Калыска чатырох чараўніц – Карціна шостая

Канец лета і канец дня. Гародчык, садок і плот перад хатай Луцэвічаў. Ружы, шыпшына, малады сад. Вось-вось схіліцца да гарызонта сонца. Янка канчае папраўляць плот і мармыча нешта сам сабе.

Янка. Дзве сякеры. Адну навастрыць трэба… Хай абедзве… (Адкінуў адну сякеру, другой прыбівае штыкеціну.) Вось. (Глядзіць адступіўшы.) Нішто. Прынамсі, як пайду ў свет, ніхто не ўлезе свіным лычам.

Выйшла і стала непадалёк маці.

Маці. Усё ж вырашыў.

Янка. Так, матулька. Самы час. I нельга болей цягнуць. Свет кліча.

Маці. Куды ж ты ў гэтым свеце?

Янка. Не ведаю. Па дарогах. Вучыцца б.

Маці. Ты ж і так самы з нашых навучаных на наваколле.

Янка. Беднае наша наваколле.

Маці. Было так і будзе.

Янка. Было. Не будзе. Пайду слухаць галасы. Шукаць свой Голас.

Маці. Дзе, сынок? Аднялі наш голас.

Янка. Знайду. А дзе? Не ведаю. На паромах, у грабарах, рабочым на бровары, сярод бадзяг… Дзе-нідзе — знайду.

Маці. А мы?

Янка. А вы думайце пра мяне. Сілы маёй тады прыбудзе…

Маці. Яначка!

Янка. Я вас не кіну. Кожны кавал раздзялю напалам. Але я ўжо тут не магу. Застануся — загіну. Будзе ў мяне — будзе і ў вас. Даб’юся свайго — быці табе каралевай. Не знайду — быці табе маткай бадзягі беспрытульнага. Але нельга мне тут. Ветру няма. Душыць.

Маці (плача). Застанься. Загінеш.

Янка. Як застануся — загіну. Ну, супакойся. Смеламу і лёс чуб падстаўляе. Супакойся, небачка маё яснае. Гэта ж і ты мяне клічаш. Не тая, што ў касцёле, а тая, што на полі. Твае словы клічуць, песня, бядота твая, сумленне тваё высокае. Не заваюю для іх узнагароды — шэлег мне цана, матуля.

Маці пайшла, плачучы. Янка стаіць і глядзіць на далягляд, і Голас пачынае гучаць у вушах:

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку — зямлю — Беларусь.
Хоць гарыста яна, камяніста яна,
Вераб’ю па калена, што сею, расце,
Дый люблю ж яе я, шкода хаткі, гумна:
О, такіх няма, мусіць, нідзе.

Голас цішэе:

Гэта ёнк, гэта крык, што жыве Беларусь!
Божа, голас! Яны ўцякаюць ад мяне. Яны хаваюцца, не хочуць. Божа, я нішто, я бездар! I я кіну гэтую зямлю? Дзеля чаго? Я ж не ведаю, як служыць ёй. Злітуйся нада мною, Голас! Адгукніся. Што ты такое? Які ты?

I тады здалёк пачынаюць весці напеў галасы:

Дубочак зялёненькі,
Іванька малодзенькі,
Ой, лі-люлі, ой, лі, ой, люлі,
Іванька малодзенькі.
Іванька малодзенькі.
Ідзе невясёленькі.
……….
— Ой, як мне вясёлым быць,
Ой, як жа мне не тужыць.
Вось, вось яно. Ну, гучней. Ну, на поўныя грудзі.

I раптам хрыплы, недалёкі і нейкі асабліва дзікі пасля празрыстага хору голас:

Вядзі ў сваю хатачку,
Пацеш мамку, татачку.

Голас збіваецца на блекатанне, пачынае перабіваць сам сябе:

Ляжыць нялюбы на правай ручцы…
Адкаціся… Вуду страляці, лучаці з тугога лука…

Пасля з’яўляецца за плотам і мінае двор сілуэт жанчыны, цёмны на фоне заранкі.

Марыся. «Сядлай каня, з’язджай са двара…» Не твой гэта двор, не твая зямля. Не наша яна, зямля. Чужая. Чорт Савул яе забараніў. Чаго сохне, чаго вяне? Жаласная зязюля век гаруе. I траўка памірае, і сонейка за лес коціцца. Мёртвая зямля пад мёртвымі вішнямі. Пакуту нясе, красу дарма аддае. Жыве, а не будзе жыці. Свет ёй завязалі, як мне, маладой. Сама завязала.

