Маці ўрагану — Карціна дзевятая
26 лютага 1744 года. Плошча перад замкам. Налева і направа будынкі з галерэямі, на якія вядуць сходы. Між будынкаў каменны мур. У левым доме — дзверы ў сутарэнне. Ля правага дома, у муры, дзверы, якія вядуць на арэну. Такім чынам, асуджаныя павінны прайсці сцэну злева направа, каб трапіць тымі дзвярыма на месца пакарання смерцю.
З-за мура відаць верхавіны дрэў і вярхі шыбеніц.
На галерэі і сходах ля левага дома — народ. У натоўпе Яўхім Хмыз, Магда, Ілья Карпач, Агна Вецер, пісар Бачко. На больш багатай галерэі справа — члены суда, Радзівіл, Каршук, Цялецкі і іншыя. Грай крумкачоў і варон. Павялі з сутарэння асуджаных. Вядуць Капітан Аддзялу ГранМушкецёраў і Пястжэцкі з салдатамі.
Капітан. (паказвае Лаўрэну) Глядзець. Унь на дрэве, на круку, вісіць поп Бяссовітц. Хе-хе, дэр Бірнбаўм… Як ігруша. I вашым так.
Лаўрэн. Во каб гэта на кожным беларускім дрэве ды па такім хрукце.
Карпач. Ты што народ ганьбіш? Нібы ў нас на кожнае наша дрэва па гэткай сволачы хопіць.
Лаўрэн. Суседзям у арэнду аддамо. Для іхніх.
Антох. Чым табе дрэвы беларускія правініліся?
Лаўрэн. Нічога. Дзеля такога свята адзін дзень пацерпяць.
Антох. Не, не дам паскудзіць гэтай навалачы й дыму ад нашых дрэў.
Радзівіл. (спакойна) Кончыць. Мы яму пакажам і дрэвы і дым ад іх. Чытай, Цялецкі.
Цялецкі. (чытае) Злаўмыснага і злашкоднага папа Анцівоха — Антоха — Крапілу і яшчэ некалькіх такіх самых (а спіс па імёнах — тут)…
Капітан. Сіла на нашым баку.
Антох. Угу. Гэта ж закон. Мудры мацуе свой дух, а дурань — цела. А што яму застаецца рабіць? Дай слухаць.
Цялецкі. …Пасадзіць у коміны, а печкі знізу запаліць дзеля павольнага ўдушэння.
Антох. Нішто. Гэта свой дым. А вось якім дымам вы ў пекле дыхаць будзеце, бажавольцы, баўбешкі, анцыпары, вашапрудзіны, хракі дурныя?! Канарэзы, падхлебнікі сабачыя, зачухі, дрынды.
Пёкур. I тут пад табою жар будзе. I ў пекле.
Антох. Не ўбаюся, недаедак блышыны, капусцяная галава, пустамол і лустасвят. Хай пекла. Рэшткамі свайго жару з табой падзялюся. Яго хопіць, каб і князя з усёй світай засмажыць.
Капітан. I гэта поп? Лаецца, як брудны кароф.
Антох. Сам ты кабыл тоўсты. Мушкецёраў голадам морыш. Яны як лучынкі, а ты — тоўсты кабыл.
Радзівіл дае знак, варта набліжаецца да Антоха.
Антох. Чакай!.. Васка, не сумуй душою. Не плач. Грэх твой страшны ў смяротны гэты час здымаю. Людзі, чысты ён у вашых вачах! (Ціха.) Памры годна — будзеш з богам, п’янюга ты мой родны, гуляка, прапойца ты мой бесшабашны… Лапы брудныя прэч!
Ідзе. I тут зараўла аднекуль дуда: «Тапчыце зямлю, легіёны божыя».
Антох. Князь! Мардун, дурань маляваны, рапуха аблезлая… п’яная карова! Дымам пайду ў роднае неба. Да бога! I вымалю ў яго праклён на ўсе вашы галовы. (Яго валакуць.) Хлопцы! Хлопчыкі! Благаслаўляю вас, так вашу! Благаслаўляю вас!
