябе і пакахаў бы. Астатнія жанчыны або авечкі або курыцы.
Наташа. Па-першае, не ўсе. А па-другое, большасць мужчын кахае і аўцу, і курыцу, і кракадзіла разам — і не заўважае гэтага.
Сяргей. Я не такі. Таму што ты не такая.
Наташа (задумліва). Ой, Сяргей, ты такі добры, што я сама не ведаю, колькі б я табе прыемных слоў нагаварыла. Ды толькі баюся.
Сяргей. Чаму?
Наташа. У цябе галава ўходзіць у завоблачныя вышыні, дзе холад, туман і, наогул, непрыстасаваная для жыцця атмасфера. Звышчалавечыя помыслы.
Сяргей. Пахваліла.
Наташа. Сярожа, ты ведаеш…
Сяргей. Што?
Наташа. Учора на рабоце мне пацук на ногі скочыў. Я крыкнула і на стул. Сяджу і здзіўляюся: я маўчу, а крык працягваецца. Пасля зразумела — гэта ўжо другія… Я княжне Тараканавай з-за пацукоў спачуваю, а не з-за немінучай пагібелі. Вада — глупства!.. I ўсе пытаюць: «А які ў яго хвост!» Што, Сярожа, хіба ў пацука нейкі асаблівы хвост?
Сяргей. Ты доўга нада мною здзекавацца будзеш?
Наташа. Прачытай вершы ў мой гонар.
Сяргей (стае ў позу). «О, артыкулярная Наташа!»
Голас Альжбеты з-за сцэны: «Сяргей, на хвіліначку».
Сяргей. Зараз, Наташа, прыйду. (Пайшоў.)
Наташа. Сказаў… А што — невядома. У слоўніку, можа, паглядзець? (Адчыняе шафу, дастае слоўнік, гартае яго.) Тры значэнні. 1) Ускідваць стрэльбу, у кагосьці цэлячыся… Не тое… 2) Выкідваць фокусы — гм. Пахваліў або аблаяў? 3) Выглядаць смешнай… Зусім нешта дзіўнае.
З’яўляецца Сяргей.
Наташа. Слухай, я патрабую тлумачэнняў. Гэта што, здзекі такія?
Сяргей. Дальбог, толькі перафразіраваў з «Энеіды».
Наташа. Ты навучышся калі-небудзь гаварыць добрапрыстойныя словы? Што гэта за непрыстойныя намёкі такія?
Сяргей. Нічога, дальбог, нічога, любая.
Наташа. Ну, чакай.
Сяргей бяжыць вакол стала. Яна — за ім. Дагнала і ўчапілася ў чуб.
Наташа. Вось куды я цэлюся. Вось якая я смешная!
Сяргей. Ратуйце!
I рукі яго кладуцца на плечы дзяўчыны. Ён абдымае яе. Вусны іх сустракаюцца.
Павольна адпускае яго валасы і спаўзае яму на плячо рука Наташы.
Наташа. Не трэба, Сярожа.
Ён не адпускае яе, мякка гладзіць далонню валасы.
Наташа. Ты ведаеш, мне вельмі прыемна, што ты мяне шкадуеш. Быццам я хворая, а да мяне нехта добры прыйшоў. А за акном май і кветкі.
Сяргей. Зіма за акном. Далёка да вясны.
Наташа. Нічога, яны кароткія, зімнія дні. Яны хутка бягуць.
Сяргей. I ўсё адно зіма не перашкаджае кахаць цябе. Я цябе кахаю. Прыходзь заўтра ў восем вечара на бульвар. Не ад’язджай толькі.
Наташа. Я прыйду.
Сяргей. I зараз не ідзі. Мне добра з табою.
Янка (прасоўваючы галаву ў дзверы). Гэй, вы, шызоіды, там нехта звоніць.
Сяргей ідзе адчыняць. Наташа ставіць у шафу слоўнік.
Наташа. «О артыкулярная Наташа!» (Усміхаецца.) Нікуды я, вядома, не паеду…Нудота ў той цёткі — сківіцы звернеш, пазяхаючы.
У пакой увайшлі Анэля Шыцік, Сяргей. За імі непрыкметна ўшчаміўся Янка.
Сяргей. Знаёмцеся. Мая аднакурсніца Анэля — мая добрая старая знаёмая Наташа.
Наташа. Вельмі прыемна.
Анэля. Цешуся знаёмствам.
Усе сядаюць.
Анэля. Павінна табе сказаць, Сяргей, што Ігнат — агідненькі хлопчык і вельмі нагадвае супрацьхалерную вакцыну. Ледзь адчуе бацылу ўласнай думкі — адразу пачынае рэагаваць.