Выйшаў за ёю Стафан Каляда з сякераю за поясам.

Стафан. Гэй, ды апамятайся. Ты, Марыся! Ды што, сапраўды свет завязаці праз гэтага прыдурка?

Марыся. Розум завязаці. Не памятаць. Не, не. Вось гэты. Шэры барон. Ручкі ў касцёле вяжа. Рэчкі паўсыхалі, землі паздыхалі, добрыя паўміралі. Няма абароны! Ваўкі!.. А вы… Як я мучыла вас?! Нічога, зараз МНЕ слязьмі расіць. Адна ў чыстым полі, і вакол ворагі.

Пайшла.

Хрыплы голас:

Хаджу каля Дунаю,
Тапіціся думаю.

Янка. Ну, Стафан? Бачыш. Мы яе гэтаму аддалі. Ты праз нясмеласць. Я — праз свае пустыя мары.

Стафан. Сагналі ўсё ж бацькоў. Казік, вірлавокі грыбазвон, не заступіўся. Расперазаўся яшчэ горш, гойсае па фальварках. А яна за ім. Ён зараз тут, і яна сюды. То нібы пасвятлее ў галаве, а тады яна сябе дакарае, і бог тады быццам злітуецца, зноў адбярэ ў яе розум.

Здалёк хмельная песня, і, нібы ў адказ ёй, вельмі далёкі голас:

Хаджу каля Дунаю,
Тапіціся думаю.

Стафан. Ну, што рабіць, Яне?

Янка. Ведаю адно: болей так нельга.

Стафан. Стой… Што там такое?

Наводдаль невыразны голас, выкрыкі. Прабягаюць паўз плот два мужыкі.

Янка. Што там галосяць?

Першы. А, дзеўка ў стаў укінулася.

Другі. Вар’ятка тая. Ды галавою аб камень.

Стафан памкнуўся быў за імі.

Янка. Не хадзі туды. Ну, убачыш абалонку без душы. Як яно і пры жыцці было ў апошнія месяцы. Аддавала душу не таму, каму трэба. I засталася без яе. Усё ясна.

Стафан. Так, усё ясна. Бацька забіў сябе — усё ясна. Я раб — усё ясна. Яе забілі — усё ясна. (Кладзе руку на сякеру.) Усё, урэшце, ясна.

Пайшоў. Праз некаторы час да плота падыходзіць Маці.

Маці. Ну, вось. Вось і канец тваёй байцы. Ты ж ёй па шчырасці?

Янка. Па шчырасці. Ды што я мог ёй даць?

Маці.

А яшчар-паночак,
Проша мне аддаць вяночак,
Я па расе хадзіла,
Па красачцы збірала.

Маці.

Пагубіла душу. I, можа, не толькі сваю.

Янка. Я пайду адсюль. У свет. (Упарта.) Яшчэ раз кажу: суджаны мне рубель — палова ваша. Суджана памерці ў астрозе ці пад плотам — ты даведаешся сэрцам. Усё адно жабракоў яны з нас зрабілі. Сорам, калі людзі твае, кроў твая — адно жабракі. Без славы, без слова, без гонару.

Маці (плача). Дык хто ім гэта верне? Ты? Бедны, як вавёрка вясной, недавучаны.

Янка. Лёс дапаможа мне. Боль іхні мяне спадобіць. Адбярэцца ў сільных сіла іхняя і дадзена будзе — нам. Сірым, гнаным, непісьменным, без хлеба… Не плач, маці. Нас гоняць, як ланяў, але мы не памрэм. Нас па пальцах можна пералічыць, але з намі наш край. 3 намі яна, вялікая Маці-Праўда.

Маці пайшла. Захад згасае, але робіцца нібы святлей, усходзіць месяц. I зноў гучыць аднекуль Голас:

Пад навалай крыўдаў многія сталецці
Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця.
Мы няслі — ўсё ныла, гінула памалу,
Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.
……….
Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее,
Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею,
Ды таго не вырвуць, што напела маці
Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

Зноў знікае некуды. Але нічога… Урэшце пачуе, і ты не знікнеш.

З’яўляецца Каляда. Кідае ля Янкі сякеру. Лязо цёмнае.

