Калыска чатырох чараўніц – Карціна другая

Бібліятэка ў флігелі Зыгмунда Чаховіча ў Бясядах. Простыя беленыя сцены, паўкруглыя зверху вокны, канапа, пацёрты дыван, столік, крэслы. Адзіная раскоша — мноства кніг, і патрапаных, і старадаўніх скураных, і ў ціснёных золатам вокладках. Астатняе — пацёртае і нібы прыцярушанае пылам. Янка Луцэвіч толькі зайшоў у пакой з пакункам кніг. У пакоі два чалавекі. Сядзяць ля століка. На крэсле малады хлопец Стафан Каляда. У фатэлі, накрыты пледам, сам Зыгмунд Чаховіч. Яму каля сямідзесяці год.

Чаховіч (не расплюшчваючы вачэй). Пачакай, Янка. Вось пагаворым са Стафанам, тады ўжо і з табой. Лезь у кнігі… Ну дык і што, пане вялебны Стафан Каляда?

Стафан. Валахоўскі стары як ашалеў. Як ваўкалак яго пакусаў. Сабак і тых, здаецца, грыз бы. Сагнаў арандатараў у Ліпаёве, Шульжыцах, яшчэ «запашнікаў» чалавек дзесяць. Цяпер прыходзіць, відаць, чарга на нас.

Чаховіч. А Гладышэўскія?

Стафан. Наўрад ці Казік, сынок ягоны, заступіцца. Той па дзяўчатах, відаць, так да сівых валасоў і гойсаць будзе. А цяпер гэты Казік… як паказіўся на Марысьцы Гладышэўскай.

Чаховіч. То хай бы і жаніліся. I Гладышэўскім спакой.

Стафан. Угу. Гэта ён проста капытамі б’е. Так ён з ёю і ажаніўся, з арандатаравай дачкой. А тады і згоніць… А можа, і раней згоніць, бо тая Марыся ні на яго, ані на каго іншага і пляваць не хоча (пакасіўся на Янку). Ёй іншы ў галаве. Валахоўскім толькі і ў галаве, што людское шчасце. Авечкі, бульба, бровары ім у галаве. Словам, нам раней у парабкі, Гладышэўскім — пазней. Цаной ганьбы… Што рабіць, дзядзька Цыкмун?

Чаховіч. Што ж я магу табе зрабіць, хлопча? Хіба скаргу за цябе напісаць?

Стафан. Каму?

Чаховіч. У сенат.

Янка. Што скарга? I ў нас было тое самае за сем год да майго нараджэння.

Чаховіч. Ну тады адразу з «всеподданнейшей жалобой». (Вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, але на вуснах іранічная ўсмешка). Ну, напрыклад, так: «Ваше Императорское Велнчество, Августейший Монарх, Всемилостивейший Государь. Просит такой-то отставной арендатор, жительствующий там-то. Всеподданнейшая жалоба. Правительствующий Сенат по такому-то Департаменту, рассмотрев такого-то числа… определил. Решенне это, как несогласное с обстоятельствами дела и с точным смыслом таких-то законов, я нахожу неправильным по следующим основанням… представляя при сём…»

Стафан. Будзе вам цар гэткае глупства разглядаць.

Чаховіч. Угу. I таму: «Всеподданнейше прошу: Дабы повеле-но было настоящее дело передать на рассмотренне на Общее Собранне Правительствующего Сената»… Тых жа, хто пазбавіў яго шляхецтва, а цябе — зямлі… А ты — умову аб арэндзе. А ён тады — прашэнне «о взысканни арендной платы с наложеннем ареста на движимость».

Стафан. А ён куды? Цару?

Чаховіч. Будзе ён пэцкацца. «Его Высокородню Г-ну Мировому судье такого-то участка… По такому-то договору такой-то взял у меня в аренду то-то на такой-то срок, обязавшись, по истечению такого-то срока, очистить беспрепятственно оный участок н подчиняясь в противном случае неустойке по столько-то рублей в день. Обязательства сего ответчик добровольно не исполнил, по истечении срока контракта участка не очистил… Ввиду вышеизложенного, представляя при сём… договор найма… а также судебных пошлин… н сбора за бумагу». А ты «прашэнне аб вызваленні, што заплочана». А ён: «На основании, представляя при сём подлинный… с подписями на оном… прошу Ваше Высокородне о взыскании… с судебными и за веденне дела издержками, с предварительным обеспеченнем этого иска…»

Стафан. Памрэ бацька. Хворы.