Сяргей. Чорт з ім. I вы і ён гарачыцеся, кусаеце адзін аднаго за глотку. Памяркоўнасці трэба больш. Я не ведаю, чаму павінны ўзаемна адмаўляць адзін аднаго паэт Н. і які-небудзь паэт X. Хай сабе жывуць.
Анэля. … і пладзяцца. Эх, Сяргей, абодва яны дрэнь.
Сяргей. Катэгарычна сказана. А хто не дрэнь?
Анэля. У музыцы — ты, у жывапісе — малпа Бетсі, у літаратуры — Марынеці, д’Анунцыё.
Сяргей. Дзякуй за паралель. Апошнія два стараваты. Пакінь ты выломлівацца, Анэля. Ты ж не такая.
Анэля. Эх, Сяргей, усе ведаюць, што ты чысты. Але табе лёгка такім быць. Дык не перашкаджай і іншым рабіць, што хочуць.
Сяргей. Я не перашкаджаю. Не мая справа. Але няхай вось Наташа скажа, хто лепшы ў мастацтве.
Наташа. Той, хто чалавечны. А як піша — яго справа.
Анэля. Чалавечны? А за колькі тысяч маральны і чалавечны? I ці ёсць яна наогул на зямлі, маральнасць?
Сяргей. Мы пытаем, адкуль узялося на зямлі зло. I не пытаем, адкуль узялося дабро?
Анэля. Таму, што чалавек прыкідваецца добрым. А на самай справе ў кожным ужываецца поруч з князем Мышкіным змяя-акулярніца. Гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба.
Наташа. Гэта няпраўда, Анэля. Жыццё багацейшае за людзей.
Анэля. Жыццё. Што мы паспелі зведаць у жыцці? Наш выкладач ледзь не са слязьмі кажа пра Трыстана і Ізольду, а сам трэці раз жанаты.
Сяргей. Пачакайце хвілінку, дзяўчаты. Я Альжбеце дапамагу, яна прасіла.
Выходзіць. Анэля і Наташа сядзяць і разглядаюць адна адну. Анэля ўсміхнулася.
Анэля (рэзка). Табе патрэбны шпількі?
Наташа (праводзіць рукою па цяжкіх валасах). Патрэбны. А што?
Анэля. Магу дастаць. (Багацце мімікі неверагоднае.) Мара!
Наташа. Што гэта за шпількі? З чаго зроблены?
Анэля. Са шкуры.
Наташа. Як са шкуры?
Сяргей стаіць у дзвярах і з дакорам глядзіць на дзяўчат.
Анэля. О, дык ты яшчэ кураня. А кажаш пра жыццё.
Сяргей. Гэта туфлі, Наташачка. А ты, Анэля, пакінь яе дапытваць. Туфлі гэта яшчэ не жыццё. Бярыце лепей па яблыку — украў ад Альжбеты. А ты, Наташа, каб не лічылі цябе адсталай, рабі выгляд, што адукаваная па гэтай частцы не менш за іх.
Янка. А мне яблык? А то я Альжбеце скажу.
Сяргей. Даносчыку галаву выкручваюць. I ў яго…
…плач очей печальных
Меж ягодиц струится бороздой.
На табе мой яблык… Ты чаго гэта сядзіш, быццам цябе няма, і слухаеш?
Янка. Няма чаго тут слухаць. Усе дзяўчаты дурныя, як курыцы. Пра туфлі спрачаюцца, пра іншае. Усю галаву задураць. I гэта ў век космасу. Каб гэта да рэвалюцыі, дык у манастыр уцёк бы.
Сяргей. Ану вэк адсюль.
Наташа. Пакінь яго. Хай сядзіць.
Янка. Ведаеш што, Наташа, хай яны тут размаўляюць. А мы пойдзем утраіх на кухню. Альжбета нам казку даскажа, яблыкі будзем чысціць. А калі яны зусім, да канца палаюцца — мы прыйдзем і іх памірым. Іначай тут толькі нервы сапсуеш.
Наташа. (смяецца). Хадзем.
Уходзіць з Янкам. Сяргей і Анэля некаторы час сядзяць моўчкі.
Анэля. У яе фігура нейкая надламаная. I ногі танкаватыя… Нянечка завялася. Што ж, ёй толькі з дзецьмі і хадзіць.
Сяргей. Пакінь, у нашай спрэчцы не на тваім баку праўда.