Янка. Гэта што?

Стафан. Кроў.

Янка. Чыя?

Стафан. Пакуль не мая… Можа, хаця нехта, калі не пасаромеецца, дык падумае, перш чым зачапіць праўду.

Янка (хутчэй сцвярджае). Казік.

Стафан. Хай яна будзе апошняй ягонай ахвярай. Украў ён у мяне бацьку, працу, страху над галавой. Ён украў у мяне мой гонар. За ім стаяла багацце. За ім стаяла царства. За мною — нікога. Больш ён не будзе ні ў каго красці. (Чырванее край неба.) Памятаеш, мы на гульні ў маёнтку глядзелі. Агні пацешныя ў небе. Хварварк. Вось ім, хе-хе, і хварварк і асвятленне.

Янка. Гэта што?

Стафан. Валахоўскае гняздо гарыць. I няма аніводнага іхняга птушаняці.

Янка. Ты? Адзін? Ці нейкі ў вас хаўрус?

Стафан (паказвае на агонь). Унь ён, мой хаўрус, мая, хм, кунпанія.

Янка. Згасяць.

Стафан. Яшчэ запалім.

Янка. Ссылка… Вісельня.

Стафан. І ў Сібіры зямля. А вісельня? Няма ў мяне нічога. Голаму дождж не страшны.

Янка (пасля паўзы). Лічы, што я з табой у таварыстве. Хай не з сякерай.

За сцэнай частыя крокі. Янка бярэ Стафанаву сякеру і кідае яе за плот, у копанку. Там плюхнула. Увагнаў у слуп адну са сваіх сякер.

Янка. Вось цяпер твая.

Уваходзяць стражнікі на чале з ураднікам Снулым.

Стражнік. Ну дык вось ён. I бегаць далёка не давялося.

Янка. Ды ў чым справа, панове?

Снулы. Убейства паніча, падпал Валахоўскіх.

Янка. Бачыў нехта?

Снулы. Нет. Але прычына. Распутны чалавек. Дзеўка тут утапілася. Бацька п’яны сябе прыкончыў. Ну і, какурат, азліўся на ўвесь свет.

Янка. А калі гэта ён?

Снулы. Толькі што-с.

Янка. Ды Рахцей Рахцеевіч…

Снулы. Ерафей Ерафеевіч.

Янка. Памылка тут нейкая, васпане. Ён ужо… гадзіны дзве, як тут.

Снулы. Што рабілі?

Янка. Праходзіў, спыніўся. Плот мне дапамог скончыць, каб свіння розная ля маёй хаты не лазіла.

Стражнік. Мо й сапраўды не ён?

Снулы. Разбяромся. Ідзі, Стафан.

Янка. Стафан-першапакутнік. Народзіны — другі дзень калядаў. Як здзек. На каляды — Каляда.

Стафан. Ды хіба я першапакутнік? Я без ліку які замучаны.

Янка. Вазьмі сваю сякеру, Стафан-першапакутнік.

Стафан узяў. У яго хочуць адабраць.

Стафан. А што? Лес валіць. Ды хіба адзін лес? (Размахвае сякерай.) Добра. (Аддае яе стражніку.) Трымайце пакуль.

Стражнік. Крыві няма. Стружкі-габлюшкі (нюхае). Дрэвам пахне.

Снулы (спахапіўшыся, да Янкі). А твая дзе?

Янка. Вось. Мы ў дзве. Спарней.

Стражнікі, ураднік і Стафан пайшлі.

Стафан. Бывай, Янка!

Янка. Бывай, першапакутнік. Так, пайсці. Імя змяніць нават. Каб нічога ад шляхты, нічога ад мяшчан, нічога ад раба. Першамучанік Стафан, народжаны на каляды. А я — Янук. Народжаны на купалле, Купала. Ян Купала.

Маці выносіць торбу.

Маці. Вось. Бацька кінуў. Дзве дачкі. Сын. Цяпер ты.

Янка. Ну, калі застануся. Памром — скажуць: здохла яшчэ некалькі бедных.

Маці. Яны памерлі.

Янка. Вось за тое, што ты адна, я і іду. Пер’е з іх яшчэ паляціць, такога ворага яны сабе прыдбалі са сваімі паночкамі ды гаспадамі суддзямі.

Маці. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.

Янка. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.

Маці. Чаго?

Янка. Сплочваць доўг.