Яго вывелі.
Пёкур. Княжа, гэты тэатр можа абысціся дорага.
Радзівіл. Тэатр? Ну так. Такі тэатр, каб нашчадкі іхнія пра-пра-праз трыста год здрыгануліся. Калі яны бу-будуць, на-на-на-шчадкі.
Пёкур. Будуць. Памылка, па-мойму. Не туды відовішча.
Радзівіл. Чытай, Цялецкі.
Цялецкі. Акрамя тых, каго біць бізуном і адрэзаць па адным вуху, памочнікаў галавароў паўстання — а лікам іх трынаццаць, аднаму, сыну Стэся Бачко, сакратару бунту, адрэзаць абодва вухі і на лобе выпаліць шыбеніцу.
Каршук. Каб ведалі… вось чыя рука пісала.
Цялецкі. Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Іванішку з Баранкова — а ўсяго тры галавы — на шыбеніцу. Сямёна Варону, Ігната Мадунёнка, Івана Крывулю ды Івана Галёнку — абезгаловіць. Мікіту з Бараўкоў, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пушчаёнка ды Васку Косціка — жывымі на вострую палю.
Радзівіл. Рэшту таксама было асудзілі на кол. Але па асабістай просьбе — некаторых з іх, а менавіта: Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу…
Васка. Князь, прыпомні…
Радзівіл. … I Васку Ветра, зашыўшы ў мядзведжыя шкуры, разарваць на плошчы сабакамі.
Цялецкі. На галоўнай плошчы.
Каршук. На галоўнай плошчы? Зашмат ім, злодзеям, гонару.
Радзівіл. Унь там. За мурам. Як усіх.
Варта вядзе чацвёрку назад у сутарэнне.
Магда. Лаўрэн! Я з табой, хадзяка мой каханы, трыбухлей ты мой, лында, бадзяга ты мой няшчасны.
Лаўрэн. Магдачка! Уцёк я ўсё ж ад цябе. Нішто, на тым свеце сустрэнемся. А там нам лаяцца не дадуць. Там строга. I нам добра будзе. А вы, панове, скажыце гэта сваім бабам, бо ў вас не бабы, а кожная — качарга старога лесу.
Іх вывелі. Пястжэцкі з вартай вядзе і астатніх у дзверы, што ў муры.
Пястжэцкі. Не спяшайцеся, мілыя, паспееце на шыбеніцу.
Каршук. (Пёкуру) Ведаеш, што Данаван сказаў князю, калі яго выгналі? «Яны навучылі мяне, што ёсць людзі, якія б не ўсё на зямлі зжэрлі. А вы хочаце мець болей, чым заслужылі. I гэта вам хай дзякуе свет за ўсе войны, ганьбу і зло».
Пёкур. Дурань. Набраўся ад іх, як сучка блох… Але гэтыя і сапраўды лічаць за лепшае быць пакрыўджанымі, чым самім крыўдзіць.
Каршук. I вось таму трэба кідаць гэты народ, бо з гэтай прычыны ён не жыхар на зямлі.
Пёкур. Хто ведае, х т о не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга? Хто ведае?
Каршук. За што ж вам плоцяць, калі вы не ведаеце?
Пёкур. Нам плоцяць за тое, што мы ведаем. Бо каб начальным людзям плацілі за ўсё тое, чаго яны не ведаюць, — золата б на зямлі і ў сусвеце ў бога не хапіла б… Я гляджу на іх і, ненавідзячы, пачынаю сумнявацца, што ім канец.
Каршук. Але чаму?
Пёкур. У іх ёсць нешта галоўнае. Яны жывуць сярод звяроў. I дасягнулі, не пабаюся сказаць, таго, што неяк — хай не заўсёды — ужываюцца з імі. Пустэльнікі сярод ваўкоў.
Каршук. (раззлаваўшыся) Калі яны такія ўжо святыя — хай ідуць у нашы высокія замкі і манастыры і паспрабуюць ужыцца з нашым братам, каб не ўкусіў ніводны сабака.