Анэля. А мяне раздражняе ваша дзіцячая рамантычнасць, ваш ружовы вэлюм. Усе вы такія добрапрыстойныя! I не заўважаеце, што людзі — дрэнь. Не заўважаеце, што ўся ваша добрапрыстойнасць — на гнілых падпорках. I крычыце аб сумленні… Наіўныя шчанюкі.
Сяргей. А чаму не крычаць? Хадзіць недалёка. Вазьмі сваіх бацькоў, маіх. Я бяру, каб не браць далей. Хіба гэта не прыклад таго, якім павінна быць жыццё?
Анэля. Оля-ля! Слухай, Сяргей, я маўчала б і далей, але мяне раздражняеш ты, раздражняе гэтая дзяўчына, твой «вельмі добры друг». Зразумей, што яна цябе толькі добрапрыстойнага і цэніць. З тваёй музыкай, з тваёй чысцінёй… Хоць не крычалі б пра чысціню.
Сяргей. Яна мяне ўсякага цэніць.
Анэля. Паглядзім. Ва ўсякім разе слухай… Як ты думаеш, колькі зарабляе гарадскі архітэктар?
Сяргей. Ніколі не думаў. Ведаю, што сотню з чымсьці.
Анэля. Правільна. I ў яго ёсць штат, які зарабляе трошкі менш. А колькі зарабляе загадчык ашчаднай касы Авяр’ян Аркадзевіч Бяскішкін?
Сяргей. Гэта скажу точна. 84 рублі. Сам нядаўна чуў.
Анэля. I пры гэтым абодва маюць надзвычай добрыя кватэры, машыны. I Бяскішкін дорыць архітэктару вазу, на якую не выстачыць яго зарплаты.
Сяргей. Наконт нашай машыны ты маўчы. Гэта выйгрыш.
Анэля. Дык вось. Існуе ў горадзе сектар індывідуальнай забудовы. I існуе ў архітэктара штат, які размяркоўвае ўчасткі. Для тых, хто хоча будавацца. Як ты думаеш, хоча чалавек атрымаць участак бліжэй да цэнтра, да ракі?
Сяргей. Думаю, што так. Чакай…
Анэля. Не, гэта ты чакай. Можа гэты чалавек дамовіцца з чалавекам са штата гарадскога архітэктара і падзякаваць яго за такую паслугу. Трошкі. Нейкіх там 50 — 100 рублёў. (Паўза.) Назавём гэта проста словам — хабар. Так, хабар! I ніхто, ніхто не зможа давесці, што гэта хабар.
Сяргей. (з жудасным спакоем). Адкуль ты ведаеш такое, цікава мне?
Анэля. Таму што Стась Шыцік, бацька вашай паслухмянай слугі, сам заплаціў намесніку таварыша Багуслоўскага, Алегу Высоцкаму, сто рублёў за ўчастак. Няўжо вы думаеце, што Алегу не варта аддаць палову шэфу, каб той толькі не глядзеў у яго бок. Гэта ж зусім бяспечна для шэфа.
Сяргей. Анэля… Я ніколі не біў дзяўчат. Але цябе я… не толькі наб’ю. Я цябе заб’ю за такія словы.
Анэля. Бі, але выслухай. Старая прыказка.
Сяргей ходзіць па пакоі. I раптоўна, зусім нечакана для ўсіх, гучыць яго смех.
Сяргей. Напалохаць мяне хацела? I я зусім было паверыў. Нават калі б мой бацька браў хабары, як бы ён растлумачыў маці наяўнасць лішніх грошай? Маю маці ты яшчэ не ведаеш. Гэта крышталь.
Анэля. I вы апошнія два гады жылі толькі на зарплату?
Сяргей. Не. Нам вельмі шанцавала апошнія два гады. Сем выйгрышаў па трохпрацэнтнай пазыцы. Бацька сам казаў пры мне. I з іх адзін у 2500 і адзін у 1000.
Анэля. Падазрона шанцавала. Ну што, давядзецца яшчэ раз ударыць, калі ты такі ўжо даверлівы. Ты ведаеш, што Бяскішкін махляр?
Сяргей. ён бывае ў нашым доме. Значыць, ён не можа быць махляром.
Анэля. А я чула пра яго такое, што ён прапаноўвае чалавеку, аблігацыя якога выйграла, скажам, пяць тысяч, што ён прапаноўвае яму пяць тысяч дзвесце рублёў і бярэ аблігацыю сабе.
Сяргей. Нашто?
Анэля. Каб пасля прадаць яе за пяць з паловаю тысяч таму, каму ёсць у гэтым патрэба.
Сяргей. Каму можа быць у гэтым патрэба?