Чаховіч. «Такой-то, ныне умерший, должен мне такую-то сумму по арендному договору… Представляя настоящий иск к лицу умершего собственника на основании 215, 752, 960 ст. Устава Гражданского Судопроизводства».

Стафан. Што ж рабіць?

Чаховіч. Ведаць, што ты жывеш у вялікім імперскім свінстве (расплюшчыў вострыя вочы) «от финских хладных скал до пламенной Колхиды».

Стафан. Усё. Ды я тады — за сякеру… Ды я ім — пеўня чырвонага.

Чаховіч. Гэх, думалі б вы так сорак год назад. Не стаялі б убаку. Не верылі брахні. Былі б з намі — мокрае месца ад іх асталося б.

Стафан. Застанецца.

Чаховіч. Гінулі мы тады адны. I чым я магу памагчы табе? Сагнанаму арандатару былы катаржнік, а сённяшні напалову жабрак.

Стафан. Мокрае месца… Толькі зараз м ы адны згінем. Усё адно вы — паны.

Чаховіч. Чаму?

Стафан. Усе адно вы — паны. Гаворыце — не па-нашаму. Пішаце — не зразумець. Праўду, відаць, ад нас пад зямлю схавалі, зааралі, каменем прыціснулі.

Выбег, ледзь не сутыкнуўшыся ў дзвярах з Аконамам.

Аконам. Нех бэндзе пахвалёны.

Чаховіч. Няма за што хваліць… Ну, што там?

Аконам (ён споўнены самага нязноснага гонару, бо цвёрда ўпэўнены, што ўмее гаварыць па-польску). Пані скаржыся, жэ мужыцы ходзёнць па садон. Могонць држэвы обэбіць. Могонць држэвы абэнбіць, абэрваць.

Чаховіч. Ты лічыш, што па-польску «абэнбіць» — гэта па-тутэйшаму «абабіць», а «абэрваць», адарвацца, надарвацца — гэта «абарваць».

Аконам. А ліха, пшэпрашам, паньства ведае. Вядома… Нестэты, пані…

Чаховіч. У пані — палац. У мяне — пакой у флігелі. Я не хаджу да пані. Яна — да мяне. Яны, мужыкі, — і дарэчы вось гэты «мужык», у якім блакітнай крыві больш, чым у цябе, вялебны пане Пшыпердзіньскі, — не ходзяць параднай брамай. Яны ходзяць чорнай форткай. Як я. Так ёй і скажы.

Аконам. А калі яна, скажам, звернецца ды скажа я шчэ недзе?

Чаховіч. У «блакітным» доме?

Аконам. У «жоўтым» доме… Пан глову сву барзо змэнціл. Тржэба пану гловон одпоцёнць.

Гэта гучыць так нясцерпна, што Чаховіч не вытрымаў.

Чаховіч. Як ты смееш, хамуйла, не ведаючы, польскую мову перакручваць ды псаваць?! Згінь, варона!!!

Аконам знікае.

Чаховіч. Ах, быдла! Ах, якое паскуднае быдла!

Янка (крыху азадачаны). Вас так абразіла знявечаная мова польская?

Чаховіч. Ат, глупства… Аднойчы мужык у лесе ўбачыў, што маланкі б’юць у корч. Аж гэта бог ваюе з чортам, ды ніяк не трапіць. А чорт на кожную маланку — дулю, дулю ў неба. Мужык падумаў: «Трэба памагчы». Зарадзіў стрэльбу срэбнай куляй ды я-ак пальне — чорт і пятамі накрыўся. Тут з неба голас: «Бэндзеш збавёны». Мужык за галаву схапіўся: «Маці мая, і там палякі…» Я т у т э й ш ы — м о в ы п о л ь с к а й. А жонка мая, Анэля Арамавічуўна, з польскіх лютэранак. Рэч ненатуральная. Усе адно як шчаслівы геній, смярдзючая ружа… манарх-дэмакрат… дыктатар-народалюбца… свядомы свайго паходжання тутэйшы. Дый дзеці мае… большыя католікі, чым папа рымскі. Больш самотнага ўявіць сабе нельга. Адзін. Чужы я. Усім.