Пёкур. Таму і палім… Калі хочам жыць.
Асуджаных вывелі за мур.
Радзівіл. Ну што яны, капітан?
Капітан. Цялецкі! Тоўсты кабыл? (Ціха.) А добра: «тоўсты кабыл».
З сутарэння павольна ідзе шэсце: чацвёра ў шкурах. Толькі маскі-морды яшчэ не апушчаныя на твары.
Радзівіл. Пра гэтых не пішы, што ў шкурах. Выкраслі наконт шкураў. Усё ж недзе там лічаць, што мы Еўропа.
Цялецкі. Ваша… Заўсёды ж знойдуцца сведкі.
Радзівіл. Нічога, заўсёды знойдуцца і в-в-вуч-чоныя, якія: «Раз у дакуменце няма — значыць, не было». Мы з табою ім свечку павінны ставіць. Абаронцы. У азадак за нас улезуць.
Бачко. (сам сабе) Запішу я. Я запішу. I няхай не павераць, няхай нейкі крот скажа: байка, дакументаў няма. Гэта не байка, тое, што помніць народ. А вы можаце дзе хочаце ўжыць тыя паперы. Памяць жыве.
Радзівіл. Развітвайцеся.
Агна. (спускаючыся да Васіля) Бывай… Я ўсё ж не буду цалаваць цябе… А раптам дзіва…
Вецер. (ціха) Маці, мінуў такі час. Не трэба. Я ўсё зразумеў, маці. Я толькі раблю выгляд, каб не заламаўся хтось іншы. Я нават без гэтых падпорак даўно ўжо жыву без страху. Без яго і памру. Цяпер жа мне ўсё адно, і дзіва не будзе. Ну…
Кідаюцца адно да аднаго.
Агна. (ціха) Ідзі. Я ведаю, што ты не Вецер. Я ведаю, што ты ўраган… А цяпер глядзі на мяне.
Ідзе па сходах на панскую галерэю. У яе выгляд не то захоплены ад радасці, не то апанаваны адчаем.
Агна. Злітуйцеся з яго, злітуйцеся з іх. (Цалуе рукі ўсім, акрамя Радзівіла.) Паночкі. Паночкі. Вось бог пашле лёгкую смерць таму, каго я пацалую. (Цалуе Пястжэцкага.) Даруе табе жорсткасць і дасць табе лёгкую смерць. (Цалуе ў рукі і вусны Каршука.) Даруе ліхое кіраванне і дасць лёгкую смерць. (Цалуе Цялецкага.)
Карпач. Апамятайся! Праклянем!
Лаўрэн. Маці, што ты робіш?!
Вецер. Змоўч. Ціха. Яна ведае, што робіць.
Агна. (цалуе рукі ў Пёкура) Даруе табе, што ўсё-ўсё разумееш і аднак робіш паскудствы, тваю подласць… I дасць табе лёгкую смерць. (Хоча пацалаваць руку кату.)
Кат. (у жаху) Што ты робіш, жанчына?! Мне?!
Агна. Не буду. Ты лепшы за іх усіх. Ты сумленны кат… I табе я таксама не буду цалаваць руку, князь Геранім-Фларыян. Не было б цябе — не было б і іх. Бог не дасць табе лёгкай смерці.
Радзівіл. (прыняў зухаватую паставу) А я што казаў? Аблізала ўсіх. Няма меры іхняй нізасці. Пайшла прэч.
Агна пры поўным маўчанні спускаецца і ідзе да левых сходаў, дзе ўжо стаіць Магда.
Вецер. (са шкадобай) А ты ніч-чога не зразумеў, князь Геранім-Фларыян Радзівіл. Ясна ж. Разумны заўсёды распазнае дурня, бо сам калісь быў такі. А дурань ніколі не ўгадае разумнага, бо ім не быў… і не будзе. Ты яшчэ і зараз нічога не зразумеў.
Магда. (Агне, ціха) Затое я цяпер у с ё зразумела. Так? Так? Дай і я пацалую цябе, гаротная ты мая, бедная ты мая маці ўрагану. (Цалуе Агну.) Вось цяпер мы сёстры, маці ўрагану.