Анэля. Чалавеку, які жыве не на зарплату і якому вельмі хочацца, каб усе лічылі, што ён жыве толькі на яе.
Сяргей. Анэля, за такія словы мужчын б’юць па мордзе… смяротным боем, а жанчын ненавідзяць усё жыццё. Такія словы нельга кідаць без доказаў.
Анэля. Я паспрабую заўтра прадставіць доказы. Чакай мяне заўтра на бульвары ў сем гадзін вечара.
Сяргей. Доказы. Я абавязкова буду чакаць.
Анэля. Ты не пытаеш, чаму я гэта зрабіла?
Сяргей. (ён амаль страшны). Не ведаю. Але ва ўсякім разе дзякуй табе за гэта. Праўдзе ці няпраўдзе трэба глядзець у вочы.
Анэля. Я зрабіла гэта, каб ты, харошы чалавек, ведаў людзей, каб не быў самаўпэўненым і добрапрыстойным, каб не лічыў сябе лепшым. Вось яны, твае прынцыпы. Ведай, што людзі ёсць людзі.
Сяргей. Аб гэтым рана размаўляць… Ва ўсякім разе людзі не такія.
Анэля. Цікава, як бы паглядзела на гэта твая знаёмая?
Сяргей. Калі гэта праўда — ёй было б вельмі балюча… Але гэта не можа быць праўдай… А зараз ідзі, вельмі прашу цябе.
Анэля. (устае). Ты навучышся лягчэй глядзець на гэтыя справы. Ва ўсякім разе арэвідорчык міякарчык. (Пайшла.)
Некалькі хвілін Сяргей стаіць моўчкі, сціскаючы кулакі, потым павяртаецца да акна.
Сяргей. Няпраўда! Але такі ўпэўнены тон. I ўсё ж хлусня. Брыдкія плёткі. Я павінен ненавідзець сябе за тое, што слухаў. (Машынальна ўключае радыёпрыёмнік. Гучыць грыгаўская «Смерць Озэ». Сяргей моўчкі сеў у крэсла. Думае.)
Вярыга. (уваходзячы). Слухаеш?
Сяргей. Бадай што не… Максім Канстанцінавіч, можа мой бацька схлусіць, падмануць каго-небудзь?
Вярыга. Я даўно не бачыўся з ім, Сярожа. Але думаю — не. Бачыш, у яго здаровая натура. Калі ён нават зробіць штосьці такое — ён хутка выправіцца, знойдзе сілы.
Сяргей. I я так думаю. А скажыце, гісторыя робіцца людзьмі дзеля кавалка хлеба?
Вярыга. Некаторыя лічаць, што так.
Сяргей. А вы як думаеце?
Вярыга. Як ты думаеш, Муса Джаліль пісаў «Маабіцкі сшытак» дзеля прэміі, якую яму дадуць праз 13 год пасля смерці?
Сяргей. І я так думаю… Максім Канстанцінавіч, вы доўга жылі. Як на вашу думку, здрабнелі людзі з часоў рэвалюцыі ці не? Разумееце, мне вельмі-вельмі патрэбна ведаць.
Паўза
Вярыга. (глядзіць на Сяргея). Ты малады, Сярожа. Такія пытанні задаюць перад тым, як дзейнічаць.
Сяргей. I ўсё ж?
Вярыга. Здрабнелі? Не, і тады герояў было не больш. Справа ў тым, што іх памятаюць, іхнімі імёнамі называюць вуліцы. А процьма вялікая тых, што смуродзяць неба, знікае. Арыфметыка. У гісторыі застаецца той, хто робіць яе або процідзейнічае. А тыя, хто пры сём прысутнічае, бухаюцца ў Лету.
Сяргей. Дзякуй вам. Вы або дапамаглі мне, або забілі.
Вярыга. I калі гэта вырашыцца?
Сяргей. Заўтра вечарам.
Уваходзіць Альжбета.
Альжбета. Чаго вы тут седзіцё? Там Бяскішкіны з’явіліся, размаўляюць з Ганнай. Пра дзень нараджэння Сярожанькі.
Сяргей. Варта было нараджацца… Не хачу іх бачыць.
Альжбета. Ды і я таксама. Не, вы падумайце, яшчура прынёс. Ах, каб яму.
Вярыга. (тонам вясковай кумы ля студні). Дзе гэта твой сын, кума?
Альжбета. (падхапіла гульню). А сядзіць, любая.
Вярыга. I за што няшчасце такое?
Альжбета. Так, нязáшта. Д’ябал касіра на яго нанёс, ён яму ножыкам па гарлáх і чахнуў. Так, за нешта і сядзіць… Было б за што, а тое за поскудзь гэткую.