Янка. Таму што калісь паверылі, нібы вы з сябрамі хочаце прыгон вярнуць, зноў людзей прадаваць?

Чаховіч. I таму. Гінулі за вас. А народ паверыў агульнаму нашаму ворагу (разглядае сухія кулакі). Шкада, што ў свой час не здолелі па-сапраўднаму ўдарыць. Нават не за сябе, не за мужыка шкада. Шкада дзеля таго, што ходзяць па зямлі вось такія хамуйлы. Разбэшчаныя сваім рабствам перад моцнымі. Сваёй «уладай» над слабымі. А была ж у нас агульная справа.

Янка. I загінула.

Чаховіч. Так, знайшліся кнігаўкі, канюхі. Памятаеш казку: усе звяры і птушкі капалі студні, рэкі, ручаінкі, каб на зямлі была вада. А канюх сказаў, што працаваць не будзе, што яму і расы хопіць. I бог сказаў яму: хоць бы ты здыхаў, то нават у паводку будзеш прасіць «піць»!

У гэты час зноў, яшчэ больш настойліва загучаў Голас:

«…Боская кара ўсіх мусіць спаткаць
Тых, хто, баючыся цярпення і мукі,
Не хоча папраўдзе для ўсіх працаваць.
Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай
З вас рук прылажыць не захоча сваіх,
Такому бог скажа: „Піць!“ Цэлы век клікай
I будзь праклінаны ад браццяў сваіх».

Янка (схамянуўшыся). Вы сказалі нешта, пане Цыкмун?

Чаховіч (са здзіўленнем). Не… А… што такое?

Янка. Разумееце, галасы. Ні ўдзень ні ўначы не даюць спакою. Вырвацца хочуць, сказаць. Як хворы я.

Чаховіч (занадта ўважліва глядзіць на яго). Быць табе нечым або вельмі дрэнным, або надта добрым. Прапаведнікам, місіянерам сярод глухіх абэлтусаў… Паэтай.

Янка. Але яны… не па-польску… I… ні на якой іншай мове.

Чаховіч. А ты паляк?

Янка . Хто ведае. У касцёле… Дый там, як гэны аконам.

Чаховіч. Ну, гэта крый цябе божа.

Янка. Проста… тутэйшы я.

Чаховіч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць — і я таксама — як з пушчы.

Янка. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.

Чаховіч. Запісаць?.. Ну-у.

Янка. Пане (бярэ кнігу), а вось тут у «Філасофіі гісторыі польскай». Нейкія лісткі невялічкія. I… неяк больш падобна як у нас людзі гавораць.

Чаховіч (бярэ лісткі). А-ёй. А я яшчэ й гадаў, куды я іх тады засунуў. Глядзі, і пры вобыску не знайшлі. Ну-у, шчаслівы мой бог. А тое б не дванаццаць год катаргі, а… (Пацірае шыю.)

Янка . Словы незвычайныя — мароз па скуры.

Чаховіч. Словы звычайныя. Сэнс незвычайны — таму і мароз. «I як добра слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд, урад, глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей… бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?» Ну так, так. Суды — воўчая яма. Войска — не каб людзей берагчы, а не дазволіць народу і застагнаць… «Дзяры з нас, цар, дзяры з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыйдзе пара…» I салдатчына (бярэ другі лісток): «Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына… I аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў».

Янка. Хто гэта?

Чаховіч. Гэта мой сябар. Ліцвін, сепарыста. Тутэйшы.

Янка. Словы. Нашы словы.

Чаховіч. Сябе не помніў ад захаплення гэтым… I быў лепшы на свеце чалавек, якога мне даводзілася сустракаць… I быў павешаны за гэта.