Васка. (яго вядуць паўз Агну) Людзі. Зямля… Маці. Даруй мне, п’янаму, даруй акаяннаму!
Агна. (абдымае яго) Ідзі. Усе даруюць табе.
Вывелі. Цяпер чарга Лаўрэну.
Лаўрэн. (князю) Ты здохнеш, князь. За сённяшні дзень.
Капітан. Гэта чаму?
Лаўрэн. Бо дурань. (Князю.) Добра, калі ворагі — людзі з вялікім розумам. Разумны сто разоў падумае, перш чым учыніць паскудства і зло. А дурань што захоча, то й зробіць на злом галавы. Як ты, княжа… Бывай, Магда (ідзе прытанцоўваючы). Гэх…
Мая дзеўка добра йдзець:
Круціць задам, як мядзведзь.
Лаўрэн. Ах, каб мяне халера з-пад цёмнай хмары. Магда, я маўчаў! Магда, душа мая з табой!
Магда. (крычыць) I мая!.. I мая!..
Вывелі Лаўрэна.
Магда. Бывай, цецярук ты мой пышны. Бывай.
Карпач. Мая чарга, князь. Хаця? Які ты князь? Нясвіжскія — гэта князі. Шырокія ў зле і дабрыні. А ты — кур’ян, курыца, што пеўнем крычыць. Хамут!
Радзівіл. (здзекліва) Адно мне шкада, Карпач, не танна мне вашае здыхла выйдзе. Гэта ж аж чатыры такія шкуры ўшчэнт, у дробныя шматкі.
Карпач. Ты, князь, дарма ганарышся ашчаднасцю і скупасцю. Ты самы шчодры ў свеце. Бо ты здохнеш без дзяцей, а грошы — усе! — пакінеш братам, якіх ненавідзіш. Ворагам. I яны будуць смяяцца й жэрці твой набытак.
Цялецкі. Пястжэцкі, ды вядзі ты яго. До!
Вецер. I праўда, досыць камедыі. Не атрымалася твая кумедзь, княжа. I не атрымаецца. Ты не бог. Бацька Антох сказаў бы, што ты чорт смалены з бурага балота, Лаўрэн — што ты шатанская сіла. Карпач — што ты паршук і шкарадзь. А я табе скажу, што ты й на чорта рылам не выйшаў. Чучала ты. Асклізлы шыцік, чарвяк з дзярма.
Ідзе да дзвярэй.
Вецер. Гэтыя — яны здохнуць, людзі! А за намі… за намі святло нябёсаў. Даруй мне, люд, калі чым саграшыў табе. Дзякуй і табе, маці Агна.
Апусціўшы маску, Вецер пераступіў парог.
Радзівіл. (з клёкатам у горле) Вядзі сабак, кат.
Кат. Княжа (распластаўся на зямлі). Княжа, не смею.
Радзівіл. Я сказаў. Ведаеш, чым пахне?
Кат. А хаця і самога да іх. Не смею.
Радзівіл. Капітан.
Капітан. (дастае шпагу) Магу засячы і не міргну.
Радзівіл. Ну.
Капітан. Я ўсё ж воін, а не псяр.
Радзівіл. Пястжэцкі, ідзі аддай загад псярам. А то ў гэ-гэ-гэ-тых псяроў кішкі сла-слабыя.
Той пайшоў. Праз некаторы час за мурам сабачы брэх.
Цялецкі. Што буйвалы. Адзін пёс лоб у лоб мядзведзя бярэ.
Пёкур. А тут іх дваццаць на чатырох.
Радзівіл. (нервова) Ды-ды-ды што, урэшце, цягнуць? Пяст-жэцкі!
Пястжэцкі падымаецца на галерэю.
Радзівіл. Што там?
Пястжэцкі. Муляюцца псяры.
Радзівіл. Спушчай, іначай усіх на кол!
Бачко. Людзі! Сведчыце ўсе, калі каму казаць будзеце. Князь наш зараз абмочыцца са страху.