Абое рагочуць.
Альжбета. Ты усё ж, Сярожанька, не злуйся на Авяр’яна з-за яшчура.
У пакой уваходзяць Бяскішкін з жонкаю і Ганна.
Ганна. А вось і ён.
Любоў Трахімаўна. Цуд-доўны хлопец. Божа мой, яму будзе ўжо васемнаццаць! А ці даўно нашы мужы пакутавалі? I ён толькі што нарадзіўся, такі маленькі…
Бяскішкін. Пра старыя пакуты маўчаць трэба. Затое глядзі, які арол вырас. Усё зробіць, чаго бацькі не зрабілі.
Бяскішкіна. Ён нагадвае майго малодшага брата. Ён такі меланхолік, такі меланхолік. Узяў з шафы маю англійскую сукенку і пашыў сабе з яе штаны… Такі меланхолік!
Вярыга. Па-мойму, гэта не меланхолік, а проста злодзей.
Ганна. Пазнаёмцеся, гэта Максім Канстанцінавіч.
Усе знаёмяцца.
Ганна. Стары друг мужа.
Бяскішкін. Вельмі прыемна.
Любоў Трахімаўна. Ведаеце, мы былі на вечары пісьменніка Агеева. Надзіва цікава. Ён так нашумеў сваім раманам, Агееў. Вы яшчэ не чыталі? О, вельмі шкада! Агееў — знаёмы Авяр’янчыка.
Вярыга. Я чытаў.
Бяскішкіна. Ну і як на вашу думку? Праўда, цікава? Такі там сімпатычны герой, старэйшы. I каханне з такон тонкасцю апісана, з такім веданнем жаночай псіхалогіі.
Бяскішкін. Правільны раман.
Вярыга. Раман добра напісаны. Але мне не падабаецца, як ён там вывеў Старчэўскага.
Бяскішкін. Гэты? Які вярнуўся? Змарнелы, з залысінамі. Як вы сабе хочаце, але гэта не ўзор мужчыны.
Вярыга. Гэта ўзор Мужчыны. З вялікай літары.
Бяскішкін. Уласна, чаму такі запал? Вам што да гэтага?
Вярыга. Я сам з такіх. Вы не адчулі майго прозвішча. Я — Вярыга.
Бяскішкін. Вя-рыга? Т-так.
Вярыга. Былі нават калісь трошкі знаёмы.
Бяскішкін. Тады ўсё зразумела. Я проста не думаў…
Вярыга. Не ўсё зразумела (ціха), і не варта вам, таварыш Бяскішкін, так дрэнна пра нас думаць. Мы спекуляваць на нашых пакутах нікому не дамо. Бывае дрэнь і сярод нас. Але як казаць пра тыповасць, дык часцей сярод тых, хто даносіў або ўмываў рукі.
Бяскішкін. Дык што тады Агееву рабіць прыкажаце?
Вярыга. Быць прыстойным і папрасіць прабачэння. Пасля таго, што ад Берыі выцерпелі, Агееву яны даруюць.
Бяскішкін. Ну, гэта ўжо глупства!
Вярыга. А я разумнага ад яго і не чакаў.
Нязручнае маўчанне.
Бяскішкіна. Але прабачце, якая ж у гэтым была трагедыя? Гэта непаразуменне. Усё добра, усё абышлося.
Бяскішкін. А Божа мой, ды маўчы хоць ты ўжо!
Вярыга. Гэта трагедыя. Таму што гэта… як сам сябе арыштаваў.
Бяскішкіна. Ну хопіць, хопіць, не будзем пра гэта. Дык у Сяргейчыка паслязаўтра дзень нараджэння?
Бяскішкін. Стукаць у дзверы нагамі.
Бяскішкіна. Ну і чаго ты хацеў бы?
Сяргей. Любоў Трахімаўна, нічога я не хачу. (Альжбеце на вуха.) Яшчура хіба?
Альжбета кісне ад смеху.
Бяскішкін. Дык мы пайшлі. А вы не нервуйцеся, таварыш Вярыга, гэта хутка пройдзе. Усё праходзіць.
Яны пайшлі з Ганнай. Паўза.
Альжбета. Што гэта з табою, Максімчык?
Вярыга. Так. Нельга заўсёды любіць людзей, Францаўна.
Альжбета. Гэта ён так цябе разнерваваў, гэтая гліста з яшчурам? А, каб у яго ціск быў «пяцьсот».
Вярыга. Я не злуюся. Хіба гэта чалавек? Вяленая вобла.
Заслона