Маці ўрагану — Карціна сёмая

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа — памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы, — з распяцця, — Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча Вашчыла, Васіль і Васка Ветры, Надзея, дудар Яўхім Хмыз, Іван і Ілья Карпачы, Антох, Лаўрэн і Бачко.

Яўхім (спявае).

Завея над хатамі свішча,
Вакол на ўзгорках ваўкі.
На полі пад Царкавішчамі
Мужыцкія сталі палкі.
I кліча груган груганятаў
На палеткі заўтрашніх сеч.
У магнатаў гарматы і латы,
У нас — толькі ісціны меч.
Але вера наша і гордасць,
Славы божай іскра адна
Спапяліць вашы п’яныя морды.
Чуеш, Князь-Сатана?
Так жарэ яго сэрца нянавісць бяссілля,
Што пажэр бы цябе ён, мужыцкі кароль,
Як пажэр ужо край свой, і продкаў магілы,
I народа свайго сіроцтва і боль.

Вашчыла. Які я кароль? Нашто мне гэта?

Iлья. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.

Вашчыла. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.

У прыбудове-загоне Поп з Бесавічаў ціха нешта гаворыць Цялецкаму, захутанаму ў плашч.

Поп. …Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.

Цялецкі. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.

Поп. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.

Цялецкі. Усё адно мала.

Поп. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там — возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея — апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. I яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і — ярам у самы цэнтр табара.

Цялецкі. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею — ты чаго пнешся? Табе якая карысць?

Поп. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі — як Антох. А роўнасць — дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах — у парчы.

Цялецкі. А Хрыстос на крыжы — голы.

Поп. А хто нармальны хоча на крыж?

Цялецкі. Ну так, папом быць лепей… нават у Бесавічах… Іду.

Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.

Антох. Ты дзе цягаўся?

Васка. Адвяжыся ад яго, смала.

Антох. Святы стаў. Анёл!

Васка. Калі ж чортам быць абрыдла.

Антох. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен — ты ведаеш, як яго шукаць?

Лаўрэн. Ну.

Антох. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.

Поп. Гэта наш абавязак хрысціцца… (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.

Антох. Ты мяне да сябе прыпражным не бяры.

Вашчыла. Ну до, до… Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?

Карпач. Праверыў. I перад імі хаця б чый след.

Iлья. Які след? Завея мяце. I пройдзе нехта — міргні вокам і ўжо не відаць.

Поп. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.

Вашчыла. Усё ж трэба яшчэ прайсці. I асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды… ну хаця ты, Ілья.

Поп. I я з ім.

Антох. Я пайду.

Вашчыла. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.

Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.

Надзея. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.

Вяртаецца Поп з Бесавічаў.

Надзея. Ты што так скора, айцец?

Поп. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.

Надзея. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.

Поп. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?

Надзея. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.

Поп. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.

Надзея. Паспрабуй.

Поп. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.

Надзея. I правільна зробіш.

Поп. I вораг памрэ, калі дакранецца?

Надзея. I ён.

Абтрасаючы бурку, заходзіць Агна Вецер.

Надзея. Ты?

Агна. Дзе сын?

Надзея. На пасты пайшоў. Што такое?

Агна. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.

Поп. Я папярэджу (выходзіць).

Надзея. А вы ж як?

Агна. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.

Надзея. А як жа каравулы мінулі?

Агна. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.

Надзея. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!

I тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.

Агна. Спазніліся. Усё.

Грукат — адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою Ілья Карпач.

Ілья. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу… (Траціць прытомнасць.)

Агна. (бярэ пісталет). Бяры і ты.

Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.

Надзея. Нібы пекла раскрылася.

Агна. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі — там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.

Надзея. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?

Агна. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны — ведаю. А вы — не!

Надзея. Не разумею.

Агна. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.

Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.

Вашчыла. Усе тут? Усе. Хаця ненадоўга, а ўсе. Сціхнулі гарматы, але страляніна мацнее. Ненадоўга. Што ж, дзешава яны нас не возьмуць. Зараджайце ўсё, што ёсць. У каго колькі пісталетаў?

Галасы. Адзін… тры… два… тры… адзін…

Поп. У мяне два. Дзве кулі. Так і загінеш.

Агна. Не трэба гінуць. Яр вольны ад іх. Коней завадных — пятнаццаць. Вось, праз прыбудову. Вы можаце яшчэ зноў пачаць. Гэта не канец.

Вецер. Астатнія хай бягуць. Мне — нашто?

Агна. Нічога ты не ведаеш, дурню. Ты…

У гэты момант знадворку рвануў залп, замалаціла па мурах і атынкоўцы. Сёй-той страляе ў адказ у праём дзвярэй. Страляе з абодвух пісталетаў і поп. Прыцэльна. Не ў дзверы. Цішыня.

Карпач. Параненыя ёсць?

Вашчыла. (трымаючыся за плячо) Я… Я, здаецца, адваяваўся.

Вецер. Дурань, ты толькі пачынаеш ваяваць. Не сёння дык заўтра зноў пачнеш. Уцякайце! Добра, што аднаго цябе зачапіла.

Гамана. Усе спяшаюцца да лазу.

Вецер. Больш нікога. Надзея… Надзея!

Кінуўся да яе. Тая ляжыць нерухома.

Вецер. Надзея! (Прыўзняў ёй галаву.)

Надзея. Няма… надзеі… Шчаслівая… I бог з намі… I я з табой… Ва ўсе дні да сканчэння веку.

Дудар. Усё.

Агна. (як праз сон) Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну… Цяпер я знікну. Чаму — не пытай. Трэба.

Вецер. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Агна. Благаславенне чалавечае з табой.

Вецер. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага Вашчылу. Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.

Вецер. Перастрэлі… Вось, хапаюць кагосьці… Не, прарваліся… Частка прарвалася ўсё ж.

Голас Пястжэцкага. (за сцэнай) Вашчыла, здавайся.

Вецер. (страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе) Чорта б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.

Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецер узводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. I ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:

Везлі ў Крычаў палонных скутых…
Паўсюль, як страшныя сны,
Глухія і безнадзейныя
Пажары вёсак начных.
Панства сабрала сілу
I там, каля Сожа-ракі,
Жалезам сваім раздушыла
Яно мужыкоў палкі.
Не было ў тыя дні адлігі,
Але ў першы раз на зямлі
Ад крыві нашай вогненнай крыгі
Па Сожы ў Дняпро паплылі.
I ўцякалі людзі па звею,
А вакол снягі і ільды,
I завея, завея, завея, завея
Космамі снегу
Лізала, залізвала іх сляды.
Кроў на лёдзе гарэла расная,
Трушчыў косці ім крыгаход.
О, радзіма мая няшчасная!!!
О, мой бедны народ!

Сціхнуў голас. Вецер паставіў лаўку, расклаў на ёй пістілеты, падцягнуў цела Надзеі да агню і лёг побач з ёй, замёр.

Голас Пястжэцкага. Вашчыла, здавайся!

Вецер страляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.

Вецер. Баліць табе? Не… табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў… I што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?

Стрэлы.

Вецер. Цёпла… Цёпла табе.

Яндекс.Метрика