Iлья. Сынкі! Трымайцеся! Яны свой агонь самі замочуць.
Каршук. Жолнежы, узяць!
Радзівіл. Гэта той, гэта пасол! Варта!
Варта ідзе да левых сходаў, і ў гэты момант шалёны брэх і рык зграі.
Магда. Пусцілі! Пусці-і-ілі! Пусцілі сабак!
Варта спынілася. Агульнае замяшанне, спалоханы енк, стогны, лямант адчаю і плач сярод людзей. Брэх за мурам. Гучныя, перападам, басы: «Бам-бам! Там-бам!»
Радзівіл. Дзе яны?
Цялецкі. Няма.
Бачко, Ільі і Хмыза сапраўды няма. Стаяць толькі, як скамянелыя, Магда і Агна. А за мурам нястрымнае гаўканне, хрыпенне, брэх, віск, рык, клёкат праз забітыя поўсцю пашчы. I ачумелае, шалёнае гырканне неўтаймаванай бойкі, нібы дзве ваўчыныя гайні б’юцца не на жывот, а на смерць. I не звычайныя ваўкі, а казачныя, жалезныя.
Радзівіл. Вось яны, псы мае. Душы іх, ірві, шматай!
Магда. Б’юцца. Б’юцца! Псу хрыбет зламалі. Другому. Упаў нехта. Яшчэ два сабакі… Нехта другі ўпаў.
Сладастраснае, хцівае гырканне.
Магда. Пятага пса забіў нехта… Сёмага… Божа, нашто доўжыць мукі?!
Радзівіл. Дзесяты пёс. Яны мне перакалечаць зграю. А-а, адольваюць. Хапай іх! Ірві!
Жалезны брэх.
Радзівіл. Як той жалезны воўк, які прарочыў узнікненне радзімы!
Пёкур. (ціха) Жалезны воўк, які, мабыць, прарочыць развал радзімы.
Пястжэцкі. Адзін застаўся. Цікава, хто гэта?
Капітан. Дас іст мір айнерляй. Аднолькава. Паўсюль у свеце такая… такая (узняў палец) айнзамкайт. Самота.
Каршук. Вецер самотны.
Кат. Самотны Вецер.
Страшны сабачы рык.
Радзівіл. Узяў!
Голас Ветра. Клічу на страшны суд! Клічу. Клі… (Голас абарваўся.)
Радзівіл. Скончана.
Пёкур. Усё скончана.
Маўчанне. Усе стаяць, нібы ашаломленыя тым, што нарабілі.
Агна. (ціха) Колькі мёртвых. Я забіла яго, Магда.
Магда. Ну, не плач, не плач.
Ціха плачуць адна ў адной на плячы.
Магда. Саба-акі.
Задаволены, залівісты брэх і бурчанне сабак за мурам.
Магда. Бывай, Лаўрэн. Я не абяцаю табе вернасці. Наадварот, я буду… з кім напрапалую. Толькі не з добрымі. Я… унь з такімі, як тыя. Калі некаму, крый божа, сёння пашанцуе выслізнуць. Ты даруй мне гэта, Лаўрэн. Гэта будзе мая мядзведжая шкура. Не твая, славутая ды грымучая, а мая, ганебная. Ну ды ўсё адно. Ты ім так проста не сыдзеш з рук. Даруй мне, Лаўрэн.
Усе на галерэі стаяць як прыбітыя, хаваючы вочы адзін ад аднаго.
Радзівіл. Усё.
I тады Агна выпрасталася і рушыла да «панскіх» сходаў.
Агна. Не. Яшчэ не ўсё. Слухайце, вы. (Яна гаворыць наступнае звычайным голасам, але з такой стрыманай сілай, што ўсе нібы слупянеюць ад беспрычыннага пакуль што жаху.) Я прайду праз вас, як вогненны нож праз масла. (Варце.) З дарогі. Смерць ідзе. (Ціха.) Князь. Чуеш? Напярэдадні паўстання я паслала Ветра ў нару да пракажонага, і ён там вячэраў з ім.