Янка . Як… за слова?

Чаховіч. За справу і слова. Кастусь-Вікенці Каліноўскі. Дваццаці шасці год.

Янка. На сем год старэйшы. Няўжо ў такія гады можна зрабіцца настолькі страшным?

Зноў за акном грымоты, але чуюцца стрэлы, тупат ног, гарматныя залпы. I святло маланак як пажар.

Чаховіч. Якія раннія навальніцы ў гэтым годзе. Яшчэ ж і вясны амаль няма. Грыміць і грыміць.

Янка. Прарочыць нешта.

Чаховіч. Што нам можа нешта прарочыць? Знову кроў… I вось нічога. Нічога мы не здабылі тады сваёй крывёй. Бо чужыя. Не душою — словам… І вось лепшым — шыбеніцы. А тым, што крыху горай, — тачкі ў рудніках. Ведаеш, што такое Нерчынскія горы? Гэта свінцова-срэбныя шахты. Вось мяне — туды. А я ж быў толькі сябрам Кастуся. І экспедытарам паўстання. А ты ведаеш, што такое свінцовае атручванне? Гэта калі дыхаеш пылам, што змяшчае свінец. Дзясны аспіднага колеру… Нудзіць… Баліць… Колікі… Эпілептычныя сутаргі… Растройства розуму… Паралюш. Чаму на золаце пад Нерчынскам катаргу адмянілі, а на свінцы — не? Таму што нармальны чалавек на свінец не пойдзе.

Янка. I гэта — за слова?

Чаховіч. Слова. «Спачатку было Слова. І Слова было ў бога. І бог быў Слова». Я да свінцовага скону не дайшоў. Лічылі: ідэаліст. Але, ідэаліст. Але ідэалізм у сэнсе адданасці ідэі — гэта не матэр’ялізм напхатага пуза…

Янка . I вось мужыкоў зганяюць з зямлі.

Чаховіч. Кідаюць яны свае верасовыя пусткі, ідуць у свет, галадаюць.

Янка (дастаючы хатулёк, муляецца). Пане Цыкмун… Вось тут… Сыру крыху. Прабачце… Масла… Ну, вяндліны…

Узнятая рука старога здрыганулася. Ён адыходзіць да акна. Маўчанне. Стары маўчыць, і ў яго калоцяцца худыя лапаткі.

Янка. Ды не біце вы мяне.

Чаховіч (справіўшыся). Нічога. Нічога. Гэта прайшло. Толькі мы будзем разам. Разам.

Яны раскладаюць ежу на століку. Янка толькі робіць выгляд, што есць.

Чаховіч. Сынок… Дзякуй табе… Гэта мне ўзнагарода… За чужую жонку. Чужых дзяцей… Чужы народ… Нездарма мы… Я… I калісьці ўсе разам за адзін стол. Я не дажыву, можа, і ты. Але разам за адзін стол…

Янка. Як зрабіць гэта?

Чаховіч. Не ведаю. Кожны памыляецца, і шукае, і знаходзіць сваё Слова с а м. Ва ўсякім разе памагай табе бог на тваім шляху. Табе. I Стафану Калядзе… I тысячам такім іншым… што елі сала тутэйшых і не паважалі іх. I за гэта паплаціліся.

Янка (глуха). Вы так бядуеце. Чаму б вам не кінуць гэтыя Бясяды, жонку, якая для вас нядобрая.

Чаховіч. Я напаўлегальны. Акрамя таго тут частка і майго маёнтка.

Янка. Ды нашто ён вам? Вы такі багаты. Вось гэтым (паказвае на кнігі). Тысячы людзей, тысячы сяброў. А тут… ледзь не адзін я, малапісьменны хлопец.

Чаховіч. I, можа, адзінае маё апраўданне… I яшчэ — гэта мая таямніца. Адкрыць яе пакуль не магу. Але гэта, акрамя, можа, цябе, адзінае, што трымае мяне пры жыцці. (Стары амаль велічны.) Помні, таямніца.

Заслона.

Яндекс.Метрика