Маці. Не было ў нас даўгоў.

Янка. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць.

Голас здалёк:

Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы, —
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!

Янка. Нічога, я не буду ад адчаю, што вы не даецеся мне, біцца галавою аб вугал хаты. Я вас калісьці ўлаўлю, радкі! Я схаплю цябе, Голас. Рана ці позна. Сёння ці заўтра. Ніколі не позна аддаць доўг.

Маці. Што ты? Загаворваешся?

Янка. Пажадай мне ўсім сэрцам… міру маёй ярасці супраць гэтай зямлі… Зямлі паноў і рабоў. Міру майму лютаму ўтрапенню.

Маці. Яно пройдзе.

Янка. Хіба з маёй смерцю. А калі раней — гэта будзе значыць, што ўсё дарэмна. Бывай, маці.

Схіляецца і цалуе ёй руку. На імгненне ўсё цямнее, а пасля ў далёкім зарыве з’яўляюцца сілуэты чатырох чараўніц.

Трэцяя. Ён пайшоў. Тысячы перашкод.

Першая. Ён пераможа, раз вырашыў ісці да канца.

Чацвёртая. Вы ведаеце, што я пастаўлю на ягоным шляху? Працу чорнага вала.

Другая. Здужае. Нездарма ён герба Навіна. Ён новы. I новае прынясе на зямлю беларускую. I там ужо ніхто не асмеліцца, не прыкрываючыся хлуснёй, назваць чалавека рабом.

Чацвёртая. Ён адмовіўся ад герба. Ён мужык.

Першая. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.

Трэцяя. I песня.

Першая. Песня і хлеб.

Чацвёртая. А я ўздыму «уголовное уложение статью сто двадцать девятую «О смуте». За першую ж кніжку: «сочинения, возбуждающие учинению бунтовщического или изменнического деяния… к неповиновению или противодействию закону». А гэта т р ы г а д ы ў і с п р а в і ц е л ь н ы м д о м е ц і в о с е м г о д к а т а р г і.

Першая. Я прыбяру гэты камень з яго дарогі.

Чацвёртая. Што толку ў яго пакутах, калі нават сын Чаховіча Вітальд, аддаючы зямлю ў арэнду, будзе браць слова, што шаракі не будуць чытаць і выпісваць «Нашай нівы»?

Трэцяя. А ён скажа: «I гэта сын ідэйнага бацькі».

Чацвёртая. I судзіць яго будуць.

Другая. А ён будзе над імі вышэйшым судом.

Чацвёртая. I хлусіць на яго будуць.

Першая. А ён адкажа ім мячом праўды.

Чацвёртая. На яго будуць узводзіць паклёп і ворагі і «сябры».

Першая. Ён будзе над светам, а імя тых забудуць людзі на зямлі. Хіба што каб судзіць або пляваць на іхнюю магілу.

Чацвёртая. I будуць войны.

Трэцяя. А ён скажа: «У мор намруцца, а ў вайну налгуцца».

Чацвёртая, Часам ён, магчыма, і не вытрымае.

Першая. Народ запомніць яго такім, як зараз. Ён любіць багоў, калі знойдзе ў іх чалавечае.

Чацвёртая. I ўрэшце ён загіне.

Другая. Зрабіўшы найвышэйшае, што дадзена чалавеку на зямлі. А смерці яшчэ не пазбегнуў ніхто.

Чацвёртая. Усіх каменняў вы не прыбярэце. Вось гэтую маці, руку якой ён цалаваў, пахаваюць у той самы дзень, калі гэтае ягонае сэрца аддадуць агню.

Першая. I вечны будзе гэты агонь.

Чацвёртая. І ён загіне, калі зямлю ягоную будзе таптаць, пляваць на яе, зневажаць яе самы бязлітасны, самы бесчалавечны, самы хлуслівы, самы крывадушны вораг.

Першая. Вораг згіне. Незлічоная будзе сіла ягоная, — а ён згіне. Бо што сіла моцных, калі чалавек ідзе ратаваць людзей, вяртаць іх гонар? Калі ён, хай сабе адзін, за свой народ.

Зарыва. Аддаляюцца крокі. I ўжо на поўную сілу, запаланяючы ўсё, гучыць Голас:

Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсць гэты свет вялік,
3 мяне смяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.
……….
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!

Канец

Яндекс.Метрика