Радзівіл. На-на-нашто?
Агна. Кепска ведала яго. Баялася ягонай слабасці, калі будзе па-ранейшаму любіць жыццё. Я памылялася ў ім, дурная. Спачатку ён не ведаў, ён не мог захварэць так хутка. I я не казала яму, не магла сказаць, бо ён плакаў бы, што не пашкадаваў жонку. А калі б сказала, радаваўся б, што ў яе была лёгкая смерць. А смерці нельга радавацца. I смерць не бывае лёгкай. Я не сказала, дурная…
Радзівіл. …Ён па-падаў мне руку.
Агна. …Але ён здагадаўся сам. Думаю, што да таго, як падаў табе руку. Ён не падлюга, мой хлопчык, ён не такі, як ты… I ён не захварэў тады. У яго не было на скуры чырвоных плям, што знікаюць, калі націснеш пальцам. А пасля з’яўляюцца белыя…
Радзівіл. (справіўся і кажа наступнае з іроніяй) Ну так, яму пашанцавала.
Агна. Святкуеце? У вас не будзе свята. Ну так, яму пашанцавала. Вам не пашанцавала.
Радзівіл. Чаму?
Агна. Ён не захварэў. Затое я. Я ўсе гады насіла таму пракажонаму ежу, а апошнія месяцы дакраналася да яго і — чым жа ён вінен, што адзін? — я закрыла яму вочы, апускаючы ў магілу. Сын не мог яшчэ захварэць. Затое я (раздзірае на плячы сарочку)… Бачыце белую пляму? Як матыль… Праказа… Белы матыль смерці… Ён, Васіль, не атрымаў хваробы. Хвароба — гэта маё. А цяпер і ваша. Ну так, я ж аблізала ўсе вашы рукі, як прыніжаная валачашчая сука. I ты, князь, яшчэ казаў, што няма меры нашай нізасці. (I завыла.) Ну так, я сука. У мяне аднялі майго шчанюка.
Напятае маўчанне, і раптам галерэя ўзвыла. Усе шарахнуліся ад Агны. I застаўся ля парэнчаў адзін князь, а астатнія кішаць за ім, а над галовамі стаіць несамавітае, жывёльнае выццё і рык: «Дыму!», «Жару!», «Абпячы рукі!», «Запаліць!», «Гарэлкі!», «Спірытусу сюды!» З’яўляецца бачонак са спірытусам, і яго вырываюнь адзін у аднаго з рук, льюць на рукі, у рот, абліваюцца, б’юцца за струмень.
Пёкур. Спыніце віск… Сорамна.
Але віск і выццё гучаць і далей у гэтай штурханіне звар’яцелых.
Агна. I сука ашалела. I перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. (Яна гаворыць з ледзяным спакоем.) Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. I яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю — як ён адчуваў — і нават апёкаў — як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А пасля ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою — цяпер згніеце і целам.
Усе прыкіпелі да месца, як саляныя слупы.
Агна. Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая — васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. I ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачынацца з думкай аб ёй. I кожную раніцу першая думка будзе: «Божа, вось няўжо сёння… Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось… Вось здаецца… Вось-вось…» А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны — памерлі ўжо.
Цяпер яны твар у твар, як на двабоі: яна і Радзівіл.
Агна. Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца — ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваёй клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. I трэцяя. I ўсе — з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. I ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгадзіцца ў чацвёрты раз?! I нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. I ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома — нават калі дом гэты замак — пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. I ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. I ніводнай роднай душы… А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык — Чалавек, а ты — пацук.
Радзівіл. (амаль непрытомна) У-у-узя-аць!
Усе муляюцца ў страху.
Радзівіл. Ды няўжо… ды няўжо ніхто?
Агна. (кладучы руку на грудзі) Сустрэчы з табою… шукаць стану… Сэрца… яно такое вя-лі-кае…
Падае павольна, як падсечанае дрэва.
Агна. Вялікае.
Мёртвая цішыня. I толькі потым далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара.
Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!
Заслона